ПАХМУРНА, КАРОТКІЯ ДАЖДЖЫ…
На працягу дня ад 6°С на паўночным усходзе да 12°С на паўднёвым захадзе краіны.
ПАДЗЕІ Ў БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ:
У нарвэскім Осла будзе названае імя ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру. Сярод намінаваных на атрыманьне прэміі — асуджаны на чатыры з паловаю гады зьняволеньня беларускі праваабаронца, кіраўнік цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.
Ва Ўроцлаве ў рамках Фэстывалю незалежнай беларускай культуры пройдзе вечар салідарнасьці зь беларускім народам. Удзел у вечарыне возьмуць Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімер Някляеў, Зьміцер Бандарэнка, Іна Кулей і Аляксей Марачкін. Імпрэза адбудзецца ў Інфармацыйным бюро Эўрапейскага парлямэнту (ul. Widok, 10). Пачатак, а 17.00.
У рамках кампаніі «Будзьма» адбудзецца прэзэнтацыя беларускамоўнага кампакт-дыска з тэставымі заданьнямі з правілаў дарожнага руху (сядзіба Таварыства беларускай мовы, Менск, вул. Румянцава, 13). Пачатак, а 17.30.
У Палацы мастацтва (Менск, вул. Казлова, 3) працягваецца сувэнірны фэстываль «Славутыя майстры» — на ім прапануюцца вырабы беларускіх рамесьнікаў.
На менскім стадыёне «Дынама» ў рамках кваліфікацыйнага турніру футбольнага чэмпіянату сьвету зборная Беларусі сустрэнецца з чэмпіёнамі сьвету і Эўропы — камандай Гішпаніі. Пачатак, а 21.00.
ЁСЬЦЬ НАГОДА:
Усясьветны дзень яйка.
ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:
1492 — адкрыцьцё Хрыстафорам Калюмбам выспы Сан-Сальвадор, якое лічыцца афіцыйнаю датаю «адкрыцьця Амэрыкі».
1920 — падпісаньне Рыскай дамовы — папярэдняга дакумэнту, створанага з мэтаю заканчэньня савецка-польскай вайны 1919 — 1921 гадоў. Канчаткова дамова была замацаваная ў выглядзе Рыскай мірнай дамовы 18 сакавіка 1921 году.
1925 — у Бэрліне пачалася Другая ўсебеларуская канфэрэнцыя. Беларускія палітыкі, якія паверылі, што ў БССР можна рэалізоўваць ідэалы нацыянальнага адраджэньня, пераконвалі сваіх калег-эмігрантаў «скласьці зброю» і спыніць барацьбу з бальшавікамі. На канфэрэнцыі паўнамоцтвы ўраду БНР былі перададзеныя ўраду БССР. Аднак старшыня Рады БНР Пётра Крачэўскі і ягоны намесьнік Васіль Захарка гэтага рашэньня не прызналі.
Як паказала гісторыя, слушна зрабілі. Бо нацыянальнае адраджэньне ў савецкім Менску хутка зьмянілася жорсткай русіфікацыяй і патанула ў крыві масавых сталінскіх рэпрэсіяў.
1960 — на XV асамблеі ААН Мікіта Хрушчоў гразіўся паказаць «прагніламу Захаду» «кузькіну маць».
1999 — у Сараеве нарадзіўся 6-мільярдны жыхар Зямлі.
У гэты дзень нарадзіліся:
1537 — Эдуард VI, кароль Англіі і Ірляндыі.
1796 — Міхаіл Мураўёў, расейскі вайсковец, генэрал-губэрнатар Паўночна-Заходняга краю ў пару здушэньня нацыянальна-вызвольнага паўстаньня пад кіраўніцтвам кастуся Каліноўскага.
1935 — Лючана Павароцьці, італьянскі сьпявак (тэнар).
У гэты дзень памерлі:
1924 — Анатоль Франс, францускі раманіст і літаратурны крытык, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.
1955 — Лаўрэнці Цанава, супрацоўнік савецкіх карных органаў, наркам унутраных справаў БССР.
ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ «СВАБОДЫ»:
А.Трусаў: Адносіны ў міліцыі да беларускай мовы лепшыя, чым у судах
Суседзі Освальда сталі першымі ўладальнікамі кнігі «Сьлед матылька. Освальд у Менску»
Алесь Міхалевіч. Чалавек, які перагуляў КДБ
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
Сэрца можа дабавіць розуму, але розум ня можа дабавіць сэрца.
Анатоль Франс