Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША прадставілі праграму барацьбы з расейскім умяшальніцтвам у выбары


©Shutterstock

Дзяржаўны дэпартамэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі прадставіў новую праграму процідзеяньня расейскаму ўмяшальніцтву ў палітычныя выбары — у гэтым годзе пройдуць прамежкавыя выбары ў Кангрэс ЗША.

Ініцыятыва на 40 млн даляраў нацэленая на барацьбу са спансаванай іншымі дзяржавамі дэзінфармацыяй і прапагандай, зьдзяйсьняць праграму будзе Цэнтар глябальнага ўзаемадзеяньня Дзяржаўнага дэпартамэнту.

У заяве Дзярждэпу сьцьвярджаецца, што арганізацыі грамадзянскай супольнасьці, пастаўшчыкі інфармацыйнай прадукцыі, няўрадавыя арганізацыі, фінансаваныя з фэдэральнага бюджэту навукова-вытворчыя цэнтры, а таксама прыватныя кампаніі і акадэмічныя інстытуты змогуць узяць удзел у конкурсах грантаў Цэнтру праз Фонд інфармацыйнага доступу для прасоўваньня сваёй важнай працы па барацьбе з прапагандай і дэзінфармацыяй. Цэнтар таксама распрацуе пілётныя праекты супольна зь Міністэрствам абароны, з дадатковым фінансаваньнем з вайсковых бюджэтаў.

Стыў Голдстэйн, архіўнае фота
Стыў Голдстэйн, архіўнае фота

Намесьнік дзяржаўнага сакратара ЗША па публічнай дыпляматыі і сувязям з грамадзкасьцю Стыў Голдстэйн заявіў USA Today, што Дзярждэп «адкрыты для фінансаваньня любых праграмаў, якія акажуцца эфэктыўнымі»: спатрэбяцца ТВ, радыё, сацсеткі, альгарытмы, супраца з тэхналягічнымі кампаніямі. Такі падыход, які заплянаваны цяпер, «раней не выкарыстоўваўся», але «ёсьць людзі з цудоўнымі ідэямі — гэта іхны шанец».

«Мы павінны ня проста прыняць абарончую пазыцыю, мы павінны пайсьці ў наступ», — дадаў Голдстэйн.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG