Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты сумняваюцца, што Лукашэнка прывёз з Сочы 30 мільярдаў даляраў


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас сустрэчы ў Сочы. 21 верасьня 2018 году
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас сустрэчы ў Сочы. 21 верасьня 2018 году

Вынікі перамоў у Сочы паміж лідэрам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным камэнтуюць незалежныя беларускія эканамісты.

Леанід Заіка, падводзячы вынікі перамоваў Пуціна і Лукашэнкі ў Сочы, зазначыў, што нейкіх моцных рашэньняў на іх не было.

Заіка: газавыя і малочныя «войны» паміж Беларусьсю і Расеяй ня скончацца

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка высьмеяў лічбу ў 30 мільярдаў даляраў, якой, паводле падлікаў БТ, вымяраюцца пагадненьні, пра якія дамовіліся ў Сочы.

Леанід Заіка
Леанід Заіка

«Адкуль узятая гэтая лічба, мне асабіста незразумела, я да яе стаўлюся зь вялікім падазрэньнем. Трэба глядзець у дакумэнты і лічыць, пра што гаворка. Можна сказаць і 33 мільярды. Узяць пастаўкі малака на 5 гадоў і падлічыць; дабавіць пастаўкі нафты, якой мы за год на 10 мільярдаў купляем. Гэта ня тыя лічбы, якія нешта паказваюць».

Леанід Заіка мяркуе, што нафтавыя, газавыя і малочныя «войны» паміж Беларусьсю і Расеяй пасьля сустрэчы ў Сочы не закончацца, а выгады для беларускай эканомікі, абяцанай Пуціным, можна і не дачакацца.

«Бо Пуцін, як належыць афіцэру КДБ, падчас размовы стварае пазытыў у свайго контрагента. Нейкія рэчы ён узгадняе, дамаўляецца, але як будзе далей? Да яго праехаў Лукашэнка прасіць грошы, дамаўляцца, але галоўнае — не наконт малака, вядома, а наконт нафты. Бо для Беларусі галоўны грашовы фантан — гэта расейскай нафта, каб атрымаць яе як мага больш. Хацелася б 22 мільёны тон. У выніку Пуцін кажа Лукашэнку, што добра, усё так і будзе, і крэдыт атрымаеце, і нафту, і ваша малако будзем піць, а потым усё гэта закрываецца. У Расеі вялікая намэнклятурная бюракратычная машына, у іх свае мэтады „размазваньня па сьценцы“, і яны не сьпяшаюцца выконваць указаньні Пуціна. Калі паглядзець па сутнасьці, ніякіх новых рашэньняў няма. Газу як атрымлівалі, так і будзем атрымліваць, нафты таксама ў тых жа памерах, гэта няшмат для Расеі», — мяркуе экспэрт.

Раманчук: расейцы задурылі галовы беларусам

Эканаміст Яраслаў Раманчук таксама сумняваецца ў тым, што дамовы, якія, паводле Аляксандра Лукашэнкі, былі дасягнутыя ў Сочы, забясьпечаць стабільную працу беларускай эканомікі хаця б на кароткую пэрспэктыву.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Гісторыя ўжо шмат разоў нам даказвала, што ў беларуска-расейскіх дачыненьнях пасьля перамоваў нельга нічога казаць пра посьпех у будучыні. Бо, як толькі шампанскае выпітае, праходзіць месяц — і ўсё вяртаецца. Узгодненых рэчаў было шмат, але гандлёвыя войны працягваюцца. Трэба пачакаць, што будзе рэальна ўзгоднена ўрадамі. Калі б гэтыя абяцаньні Пуціна былі ў прэс-рэлізе прэм’ера Мядзьведзева, каб там было пазначана, колькі дакладна грошай даецца на кампэнсацыю падатковага манэўру, колькі на крэдыт, які балянс паставак сельскагаспадарчай прадукцыі... Але гэтага няма, а ёсьць толькі дамоўленасьці пра тое, каб узгадняць. А гэта прынцыпова адрозьніваецца ад таго, што ёсьць насамрэч».

У Раманчука скептычнае стаўленьне да заяваў БТ пра 30 мільярдаў даляраў ад гэтых перамоваў:

«Калі ўжо гучаць такія пераможныя рэляцыі, дык гэта альбо расейцы задурылі галовы беларусам, альбо гэта нейкая пастка, падрыхтаваная для таго, каб яшчэ мацней ударыць па нашай эканоміцы, каб у кіраўніцтва нашай краіны не было ніводнага выйсьця, акрамя таго, якое патрэбна Крамлю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG