Найхаладнейшае месца на Зямлі

Фатограф Радыё Свабода Эймас Чапл паехаў у Рэспубліку Саха дзеля траіх людзей, якія працуюць на вуліцы нават у самыя лютыя маразы.

Прадавачка на рынку

Апошнія 15 гадоў Сона Угурчыева працуе на рынку ў Якуцку, чакаючы пакупнікоў у кіёску з рыбай. Нават тады, калі тэмпэратура апускаецца ніжэй за -50 градусаў паводле Цэльсію.

Угурчыева пераехала з роднай Інгушэтыі ў Якуцк ў 1993 годзе, калі на Паўночным Каўказе стала небясьпечна.

«Сялянскі рынак» ў цэнтры Якуцку, дзе Угурчыева мае свой шапік, гэта 50-мэтровы калідор гандлёвых шэрагаў з марожанымі прадуктамі. Ён адкрыты 7 дзён на тыдзень усю зіму.

Ад 7 раніцы да 7 вечара мясцовыя жыхары прыходзяць па рыбу, злоўленую ў рэках і азёрах Якутыі. Рыба замярзае ў той момант, калі рыбакі выцягваюць яе з-пад лёду.

Акрамя рыбы на рынку можна купіць ялавічыну (на здымку) і аленіну, якую расьпілоўваюць на кавалкі нажоўкай.

Тут жа можна знайсьці і палярных зайцоў па 1500 расейскіх рублёў (крыху больш за 50 беларускіх) за штуку. Дзікіх зайцоў лепш за ўсё запякаць у сьмятанным соўсе.

Угурчыева ўзважвае рыбу для пакупніка. На 56-гадовай жанчыне тры швэдры, пуховае паліто, ваўняныя рукавіцы і валёнкі. Яна добра ведае, чым пагражае няўважлівае стаўленьне да холаду. «Аднойчы я абмарозілася. Было -58С, але бязь ветру, і я была неасьцярожная. Адна шчака стала белай ад марозу, а потым скура пачала аблазіць».”

На валёнках — футравыя бахілы. Угурчыева кажа, што працаваць на рынку ня толькі фізычна, «але і псыхалягічна» цяжка. «Многія спрабавалі адкрыць тут свой шапік, але прадаўцы з суседніх шапікаў зрабілі ўсё, каб яны нічога не змаглі прадаць. І тыя праз пару месяцаў здаваліся. Але калі вытрымаеш тут хоць бы два гады, усё будзе ў парадку».

Перапынак на гарбату. Прадпрымальніца кажа, што ніколі не шкадавала пра пераезд у Якуцк. «Усе кажуць, што прыедуць сюды толькі на лета, але застаюцца назаўжды. Клімат робіць жыцьцё цяжкім, але тут ёсьць адчуваньне супольнасьці, якое я люблю».”

Работнік, які зносіць дамы

У горадзе Хандыга з насельніцтвам амаль 6 тысяч чалавек зрушэньне грунту празь нераўнамернае раставаньне глебы ў вечнай мерзлаце кожнае лета прыводзіць да прасяданьня і разбурэньня дамоў. Гэта і здарылася з жылым домам, які быў пабудаваны яшчэ ў савецкія часы (на здымку).

Калі гэты дом прызналі непрыдатным для жыльля, Толіка Юсіпава і яго брыгаду рабочых выклікалі з Якуцку на злом. Якуцк ад Хандыгі за сем гадзінаў язды на машыне.

Паводле Юсіпава, на знос гэтага дома трэба месяц ці больш. Кранам або экскаватарам можна было б зьнесьці яго за некалькі гадзін, да таго ж седзячы ў цяпле кабіны. Але гэтага ня робяць, бо так была б зьнішчана каштоўная драўніна.

Дошкі і бэлькі з разабранага дома гатовыя да адпраўкі. Потым, бліжэй да лета, гэты непашкоджаны будматэрыял прададуць для будаўніцтва новых дамоў.

Брыгада здымае бэльку з даху, адбіўшы яе ломамі ад цьвікоў. Юсіпаў пачаў працаваць, калі яму было 18 гадоў. З тых часоў іх брыгаду пасылаюць па ўсёй Рэспубліцы Саха незалежна ад надвор'я.

«Вядома ж, лепш працаваць летам. Калі па-сапраўднаму холадна, пальцы не адчуваюць, што робіш ... Рукавіцы - гэта самая важная рэч, калі холадна, таму што мы цэлы дзень трымаем у руках гэты чортаў мэталічны лом».

Юсіпаў працуе ломам, а ўдалечыні падымаецца дым адной з 16 вугальных цепластанцый ў Хандызе. 47-гадовы спэцыяліст па злому працуе са сваёй брыгадай ад сьвітаньня да заходу сонца.

Адзін з працаўнікоў расчышчае сьмецьце на даху дома. Асобныя часткі будынка былі зробленыя з азбэсту. У адказ на пытаньне, наколькі гэты матэрыял небясьпечны для здароўя, Юсіпаў круціць галавой: «Ня ведаю»

Пакой у доме пад знос. Жыхароў зь яго выселілі ў 2017 годзе.

Юсіпаў не ў захапленьні ад сваёй працы, але экстрэмальныя ўмовы надвор'я яго мала хвалююць. «Гэта проста праца, як і ўсе іншыя. Не магу сказаць, што я атрымліваю ад яе задавальненьне, але я ведаю, як зносіць дамы... У чалавека павінна быць праца».

Аленевод

За некалькі кілямэтраў ад вёскі Тапалінае Грыша Замяцін гадуе статак з 40 аленяў.

Замяцін — прадстаўнік эвэнкаў, малалікага народу Поўначы. Эвэнкі здавён гадуюць аленяў.

Да стойбішча Замяціна можна дабрацца па замерзлай рацэ Томпа на аленевай павозцы або на сьнегаходзе.

Стойбішча — гэта намёты, вырабленыя яшчэ ў часы СССР. Адзін намёт для людзей, іншы — «гараж» для сьнегахода.

На досьвітку, правёўшы ноч у намёце пры патухлым вогнішчы, аленявод выбіраецца з ложку з аленевых шкур і пачынае стругаць габлюшку для пячуркі. Яна на зьдзіўленьне хутка награвае намёт.

40-гадовы эвэнк гатуе ежу ў асноўным з таго, што ўдалося здабыць на паляваньні. За той дзень, які я правёў з ім, мы елі варанае мяса горнай козы і смажаныя ў маргарыне ныркі лася. Замяцін кажа, што ў намёце «бардак, таму што яе жаночая рука тыднямі ня краналася. Калі б мая жонка была цяпер тут, дык намёт быў б як гатэль «Гілтан».

Алені ў ваколіцах вёскі Тапалінае могуць выжыць у экстрэмальныя маразы, нават калі паветра ахалоджваецца да амаль да тэмпэратуры сухога лёду — ніжэй за 70 градусаў паводле Цэльсію.

Футра аленя мае адну асаблівасьць - кожны валасок пусты ўнутры. Улетку гэта служыць «ратавальнай камізэлькай», калі алені перасякаюць рэкі. А ўзімку не прапускае сьцюжу. Таму валаскамі пакрыты нават аленевы нос.

Замяцін высякае кавалак лёду з ракі, каб растапіць для піцьця. Аленявод са стажам кажа, што хоць холад «часам б'е па лёгкіх», ён аддае перавагу зіме, а ня лету.

«Улетку камары і дождж, алені хварэюць. Узімку лепш, калі выпадае сьнег, мы з аленямі можам адпачыць».

------------------

Фота і тэкст: Эймас Чапл
Рэдактар: Эндзі Хэйл