НАГЛЯДНО | 19 АВГУСТА 2016

Беспрацоўе на постсавецкай прасторы

 

Паводле афіцыйных дадзеных, самы высокі ўзровень беспрацоўя — у Армэніі, самы нізкі — у Беларусі. Пытаньне ў тым, наколькі яны адпавядаюць рэчаіснасьці.

 

ПАДРАБЯЗНАСЬЦІ

Мы параўналі самыя актуальныя афіцыйныя дадзеныя ўзроўню беспрацоўя на постсавецкай прасторы. Паводле тэрміналогіі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), агульнае беспрацоўе - гэта доля грамадзян працаздольнага ўзросту, якія ня мелі працы, шукалі яе і былі гатовыя прыступіць неадкладна.

Не ва ўсіх краінах узровень беспрацоўя разьлічваюць паводле мэтодыкі МАП. Калі выкарыстоўваць працэнт афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных (як гэта робяць, напрыклад, у Беларусі) - то гэты паказчык ня будзе адлюстроўваць рэальнай сытуацыі, бо з-за нязручнасьцяў або нізкіх дапамог многія беспрацоўныя ня будуць станавіцца на ўлік.

Строга кажучы, дадзеныя розных краін нельга параўноўваць паміж сабой наўпрост з-за адрозьненьняў у мэтодыках падліку і розных пэрыядаў. Тым ня менш, Інфаграфіка ў цэлым адлюстроўвае сытуацыю з узроўнем беспрацоўя ў рэгіёне. Згодна з самымі актуальнымі паказчыкамі, даступнымі ў жніўні 2016, на постсавецкай прасторы ўзровень беспрацоўя склаў у сярэднім 7% — гэта ніжэй, чым у ЭЗ (8,6% у чэрвені 2016 паводле дадзеных Эўрастату). Адрозьніваюцца і лічбы, якія прыводзіць у сваёй апошняй справаздачы МАП (лістапад 2015) — хоць для 2015 і 2016 гадоў там прыведзеныя толькі разьліковыя, а не афіцыйныя паказчыкі.

Найгоршая сытуацыя зь беспрацоўем у Армэніі — там яе ўзровень самы высокі на постсавецкай прасторы. Краіна цалкам залежыць ад імпарту электраэнэргіі і большасьці відаў сыравіны, што, разам з часткова блякаванай мяжой і узброеным канфліктам у Карабаху падарвала эканоміку. Паводле справаздачы Сусьветнага банку (2014), стварэньне працоўных месцаў у краіне стрымлівае бюракратыя і зарэгуляванасьць. Таксама на думку армянскіх экспэртаў, краіна мае праблемы з адукацыяй (у першую чаргу — сярэднеспэцыяльных) і нізкай доляй высокатэхналягічнага сэктару. І хоць у параўнаньні з 2010 годам узровень беспрацоўя ў Армэніі зьнізіўся на адзін працэнтны пункт, сур’ёзных пазытыўных тэндэнцый не праглядаецца.

З-за высокага беспрацоўя, Армэнія моцна залежыць ад паступленьняў з-за мяжы. Шмат хто з жыхароў краін Каўказу і Цэнтральнай Азіі едуць працаваць у Расею, і адпраўляюць грошы сваім сем’ям дадому. Адкрытасьць расейскага рынку для працоўных мігрантаў дазваляе зьмякчыць сытуацыю зь беспрацоўем у краінах Фэрганскай даліны — Кіргізстане, Таджыкістане і Ўзбэкістане, адзначаюць у справаздачы Акадэміі АБСЭ. Паводле дадзеных МАП, Армэнія і Таджыкістан — лідэры ў сьвеце па залежнасьці эканомік ад пераводаў з-за мяжы, якія складаюць, адпаведна, 21% і 49% ВУП.

У Расеі, нягледзячы на ​​крызіс у эканоміцы, беспрацоўе застаецца параўнальна нізкім. На думку экспэртаў, гэта зьвязана ў першую чаргу з тым, што беспрацоўю няма альтэрнатывы (у выглядзе высокай грашовай дапамогi), таму людзям даводзіцца шукаць спосабы і крыніцы даходу, часта — нефармальныя. Спрыяе захаваньню нізкага беспрацоўя і зьмена дэмаграфічнай структуры насельніцтва.

МАП прагназуе, што ўзровень беспрацоўя будзе расьці да 2017 году ў Расеі, а таксама ў суседніх краінах, цесна зьвязаных з Расеяй эканамічна — напрыклад, Беларусі. Тым ня менш, афіцыйнае беспрацоўе ў Расеі падае, а ў Беларусі і зусім захоўваецца самы нізкі афіцыйны ўзровень беспрацоўя на постсавецкай прасторы — 1% у ліпені. Аднак там раскрываюць толькі «зарэгiстраваны» ўзровень беспрацоўя, г.зн. долю афіцыйна ўлічаных беспрацоўных — а іх заўсёды менш, чым на самай справе.

Зрэшты, беспрацоўных беларусаў дзяржава матывуе рэгістравацца: інакш ім прыйдзецца плаціць «падатак за дармаедства» (ўвядзеньне падобнай меры абмяркоўвалася і ў Расеі).

ПАЗНАКІ

Прыведзеныя самыя актуальныя афіцыйныя дадзеныя (выніковыя за 2015 альбо за 2016). У кожнай з краін свае мэтодыкі разьліку ўзроўню беспрацоўя, яны могуць адрозьнівацца ад рэальнасьці. Для Беларусі паказваецца зарэгістраваны ўзровень беспрацоўя. Для краін, дзе даступныя некалькі паказчыкаў, выкарыстоўваліся дадзеныя, разьлічаныя паводле мэтодыкі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). Афіцыйныя дадзеныя па Туркмэністане недаступныя.

КРЫНІЦЫ І АКТУАЛЬНАСЬЦЬ ДАДЗЕНЫХ