У Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы захоўваюцца тысячы старых фатаздымкаў беларускіх гарадоў і мястэчак. Некалькі гадоў таму супрацоўнікі бібліятэкі пачалі аблічбоўваць кадры, зробленыя польскімі, нямецкімі ды расейскімі фатографамі на пачатку 20 стагодзьдзя, і выкладваць іх у інтэрнэт. Свабода ўжо публікавала здымкі з Наваградку і Слоніма. Гэтым разам мы публікуем фота, зробленыя ў Глыбокім. Паміж войнамі гэты горад быў прыкметным рэгіянальным асяродкам. Тут дзейнічалі фабрыка цукерак, гарбарны завод, павятовая ўправа, гімназія, шматлікія крамы. Глыбокае было адміністрацыйным цэнтрам Дзісенскага павету Віленскага ваяводзтва, жылі тут каля 10 тысяч чалавек (цяпер каля 20 тысяч).