<<p>«Кніга Мармона зрабіла мяне шчасьлівым»</p> <p>Рэпартаж пра малавядомую царкву Менску</p> Ісус Хрыстос займае цэнтральнае месца ў іхнай веры, яны прызнаюць яго Cынам Бога ды Збавіцелем чалавецтва. Але калі падрабязьней дасьледаваць іх вучэньне, відаць дагматычныя адрозьненьні ад хрысьціянства. Мы наведалі некалькі нядзельных службаў Царквы Сьвятых апошніх дзён, якая больш вядомая як мармонская, паразмаўлялі зь вернікамі, каб дазнацца пра іх выбар, ды ўважліва прачыталі некаторыя зь іхніх кніг, у тым ліку Кнігу Мармона, якую яны ставяць вышэй за Біблію.

'>

«Кніга Мармона зрабіла мяне шчасьлівым»

Рэпартаж пра малавядомую царкву Менску


Ісус Хрыстос займае цэнтральнае месца ў іхнай веры, яны прызнаюць яго Cынам Бога ды Збавіцелем чалавецтва. Але калі падрабязьней дасьледаваць іх вучэньне, відаць дагматычныя адрозьненьні ад хрысьціянства. Мы наведалі некалькі нядзельных службаў Царквы Сьвятых апошніх дзён, якая больш вядомая як мармонская, паразмаўлялі зь вернікамі, каб дазнацца пра іх выбар, ды ўважліва прачыталі некаторыя зь іхніх кніг, у тым ліку Кнігу Мармона, якую яны ставяць вышэй за Біблію.

Мармоны ў Менску

Маленькая Саша размалёўвае Хрыста каляровымі алоўкамі. Яе тата — брат Ігар — дапамагае адной рукой. Яна — у ружовай сукенцы, ён — у белай кашулі з гальштукам, як усе мужчыны ў царкве. Мы на нядзельнай службе мармонаў у арандаванай прасторнай залі бізнэс-цэнтру на праспэкце Машэрава. Штонядзелі аб 11 гадзіне сюды прыходзяць каля ста вернікаў.

Пра адрас, дзе зьбіраюцца мармоны, я дазнаўся зь іхнай суполкі «Ўкантакце». На нядзельную службу прыйшоў зь Лізаветай. Дзяўчына працуе мадэльлю ў Гуанчжоў, там пазнаёмілася з мармонамі празь сябра, і калі вярнулася ў Беларусь на месяц, вырашыла дазнацца пра іх больш і ўпершыню наведаць іхны сход.

Бізнэс-цэнтар на пр. Машэрава, дзе зьбіраюцца мармоны

— Гэтае памяшканьне — так званы Дом сходаў, ён ня мае статусу храму. Бліжэйшы храм у Кіеве, і ён адзіны на пяць краінаў-суседзяў. Штогод менскія вернікі некалькі разоў наведваюць храм, там ладзяцца абрады, зьвязаныя зь вечнасьцю, са Збаўленьнем. Калі храму не было ва Ўкраіне, то мы езьдзілі ў Нямеччыну.

Мармонскі храм — асобнае сьвятое месца. Пасьля будаўніцтва яго могуць наведаць усе ахвотныя, прыкладна месяц, а потым уваход дазваляецца толькі вернікам нашай царквы.

У Беларусі тры прыходы: у Менску, Магілёве й Віцебску. Менскія мармоны зьбіраюцца на Машэрава. Мы ня мелі асобнага будынка, арандавалі памяшканьні ў розных установах: Доме вэтэранаў, Доме літаратараў, нават у школе. Некалькі гадоў таму нашы амэрыканскія партнэры набылі для патрэбаў царквы асобны будынак на вуліцы Велазаводзкай, 8. Яго асноўная функцыя — адміністрацыйная. Мы спадзяёмся ў будучыні выкарыстоўваць яго для арэнды нашых прыходаў. Цяпер там сканчаюцца рамонтныя працы.

Андрэй Кавалёў, дарадца прэзыдэнта Балтыйскай місіі

Андрэй Кавалёў у царкве з 1993 году

Заходзім у залю. Да пачатку хвілін пятнаццаць. На вольных месцах ляжаць зялёныя сьпеўнікі. Перад сабранымі чатыры лічбы — нумары гімнаў.

Заля, у якой праходзяць нядзельныя службы мармонаў

Каля ўваходу на невялічкім століку ляжаць штомесячныя часопісы «Ліяхона» і кніжкі «Ў імя маральнай сілы моладзі» на 40 старонак — яны адрасаваная моладзі ды зьмяшчаюць жыцьцёвыя парады.

Стол з рэлігійнымі выданьнямі каля ўваходу ў залю

«Госпад хоча, каб вы разьвівалі свой розум ды ўдасканальвалі здольнасьці й навыкі. Атрымаўшы адукацыю, вы зможаце спрыяць узрастаньню дабра ў сьвеце»;

«Прарокі Бога заўсёды раілі Яго дзецям апранацца сьціпла. Ня брыдзьце сябе татуіроўкамі й пірсінгам»;

«Абірайце толькі тыя забавы, перадачы й спэктаклі, якія натхняюць і ўзвышаюць вас. Ня бойцеся выйсьці з кіназалі, пакінуць вечарыну і г.д. Асабліва шкодная парнаграфія ва ўсіх яе праявах»;

«Узважна й асьцярожна абірайце музыку. Падчас танцу пазьбягайце цеснага кантакту й інтымных рухаў»;

«Не прызначайце спатканьняў да шаснаццаці гадоў. Плянуйце карысныя й малазатратныя мерапрыемствы, якія дапамогуць вам лепш пазнаць адно аднаго»;

«Не дапушчайце дашлюбных палавых адносін. Пазьбягайце гарачых пацалункаў, не кладзіцеся адно на аднаго, не датыкайцеся інтымных частак цела»;

«Хлусьня, крадзеж ці падман руйнуюць ваш дух»;

«Плаціце дзесяціну зь любоўю да Госпада й верай у яго. Аддавайце яе ў першую чаргу, нават калі, на вашу думку, у вас не хапае грошай задаволіць іншыя патрэбы»;

«Належнае выкананьне посту палягае ва ўстрыманьні ад ежы й пітва ды шчодрых ахвяраваньнях ад посту ў дапамогу тым, хто жыве ў нястачы»;

«Ніколі не ўжывайце табачных вырабаў, ня піце каву, чай, сьпіртныя напоі».

Вытрымкі з брашуры «Ў імя маральнай сілы моладзі»

Побач са столікам на сьцяне вісіць «Графік наведваньняў Марыі Вячаславаўны». Гэта 95-гадовая мармонка, якая ня можа наведаць Дом сходаў. Штонядзелі да яе прыяжджаюць па чарзе 16 мужчынаў, каб яна змагла прыняць прычасьце.

На аркушы А4 побач з графікам наведваньняў надрукавана: «У нашых будынках няма месца паказной раскошы, там няма статуяў і мала карцін. Гэтыя дамы ўпрыгожаныя проста і сьціпла, у іх чыста і сьветла, і ўся абстаноўка спрыяе Набажэнству. Тут нараджаюцца й укараняюцца звычкі думаць і дзейнічаць».

Аб'явы каля ўваходу ў залю

Гучаць словы:

— Уступную малітву прамовіць брат Канстанцін.

Служба пачынаецца.

Пасьля малітвы запрашаюць выйсьці сястру Еву. Гэта маленькая дзяўчынка. Яна сядае перад усімі, яе акружаюць пяць мужчынаў.

— Я канфірмую цябе ў чальцы Царквы Ісуса Хрыста Сьвятых апошніх дзён. Госпад падрыхтаваў шмат вялікіх спраў для цябе. Ты зможаш атрымаць добрую адукацыю. Госпад блаславіць цябе, — кажа адзін зь іх.

Пасьля гэтага дзяўчынка вяртаецца ў залю на сваё месца. Цяпер яна афіцыйна Сьвятая.

Сярод мужчын — прэзыдэнт менскага прыходу брат Іван з двума дарадцамі, прэзыдэнт беларускай акругі брат Міхал, адзін з двух дарадцаў прэзыдэнта Балтыйскай місіі брат Андрэй. Усе мармонскія цэрквы геаграфічна падзеленыя на місіі. Беларусь адносіцца да Балтыйскай місіі з цэнтрам у Рызе.

На імправізаваную сцэну каля «прэзыдыюму», за якім сядзяць гэтыя мужчыны, выходзіць дзяўчына, дырыжыруе адной рукой і голасна сьпявае. Вернікі падпяваюць. Большасьць глядзіць у зборнік гімнаў, уголас сьпяваюць ня ўсе. Галасы зьліваюцца ў адзін, пераважна жаночы. З мужчын чуваць толькі брата Алега, які сядзіць за намі зь Лізаветай. Ён сьпявае гучна й разьняволена — як і большасьць жанчын.

Жанчыны сьпяваюць рэлігійныя гімны. Усяго за службу іх чатыры

Пасьля гімну пачынаецца прычасьце. Зьлева — стол зь невялічкімі падносамі для хлеба й вады. Двое мужчын чытаюць малітву, а двое хлопчыкаў падыходзяць да кожнага ў залі. Кожны спачатку бярэ кавалак белага хлеба, а затым невялічкі кубачак на адзін глыток вады.

Стол з падносамі для прычасьця, якія разносяць па залі, каб вернікі па чарзе бралі хлеб і ваду

У 12 год хлопчык можа стаць дыяканам ды разносіць прычасьце — хлеб і ваду. Ад 14 гадоў дазваляецца мець чын настаўніка, а таксама гатаваць і разносіць прычасьце. У 16 гадоў можна атрымаць чын сьвятара: зь ім магчыма бласлаўляць прычасьце.

Малітвы для прычасьця, якія зачытваюць перад тым, як разносіць хлеб і ваду

Гэтая першая частка нядзельнай службы называецца «Прычасны сход». Яна цягнецца каля 70 хвілін. З большага яе займаюць выступы вернікаў на розныя тэмы. Напрыклад, як хтосьці наведаў кіеўскі храм або праслухаў казань аднаго з кіраўнікоў царквы ў Юце — цэнтры мармонства. Паміж выступамі вернікі сьпяваюць гімны.

Музыка грае падчас сьпеваў кожнага гімну

Пасьля 10-хвіліннага перапынку — другая частка службы: Нядзельная школа. Вялікую залю дзеляць шторамі на сэкцыі. У кожнай — свая тэма. На перапынку да нас зь Лізаветай падышлі двое хлопцаў і дзяўчына. Спыталіся, хто мы, як знайшлі іх царкву, ды запрасілі ў сэкцыю да брата Ільлі. Ён у царкве зь дзяцінства й наведвае яе разам з усёй сям’ёй.

Пасьля Прычаснага сходу залю дзеляць на сэкцыі фіранкамі ды зьбіраюцца па гуртках

Сядаем у кола. У сэкцыі шэсьць чалавек. Адзін зь іх — Андрэй Кавалёў, які падчас «Прычаснага сходу» сядзеў у «прэзыдыюме». Гэта бацька Ільлі. Таксама сярод нас брат Алег з жонкай. У гэтай сэкцыі штотыдзень займаюцца па кнізе «Асновы Эвангельля». Гэта 300-старонкавая каляровая кніжка, якая папулярна тлумачыць азы мармонскага вучэньня. Яна складаецца з 47 разьдзелаў, якія па чарзе й вывучаюць. Сёньняшняя тэма — Дзесяціна й ахвяраваньні.

Ільля пытаецца, як мы гэта разумеем, просіць, каб мы самі задавалі пытаньні, фіксуе іх на дошцы, каб растлумачыць падчас занятку. Дзесяціна — гэта дзясятая частка даходаў, якія вернік мусіць сплаціць царкве.

— Вернік не павінен паказваць нам даведку з працы, ён плаціць па сваім сумленьні. Але мы вучым, што калі ён падмане, то не атрымае Божага бласлаўленьня. Напрыканцы году ён сустракаецца з прэзыдэнтам прыходу ды кажа, ці насамрэч сплаціў дзясятую частку даходу, — распавядае Ільля.

Яго бацька дадае, што мы мусім ставіцца да сваіх даходаў як да божага падарунку, і тады нам псыхалягічна лягчэй будзе плаціць дзесяціну:

— Уявіце, што я вам падараваў 100 даляраў і папрасіў вярнуць мне ўсяго 10, ці лёгка вы гэта зробіце? Упэўнены, што так.

Брат Ільля прапануе мне зачытаць «Асновы Эвангельля»:

«Важна аддаваць ахвотна. Калі хтосьці сплачвае сваю дзесяціну ды ня радуецца гэтаму, то сам пазбаўляе сябе часткі бласлаўленьня. Ён павінен навучыцца аддаваць з задавальненьнем, ахвотна й з радасьцю, і дар яго будзе бласлаўлёны».

На пытаньне, колькі мусіць плаціць беспрацоўны, Андрэй адказаў, што ніколькі.

Кнігі гімнаў, па якіх сьпяваюць вернікі

Пасьля другога перапынку мужчыны й жанчыны зьбіраюцца асобна. Гэтая трэцяя й заключная частка нядзельнай службы мармонаў называецца «Сход па супольнасьцях» і цягнецца каля 50 хвілін. Мужчынаў сабралася два дзясяткі. Як і ў «Нядзельнай школе», тут па чарзе вывучаюць разьдзелы кнігі — «Вучэньні Прэзыдэнтаў Царквы: Гордан Б. Хінклі». Гэта мінулы кіраўнік усіх мармонаў сьвету. Сёньняшні разьдзел — «Моц Кнігі Мармона».

Выступае брат Алег (ня той, што быў у нашым гуртку ў Нядзельнай школе). Ён дзеліцца сваімі думкамі пра кнігу, задае пытаньні. Ідзе дыскусія, але бяз спрэчак. Кожны ахвотны расказвае пра свой досьвед.

— Адно чытаньне Кнігі Мармона не збаўляе. Патрэбныя сакрамэнты. У першую чаргу — хрышчэньне. Для мяне ня важна, хто там нейкія нюансы вышуквае ў Кнізе Мармона, — якая розьніца. Галоўнае, што Кніга Мармона зрабіла мяне шчасьлівым, гэта я дакладна ведаю. Безь яе не было б гэтай царквы. А без царквы я б ня змог знайсьці сваё шчасьце, — распавядае брат Андрэй, які сядзіць каля мяне.

Брат Алег, які вядзе дыскусію, кажа, што Кніга Мармона «насамрэч мае вялікую моц».

Ён зачытвае з кнігі вучэньняў прэзыдэнта царквы: «Гэта Божая кніга. Людзі, якія думаюць, могуць шчыра ставіць пад сумнеў яе паходжаньне; але тыя, хто прачытаў яе з малітвай, здабылі з дапамогай моцы, якая перавышае іх натуральныя здольнасьці, упэўненасьць у тым, што яна праўдзівая, што яна ўтрымлівае словы Бога».

— У Царкву Ісуса Хрыста Сьвятых апошніх дзён я трапіў у 1993 годзе, калі яна й зьявілася ў Беларусі. Паслухаў параду школьнага сябра Віталя. Мне тады было амаль 30 гадоў, я ўжо быў жанаты ды меў малое дзіця. Мая жонка самастойна прыняла рашэньне таксама хадзіць у царкву й хрысьціцца. Напэўна, таму, што бачыла, як царква зьмяніла мяне да лепшага. Нашы зь Віталём сем’і й да сёньня ходзяць у царкву. На пачатку 1990-х дазвалялася прыяжджаць замежным місіянэрам, яны хадзілі па вуліцах ды расказвалі пра Бога, Хрыста, Джозэфа Сьміта, наша вучэньне. Цяпер мы ня ходзім так, бо малая эфэктыўнасьць: умоўна кажучы, з тысячы, да якіх мы зьвярталіся на вуліцы, цікаўнасьць выказвалі трое. У асноўным царква расьце за кошт сем’яў, сяброў ды калегаў нашых чальцоў: мы расказваем пра царкву знаёмым, і некаторыя зь іх прыходзяць да нас.

Раней я проста жыў у каляіне. Сябра партыі й вайсковец звычайна нацэлены на нешта іншае, чым на пазнаньне Бога. Але калі місіянэры, зь якімі пазнаёміў Віталь, расказалі мне пра збаўленьне, я адчуў, што ўсё гэта ведаю. Цікавае пачуцьцё: нібыта ведаў, але забыў. Я пачаў чытаць Кнігу Мармона, маліцца — ды атрымліваць натхненьне ад таго, што адбываецца. Тады ў царкву хадзіла чалавек 20.

Андрэй Кавалёў, дарадца прэзыдэнта Балтыйскай місіі

Царкву Ісуса Хрыста Сьвятых апошніх дзён заснаваў амэрыканец Джозэф Сьміт у 1830 годзе. Ён казаў, што бачыў Бога-Айца й Хрыста ды пачуў ад іх, што ўсе цэрквы ня ёсьць сапраўднымі. А пазьней ад анёла Маронія даведаўся пра схаваную ў штаце Нью-Ёрк Кнігу Мармона — летапіс пра тры групы людзей, якія нібыта прыплылі ў Амэрыку з Блізкага Ўсходу. Мармоны лічаць сябе хрысьціянамі.

Credits

Аўтар: ДП, АШ. Дызайн і распрацоўка Pangea Design.


2017 © Pangea Digital, Радыё Свабода