Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бухаць — гэта кайфушачка». Рэальны чат жыльлёвага таварыства стаў спэктаклем


Свабодны тэатар паставіў гамэрычна сьмешную прыпавесьць пра пекла наўпроставай дэмакратыі. Спэктакль назвалі «Дабрабыт».

«Як людзі могуць рабіць такія рэчы?!!» — на сцэне ў імправізаваным доме адзін за адным адкрываюцца акенцы. Пра што гэта? Пра тое, што колер аднаго акна адрозьніваецца ад ўсіх іншых. Менш за хвіліну «дарагія суседзі» праходзяць цыкль ад цытаваньня «Правілаў карыстаньня жылымі памяшканьнямі» да апраўданьня даносаў.

Сцэна са спэктаклю Свабоднага тэатру «Дабрабыт»
Сцэна са спэктаклю Свабоднага тэатру «Дабрабыт»

Беларусу трэба жыць паводле інструкцыі. У радзільні яго кормяць не калі галодны, а па раскладзе. У школе яму «рэалізуюць адукацыйную праграму». А ў мэтро ён «выконвае дзейсныя нормы пры перавозцы свойскіх жывёлаў і птушак».

Усё, што не паводле інструкцыі, беларуса злуе. Паколькі інструкцыі пра ўсё яшчэ не напісаныя, то беларуса проста ўсё злуе.

Яго злуе тое, што дзеці плачуць, сабакі брэшуць, дрыль сьвідруе, крэсла рыпіць, а песьні сьпяваюцца. Песьні пра «каня» і «села батарэйка» злуюць асабліва.

Сцэна са спэктаклю Свабоднага тэатру «Дабрабыт»
Сцэна са спэктаклю Свабоднага тэатру «Дабрабыт»

Драматург спэктакля Марыя Бяльковіч сваю першую п’есу напісала, уражаная чатам уласнага дамавога таварыства. Рэжысэрка Юлія Шаўчук размножыла акенцы чатаў да памераў цалкам пазнавальнага Менску. Акторы СТ геніяльна разыгралі гісторыю.

Пра тое, як 35-гадовая жыхарка сталічнага шматпавярховіка (акторка Станіслава Шаблінская) на пяць хвілінаў адлучаецца ад утрапёнай інтэрнэт-барацьбы за выхаваньне сваіх суседзяў. І выходзіць на вуліцу.

Сцэна са спэктаклю Свабоднага тэатру «Дабрабыт»
Сцэна са спэктаклю Свабоднага тэатру «Дабрабыт»

Там зь ёй размаўляе банкамат. Яна гатовая прызнацца, што «лаялася матам у прысутнасьці непаўналетніх дзяцей і сьвяшчэннаслужыцеляў» (міліцыянты — Андрэй Уразаў і Раман Шыцько). У тралейбусе ўсе даведваюцца, што яна «няпоўны кавалер ордэнаў Бацькаўшчыны, Славы, Працоўнай Славы» (кантралёрка — Наста Дубатоўка). І яна сустракае бога.

Бог (Аляксей Сапрыкін) — калектыўнае несьвядомае ўсіх фэйсбучных аматараў правіл і інструкцый. Каб было добра феміністам, ён жанчына. Каб было добра «сапраўдным жанчынам», у яго бліскучая сукенка і чырвоная памада.

Сцэна са спэктаклю Свабоднага тэатру «Дабрабыт»
Сцэна са спэктаклю Свабоднага тэатру «Дабрабыт»

«Я зь людзьмі не працую. Я дапамагаю тым, хто сам за сябе не адказвае». — «Сабакам?» — «І Трампу», — кажа бог.

Ён выдае ачмурэлай суседцы свой набор інструкцыі: «Сумблімуй нянавісьць у машынабудаўніцтва, адчапіся ад сабакі, завядзі хобі, менш нянавісьці — болей сэксу».

«Тупа бухаць — гэта ня шчасьце, я так лічу!» — абараняецца суседка.

«Бухаць — гэта кайфушачка», — адказвае новым запаветам на зацыркуляраны сьвет альтэрнатыўны бог.

І гэта яшчэ ня ўсё прыгоды, якія чакаюць беларуса на вуліцы. Спэктакль ідзе пад шчыры рогат гледачоў. Не пазнаць у ім сябе проста немагчыма.

Сцэна са спэктаклю Свабоднага тэатру «Дабрабыт»
Сцэна са спэктаклю Свабоднага тэатру «Дабрабыт»

Для тых, хто ведае Свабодны тэатар, «Дабрабыт» — як сямейная страва: тысячу разоў ужо еў, а ўсё адно смачна. Для тых, хто пойдзе ўпершыню, «Дабрабыт» — фэерычны ўваход у хармсоідны сьвет самага блізкага да людзей беларускага тэатру. Як на «сотачцы» праехацца прыпынак ад цырка да «Цэнтральнага».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG