Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясцовыя выбары, пасьляслоўе: вынікі і рэакцыі. Жывы блог


Падлік галасоў на выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў на «ўчастку 000-179»

Коратка

У нядзелю, 18 лютага ў Беларусі прайшлі выбары дэпутатаў мясцовых саветаў. Паводле ЦВК, датэрмінова прагаласавалі рэкордныя 34,95%, але сумарная яўка недацягнула да рэкорду: 77,05%.

Выбары адбыліся, паводле папярэдніх зьвестак ЦВК, на 18 110 акругах — усіх, акрамя адной, дзе адзіны кандыдат зьняў кандыдатуру яшчэ да пачатку выбараў.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заяўляла, што выбары прайшлі «спакойна і нават талерантна», незалежныя назіральнікі адзначалі разнастайныя парушэньні і перашкоды ў працы. Самы гучны скандал выбараў — «сакрэтны код 000-179», які нібыта дазваляў галасаваць аднаму чалавеку на некалькіх участках (Ярмошына назвала гэта «трызьненьнем»).

За кратамі на ноч пасьля выбараў правёў апэратар «Белсату» і давераная асоба кандыдата Мікалая Казлова Андрусь Козел. Ён заявіў, што яго зьбілі міліцыянты. Судзьдзя вярнуў ягоную справу на дапрацоўку. Віцэ-міністар замежных справаў Польшчы раскрытыкаваў зьбіцьцё Козела.

Усё пра асноўны дзень галасаваньня >>

Палітоляг: Апазыцыя «ўдзельнічае ў выбарчым фарсе» і «падтрымлівае існую лёгіку палітычнага рэжыму»

Дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі палітоляг Андрэй Ягораў лічыць, што ў ацэнцы ўдзелу апазыцыі ў апошніх мясцовых выбарах трэба адштурхоўвацца ад таго, што ў Беларусі любыя выбары не з’яўляюцца дэмакратычнымі. Пра гэта ён сказаў у камэнтары Свабодзе.

Кампанія «Права выбару»: «Усё дэпутаты мясцовых саветаў не зьяўляецца законна выбранымі»

Арганізацыі-заснавальнікі кампаніі «Права выбару» — АГП, БНФ, БСДП(Г), БХД, «Зялёныя», РЭП, рух «За свабоду», ПСП — апублікавалі супольную заяву (тэкст на сайце БХД).

Пасьля пераліку шматлікіх парушэньняў яны заяўляюць ня толькі пра тое, што мясцовыя выбары былі несвабоднымі і несумленнымі, але і пра тое, што «ўсе дэпутаты мясцовых саветаў не зьяўляецца законна выбранымі прадстаўнікамі народу, але фактычна прызначаныя выканаўчай уладай»

«Падчас бягучай выбарчай кампаніі Беларусь ня толькі не наблізілася да правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў, а нават пагоршыла ўзровень сваёй адпаведнасьці крытэрам АБСЭ», — гаворыцца ў заяве.

У Ельску арыштавалі праўладнага кандыдата, які быў адзіным у акрузе. Выбары не адбыліся

У Ельскай-Савецкай выбарчай акрузе № 3, адзінай у Беларусі, не адбыліся выбары ў раённы савет. Пра гэта паведаміў Цэнтрвыбаркам.

Берасьцейскія сацыял-дэмакраты не прызналі вынікі выбараў

Прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), кандыдаты ў Берасьцейскі гарсавет Ігар Маслоўскі і Ганна Канюс накіравалі скаргі ў гарадзкую выбарчую камісію і пракуратуру.

У сваіх скаргах кандыдаты заяўляюць аб «нематывіраваным неўключэньні» іх прадстаўнікоў у склад участковых камісій, несупадзеньні ў зьвестках яўкі паводле назіральнікаў і пратаколаў камісіі, аб непразрыстым падліку галасоў, калі «назіральнікі знаходзіліся за 3-4 мэтры».
Апроч таго, кажа Маслоўскі, пасьля падліку галасоў камісія не правяла паседжаньне з разглядам пададзеных скаргаў.

Сацыял-дэмакраты просяць прыцягнуць да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці «вінаватых у парушэньнях сябраў участковых камісіяў».

У сувязі з выяўленымі парушэньнямі Маслоўскі і Канюс просяць прызнаць несапраўднымі вынікі выбараў на ўчастках № 38 і № 39 у Берасьцейскі гарадзкі савет дэпутатаў.

Загрузіць яшчэ

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG