Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На БТ высьмеялі выбачэньне перад скульптурай гарадавога


У забаўляльным шоў «Макаёнка, 9» на Беларускай тэлевізіі пасьмяяліся зь відэа Міністэрства ўнутраных спраў, дзе падлетак просіць выбачэньня за тое, што даў поўху скульптуры гарадавога.

Расказаўшы сюжэт міліцэйскага роліка, вядоўца пажартаваў, што «ёсьць куды больш вядомыя вандалы, якія славяцца сваім непаважлівым стаўленьнем да помнікаў». Пасьля гэтага на экране зьявілася выява голуба ў суправаджэньні аўдыёзапісу раскаяньня з роліка МУС.

15 лістапада ​Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала на афіцыйным Youtube-канале ролік «Извинился перед „Городовым“», на якім хлопец выбачаецца перад менскім помнікам.

Міліцыянт Генадзь Кашалюк расказвае, што пабачыў, як той «у скачку нанёс адзін удар» скульптуры.

«Я шчыра раскайваюся, што нанёс шкоду гэтаму помніку, супрацоўнікам міліцыі, бо ў гэтага помніка свая гісторыя, і я мог неяк сваім учынкам яе забрудзіць, — кажа на відэа хлопец, названы Арсеніем. — Я гэтага не хацеў і шчыра выбачаюся перад усімі».


17 лістапада малады чалавек павязаў шалік на помнік гарадавому. «Хацеў сагрэць скульптуру і сфатаграфавацца», — патлумачыў маладзён міліцыянтам, якія забралі ў яго пашпарт і запатрабавалі праехаць зь імі. Аргумэнт: «Вы павесілі шалік на скульптуру, якая ахоўваецца», «Нельга на яго нічога вешаць, таму што гэта помнік».

У пастарунку ў затрыманага перапісалі зьвесткі і правялі кароткую тлумачальны гутарку, што «гэтая скульптура, груба кажучы, зьяўляецца тварам МУС» і што «у наступны раз на помнік вешаць нічога ня трэба».​

Гісторыя помніка гарадавому цягнецца ад сакавіка 2016 году: некаторых зьдзіўляла, што ў Беларусі паставілі помнік савецкаму міліцыянэру ў форме царскага паліцыянта, а не беларускаму праваахоўніку.​ А гісторыя бальшавіцкай міліцыі пачалася якраз з разгону гарадавых і паляваньня на іх.

За зьнявагу помніка гарадавому беларусаў ня раз штрафавалі — нават патрабавалі пасадзіць на 2 гады «хіміі» за пэрформанс зь пятлёй на шыю скульптуры (абышлося штрафам у 5 базавых). Сярод аштрафаваных за зьнявагу помніка — бяздомны, які, як кажуць, не лічыў гэта палітычнай акцыяй.

У справе пра поўху гарадавому праваабаронца знайшоў два парушэньні законуз боку міліцыі.

У адказ на ролік міліцыянтаў пачаўся збор подпісаў за знос менскага помніка гарадавому, а ў беларускім сэгмэнце сацсетак пачаўся флэшмоб, дзе беларусы просяць прабачэньня ў помнікаў. Шмат выбачэньняў публікуюць пад хэштэгам #памятникпрости.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG