Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каталіцкі сьвятар адказаў, ці можа хрысьціянін уступаць у БРСМ


Сябры БРСМ на афіцыйным «Дні вышыванкі» ў Менску, 2017 год
Сябры БРСМ на афіцыйным «Дні вышыванкі» ў Менску, 2017 год

Ксёндз Андрэй Радзевіч, які служыць у мястэчку Бярозаўка Лідзкага раёну Горадзенскай вобласьці, пасьля відэа #загонБРСМ патлумачыў на сайце Горадзенскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі, ці могуць маладыя хрысьціяне ўступаць у БРСМ.

Потым ягоны артыкул быў перадрукаваны сайтам усёй Рымска-каталіцкай царквы Беларусі.

Пасьля публікацыі айцец Андрэй Радзевіч расказаў Свабодзе, ці зьяўляецца грахом удзел у гэтай арганізацыі.

Афіцыйнай пазыцыі Касьцёлу няма

Адзінай пазыцыі Рымска-каталіцкай царквы Беларусі ў гэтым пытаньні няма, кажа сьвятар, бо герархі пра гэта ніколі не выказваліся. Ксёндз Андрэй Радзевіч падкрэсьліў, што ня можа казаць ад імя ўсяго Касьцёлу і дзеліцца толькі ўласным поглядам і высновамі.

А паколькі няма афіцыйнай пазыцыі, то няма і забароны ўступаць у гэтую моладзевую арганізацыю. З другога боку, на думку сьвятара, можна лягічна дайсьці да высноваў, ці карысны БРСМ хрысьціянам.

«Калі чалавек трошку думае і разважае, ён павінен прыйсьці да высновы, што гэтая арганізацыя не падыходзіць для хрысьціяніна. БРСМ мае свае карані ў камсамоле. Пра гэта пішацца ў самым пачатку статуту БРСМ: што яны спадкаемцы камсамолу.

Камсамол асуджаны і Каталіцкай, і Праваслаўнай цэрквамі. Камсамол — бязбожная арганізацыя», — кажа ксёндз Радзевіч.

Рымскія папы публічна асудзілі камунізм яшчэ ў канцы ХІХ стагодзьдзя. Пій ІХ, Леў ХІІІ, Пій ХІ, Пій ХІІ казалі пра шкоду камунізму ў сваіх энцыкліках.

Ці зьяўляецца БРСМ бязбожнай арганізацыяй, сьвятар ня можа адказаць.

«Сам БРСМ толькі будуецца на такіх каранях. Але цяжка збудаваць нешта добрае, калі гнілыя падмуркі. Прадстаўнікі БРСМ казалі, што гэта рэлігійна індыфэрэнтная арганізацыя», — кажа айцец Андрэй.

Ці зьяўляецца грахом уступленьне ў БРСМ?

На пытаньне Свабоды, ці зьяўляецца для верніка грахом уступленьне ў БРСМ, сьвятар адказаў:

«Грэх — гэта сьвядомы і добраахвотны ўчынак. Сёньня цяжка асуджаць і вучняў, і настаўнікаў. Бо не заўсёды гэта іхная добрая воля. Тая настаўніца (зь відэа, запісанага ў менскай гімназіі. — РС) рабіла гэта пад прымусам. Я часта размаўляю з настаўнікамі, але не магу ім сказаць (не запісвайце вучняў у БРСМ. — РС), бо гэта іхная праца. Калі яны гэтага ня зробяць, могуць нават страціць працу. Мы ня можам гэтага патрабаваць».

Адначасова сьвятар лічыць, што задумацца пра сэнс БРСМ варта бацькам, якія адказваюць за выхаваньне дзяцей і дапамагаюць ім зрабіць выбар, ці варта туды ўступаць.

Паводле сьвятара, адназначнага адказу, ці трэба спавядацца аб удзеле ў БРСМ, няма, бо грэх заўсёды залежыць ад намеру чалавека, сытуацыі.

«Нельга сказаць, тут ёсьць грэх, а тут няма граху. Нават уступленьне ў камсамол не заўсёды было грахом, хоць гэта была бязбожная арганізацыя. Ніхто ня мог дамагацца ад іншага чалавека гераізму. Кожная сытуацыя індывідуальная».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG