Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армэнія пасьля рэвалюцыі: Прэзыдэнт падаў у адстаўку, і людзі пачалі менш яго ненавідзець


Пратэстовец ірве партрэт Сэржа Саргсьяна, красавік 2018-га
Пратэстовец ірве партрэт Сэржа Саргсьяна, красавік 2018-га

Увесну 2018-га сотні тысяч армян выйшлі на вуліцы, і Армэнія разьвіталася з 10-гадовым прэзыдэнцтвам Сэржа Саргсьяна. Пасьля гарачай рэвалюцыйнай вясны краіна рыхтуецца да датэрміновых парлямэнцкіх выбараў 9 сьнежня.

«Гэта будуць найлепшыя выбары ў гісторыі Трэцяй Рэспублікі», — заявіў Нікол Пашыньян, які нядаўна падаў у адстаўку з пасады прэмʼер-міністра і цяпер выконвае яго абавязкі. Калі спытацца ў людзей на вуліцах Ерэвана, як іхнае жыцьцё, яны адкажуць: «Усё добра, і будзе яшчэ лепш». Палітычны лідэр тут новы, але заробкі і праблемы засталіся ранейшыя. Са зьменаў — у парк пры будынку Нацыянальнага Сходу, раней закрыты для людзей з вуліцы, цяпер можа зайсьці кожны ахвотны.

Чаго армяне чакаюць ад сваёй «аксамітнай рэвалюцыі», патлумачыў палітычны аналітык Мікаэль Зальян.

Мікаэль Зальян
Мікаэль Зальян

— Размаўляю на вуліцах зь людзьмі, і яны рэвалюцыяй адмяраюць час: «да рэвалюцыі», «падчас рэвалюцыі», «пасьля рэвалюцыі»...

— Так, і ня толькі час. Ёсьць нават слова «контрарэвалюцыйны». Гэта ня вельмі добры тэрмін, бо адразу нагадвае 1918 год, Леніна, Троцкага і гэтак далей. Але агулам ёсьць сілы, якія зацікаўленыя ў тым, каб нічога не атрымалася. Гэта старая ўлада, якая захоўвае досыць вялікія рэсурсы, — грошы, СМІ, якія яны кантралююць, палітычны рэсурс. Галоўнае — ім удалося захаваць сваю структуру, ключавую ролю ў якой адыгрывае Рэспубліканская партыя.

У адрозьненьне ад іншых постсавецкіх краін, дзе ў аналягічных сытуацыях партыя ўлады зьнікае, тут яна захавалася. Прынамсі пакуль. І праграма-максымум у іх — вярнуцца да ўлады. Мінімум — паспрабаваць замацавацца і вярнуцца да ўлады ў пэўнай будучыні. У прынцыпе, гэта нармальна, бо ва ўсім сьвеце ёсьць шмат выпадкаў, калі партыя, якая асацыявалася з дыктатурай, пасьля пэўных зьменаў рабілася звычайнай партыяй. Напрыклад, у Гішпаніі былыя франкісты сталі Народнай партыяй і пэрыядычна выйграюць на выбарах.

У нас праблема ў тым, што Рэспубліканская партыя працягвае функцыянаваць як палітычнае крыло нефармальных, паўкрымінальных груп. Яе актыўнасьць перашкаджае барацьбе з карупцыяй, не дае пераадолець цяжкую спадчыну старой улады ў поўнай меры. Таму часам выкарыстоўваецца гэты тэрмін — «контрарэвалюцыя».

— Ці можа краіна ў такім становішчы абысьціся без рэвалюцыі, нават такой негвалтоўнай і аксамітнай, як армянская?

— Рэвалюцыя — гэта, канечне, незабыўны час усенароднага адзінства, уздыму, патрыятызму, адданасьці свайму народу, радзіме. Але ў той жа час рэвалюцыя — гэта вялікая рызыка, у любы момант усё можа пайсьці ня так. І ты можаш апынуцца ў сытуацыі гвалту і грамадзянскай вайны.

Заўжды лепш, каб працэс зьменаў адбываўся праз выбары, нармальныя палітычныя мэханізмы. Праблема, што палітычныя лідэры павінны гэта ўсьведамляць. Яны павінны разумець, што так далей ня можа працягвацца. Сэржу Саргсьяну падалося, што можна бясконца працягваць сваю ўладу. У яго гэта не атрымалася.

Сэрж Саргсьян, архіўнае фота
Сэрж Саргсьян, архіўнае фота

​Але трэба ўлічыць, што Сэрж Саргсьян быў абсалютна непапулярны палітык. Ён быў кепскім публічным палітыкам. У гэтым сэнсе многія іншыя постсавецкія лідэры пры ўсіх недэмакратычных замашках маюць рэальную падтрымку. Яны ўмеюць размаўляць са сваім электаратам, спрабуюць выглядаць бліжэй да народу. Нічога гэтага ў Саргсьяна блізка не было. Ён быў геніяльны майстра палацавай інтрыгі. Яго называлі вялікім шахматыстам, ён мог разыгрываць камбінацыі і перамагаць сваіх праціўнікаў, але ён абсалютна ня ўмеў працаваць з грамадзтвам. Быў кепскі аратар, не разумеў настрояў грамадзтва, ня мог на іх рэагаваць. Гэта таксама адыграла сваю ролю.

Калі палітычная эліта будзе спрабаваць разумець, чаго грамадзтва ад яе чакае, то можна пазьбегнуць рэвалюцыі. Бо рэвалюцыя — гэта заўжды правал правячай палітычнай эліты. Ёсьць распаўсюджаная тэорыя, што рэвалюцыя арганізуецца з-за мяжы, фінансуецца кімсьці. Але ані ў якай краіне не адбываецца рэвалюцыі, калі эліта адэкватна кіруе. Рэвалюцыя адбываецца, калі сыстэма кіраваньня ў крызісе.

— Які лёс чакае Саргсьяна? Што яму такога паабяцалі, што ён пагадзіўся на адстаўку, не баючыся перасьледу?

— Саргсьян застаецца кіраўніком Рэспубліканскай партыі Армэніі, што досыць дзіўна. Дзіўна нават ня гэта, а тое, што ён пакуль ані разу не выступаў. Апошні публічны тэкст — гэта ягоная заява пра адстаўку 23 красавіка. Ён сказаў: «Я ня меў рацыі, Нікол мае рацыю, я сыходжу ў адстаўку».

Пры гэтым Рэспубліканская партыя досыць актыўная. Мяркуючы па ўсім, ён не сьпяшаецца выходзіць з гульні і дзейнічае праз сваю партыю. Многія ў Армэніі патрабуюць прыцягнуць яго да адказнасьці за тыя рэчы, якія адбываліся падчас ягонага кіраваньня. Ёсьць шмат сьведчаньняў пра карупцыйныя схемы, у якіх ён замяшаны. Але пакуль супраць яго аніякіх спраў не заводзілася.

Пратэсты ў Армэніі сёлета ўвесну
Пратэсты ў Армэніі сёлета ўвесну

Магчыма, яму былі дадзеныя нейкія гарантыі, але я ня ўпэўнены, бо Пашыньян заўжды стараўся ўсё рабіць публічна. Сам факт, што Саргсьян падаў у адстаўку, трохі зьмяніў стаўленьне людзей да яго. Нянавісьць, якая была да Саргсьяна з-за таго, што ён рабіў падчас свайго кіраваньня, трохі адышла, бо ён не пайшоў на прымяненьне гвалту. Што будзе далей, ня ведаю, бо ягоныя брат і пляменьнік па крымінальных справах прыцягваюцца.

— Ці ўспрымаецца Расея як пагроза для посьпеху армянскай рэвалюцыі?

— Мы пабачылі, што падчас рэвалюцыі Расея заняла ў асноўным нэўтральную і ў пэўныя моманты добразычлівую пазыцыю. З чым гэта было зьвязана, цяпер цяжка сказаць. Мне падаецца, што ў Расеі зразумелі, што новы рух не ўяўляе пагрозы Расеі, што гэта ўнутраны рух, не антырасейскі, ён ня ставіць зьнешнепалітычных мэтаў.

Ёсьць пэўныя геапалітычныя рэаліі, якія немагчыма зьмяніць. У нас ёсьць канфлікт з Азэрбайджанам. У нас ёсьць канфлікт з Турэччынай — не ваенны, але ў нас закрытая мяжа, няма дыпляматычных стасункаў. У любы момант Турэччына можа ўмяшацца ў Карабаскі канфлікт на баку Азэрбайджану. Таму членства Армэніі ў АДКБ, двухбаковыя адносіны Армэніі з Расеяй абумоўленыя геапалітычнай сытуацыяй. Які б рэжым ні быў у Армэніі ці ў Расеі, нам гэта выгадна.

Красавіцкія пратэсты ў Армэніі
Красавіцкія пратэсты ў Армэніі

Думаю, у Расеі гэта зразумелі, і зразумелі, што лепш не псаваць сытуацыю. Думаю, там зрабілі таксама пэўныя высновы з украінскага досьведу. Зразумелі, што ня трэба падтрымліваць непапулярных аўтарытарных лідэраў, бо яны ўсё адно не ўтрымаюцца, а ў грамадзтве ўзмоцняцца антырасейскія настроі.

І трэцяе — у Расеі ўжо ня вельмі давяралі Сэржу Саргсьяну. Было ўражаньне, што ён спрабуе гуляць адначасова і з Захадам. Але любая ўлада ў Армэніі мусіць падтрымліваць балянс. Мультывэктарная палітыка, пра якую кажуць шмат у якіх постсавецкіх краінах, напрыклад у Беларусі, — гэта неабходнасьць падтрымліваць стасункі з рознымі цэнтрамі сілы. І гэта будзе рабіць кожны.

Плюс гэта адбылося хутка, хутка стала зразумела, што гэта рух, у якога ёсьць народная падтрымка. І апроч гвалтоўных мераў, зь ім нічога нельга зрабіць.

— Але што рэальна памянялася за гэтыя месяцы, апроч палітычнага лідэрства?

— Шмат чаго зьмянілася ў працэсе рэвалюцыі. Гэта рэчы, якія часта складана палічыць. Зьмянілася стаўленьне людзей да сваёй краіны, будучыні. Прапала адчуваньне, што будучыні няма.

Пайшла сурʼёзная барацьба з карупцыяй. Дзясяткі выпадкаў, калі высокапастаўленыя людзі з ранейшай улады прыцягваліся па розных карупцыйных справах. Барацьба гэтая не бязьлітасная, бо часта даюць магчымасьць кампэнсаваць дзяржаве страту — і чалавека адпускаюць на свабоду.

Канечне, падчас рэвалюцыі была эўфарыя, была ўпэўненасьць, што ўсё будзе цудоўна, добра. Але калі эўфарыя прайшла, яна зьмянілася непакоем за лёс краіны і палітычнай актыўнасьцю. Людзі засталіся ў палітычным працэсе. Апатыі, якая была да рэвалюцыі, ужо няма. У розных людзей розныя праграмы, часта ўзаемавыключальныя. Часта адбываюцца канфлікты паміж людзьмі, якія былі разам падчас рэвалюцыі.

Але самае галоўнае: ёсьць разуменьне, што мы як грамадзяне павінны самі вырашаць лёс сваёй краіны.

Размова зь Мікаэлем Зальянам адбылася падчас падзеі CampCamp, арганізаванай Праскім Грамадзянскім Цэнтрам у Ерэване 7–11 лістапада 2018.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG