Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква стварае Ўкраіне вобраз «дзяржавы-тэрарыста», — экспэрты


Расейскія спэцслужбы працягнуць лавіць «украінскіх дывэрсантаў» у Крыме, нагнятаючы шпіёнаманію і імкнучыся стварыць нэгатыўны вобраз Украіны на Захадзе.

Такой думкі прытрымліваюцца ўкраінскія экспэрты, камэнтуючы апошнія арышты ў Крыме.

Экс-намесьнік міністра абароны Ўкраіны Леанід Палякоў упэўнены, што мэтай такіх правакацыяў можа быць дыскрэдытацыя Ўкраіны і яе спэцслужбаў у вачах міжнародных партнэраў.

Леанід Палякоў
Леанід Палякоў

«Паказальна, што Ўкраіну абвінавачваюць ня толькі ў шпіянажы, але і ў тэрарызьме, спрабуючы стварыць ёй вобраз дзяржавы-тэрарыста і тым самым вытаргаваць сабе перавагі пры наступных перамовах з Захадам. Пры гэтым ніякіх канкрэтных дывэрсіяў у Крыме яшчэ ніхто не рабіў — у адрозьненьне ад расейцаў, якія з моманту пачатку агрэсіі ўжо падрывалі трубаправоды, цягнікі і зьдзяйсьнялі іншыя тэракты на тэрыторыі Ўкраіны», — нагадвае ваенны аналітык.

Другой прычынай «крымскай містыфікацыі», паводле ягоных слоў, можа стаць жаданьне расейскай улады ўзмацніць рэпрэсіі ў Крыме.

«Арышты і абвінавачваньні ў „тэрарызьме“, якія сталі часьцейшымі, правакацыі, а таксама іншыя праявы „гульні мускуламі“ супраць украінцаў і крымскіх татараў менавіта ў Крыме сьведчаць пра тое, што крамлёўскі рэжым ператварыў акупаваны паўвостраў у выпрабавальны палігон максымальнага закручваньня гаек, запалохваньня і перасьледу іншадумцаў. У Крыме ўсталёўваецца рэжым калі яшчэ ня сталінскі, дык такі, які паступова да яго набліжаецца», — заключае Леанід Палякоў.

З былым намесьнікам міністра абароны Ўкраіны згодны і намесьнік дырэктара кіеўскага Цэнтру дасьледаваньняў арміі, канвэрсіі і раззбраеньня (ЦДАКР) па міжнародных пытаньнях Міхаіл Самусь. У прыватнасьці, ён вылучае пяць галоўных прычын частых арыштаў.

Міхаіл Самусь
Міхаіл Самусь

«У выпадку з так званымі «крымскімі дывэрсантамі» Расея дзейнічае ў стылі СССР, імітуючы гульні з Захадам у гады «халоднай» вайны. Паказваючы па ТБ усё новых і новых «украінскіх дывэрсантаў» у Крыме, Крэмль дэманструе, што «вораг ня дрэмле» і што ўсе расейцы, а асабліва насельніцтва акупаванага Крыму, пастаянна знаходзяцца пад пагрозай тэрарыстычных нападаў з боку «ўкраінскіх нацыстаў». Такім чынам, Масква выконвае некалькі задач. Па-першае, падымаецца ўласная самаацэнка расейскіх грамадзянаў: «Глядзіце, колькі „шпіёнаў-дывэрсантаў-тэрарыстаў“ хочуць нам нашкодзіць. Гэта значыць, што мы вялікая краіна. Можа, нават больш вялікая, чым Савецкі Саюз», — кажа аналітык.

Другой прычынай экспэрт ЦДАКР называе павышэньне градусу псыхалягічнага напружаньня і страху ў расейскім грамадзтве, культываваньне пачуцьця, што «мы крэпасьць у аблозе».

«Асабліва важна для Расеі нагнятаць шпіёнаманію ў Крыме, то бок на акупаванай тэрыторыі.

Па-трэцяе, насельніцтву паказваюць, што ФСБ і сам Пуцін пільна стаяць на варце бясьпекі „Вялікай Расеі“ і нікому не дадуць яе ў крыўду.

Па-чацьвертае, усяму сьвету дэманструецца, што Ўкраіна — гэта „тэрарыстычная“ дзяржава, якая выкарыстоўвае тэрор у дзяржаўным маштабе (гэтыя тэзісы агучваў асабіста Пуцін). Нарэшце, арышты ўсё новых і новых „дывэрсантаў“ — гэта клясычны захоп закладнікаў для далейшага гандлю з Украінай і Захадам», — дадае ён.

Цалкам матэрыял можна прачытаць на сайце «Крым. Реалии».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG