Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Электронныя вароты» на беларускай мяжы ўзаконілі


Ілюстрацыйнае фота. Чарга на польска-беларускай мяжы
Ілюстрацыйнае фота. Чарга на польска-беларускай мяжы

У Беларусі ўступіў у сілу новы закон у пытаньнях захаваньня памежнай бясьпекі, які спрашчае парадак наведваньня памежнай зоны.

Цяпер замежныя грамадзяне могуць бяз пропускаў ехаць транзытам праз памежную зону ў санаторыі, дамы адпачынку і наведваць аб’екты прыдарожнага сэрвісу.

Беларускім грамадзянам дазволілі пры праверцы дакумэнтаў на свой выбар прад’яўляць пашпарт альбо пасьведчаньне кіроўцы ці службовае пасьведчаньне.

Паводле Памежнага камітэту, гэта лібэралізацыя

— значна спрашчае парадак наведваньня грамадзянамі памежнай зоны;

— дазваляе стварыць новыя працоўныя месцы і дадатковыя ўмовы для ўключэньня разьмешчаных у ёй зямель і аб’ектаў у гаспадарчы абарот;

— спрыяе павышэньню прывабнасьці турыстычных абʼектаў на прымежнай тэрыторыі.

Закон прадугледжвае таксама выкарыстаньне аўтаматычных сродкаў памежнага кантролю.

Аднак, паводле Памежнага камітэту, «гэта будзе актуальным пры выдачы грамадзянам Беларусі біямэтрычных пашпартоў».

«Гэта так званыя „электронныя вароты“, якія дазваляюць ажыцьцяўляць памежны кантроль без непасрэднага ўдзелу кантралёра».

Такое абсталяваньне экспэрымэнтальна ўжо выкарыстоўвалі ў Нацыянальным аэрапорце.

Тэрмін пачатку выдачы ID-картак і біямэтрычных замежных пашпартоў у Беларусі адсунуты на год — да 1 студзеня 2020 году, паведаміла «СБ. Беларусь сегодня» са спасылкай на Міністэрства ўнутраных справаў.

Законам прадугледжаны таксама шэраг новых абмежаваньняў дзеля ўмацаваньня памежнай бясьпекі.

Напрыклад, у памежнай паласе забараняецца выкарыстаньне без узгадненьня з памежнікамі аптычных прыбораў, таксама забараняецца пераадольваць інжынэрныя збудаваньні і загароды.

Закон таксама пашырыў функцыі мытнікаў, яны цяпер змогуць рабіць памежны кантроль. Гэта дазволіць вызваліць частку памежнікаў, якіх перавядуць на ахову мяжы з Украінай, Літвой і Латвіяй, а таксама ў Нацыянальны аэрапорт. Паводле Памежнага камітэту, гэта зьвязана з правядзеньнем II Эўрапейскіх гульняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG