Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральны пракурор прапанаваў заняцца шумнымі суседзямі


Аляксандар Канюк, архіўнае фота
Аляксандар Канюк, архіўнае фота

На паседжаньні Савету бясьпекі Беларусі генэральны пракурор Аляксандар Канюк прапанаваў займацца ня толькі цяжкімі злачынствамі, але і дробнымі бытавымі канфліктамі, напрыклад шумнымі суседзямі, піша БЕЛТА.

«Мы гаворым пра тое, што трэба змагацца з гвалтам у сям’і, злачынствамі, забойствамі, — казаў Аляксандар Канюк. — Гэта так. Але і гэтыя на першы погляд дробныя пытаньні, калі суседзі паводзяць сябе шумна, перашкаджаюць людзям жыць, — сурʼёзная тэма. Калі ўначы чалавек не пасьпіць, то і аб працы ня будзе думаць».

Канюк падкрэсьліў, што з шумам ад суседзяў сутыкаюцца «шматлікія грамадзяне», і «можна зразумець, калі вясельле ці хрэсьбіны, але калі пастаянны шум, п’янства, курэньне з боку суседзяў чыняць шмат нязручнасьцяў і перашкаджаюць жыць добрасумленным грамадзянам, з гэтым трэба змагацца».

Паводле генэральнага пракурора, ужо выпрацаваныя «пэўныя захады» для вырашэньня гэтай праблемы, але яшчэ трэба дамагчыся іх ужываньня на практыцы.

Так, курэньне, пра якое казаў Канюк, прапануюць забараніць на гаўбцах дамоў, але зьмены ў «антытытунёвы закон» плянаваліся яшчэ ў 2013 годзе ды дагэтуль не прынятыя. А курыць амаль траціна беларусаў.

Бытавыя канфлікты праз шум часам вырашаюцца з удзелам міліцыі, але дакладных мэханізмаў таго, як суцішыць суседзяў, у міліцыі няма — міліцыянты могуць хіба зафісаваць факт шумных дзеяньняў уначы (шумець нельга з 23 ночы да 7 раніцы) і перадаць справу ў ЖЭС. Менчука, у якога на Новы год страляў міліцыянт у час разбору са скаргай суседзяў на шум, асудзілі на 5 гадоў «хатняй хіміі».

Паводле зьвестак 2015 году, на жонку Канюка зарэгістраваная кватэра ў шматкватэрным доме ў менскім Уруччы, таксама Канюк мае ўчастак пад будаўніцтва прыватнага дома ў Вясьнянцы («Дразды-2»), у водаахоўнай зоне вадасховішча Дразды.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG