Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі галадамор. 10 фактаў пра голад у БССР у 30-х і 40-х гадах


Тысячы памерлых ад голаду, дзясяткі тысяч тых, хто ад яго пакутаваў, сотні рэпрэсаваных за шкодніцтва празь нібыта арганізацыю голаду. Беларускія гісторыкі кажуць, што яны яшчэ на шляху да вызначэньня колькасьці ахвяраў голаду, які перажыла Беларусь у 1933−1934 і 1946−1947 гадах.

Гісторыкі Ірына Раманава і Ірына Кашталян сабралі факты, якія сьведчаць пра голад у Беларусі ў савецкі час.

Ірына Раманава (зьлева) і Ірына Кашталян
Ірына Раманава (зьлева) і Ірына Кашталян

1. Елі бярозавыя шышкі і крапіву, пухлі ад голаду, паміралі дзеці

Яшчэ жывыя сьведкі, якія могуць расказаць пра тое, што перажылі самі ды іхныя сваякі, у тым ліку памерлыя ад голаду. На паседжаньні «Клюбу вуснага гісторыка», які праводзіць сустрэчы ў менскай Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна, 24 красавіка прагучалі відэасьведчаньні старых беларусаў, сабраныя гісторыкамі Ірынай Раманавай і Ірынай Кашталян. Гэтыя ўспаміны сьведчаць пра тое, што ў народзе жыве памяць пра голад як уласную трагедыю, а ня толькі спачуваньне суседзям з поўдня.

Ілюстрацыйнае фота. Ахвяры Галадамору ва Ўкраіне. 1933 год
Ілюстрацыйнае фота. Ахвяры Галадамору ва Ўкраіне. 1933 год

  • «У трыццаць трэцім, я памятаю, быў голад, у нас бульба вымакла. Усе галадалі».
  • «Быў голад, хлеба не было. У ступе таўклі нешта, а ў рот ня ўзяць. І ва Ўкраіне быў вялікі голад, а чаму — ня ведаю... Яны да нас беглі. У нас таксама паміралі ад голаду, і дзеці паміралі. А каго болей — ня ведаю. Маёй сястры было 5 годзікаў, дык яна памерла».
  • «Мне было 12-13 гадоў, я ўжо ведала, што няма чаго есьці, а сястра была малейшая, 8 гадоў, яна плача: „Мама, я есьці хачу“. А есьці няма».
  • «А чаму ў сорак сёмым годзе быў голад? Дык была ж вайна, сабе нічога не пасеялі, у калгасе што вырасла, дык усё забралі.... Кароў не было, усіх пазабіралі немцы. Рвалі на бярозах шышкі, таўклі і елі. І дзяцей багата памерла, у нас сямёра памерлі. Сядзіць дзіця, гуляе, а потым нібы спаць захацеў, паваліўся і памёр».
  • «Пасьля вайны было цяжка. Ягадамі трымаліся. Кароўку ў калгасе скрадзеш, падоіш, дык хоць крыху малака зь ягадамі паясі, але гадка».

2. Голаду папярэднічала прымусовая калектывізацыя

Архіўнае фота. Калектывізацыя. Сяляне здаюць зерне
Архіўнае фота. Калектывізацыя. Сяляне здаюць зерне

​Якія былі асноўныя прычыны голаду ў Беларусі? Гісторыкі найперш гавораць пра тое, што голаду папярэднічала прымусовая калектывізацыя, але былі і іншыя фактары, якія спрычыніліся да гэтай жудаснай трагедыі: неўраджай, вялікія падаткі з сялян, пагоня мясцовых кіраўнікоў за высокімі паказьнікамі, нават зьнішчэньне праз голад людзей, залічаных у ворагі.

Але пры чым тут калектывізацыя, якая да 1933 году нібыта ўжо закончылася? У пачатку 1930-х гадоў само кіраўніцтва КПБ, каб выслужыцца перад Масквой, зьвярнуліся ў ЦК з прапановай, каб Беларусі павысілі паказьнікі калектывізацыі, расказала Ірына Раманава. Паводле гісторыка, прымусу сяляне ўсяляк супраціўляліся, «ішла сапраўдная сялянская вайна супроць калектывізацыі», прыватныя гаспадаркі прыходзілі ў заняпад, а новая сыстэма гаспадараньня не запрацавала.

Архіўнае фота. Калектывізацыя. Чырвонаармейцы знайшлі схаванае зерне
Архіўнае фота. Калектывізацыя. Чырвонаармейцы знайшлі схаванае зерне

«Найбольш гэта закранула Мазырскі, Петрыкаўскі, Жыткавіцкі ды іншыя паўднёвыя раёны Беларусі, якія нібыта стоадсоткава калектывізавалі. Як вынік, у 1933 годзе пачаўся голад», — кажа Ірына Раманава.

На становішча ў Беларусі моцна паўплывала сытуацыя ва Ўкраіне, дзе галадамор набыў велізарныя памеры, паміралі тысячы ўкраінскіх сялян, і ўсё больш людзей, каб уратавацца, падаліся на поўнач.

«Памежныя з Украінай раёны Беларусі захлынулі ўцекачы ад тамтэйшага галадамору, якія шукалі тут паратунку. Украінцы расказвалі, што ўраджай у іх быў добры, але ўлады ўсё забралі. Беларусы дзяліліся хлебам, бульбай, гэтаму шмат сьведчаньняў, але потым ім самім ня стала чаго есьці. Статыстыка ўтойвалася, тагачасныя савецкія газэты пра гэта не пісалі, але ў партыйных і дзяржаўных архівах можна знайсьці пра голад шмат сьведчаньняў», — кажа Ірына Раманава.

Некаторыя з сабраных гісторыкам фактаў пра голад:

  • У 1933 годзе ў рэспубліцы 33 раёны аказаліся ў вельмі цяжкім стане. Напрыклад, ува Ўзьдзенскім раёне голадам было ахоплена 8 калгасаў. У закрытых крыніцах паведамлялі, колькі калгасьнікаў у Пухавіцкім раёне праз захворваньні ад голаду ня выйшлі на працу. У дакумэнтах зь Менскага раёну — прозьвішчы сялян, якія апухлі ад голаду.
  • Сялянка Маланьня Скаромная, у якой сям’я з 9 чалавек, ляжыць бязь сіл. Калгасьнікі кінулі працу і паехалі ў Менск па хлеб.
  • На Гомельшчыне ўжо зарэгістраваны сьмерці ад голаду.
  • Ілюстрацыйнае фота. Ахвяра Галадамору
    Ілюстрацыйнае фота. Ахвяра Галадамору
    Кіраўніцтва раёну паведамляе, што большасьць сялян праз голад ня ў стане выконваць норму.
  • Зь ліста сялянкі сыну ў войска ў Бабруйск. «Сьвята на Новы Год справілі добра, толькі есьці няма чаго. Жыта выдалі напалову зь зямлёю».
  • Зь ліста: «Дарагі брат, паведамляю вам, што ваш тата апух, пісаць ня можа. Прыяжджайце хутчэй, яшчэ застанеце жывым. Маці ваша памерла».
  • Шмат фактаў, што сяляне ня могуць працаваць. Пішуць, што ў калгасе «Парыская камуна» Клімавіцкага раёну сяляне ўжо ня ў стане зьбіраць крапіву.

3. Людзі зьелі карову, якая здохла ад язвы. Чым ратаваліся галодныя?

Ілюстрацыйнае фота. Дзеці зьбіраюць мерзлую бульбу на калгасным полі (Украіна, 1933 год)
Ілюстрацыйнае фота. Дзеці зьбіраюць мерзлую бульбу на калгасным полі (Украіна, 1933 год)

​«У Клімавіцкім раёне ад сібірскай язвы падохла карова. Яе закапалі, але галодныя сяляне карову выкапалі, а мяса зьелі. У выніку шмат людзей памерлі, у раёне пачалася эпідэмія», — прыводзіць факт дасьледчыца Ірына Раманава.

Паводле зьвестак гісторыкаў, галодныя людзі ратаваліся тым, што елі кару дрэў, бярозавыя каташкі, канюшыну, крапіву. У вёсцы Піркі быў зафіксаваны факт, вельмі падобны на канібалізм, але больш такіх выпадкаў ня ведаюць.

4. Пра голад у Беларусі пісалі Сталіну

Як рэагавала на голад у БССР яе кіраўніцтва?

Рэакцыя на пакуты сялян з боку вярхоў БССР была прадказальная, а вось партыйцы сярэдняга і ніжэйшага ўзроўню часам маглі праявіць чалавечнасьць.

Вядомы партыйны дзеяч Мікалай Галадзед у лісьце ў Маскву паведамляе пра ўкраінцаў, якія ўсё часьцей ад голаду едуць у Беларусь, чым пагаршаюць палітычнае становішча. «Кожны такі прыезд украінцаў выкарыстоўваецца кулакамі супраць нас і наносіць вялікую шкоду», — абураецца Галадзед.

Ілюстрацыйнае фота. Неўраджай 1932 году, галодныя людзі на вуліцы
Ілюстрацыйнае фота. Неўраджай 1932 году, галодныя людзі на вуліцы

А вось процілеглае стаўленьне, са спачуваньнем і нават пратэстам. Урывак зь ліста ў ЦК КПБ партыйца Марка Собалева пра сытуацыю ў Магілёўскім раёне:

«Станкевіч сам памёр ад разрыву сэрца, засталася жонка. Галадае, хоча пакончыць самагубствам... Прапаную стварыць музэй калектывізацыі і паказваць у ім, да якіх жахаў мы дакаціліся».

«У Быхаўскім раёне сяляне зараней шыюць торбы, каб ісьці жабраваць», — асьцярожна апісвае сытуацыю інструктар ЦК КПБ.

Другі вядомы партыйны дзяяч Гікала наўпрост зьвярнуўся да таварыша Сталіна. Паводле Гікалы, голад ва Ўкраіне стаў асноўнай тэмай на сходах беларускіх сялян, людзі баяцца, каб у іх такога ж не было, уцякаюць з калгасаў. «Галодных людзей з Украіны ўсё болей».

5. Голад спарадзіў небывалы ўсплёск злачыннасьці

На ахове дзяржаўнага зерня
На ахове дзяржаўнага зерня

​Па меры павялічэньня маштабаў голаду назіраецца значны ўсплёск злачыннасьці. Крадуць каласкі з палёў, скаціну з хлявоў, рабуюць крамы. Адзначаныя самасуды над чужынцамі, ня толькі ўкраінцамі, але ўсімі, хто прыехаў зь іншых мясьцін па харчы і ў адчаі пачаў рабаваць.

6. Голад спрычыніўся да новага вітка рэпрэсій

Адным з раёнаў, ахопленых голадам у 1933 годзе, быў Ельскі на Гомельшчыне. Гэты раён вылучаўся тым, што там жыло шмат былых каляністаў, у тым ліку нямецкай нацыянальнасьці. Каляністы стала займаліся жывёлагадоўляй, але з калектывізацыяй усю скаціну ім давялося аддаць у калгасы. На што жыць, калі на працадні нічога не давалі? Шмат каму ўдавалася атрымліваць харчовую дапамогу ад дыпляматычных устаноў і дабрачынных арганізацый Нямеччыны. На чалавека атрымлівалі па 8 нямецкіх марак. Дапамогай былым каляністам нават скарысталася гітлераўская прапаганда. Паводле гісторыкаў, ужо ў 1934 годзе пачаліся першыя рэпрэсіі супроць тых савецкіх грамадзянаў, хто ўдзельнічаў у арганізацыі дапамогі галодным. Былі арыштаваныя 84 чалавекі, чатырох як «нямецкіх шпіёнаў» расстралялі. А ў 1937-м тысячы былых каляністаў рэпрэсавалі ў межах «антынямецкай кампаніі» — «забралі ўсіх астатніх».

Ілюстрацыйнае фота. Галадамор ва Ўкраіне. Сяляне атрымліваюць проса на працадні ў калгасе
Ілюстрацыйнае фота. Галадамор ва Ўкраіне. Сяляне атрымліваюць проса на працадні ў калгасе

Тым, каго арыштоўвалі як нацыяналістаў, часта ставілі ў віну арганізацыю голаду, кажа Ірына Раманава. Паводле яе, спэцслужбы абапіраліся на лічбы, напрыклад, што ў Нараўлянскім раёне ад голаду ў 1932-1933 гадах памерла да 1 тысячы чалавек. «Гэта лічба толькі па адным раёне, але яна паказвае маштаб бяды ў рэспубліцы, таму можна весьці размову пра тысячы ахвяраў», — мяркуе гісторык.

7. Голад 1946 — 1947 гадоў. «Касьцёл поўны хлеба, а людзі галадаюць»

Голад паўтарыўся ў 1946 — 1947 гадах, але цяпер гэта тычылася ўсёй рэспублікі, ня толькі поўначы. Гісторык Ірына Кашталян кажа, што голад выклікала найперш пасьляваенная разруха і палітыка ўладаў.

«Ёсьць сьведчаньне чалавека з Браслаўскага раёну, які галадаваў у 1947 годзе, а там калгасаў яшчэ не было. Сьведчыць, як хлеб у іх пазабіралі і трымалі ў касьцёле, а ім не давалі, людзі канюшыну елі».

8. Супраціўляліся нават старшыні калгасаў

Гісторыкі адзначаюць, што нават у той час татальнай ляяльнасьці ўладзе некаторыя старшыні калгасаў ішлі насуперак патрабаваньням партыі і раздавалі галодным сялянам збожжа, нарыхтаванае на насеньне. 345 старшыняў калгасаў прыцягнулі да адказнасьці за такое «свавольствы». 14 чэрвеня 1947 году ЦК КПБ нават прыняў пастанову наконт вельмі частай зьмяняльнасьці старшыняў калгасаў.

Ілюстрацыйнае фота. 1946 год. Жанчыны працуюць на полі
Ілюстрацыйнае фота. 1946 год. Жанчыны працуюць на полі

Але куды было падацца старшыні, калі з аднаго боку — улада, з другога — галодныя аднавяскоўцы? 5 сьнежня 1946 году ў калгасе імя Варашылава Лоеўскага раёну прайшоў сход. Калгасьнікі заявілі, што паміраюць ад голаду і запатрабавалі хаця б бульбы. Старшыня запярэчыў, што за гэта яго адправяць у Сыбір. Калгасьнікі яму ў адказ: «Цябе аднаго сашлюць, затое мы застанёмся жывыя».

З дакладной запіскі сакратарам ЦК КПБ Гусараву і Ігнацьеву, ліпень 1947 году. «У мінулым годзе ў Палескай вобласьці ўраджай склаў 3,3 цэнтнэра з гектара... Амаль палова калгасаў вобласьці не выдавалі ў канцы гаспадарчага году хлеба і бульбы па працаднях... У Брагінскім раёне ў пэрыяд заканчэньня севу два калгасьнікі, працуючы за плугам, паваліліся і памерлі... Дзіцячыя садкі і прыёмнікі перапоўненыя дзецьмі, якіх бацькі кінулі празь немагчымасьць пракарміць. Так, у Мазырскім дзіцячым доме, разьлічаным на 50 дзяцей, знаходзіцца 137 дзяцей».

Паводле падлікаў гісторыка Ірыны Кашталян, голад 1946 — 1947 гадоў зазналі каля 300 тысяч жыхароў Беларусі.

9. «Чорныя дошкі» як шлях да голаду

​Быў голад арганізаваным савецкай уладай як сродак палітычных рэпрэсій ці гэта наступства прыроднай з’явы? Ва Ўкраіне мяркуюць, што галадамор быў генацыдам савецкага кіраўніцтва супроць украінскага народу, з чым не згаджаецца значная частка расейскіх гісторыкаў, якія нагадваюць пра голад у Паволжы. Беларускія дасьледчыцы галодных пэрыядаў нацыянальнай гісторыі Ірына Раманава і Ірына Кашталян не адмаўляюць, што голад быў зьвязаны ня толькі з прыроднымі (неўраджай) ці гістарычнымі зьявамі, як вайна, але і з пэўным палітычным курсам. А хіба гэта ня вынік бяздарнага кіраўніцтва?

«Раён адрапартаваў, што засеяў на 300 га больш, чым насамрэч. Але праз год ім трэба здаваць з тых лішніх 300 га ўраджай, а яго няма. Як быць? Забіраюць у сялян апошняе — вось і голад», — акрэсьліла яшчэ адну з прычын штучнага голаду Ірына Раманава. Але ў гісторыкаў шмат прыкладаў, якія ня сьпішаш на мясцовае кіраўніцтва.

Ахвяра голаду 1932-33 гадоў ва Ўкраіне
Ахвяра голаду 1932-33 гадоў ва Ўкраіне

Аказваецца, у БССР існавалі ня толькі чырвоныя «дошкі гонару», але і чорныя «дошкі ганьбы». Туды заносілі гаспадаркі, якія ня выканалі нейкіх паказчыкаў, правініліся. Трапіш на такую дошку, і ўжо пазыкі не атрымаеш, увогуле ніякай падтрымкі, усё забяруць. Поўна фактаў, калі, як толькі гаспадарка здала збожжа, у яе сялян забіралі ўсе жорны, зачынялі млыны. Улады зыходзілі з таго, што сяляне ўсяго збожжа не аддавалі, нешта хавалі, але часта здаваць сапраўды не было чаго. А такая тактыка — шлях да голаду, мяркуе гісторык Ірына Кашталян і прыводзіць прыклад: «Ёсьць вёска Пухавічы на Гомельшчыне, якая вельмі пацярпела, хоць суседнім вёскам было лягчэй. Магчыма, таму, што трапіла на такую чорную дошку. Людзі сьведчылі, што камсамольцы ўсе сьвірны прачэсвалі, пазабіралі нават ручныя жорны».

10. Архівы КДБ хаваюць праўду пра голад

Ілюстрацыйнае фота. Памерлы ад голаду ляжыць пасярод вуліцы. Падчас Галадамору ва Ўкраіне
Ілюстрацыйнае фота. Памерлы ад голаду ляжыць пасярод вуліцы. Падчас Галадамору ва Ўкраіне

​Ці магчыма пэўна вызначыць колькасьць ахвяраў ад голаду 1933 — 1934 і 1946 — 1947 гадоў у Беларусі? Гісторыкі кажуць пра нястачу і закрытасьць архіўных матэрыялаў. Паводле іх зьвестак, у архіве КПБ быў асобны закрыты сэктар, дзе захоўвалі дакумэнты, датычныя ў тым ліку голаду, але доступ да гэта сэктару ў пачатку 90-х гадоў закрылі, і цяпер невядома, дзе іх шукаць.

«Часта адкрываеш справу, дзе могуць быць зьвесткі пра голад, а там нічога няма і пазначана, што матэрыялы „выбылі“. Ці іх зьнішчылі, ці перавялі невядома куды», — кажа Ірына Раманава. Паводле гісторыкаў, карысныя зьвесткі пра гэтыя падзеі могуць быць у архівах КДБ, але доступ да іх дасьледчыкам закрыты і КДБ не абяцае іх адкрыць у блізкай будучыні.

Тым ня менш гісторыкі працягваюць свае дасьледаваньні. Адна з мэтаў Ірыны Раманавай і Ірыны Кашталян — стварыць мапу голаду ў Беларусі ў 1933 — 1934 і 1946 — 1947 гадах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG