Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктарка БелТА ня хоча працягу канфлікту зь незалежнымі СМІ, — прадстаўнік БАЖ


Дырэктарка БЕЛТА Ірына Акуловіч
Дырэктарка БЕЛТА Ірына Акуловіч

20 лістапада адбылася сустрэча генэральнага дырэктара агенцтва БелТА Ірыны Акуловіч і намесьніка старшыні БАЖ (Беларускай асацыяцыі журналістаў) Барыса Гарэцкага.

Размова ішла пра крымінальную справу аб незаконным завалоданьні інфармацыяй з сайту БелТА, заведзеную на 14 беларускіх журналістаў, у тым ліку супрацоўнікаў Tut.by, БелаПАН ды іншых сродкаў інфармацыі, сярод якіх ёсьць і дзяржаўныя.

Паводле Барыса Гарэцкага, падчас сустрэчы ён давёў сваю пазыцыю ў «справе БелТА» і выслухаў гендырэктара агенцтва Ірыны Акуловіч.

Барыс Гарэцкі
Барыс Гарэцкі

«Галоўнае, што я хацеў данесьці — што далейшая канфрантацыя не патрэбна незалежным мэдыя і, як мне здаецца, не патрэбна яна БелТА і беларускім уладам. Гэта было зразумела.

Таксама я нагадаў, што, паводле крымінальнага права, у БелТА ёсьць магчымасьць напісаць заяву ў Сьледчы камітэт і не даводзіць гэтую справу да суду ды прымірыцца з тымі, хто нанёс агенцтву, як сьцьвярджаецца, пэўную шкоду.

Спадарыня Акуловіч, як мне здалося, гэтую тэзу зразумела. Мне яна адказала, што „варта пачакаць заканчэньня сьледзтва“. Паўтаруся, што мы размаўлялі пра тое, што іміджавыя страты ад гэтай справы вялікія для ўсіх бакоў і таму канфлікт варта спыніць», — расказаў Барыс Гарэцкі Свабодзе.

Кіраўніца БелТА Ірына Акуловіч не давала ў размове ніякіх абяцаньняў наконт сваіх далейшых дзеяньняў у справе, але запэўнівала, што таксама не жадае працягу канфлікту, мяркуе Барыс Гарэцкі.

«Пра справу яна сказала, што лічыць яе цалкам крымінальнай і ня бачыць у ёй ніякай палітыкі. Што яна мусіла абараняць сваіх падпісчыкаў, якія мелі праблемы праз тое, што нехта несанкцыянавана заходзіў да іх у „адмінку“ з паролямі. Зусім, паводле яе, не было мэты ціснуць на нейкія мэдыя, яе задача была абараніць падпісчыкаў.

Але тут я зь ёй ня згодны. Як мне бачыцца, справа відавочна стала палітычнай. Бо калі журналістаў вярбуюць, калі ім пагражаюць, калі затрымліваюць рэдактараў і праводзяць масавыя „зачысткі“, дык цяжка лічыць ужо, што гэта справа толькі крымінальная. Мяркую, калі б справа была толькі аб паролях, яна б выглядала зусім іначай».

​Паводле Барыса Гарэцкага, ягоная гутарка з кіраўніцай БелТА Ірынай Акуловіч доўжылася 20 хвілін і прайшла ў добразычлівай атмасфэры. Аб сустрэчы з гендырэктарам БелТА намесьнік старшыні БАЖ дамовіўся ў пачатку лістапада, пасьля выстаўленьня абвінавачаньня некаторым зь фігурантаў справы.

Барыс Гарэцкі паведаміў, што на сайце БАЖ неўзабаве пачнецца цыкл відэазваротаў, датычных «справы БелТА». Плянуюцца выступы ў гэтай справе вядомых грамадзянаў краіны.

«Справа БелТА». Што важна ведаць

  • У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.​
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
  • Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG