Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Velcom сабраўся агучыць па-беларуску 65 фільмаў, шукае перакладчыкаў


© Shutterstock
© Shutterstock

Беларускі мабільны апэратар Velcom разьмясьціў на сайце Marketing.by абвестку пра пошук падрадчыка для перакладаў фільмаў на беларускую мову.

Як расказала Свабодзе прадстаўніца кампаніі Ганна Пракаповіч, 65 стужак для перакладу і агучваньня адносяцца да самых розных жанраў. Якія канкрэтна, пакуль сакрэт — нават ад перакладчыкаў, калі яны возьмуцца за працу, будуць патрабаваць падпісаць дамову аб неразгалошваньні.

У верасьні Velcom праводзіў апытаньне пра тое, якія стужкі варта перакласьці на беларускую: сярод 244 варыянтаў былі «Рэмба. Першая кроў», «Дагрукацца да нябёсаў», «Эўратур», «Прынцэса Мананоке» і іншыя фільмы самых розных жанраў і розных гадоў выпуску. Да таго Velcom заяўляў, што зьбіраецца стварыць свой тэлеканал, на якім абяцае ў тым ліку беларускамоўны кантэнт.

Што патрабуюць ад удзельнікаў тэндэру

Ад кампаніі-кандыдата патрабуюць расшыфроўваць арыгінальныя гукавыя дарожкі, перакладаць іх і пераагучваць з улікам зыходнага матэрыялу, самастойна праводзіць студыйны запіс і мастэрынг. Галасоў для агучваньня павінна быць ня менш за тры. І ня менш за тры перакладзеныя фільмы павінны быць у партфоліё перакладчыка. Заяўкі прымаюцца да 14 сьнежня.

Пераклады маюць рабіцца для інтэрнэт-сэрвісу Voka. Праект асобны ад тых перакладаў фільмаў, што рабіліся для кінатэатраў студыяй «Кінаконг» для праекту «Беларускія ўікэнды». У межах таго праекту ўжо пераклалі фільмы «Падынгтан», «Кніга Ілая», «У джазе толькі дзяўчаты», мультфільмы «Таямніца Келс» і «Рыбка Поньё» ды іншыя. Фільм «Мой сябра жырафа» па-беларуску паказвалі адразу на 15 менскіх пляцоўках, а таксама ў дзясятках кінатэатраў ува ўсіх рэгіёнах краіны. Каб агучыць «Таемнае жыцьцё Ўолтэра Міці», нават пераклалі на беларускую гіт Дэвіда Боўі Space Oddity.

Іншая студыя беларускага агучваньня, Gavarun_by, гэтай восеньню завяршыла збор грошай на праект рэгулярнага перакладу новых фільмаў, мультфільмаў і сэрыялаў на беларускую мову ў інтэрнэт-кінатэатры Megogo.net. Грошы зьбіраліся не на ліцэнзаваньне адзінкавых фільмаў (што было б дорага) або разавы пераклад, а на пробнае агучваньне для кампаніі, якая ўжо мае патрэбныя ліцэнзіі. Калі праект будзе пасьпяховым і прынясе прыбытак онлайн-кінатэатру, зьбіраць грошы на новыя фільмы можа і не спатрэбіцца.

Міністар культуры Беларусі Юры Бондар год таму казаў, што сумняецца, ці варта перакладаць кіно на беларускую: пытаўся, «ці маем мы права ўмешвацца ў задуму, творчую ідэю стваральніка фільму?»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG