Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 вобразаў Аляксандра Лукашэнкі ў выяўленчым мастацтве — да 25 гадоў кіраваньня


У абдымках з казой, аўтар Кацярына Рымашэўская
У абдымках з казой, аўтар Кацярына Рымашэўская

20 ліпеня спаўняецца 25 гадоў з дня інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. 20 ліпеня 1994-га ён урачыста прысягнуў на Канстытуцыі і заступіў на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. І вось ужо чвэрць стагодзьдзя сваіх 64 гадоў кіруе дзяржавай.

У даўнейшыя часы дзеячы з падобным стажам дзяржаўнай службы абавязкова знаходзілі адлюстраваньне на жывапісных палотнах. Як увекавечылі першага і пакуль адзінага прэзыдэнта сучасьнікі? У аглядзе Свабоды — вобраз Лукашэнкі ў выяўленчым мастацтве.

Лісьлівыя шэдэўры

Аляксандар Лукашэнка хоць і сьцьвярджае, што не прыхільнік культу ўласнай асобы, але раз-пораз становіцца героем мастацкіх сюжэтаў.

Фрагмэнт «Габэлену стагодзьдзя» Аляксандра Кішчанкі
Фрагмэнт «Габэлену стагодзьдзя» Аляксандра Кішчанкі

Першым паверыў у маладога кіраўніка Аляксандар Кішчанка. У 1995-м ён унёс апошні штрых у справу ўсяго жыцьця — «Габэлен стагодзьдзя». І вось ужо больш за 20 гадоў выява Лукашэнкі ці то ў німбе, ці то ў касьмічным шлеме дамінуе над 80 найвялікшымі дзеячамі сьвету.

Паводле аўтара, месца было пакінутае не канкрэтна пад Лукашэнку, а пад таго, хто стане першым прэзыдэнтам краіны. Падчас афіцыйнай прэзэнтацыі Лукашэнка толькі і вымавіў: «Вось яно, сапраўднае мастацтва!» Праца Кішчанкі прызнаная гісторыка-культурнай каштоўнасьцю і занесеная ў Кнігу рэкордаў Гінэса за свае памеры — усё ж 300 квадратных мэтраў адборнай воўны.

Трыптых Аляксея Панцюка-Жукоўскага
Трыптых Аляксея Панцюка-Жукоўскага

Другім паводле глябальнасьці адлюстраваньня прэзыдэнцкага вобразу можна лічыць мастака Аляксея Панцюка-Жукоўскага. Ягоная праца сьвежая — леташняя. Аляксандар Лукашэнка з малодшым сынам Мікалаем сталі героямі трыптыху «Мая Беларусь. На скрыжаваньні стагодзьдзяў». Іхныя суседзі па трыптыху — першы кіраўнік ВКЛ князь Міндоўг і партыйны дзяяч Пётра Машэраў. Сёлета ў чэрвені экспэртная рада не дапусьціла гэты твор на выставу партрэтаў «Псыхалёгія вобразу», спаслаўшыся на недасканаласьць у перадачы псыхалягічнага стану кіраўніка краіны.

Аналягічны лёс раней напаткаў іншага мастака — Аляксандра Пуцейку. Да 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі партрэтыст намаляваў Лукашэнку ў параднай форме Галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі. Аднак журы пад кіраўніцтвам народнага мастака Беларусі Віктара Грамыкі забараніла яму выстаўляцца, спаслаўшыся на нізкую мастацкую якасьць твору. Дарэчы, мастак не адмаўляў, што прататып яму не пазіраваў, а партрэт пісаўся з шырокавядомых фатаздымкаў.

Лукашэнка і генэралы на вучэньнях, аўтар Мікалай Апіёк
Лукашэнка і генэралы на вучэньнях, аўтар Мікалай Апіёк

Адна з самых вядомых карцін з выявай Аляксандра Лукашэнкі належыць пэндзлю Мікалая Апіёка — заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, аднаго з заснавальнікаў студыі мастакоў-баталістаў. На трыптыху «Шчыт Айчыны-2004» Лукашэнка прадстаўлены ў палявой форме Галоўнакамандуючага — зь біноклем у руках і з афіцыйным гербам на фуражцы і пагонах. Вакол увіхаюцца генэралы, у тым ліку тагачасныя міністар абароны Леанід Мальцаў і кіраўнік Рады бясьпекі Юры Жадобін. Сёлета ў мастака ёсьць магчымасьць прывезьці новы матэрыял з восеньскіх манэўраў «Захад-2017».

Партрэт Лукашэнкі, аўтар Кірыла Мельнік
Партрэт Лукашэнкі, аўтар Кірыла Мельнік

Зрабіў свой унёсак у «лукашэнкіяну» мастак і мастацтвазнаўца, навуковы супрацоўнік Музэя гісторыі Менску Кірыла Мельнік. У сярэдзіне 2000-х ягоную партрэтную галерэю папоўніў Аляксандар Лукашэнка. Як казаў аўтар, зрабіў гэта «для душы». Твор выкананы ў рэалістычнай манэры — праўда, не сказаць, што з фатаграфічнай дакладнасьцю. У старамодным двухбортным паліто, з высока падвязаным шалікам і саламянымі вусамі Лукашэнка больш падобны да вясковага настаўніка-адраджэнца пачатку ХХ стагодзьдзя.

Лукашэнка з Нацыянальнай бібліятэкай і Палацам спорту
Лукашэнка з Нацыянальнай бібліятэкай і Палацам спорту

Малююць кіраўніка Беларусі ня толькі ўганараваныя чальцы Саюзу мастакоў, але і пачаткоўцы. Так, салігорскі майстар тату Ўладзімер Зяневіч выклаў у сеціва партрэт Аляксандра Лукашэнкі на фоне дзяржаўнага сьцягу, будынкаў Нацыянальнай бібліятэкі і Палацу спорту. Удакладніў, што не зьяўляецца прыхільнікам палітыкі «цьвёрдай рукі», а ідэя намаляваць прэзыдэнта зьявілася спантанна. Як і Панцюк-Жукоўскі, Зяневіч перакананы: у асяродку беларускіх палітыкаў выбіраць не даводзіцца, Лукашэнка — апрыёры самы вядомы дзяяч як у Беларусі, так і за яе межамі.

Гераічны Лукашэнка, аўтар Дзяніс Лапацін
Гераічны Лукашэнка, аўтар Дзяніс Лапацін

Невядома, як рэагаваць на жывапісную працу ўраджэнца Менску Дзяніса Лапаціна, які цяпер жыве ў Расеі. Адны лічаць вобраз задуменнага, з сівым зачосам Лукашэнку пародыяй на самога сябе, іншыя ўспрымаюць Аляксандра Рыгоравіча ў гераічным разрэзе. Як адзначаў Свабодзе мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, не зусім ясна, сатыра гэта ці дзіўнаватая камплімэнтарнасьць.

«Закос» пад «Скарыну Піцерскага», аўтар Нікас Сафронаў
«Закос» пад «Скарыну Піцерскага», аўтар Нікас Сафронаў

Гэткая ж недагаворанасьць чытаецца ў партрэце Лукашэнкі, некалькі гадоў таму прэзэнтаваным у Берасьці расейскім мастаком Нікасам Сафронавым. У сэрыі «Рака часу» Лукашэнка пераўвасабляецца ў пэрсанажа эпохі Рэнэсансу — як трапна пажартаваў Сяргей Харэўскі, у гэткага «Скарыну Піцерскага». Выглядае, што жартаўлівы падтэкст гламурнага Сафронава ў Беларусі не ацанілі, а неадназначную аўтарскую трактоўку схавалі.

Пяціразовы герой Лукашэнка, аўтар невядомы
Пяціразовы герой Лукашэнка, аўтар невядомы

Раз-пораз усплываюць фундамэнтальныя працы, аўтарства якіх не афішуецца. Неназваны ананім прычыніўся да роставай карціны, на якой старанна выведзены пазнавальны вобраз у афіцыйным строі за трыбунай, а за яго сьпінай лунае чырвона-зялёны сьцяг. Прэзыдэнцкія грудзі ўпрыгожаныя нізкай ордэнаў Героя Беларусі — ажно пяць штук. Відаць, што аўтар неабыякавы да «лідэра нацыі» і перакананы, што Лукашэнка яшчэ недастаткова ўганараваны.

Рабіліся спробы паставіць партрэты Лукашэнкі на камэрцыйны канвэер. Так, у салёне Саюзу мастакоў Беларусі ў свой час вісеў прэзыдэнцкі партрэт, напісаны Ўладзімерам Новакам. У іншым мастацкім салёне выстаўлялі на продаж літаграфічныя выявы Лукашэнкі мастака Ільлі Немагая. Але кан’юнктурныя праекты ў асноўным завяршаліся няўдачай.

Зьдзеклівыя шэдэўры

Адрозна ад мастацкіх панэгірыкаў, якія больш чым за два дзясяткі гадоў прэзыдэнцтва Лукашэнкі можна пералічыць літаральна на пальцах, вясёлых імправізацый — карыкатураў, шаржаў і сатырычных інсталяцый — за гэты час паўстала непараўнальна больш.

Чайная цырымонія, аўтар Артур Клінаў
Чайная цырымонія, аўтар Артур Клінаў

Адным зь першых вольна трактаваў і растыражаваў пацешны вобраз Лукашэнкі мастак Артур Клінаў. Ягонае «Чаепитие» («Піцьцё гарбаты») 1995 году выпуску застаецца ўзорам партрэту-шаржу, які ў розных варыяцыях пачалі эксплюатаваць іншыя.

«Нашы лялькі» Аляксея Марачкіна
«Нашы лялькі» Аляксея Марачкіна
«Павязаныя»: на прыёме ў Крамлі
«Павязаныя»: на прыёме ў Крамлі

Пачын маладога калегі падтрымалі старэйшыя таварышы. Адзін з заснавальнікаў творчай суполкі «Пагоня» Аляксей Марачкін напісаў карціну «Нашы лялькі». На манер папулярнай аднайменнай перадачы расейскага сатырыка Віктара Шандаровіча ў выглядзе марыянэтак сабраная палітычная ды ідэалягічная вэртыкаль сярэдзіны 1990-х. Да зьдзеклівага вобразу кіраўніка краіны мастак вяртаўся яшчэ неаднойчы, адна з апошніх прац мае назву «Павязаныя» — Лукашэнка на паклоне ў Пуціна.

Фрагмэнт фрэскі Алеся Пушкіна ў Мікалаеўскай царкве
Фрагмэнт фрэскі Алеся Пушкіна ў Мікалаеўскай царкве

Зрабіў свой ўнёсак у авангарднае мастацтва Алесь Пушкін. Расьпісваючы Мікалаеўскую царкву ў родным Бабры (Крупскі раён), у сцэне Страшнага суду ён зьмясьціў Лукашэнку і некаторых ягоных падначаленых у кампанію грэшнікаў. У 2005 годзе фрэскі на загад царкоўных уладаў давялося зафарбаваць, а на пачатку 2011-га храм згарэў разам з колішнімі «грэшнікамі».

Лукашэнка-камуніст ад Ігара Цішына
Лукашэнка-камуніст ад Ігара Цішына

А вось Ігар Цішын, які жыве ў Бэльгіі, адзіны, хто намаляваў Лукашэнку- камуніста. У рамках міжнароднага праекту «Партрэт 19 мільёнаў» (столькі ў СССР было членаў кампартыі) удзельнікаў азадачылі зрабіць партрэт любога, хто да пачатку перабудовы быў у партыйных шэрагах. Узрост, род заняткаў і сацыяльны статус значэньня ня мелі. Мастак у якасьці пэрсанажу выбраў кіраўніка Беларусі, які, адрозна ад іншых, публічна прызнаваўся, што ад свайго партбілета не адцураўся.

«Разьвітаньне», аўтар Ігар Рымашэўскі
«Разьвітаньне», аўтар Ігар Рымашэўскі
«Фініта ля камэдыя», аўтар Ігар Рымашэўскі
«Фініта ля камэдыя», аўтар Ігар Рымашэўскі
«Самотны хакеіст», аўтар Ігар Рымашэўскі
«Самотны хакеіст», аўтар Ігар Рымашэўскі

Цэлую сэрыю вясёлых карцін стварыла творчая дынастыя мастакоў з адной сям’і. Ігар Рымашэўскі — аўтар фэерычных плянаў у жанры «наіў». Сярод іх «Разьвітаньне» (чалавек, падобны да Лукашэнкі, разьвітваецца з каровай перад ад’ездам у горад), «Фініта ля камэдыя» (мядзьведзь гоніцца за лыжнікам № 1 на лыжні ў Раўбічах), «Самотны хакеіст».

«Прамая трансьляцыя», аўтар Людміла Шчамялёва
«Прамая трансьляцыя», аўтар Людміла Шчамялёва
«А сын мой у горадзе добра ўладкаваўся», Людміла Шчамялёва
«А сын мой у горадзе добра ўладкаваўся», Людміла Шчамялёва

Ягоная жонка Людміла Шчамялёва, дачка народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва, кранальна перадала атмасфэру «народнасьці» першага прэзыдэнта. «Прамая трансьляцыя» — як духоўная повязь электарату і галоўнага героя тэленавінаў. «А сын мой у горадзе добра ўладкаваўся» — як адлюстраваньне шчырай радасьці бацькоў за сваіх пасьпяховых дзяцей.

Лукашэнка а-ля Бэтмэн, аўтар Кацярына Рымашэўская
Лукашэнка а-ля Бэтмэн, аўтар Кацярына Рымашэўская
Беларускі вусаты заяц, аўтар Кацярына Рымашэўская
Беларускі вусаты заяц, аўтар Кацярына Рымашэўская

Малодшая ў мастацкім трыё Кацярына Рымашэўская. Яна спэцыялізуецца на забаўных драўляных фігурках, у якіх лёгка ўгадваецца гераізаваны (а-ля «Бэтмэн») ці, наадварот, прыземлены пэрсанаж (у абдымках з казой).

Першая паласа «Свободных новостей» (1994 год), малюнак Алега Карповіча
Першая паласа «Свободных новостей» (1994 год), малюнак Алега Карповіча

На Аляксандра Лукашэнку зроблена вялікая колькасьць карыкатураў. Пры гэтым якраз той выпадак, калі актыўнічаюць і свае, і чужыя. У сярэдзіне 1990-х адным зь першых на старонках тыднёвіка «Свободные новости» маладога і актыўнага прэзыдэнта дасьціпна «прыкладаў» Алег Карповіч. Праўда, у яго пасьля сыходу ў «Советскую Белоруссию» тэматыка зьмянілася.

Ёсьць Лукашэнка ў арсэнале мастака Лявона Бартлава, а Марына Напрушкіна па выніках чарговай прэзыдэнцкай кампаніі выдала ў Бэрліне цэлы комікс «Пераканаўчая перамога».

Зайцы ад Лукі, аўтар Андрэй Більжо
Зайцы ад Лукі, аўтар Андрэй Більжо
Уцёкі з зоны Пуціна, аўтар Сяргей Ёлкін
Уцёкі з зоны Пуціна, аўтар Сяргей Ёлкін

Удзячную дзялянку саюзнай дзяржавы распрацоўваюць расейскія карыкатурысты Андрэй Більжо і Сяргей Ёлкін. Першы вялікай сэрыяй адрэагаваў на падзеі прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году, другі смакуе вечныя перапалкі саюзьнікаў ды спробы Лукашэнкі «зьбегчы» ад залішняй апекі Пуціна.

Пасьля таго, як у сярэдзіне 2000-х улады распачалі перасьлед аўтараў сатырычных мультфільмаў, у якіх высьмейваліся высокія кіраўнікі краіны, вядучыя газэты Польшчы, Чэхіі, Славаччыны, Вугоршчыны распачалі маратон салідарнасьці і апублікавалі сэрыю карыкатураў на Лукашэнку.

Карыкатура Яцэка Гаўлоўскага ў Gazeta Wyborcza
Карыкатура Яцэка Гаўлоўскага ў Gazeta Wyborcza

«Мы хочам паказаць Лукашэнку, што сьмех — гэта зброя дэмакратыі». Такімі словамі пачынаўся тэкст пад карыкатурай Яцэка Гаўлоўскага ў польскім выданьні Gazeta Wyborcza.

Арыгінал матэрыялу быў апублікаваны 31 жніўня 2017 году

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG