Пахавальныя шафы і абед з ігуаны. Як выжывае Вэнэсуэла ў эпоху дваяўладзьдзя

22 траўня 2019 году
Жанфрэдзі Гутыерэс, Кацярына Базанава

Калі ў мястэчку Пала Нэгра на поўначы Вэнэсуэлы на 94-м годзе жыцьця памерла сэньёра Фэлісіта Лёпэс, яе восем дзяцей ня здолелі аплаціць пахаваньне. Бізнэс перапрацоўкі мэталу, які жывіў усю сям'ю на працягу дзесяцігодзьдзяў, ня выстаяў пад ударамі цяперашняга эканамічнага крызісу. Ад мінулага году няма грошай нават на выплату наёмным работнікам штомесячнай зарплаты - дзесяць даляраў.

Адна з унучак памерлай сэньёры Лёпэс і яе муж узялі выдаткі на сябе: у іх ёсьць аддаленая праца і ганарары ў далярах. Пахавальная цырымонія, кветкавае афармленьне, арэнда крэслаў, падсьвечнікаў і просьценькая труна, зусім не падобная на тую, у якой дзесяць гадоў таму хавалі дзядулю. За ўсё гэта ўнукі заплацілі $150. Але труну, зьлепленую з кардону, - самы папулярны цяпер варыянт на рынку рытуальных паслуг - купляць усё ж ня сталі.

Адна з дачок сэньёры Лёпэс шмат гадоў працавала на ўрад і працягвае лічыць сябе "чавісткай". Дзякуючы старым сувязям яна здолела выбіць магілу бяз хабараў. Гэта ўдаецца ня ўсім: могілкі ў розных рэгіёнах Вэнэсуэлы кантралююць ня толькі чыноўнікі, але і крымінальныя аўтарытэты - праны. За дазвол на пахаваньне яны бяруць толькі наяўныя даляры.

Нябожчыцы сеэньёры Лёпэс вельмі пашанцавала, разважаюць суседзі і сваякі. Сёньня ў Вэнэсуэле тысячы сем'яў ня могуць дазволіць сабе такой раскошы, як труну і месца на могілках. Яны хаваюць памерлых у шафах і скрынках на заднім двары сваіх дамоў.

Аднаго з сыноў сэньёры Лёпэс навіна пра сьмерць маці засьпела ў Калюмбіі. Купіць білет на самалёт яму не па кішэні, таму ён пешшу перайшоў мяжу з Вэнэсуэлай на дрэнна ахоўваным участку. У Пала Нэгра прыехаў на рэйсавым аўтобусе, але на пахаваньне спазьніўся.

Пала Нэгра. Травень 2019 году. Фота: Жанфрэдзі Гутыерэс
Пала Нэгра. Травень 2019 году. Фота: Жанфрэдзі Гутыерэс

Паводле традыцыі, пасьля пахаваньня памерлага ў яго доме дзевяць начэй запар моляцца аб супакоі душы. У рытуале ўдзельнічаюць шматлікія сваякі, сябры, калегі і суседзі, іх усіх трэба хаця б напаіць гарбатай ці кавай. Сын сэньёры Лёпэс прыехаў на другую такую ноч. Пачастунак для яго і іншых аплаціла ўсё тая самая ўнучка-фрылансэр.

Дэфіцыт вады і "крыніцы" з каналізацыі

За дзевяць начэй, на працягу якіх, зьмяняючы адны адных, ня спалі сваякі памерлай сэньёры Лёпэс, электрычнасьць адключалі шмат разоў, але ненадоўга. Не параўнаць з сакавіком-красавіком гэтага году, калі сьвятла ў многіх рэгіёнах Вэнэсуэлы не было па некалькі сутак ці нават тыдняў запар. З прычыны перабояў з электрычнасьцю выйшлі са строю помпы, і з кранаў перастала цячы вада. Уладальнікі аўтамыек, якія бясплатна раздавалі запасы вады тым, хто мае патрэбу, ператвараліся ў народных герояў. Жыхароў багатых кварталаў ратавалі генэратары, прыватныя падземныя рэзэрвуары і сьвідравіны. Астатнім вэнэсуэльцам штодня даводзілася выходзіць на пошукі вады з плястыкавымі бутэлькамі, бітонамі і каністрамі. Самыя адчайныя жыхары Каракасу і прадмесьцяў нягледзячы на небясьпеку арышты і штрафы выпраўляліся піць, мыцца і мыць бялізну ў Нацыянальны парк "Эль Авіла".

Батанічны сад у Каракасе гіне ад засухі. Фота: Жанфрэдзі Гутыерэс
Батанічны сад у Каракасе гіне ад засухі. Фота: Жанфрэдзі Гутыерэс

Людзі набіралі ваду з рачулак і раўчукоў. Калі ўдавалася ўрэзаць кран у якую-небудзь трубу на вуліцы і знайсьці ваду, па яе тут жа выстройвалася кілямэтровая чарга. Адна з такіх "крыніц" у красавіку забіла ў аўтамабільным тунэлі "Ля Плянісіе" у Каракасе. Інжынэры тут жа папярэдзілі, што вада сьцёкавая, але насельнікаў найбліжэйшых раёнаў было ўжо не спыніць. Змучаныя смагай людзі вызначалі чысьціню вады на вока і далёка не заўсёды кіпяцілі яе перад тым, як піць або чысьціць зубы.

Жыхары Пала Нэгра падчас "засухі" выявілі трубу, якая забясьпечвае вадой муніцыпальны цэнтар - горад Маракай, і пачалі браць ваду зь яе. Доўгая чарга прыцягнула ўвагу паліцыі і крымінальных аўтарытэтаў. Праны тут жа "селі на трубу" і прызначылі цану: дзесяць амэрыканскіх цэнтаў за кожныя сорак літраў.

Чарга па ваду. Пала Нэгра, сакавік 2019 году. Фота: Жанфрэдзі Гутыерэс
Чарга па ваду. Пала Нэгра, сакавік 2019 году. Фота: Жанфрэдзі Гутыерэс

Прэзыдэнт Нікаляс Мадура абвінаваціў у перабоі з электрычнасьцю і вадой апазыцыю і сусьветны імпэрыялізм. Ён заявіў аб тэрарыстычных нападах на аб'екты электрасеткі, за якімі, на яго думку, стаіць самаабвешчаны прэзыдэнт Хуан Гуайдо. (Гуайдо прызналі як часовага лідэра 54 краіны, уключаючы ЗША; сярод тых, якія не прызналі - Расея, Кітай, Мэксыка і Індыя). Пра зношанасьць абсталяваньня, аварыйны стан электрастанцый і карупцыю - ні слова

Да расьсьледаваньня "тэрактаў" і рамонту электрасеткі Мадура паабяцаў прыцягнуць расейскіх спэцыялістаў, а таксама закупіць у Расеі неабходнае абсталяваньне. МЗС РФ пагадзіўся з вэрсіяй вэнэсуэльскага лідэра аб прычынах блэкаўту.

"Лініі электраперадачы ў нашай краіне будавалі паводле нямецкай і амэрыканскай тэхналёгіі. Ня ведаю, наколькі хутка расейцы змогуць у ёй разабрацца і правесьці расьсьледаваньне. Магчыма, гэта забясьпечыць ім новы бізнэс", - пракамэнтаваў пэрспэктыву такога супрацоўніцтва журналіст з Каракасу Хавіер Ігнасіё Маёрка , які спэцыялізуецца на пытаньнях бясьпекі і крыміналістыцы

Тунец з Флорыды або смажаніна з ігуаны

З дапамогай або без расейскіх спэцыялістаў, але падача электраэнэргіі ў Вэнэсуэле наладжваецца: сьвятло адключаюць цяпер усяго на некалькі гадзін, а не на некалькі дзён. Перамены да лепшага заўважылі і наведнікі супэрмаркетаў. Там пасьля доўгага перапынку раптам зьявіліся мука, кансэрвы, яйкі, курыца і нават мяса.

Некалькі гадоў таму ўлады, ігнаруючы высокую інфляцыю, загадалі замарозіць цэны, вытворцы і рытэйлеры пачалі банкрутаваць адзін за адным - і крамы апусьцелі. Падобна на тое, што цяпер урад часткова аслабіў кантроль і дазволіў мясцовым прадпрымальнікам вырабляць і імпартаваць прадукты харчаваньня. Ежа вярнулася, але купіць яе вэнэсуэльцы ня могуць. Большасьць зь іх зарабляе ад $7 да $20 за месяц.

У супэрмаркеце кіляграм кукурузнай мукі для аладак арэпа - асновы вэнэсуэльскай кухні - каштуе каля $2. Бляшанка кансэрваванага тунца - амаль $3. Кіляграм ялавічыны - $5. Прадуктовы шопінг можа дазволіць сабе толькі той, хто зарабляе ў валюце. Пасылкі зь ежай з Эўразьвязу і ЗША цэняцца больш за грашовыя пераводы. Напрыклад, адна банка кансэрваванага тунца ў Маямі каштуе $0,99. Купіць яе ў Флорыдзе і адправіць сваякам камэрцыйнай поштай таньней, чым калі б яны куплялі таго самага тунца ў Каракасе.

Калі няма сваякоў за мяжой або даходу ў далярах, даводзіцца харчавацца адзін-два разы на суткі. "Сядзіць на дыеце Мадура", - сумна жартуюць пра таго, хто з прычыны хранічнага недаяданьня страціў палову сваёй звычайнага вагі.

Каб выжыць, гарадзкія жыхары разьбіваюць агароды, дзе садзяць у асноўным маніёк і кукурузу, а таксама заводзяць авечак і коз. Маракай, травень 2019. Фота: Жанфрэдзі Гутыерэс
Каб выжыць, гарадзкія жыхары разьбіваюць агароды, дзе садзяць у асноўным маніёк і кукурузу, а таксама заводзяць авечак і коз. Маракай, травень 2019. Фота: Жанфрэдзі Гутыерэс

У горадзе Маракай на поўначы краіны ігуаны яшчэ некалькі месяцаў таму сустракаліся гэтак жа часта, як папугаі. Цяпер ня ўбачыш ніводнай - іх зьелі. На рэптылій і іх яйкі ідзе няспыннае паляваньне. У штаце Сулія на мяжы з Калюмбіяй суп і смажаніну гатуюць з флямінга, чарапах і дэльфінаў. Вэнэсуэльцы зьбіраюць плады фруктовых дрэваў на гарадзкіх плошчах і парках, разьбіваюць агароды, трымаюць авечак і коз у сябе дома, а ў мэгаполісах тыпу Каракасу - шукаюць ежу ў сьмецьцевых баках у багатых кварталах.

"На даляр можна езьдзіць ўсё жыцьцё"

Паводле дадзеных Нацыянальнай асамблеі Вэнэсуэлы, зь лютага 2018 па люты 2019 году цэны вырасьлі на 2 295 981,8%. Гіпэрінфляцыя прывяла да таго, што наяўныя балівары амаль зьніклі з абарачэньня. Замест іх - банкаўскія карткі, грашовыя пераводы, так званыя пасьведчаньні Радзімы, на якія пералічваюць сацыяльныя выплаты, і, вядома, даляры.

На мяжы з Калюмбіяй на рынках прадаюць сувэніры з абясцэненых купюр: сумкі, кашалькі і лебедзяў накшталт тых, што робяць у гатэлях з ручнікоў. Наяўныя балівары выкарыстоўваюць толькі ў грамадзкім транспарце і на запраўках. Бэнзін у Вэнэсуэле амаль бясплатны. Мясцовыя жыхары жартуюць, што на адзін даляр можна езьдзіць ўсё жыцьцё.

Чарга па бэнзін. Пала Нэгра, травень 2019 году. Фота: Жанфрэдзі Гутыерэс
Чарга па бэнзін. Пала Нэгра, травень 2019 году. Фота: Жанфрэдзі Гутыерэс

Але толькі калі ўдасца напоўніць бак, а гэта цяпер таксама праблема. Бэнзін зрабіўся дэфіцытам. Як глянеш на дарогі, здаецца, што ўся краіна стаіць у шматкілямэтровых чэргах да заправак. Экспэрты тлумачаць недахоп паліва тым, што праз перабоі з электрычнасьцю выйшла са строю абсталяваньне на нафтаперапрацоўчых заводах. Кіроўцы ніколі ня ведаюць загадзя, колькі правядуць часу ў такой чарзе і ці хопіць ім бэнзіну. Сярод пэрсаналу заправак - усюдыісныя праны. Каб заправіцца ў абыход чаргі, трэба заплаціць ім $10.

Апазыцыянэры стаміліся, салдаты дэзэрціруюць

Штодзённая пакутлівая барацьба за самае неабходнае: ваду, сьвятло, ежу, мэдыкамэнты, туалетную паперу - мабыць, галоўная прычына таго, што рэйтынг лідэра апазыцыі, самаабвешчанага прэзыдэнта Хуана Гуайдо папоўз уніз. Сьвежыя дасьледаваньні грамадзкай думкі, апублікаваныя кампаніяй Meganalisis у пачатку траўня 2019 году, дэманструюць, што толькі палова апытаных адназначна падтрымлівае палітыка. У студзені 2019-га гэты паказьнік дасягаў 84 %. Гуайдо вызваліў апазыцыянэра Леапольда Лёпэса з-пад хатняга арышту, дамогся міжнароднай падтрымкі, паказаў, што ў яго ёсьць свае людзі сярод вайскоўцаў і ў спэцслужбах, але простым вэнэсуэльцам ён пакуль можа прапанаваць толькі мітынгаваць, трываць і чакаць.

Адзін зь лідэраў вэнэсуэльскай апазыцыі Леапольда Лёпэс выступае перад пасольствам Гішпаніі ў Каракасе, дзе ён схаваўся пасьля вызваленьня з-пад хатняга арышту. 2 траўня 2019 году. Фота: AFP
Адзін зь лідэраў вэнэсуэльскай апазыцыі Леапольда Лёпэс выступае перад пасольствам Гішпаніі ў Каракасе, дзе ён схаваўся пасьля вызваленьня з-пад хатняга арышту. 2 траўня 2019 году. Фота: AFP

30 красавіка 2019 году апазыцыя паспрабавала зладзіць вайсковы пераварот на авіябазе ў Каракасе, але праваліла яго і прызнала няўдачу. Да Гуайдо і Лёпэса далучыліся ўсяго некалькі дзясяткаў чалавек у форме. Мадура і ягоны ўрад адразу пасьля гэтага правялі сэрыю арыштаў і знайшлі сьляды ўмяшаньня ў пераварот ЦРУ.

Лідэр апазыцыі Хуан Гуайдо вядзе перамовы з вайскоўцамі 30 красавіка 2019 году. Фота: Reuters
Лідэр апазыцыі Хуан Гуайдо вядзе перамовы з вайскоўцамі 30 красавіка 2019 году. Фота: Reuters

Але хоць прэзыдэнт Вэнэсуэлы яшчэ можа разьлічваць на падтрымку вайскоўцаў, абстаноўка ў войску робіцца ўсё больш складанай. Шарагоўцы дэзэрціруюць і ўцякаюць у Калюмбію, а некаторыя высокапастаўленыя афіцэры ператвараюцца ў апазыцыянэраў. Так адбылося з генэралам Мануэлем Крыстафэрам Фігерай: да 30 красавіка ён узначальваў "Баліварыянскую службу нацыянальнай выведкі", пасьля спробы перавароту пакінуў краіну і ў схованцы запісаў відэа, якое растыражавалі дзясяткі сусьветных СМІ. Фігера абвінаваціў адміністрацыю Мадура ва ўзбагачэньні за кошт пакут вэнэсуэльцаў і заклікаў да зьмены рэжыму.

Вэнэсуэльскі палітычны аналітык Эрнан Люга Галісія расказаў, што ахова прэзыдэнта Мадура цяпер складаецца з васьмі колаў бясьпекі. Яны сфармаваныя з кубінцаў і вэнэсуэльцаў, якім Нікаляс Мадура і яго жонка Сілія Флёрэс давяраюць асабіста.

Вайскоўцы на базе ў Маракаі, 17 траўня 2019 году. Фота: Reuters
Вайскоўцы на базе ў Маракаі, 17 траўня 2019 году. Фота: Reuters

Расея: імпарт вайскоўцаў і экспарт алмазаў

Паводле ацэнкі ААН, да канца 2019 году колькасьць вэнэсуэльцаў, якія пакінулі краіну ад невыносных умоваў жыцьця, дасягне пяці мільёнаў чалавек. У чэргах па ваду, бэнзін і газ у балёнах жыхары гарадоў і вёсак абмяркоўваюць будучыню.

Адны чакаюць ваеннага ўварваньня ЗША і лічаць гэта адзіным выйсьцем. Іншыя ўпэўненыя, што ўсё вырашыцца на перамовах Вашынгтону і Масквы. Меншасьць спадзяецца, што ўсё як-небудзь "рассмокчацца" само сабой. І пакуль Нікаляс Мадура запалохвае сваіх прыхільнікаў амэрыканскімі салдатамі, а Хуан Гуайдо не выключае сцэнару ўмяшаньня амэрыканскай арміі, вайскоўцы дзьвюх замежных дзяржаваў ужо прысутнічаюць на тэрыторыі Вэнэсуэлы: кубінскія і расійскія.

Пратэсты ў Каракасе, 9 траўня 2019 году. Фота: Reuters
Пратэсты ў Каракасе, 9 траўня 2019 году. Фота: Reuters

Магчыма, адзінае, з чым цяпер у Вэнэсуэле не здараецца перабояў, гэта з пастаўкамі зброі з Расеі. З тых часоў, як у пачатку 2000-х прэзыдэнты Пуцін і Чавэс падпісалі першыя кантракты ў галіне вайсковага супрацоўніцтва, баліварыянская рэспубліка ператварылася ў галоўнага ў Лацінскай Амэрыцы пакупніка расейскай зброі. Масква прадае Каракасу самалёты, верталёты, танкі, бронетранспарцёры, абсталяваньне для артылерыі.

"Самае важнае з расейскіх паставак - гэта адзінаццаць зэнітна-ракетных комплексаў супрацьпаветранай абароны S-125 "Пячора 2-M", тры зэнітна-ракетныя комплексы "Бук М2Э" і адзін С-300 ВМ "Антэй-2500". Яны робяць Вэнэсуэлу самай абароненай ад паветраных нападаў краінай Паўднёвай Амэрыкі і Карыбаў ", - тлумачыць міжнародны аналітык і кіраўнік" Рэгіянальнай управы эканамічных і сацыяльных дасьледаваньняў "Лацінскай Амэрыкі Андрэй Сэрбін Понт, які жыве ў Буэнас-Айрэсе.

У канцы сакавіка ў Каракас прыбылі два самалёты зь людзьмі ў форме і 35 тонамі грузу. Афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава заявіла, што расейцы прабудуць у Вэнэсуэле "столькі, колькі спатрэбіцца" ім і ўраду Мадура. Карыстаючыся дадзенымі з розных афіцыйных дакумэнтаў "Апэрацыйна-стратэгічнага камандаваньня Баліварыянскіх узброеных сіл", вэнэсуэльскі палітычны аглядальнік Эрнан Люга Галісія налічыў ня менш за 200 расейскіх вайскоўцаў, якія за апошні час прыбылі ў краіну. Яны знаходзяцца ў пасольстве Расеі ў Каракасе, а таксама ў штатах Міранда, Балівар і Ансаатэгі.

"Афіцыйна расейскай базы ў Вэнэсуэле не існуе, але па факце расейцы пастаянна прысутнічаюць у некалькіх стратэгічна важных цэнтрах краіны", - кажа Галісія. Расейскія спэцыялісты вучаць вэнэсуэльцаў карыстацца закупленай тэхнікай. Курсы падрыхтоўкі пэрыядычна даводзіцца паўтараць з прычыны цякучкі кадраў: сьвежанавучаныя кіраваць расейскімі самалётамі вэнэсуэльскія пілёты звальняюцца і сыходзяць працаваць у камэрцыйную авіяцыю або дэзэрціруюць і зьяжджаюць з краіны.

Акрамя вайсковых і нафтавых, Масква і Каракас наладжваюць новыя сувязі. Ва ўмовах санкцыяў Нікаляс Мадура ускладае ўсё большыя надзеі на здабычу золата, алмазаў, калюмбіту-танталіту - важнага мэталу для вытворчасьці электратэхнікі - і запрашае ў Вэнэсуэлу расейскія кампаніі. У пачатку красавіка Масква і Каракас падпісалі адзінаццаць новых дамоваў аб супрацоўніцтве, у тым ліку ў сфэры горназдабывальнай прамысловасьці.