Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Аліневіч — першы ляўрэат прэміі Аляхновіча за кнігу «Еду в Магадан»

Цырымонія ганараваньня першых ляўрэатаў прэміі імя Францішка Аляхновіча адбылася ў сядзібе БНФ у Менску. Ляўрэатамі сталі Анатоль Лябедзька, Алесь Бяляцкі, Юры Бандажэўскі, Павал Севярынец, Алесь Кіркевіч. Галоўная ўзнагарода — Ігару Аліневічу

19:29 10.12.2013
Наступны дыплём ляўрэата ідзе Юрыю Бандажэўскаму, які выйшаў на сувязь па скайпу. «Веру, мы заваюем свабоду, сустрэнемся, і я ўбачу ўсіх вас, убачу радзіму»
19:25 10.12.2013
Ляўрэацкай прэміяй узнагароджваецца Алесь Бяляцкі. Прэмію прымае ягоная жонка Натальля Пінчук.

«Значная частка ўдзельнікаў гэтага конкурсу яшчэ знаходзіцца за кратамі. У тым ліку і Алесь. На волі ў яго не было часу займацца літаратуразнаўствам. За кратамі ён працягвае паісаць і зараз, рыхтуецца яшчэ адна кніга. Хачу верыць, што сваёй творчай дзейнасьцю Алесь будзе займацца на свабодзе», — кажа Натальля
19:23 10.12.2013
Ганаруецца Алесь Кіркевіч. «Спадзяюся, што мы хутка ўбачымся з тымі ўдзельнікамі прэміі, якія яшчэ знаходзяцца за кратамі», — кажа ён

19:23 10.12.2013
Дыплёмам ляўрэата ганаруецца Анатоль Лябедзька. «Жадаю ўсім, каб вы ўсе што-небудзь яшчэ напісалі. Але на іншую тэму. Пра каханьне, пра грамадзкі транспарт, пра што заўгодна. Адзінае, з чым я не магу пагадзіцца з арганізатарамі. Гэта не турэмная літаратура, гэта літаратура пра змаганьне», — кажа Лябедзька.
19:19 10.12.2013
Надышла чарга ляўрэатаў. Ганаруецца Павал Севярынец, за зборнік «Беларуская глыбіня», у якой таленавіта адлюстраваныя каштоўнасьці чалавечага духу і свабоды. «Беларуская турэмная літаратура — гэта пэўны фэномэн і зьява агульнаэўрапейскай культуры», — кажа Севярынец, прымаючы дыплём.

19:18 10.12.2013
Працягваецца ганараваньне дыплямантаў. Дыплёмамі ганаруюцца Аляксандар Францкевіч і Ірына Халіп.
19:12 10.12.2013
«У камэры мяне празвалі „камэрны сьпявак“. Так я з артыста Белдзяржфілярмоніі пераўтварыўся ў выканаўцу камэрнага жанру» — жартуе Сяржук Доўгушаў і выконвае італьянскую песьню

19:12 10.12.2013
Сяргей Доўгушаў, як і абяцаў у пачатку імпрэзы, узяў у рукі гітару, каб выканаць адну з сваіх песьняў. «Музыка і песьні вельмі дапамагалі вязьням за кратамі, — кажа Сяргей і нечакана дадае — «Я б увогуле хацеў, каб у кожнай камэры сядзеў музыкант». Гэтыя ягоныя словы патанаюць у агульным сьмеху. «Твая мара недалёкая ад ажыцьцяўленьне», — кідае з месца Ўладзімер Някляеў.
19:05 10.12.2013
Дыплёмамі адзначаюцца ўдзельнікі конкурсу Сергей Аўчыньнікаў, Зьміцер Дашкевіч, Дзьмітры Карпіцкі, Сяржук Доўгушаў

19:03 10.12.2013
Падышоў час назваць ляўрэятаў, і на сцэну зноў выходзяць Аляксандар Лукашук і Андрэй Хадановіч:

«Рашэньне, якое прынялі сябры журы, сыходзіць з таго, што прадстаўленыя творы — не канкурэнты паміж сабой. Але паміж імі ёсьць розьніца, некаторыя існуюць у выглядзе рукапісаў, якія будуць яшчэ расьці і разьвівацца і могуць узяць удзел у наступным конкурсе ў наступным годзе»
19:01 10.12.2013
Выступае Ганна Соўсь:

«Чытаючы творы, дасланыя на конкурс і перачытваючы Аляхновіча, я кожнай сваёй клеткай цела адчувала, што беларуская турма засталася бальшавіцкай, савецкай, сталінскай. Няважна, што мы жывем ў незалежнай Беларусі, у турме жывуць паводле законаў КГБ ці ГПУ БССР. І як пісаў Францішак Аляхновіч:

«Як сыфiлiтычныя сьпiрохэты ў варганiзьме, гэтак залазiць ў душы паганая бальшавiцкая атрута. Мне пашанцавала. Я шчэ жыву. Я на волi. Я магу яшчэ трымаць пяро ў руцэ. Ад свайго вызваленьня, восем год назад, я не пакiдаю пiсаць i гаварыць аб найстрашнейшым ворагу чалавецтва — аб бальшавiзьме. Мне калiсь ня верылi. Казалi, што гэта паэтыцкая выдумка. Хлусьня. Цяпер паверыце».
18:58 10.12.2013
Яшчэ адзін сябра журы, паэт і былы палітвязень Уладзімер Някляеў кажа: «Вы перамаглі ўсе, бо прайшлі ўсё гэта. Вы пераможцы, і вы ўнесьлі свой унёсак у беларускую літаратуру»
18:56 10.12.2013
Выступае сябра журы Лявон Баршчэўскі, які прызнаецца, што сам нават ня ведае, хто ж урэшце перамог, бо галасаваньне ў журы было настолькі складаным, што «нават ніякі КДБ не разьбярэцца, хто ж перамог». Лявон кажа, што адным з першых з палітыкаў у Беларусі прайшоў школы турмы на Акрэсьціна, і пажадаў, каб у краіне не было палітычных вязьняў.
18:56 10.12.2013
Апошняя кніга са сьпісу намінантаў — Ірына Халіп «Дзёньнік зэчкі». На конкурс яна прадстаўленая ў выглядзе рукапісу, рыхтуецца да друку.

Пра аўтара. Ірына Халіп нарадзілася 12 лістапада 1967 года. Скончыла Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Карэспандэнтка расейскай «Новой газеты», жонка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. У ноч з 19 на 20 сьнежня 2010 года была затрыманая. 16 траўня 2011 года была асуджаная да двух гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду ў два гады

18:54 10.12.2013
Наступны — Аляксандр Францкевіч. Апавяданьне «Абдымі мяне мацней», апублікавана 29 траўня 2013 года ў газэце «Наша ніва».

Пра аўтара. Нарадзіўся 6 траўня 1990 года. Скончыў ліцэй у Наваполацку, праграміст. Зьняволены 3 верасьня 2010 года. 24 траўня 2011 года Аляксандар Францкевіч быў асуджаны на тры гады пазбаўленьня волі па «справе анархістаў». Яго абвінавацілі ў нападзе на шэраг дзяржаўных установаў, а таксама ва ўзломе сайта Наваполацкага гарвыканкаму. Вызвалены 3 верасьня 2013 года.

18:53 10.12.2013
«Дзеля чаго Госпад дае табе крыж часу і прасторы, новы пачатак каардынатаў у жыцьці, новых людзей, новыя вобразы і падабенствы Свае? Чым ачысьцяць, адновяць і напоўняць яны тваё сэрца?» —гэта ўрыўкі з эсэ Паўла Севярынца са зборніку «Беларуская глыбіня», якія публікаваліся ў «Наша ніва», ад 07 верасьня 2011 — ад 23 кастрычніка 2013 года.

Пра аўтара. Нарадзіўся 30 сьнежня 1976 года. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Палітык, публіцыст, адзін з заснавальнікаў «Маладога Фронту». У 2005 годзе быў абвінавачаны ў арганізацыі акцыяў пратэсту супраць балятаваньня А. Лукашэнкі на трэці прэзыдэнцкі тэрмін, асуджаны да 3 гадоў абмежаваньня волі. У 2007 годзе быў вызвалены. Арыштаваны яшчэ раз 20 сьнежня 2010 года, асуджаны на 3 гады «хіміі» па справе аб масавых беспарадках. Выйшаў на свабоду 19 кастрычніка 2013 года.

18:48 10.12.2013
«Калі б мне давялося паўтарыць усё нанова, я не вагаўся б ні імгненьня. Гэта ня поза, гэта пазыцыя», — гэта словы з кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ: Дзёньнік палітычнага закладніка». Нагадаем, яна толькі што выйшла ў сэрыі Бібліятэка Свабоды, і 9 сьнежня адбылася яе прэзэнтацыя тут, у сядзібе БНФ.

Пра аўтара. Анатоль Лябедзька нарадзіўся 27 чэрвеня 1961 года ў вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёна. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Мінскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытута ў 1985 годзе, спэцыяльнасьць — выкладчык гісторыі. Дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га скліканьня. Старшыня АГП з 2000-га года.

У ноч з 19 на 20 сьнежня 2010 года Анатоль Лябедзька быў выкрадзены невядомымі са сваёй кватэры. Утрымліваўся ў СІЗА КДБ. Абвінавачваўся ў арганізацыі масавых беспарадкаў. 11 студзеня 2011 года Amnesty International прызнала Лябедзька вязнем сумленьня. Вызвалены 6 красавіка, крымінальная справа супраць Лябедзькі спыненая.

18:43 10.12.2013
Сяржук Доўгушаў прадставіў на конкурс рукапіс свайго «Турэмнага дзёньніка». Сяргей, які прысутнічае на прэзэнтацыі, узяў з сабой гітару і паабяцаў выканаць сёньня тую самую песьню, пра якую ён пісаў у сваім творы

Пра аўтара. Нарадзіўся ў 1983 годзе. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Сьпявак, музыка, кіраўнік гуртоў Fratrez і Vuraj. Арыштаваны 19 сьнежня 2010 года падчас акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Асуджаны на 15 сутак арышту, якія адседзеў у СІЗА на Акрэсьціна

18:41 10.12.2013
Зачытваюцца ўрыўкі з аповесьці Алеся Кіркевіча «Няскончаная Адысея. Беларуская турма для пачынаючых». Алесь Кіркевіч прадставіў на конкурс два творы: гэтую аповесьць у рукапісе і апавяданьне «Вясна. Анталія. Вялікдзень: Філязофія турэмнага дворыка», якое выйшла ў часопісе «Дзеяслоў», № 53 за 2011 год

Пра аўтара. Нарадзіўся 9 лістапада 1989 года. Вучыўся у Гарадзенскім дзяржаўным унівэрсытэце. Намесьнік старшыні «Маладога Фронту», кіраўнік гарадзенскай суполкі арганізацыі. Затрыманы праз пяць дзён пасьля акцыяў пратэсту 19 сьнежня 2010 года, асуджаны на 10 сутак арышту. 3 студзеня 2011 года быў вызвалены, а 28 студзеня арыштаваны зноў па справе пра масавыя беспарадкі. 5 траўня 2011 года асуджаны на 4 гады пазбаўленьня волі. Вызвалены 1 верасьня 2011 года

Алесь Кіркевіч, як і Зьміцер Дашкевіч, прысутныя на імпрэзе, і занялі свае месцы ў першых шэрагах

18:38 10.12.2013
Далей на прэзэнтацыі зачытваецца адзін зь вершаў Дзьмітрыя Карпіцкага. Ён прадставіў на конкурс падборку вершаў «Поостынь, смирись, покайся Богу: Поэтическая исповедь из темницы».

Пра аўтара. Нарадзіўся 21 лютага 1974 года ў Маладэчанскім раёне. Скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці інжынэр-мэханік. У 2006 годзе асуджаны на 12 гадоў пазбаўленьня волі. Знаходзіцца ў папраўчай калёніі № 3, Віцебская вобласьць. Вершы пачаў пісаць у 2007 годзе, з таго часу у розных газэтах апублікаваў 80 вершаў.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG