Роўна 40 гадоў таму, 11 лютага 1979 году, канчаткова перамагла Ісламская рэвалюцыя ў Іране. На думку некаторых гісторыкаў, па маштабах і значэньні для сусьветнай гісторыі гэтая падзея стаіць у адным шэрагу з францускай рэвалюцыяй 1789 году і бальшавіцкай у Расеі 1917 году.

«Настоящее время» распавядае, як рэжым аятол з сацыялістычным парадкам дня перамог манархію і чаму Захад з галоўнага саюзьніка Ірану ператварыўся ў заклятага ворага.

Гучнае «нічога»

На борце рэйсу Парыж-Тэгеран у прысутнасьці дзясятка замежных і іранскіх журналістаў з уласьцівым спакоем у позірку аятала Рухала Хамэйні перабірае пальцамі край свайго адзеньня і зрэдку паглядае ў акно ілюмінатара. Празь некалькі хвілін на пытаньне, што ён адчувае, багаслоў адказаў сваё знакамітае — «нічога». 1 лютага 1979 году Хамэйні адчуе паветра Ірану ўпершыню за 14 гадоў, а празь дзесяць дзён рэжым шаха Мухамада Рэзы Пэхлаві канчаткова абрынецца.

Амаль тры мільёны прыхільнікаў багаслова — ад імамаў да дзяўчат у міні-спадніцах — чакаюць Хамэйні на вуліцах Тэгерана, дзе яго партрэты вісяць побач з рэклямай пэпсі. На гэтых праспэктах пасьля некалькіх дзён крывавых сутыкненьняў лёзунгі «Сьмерць шаху» і «Сьмерць Амэрыцы» зьменяцца на «Шах сышоў, імам прыйшоў» і «Алаг вялікі». Застаюцца тыдні да таго, як Іран ператворыцца ў Ісламскую Рэспубліку.

Пратэстны рух у Іране нарадзіўся ня ў гэтыя дзесяць дзён: да моманту прылёту Хамэйні незадаволеныя рэжымам шаха ўжо паўтара года ладзілі шматлікія страйкі і дэманстрацыі. Першыя пратэсты пачаліся яшчэ раней, у 1963 годзе. Армія і агенты САВАК — міністэрства дзяржбясьпекі Ірану — падаўлялі іх з асаблівай жорсткасьцю. Дакладна невядома, колькі людзей загінулі за час сутыкненьняў. Па розных ацэнках, пачынаючы з 1963 году — да 60 тысяч чалавек, пачынаючы з 1977 году — да 3,7 тысяч.

«Людзі на вуліцы выкарыстоўвалі кожны шанец, каб ператварыць тое, што адбываецца, у палітычную акцыю. Там былі ўсе: манархісты, якія хацелі рэфармаваць манархію, сацыялісты і камуністы» — распавядаў Дэвід Барнэт, фатограф часопіс Time, які здымаў іранскую рэвалюцыю.

У акцыі пратэсту ператвараліся нават паэтычныя вечары. Па краіне цыркулявалі лісты і маніфэсты то пісьменьніцкай гільдыі, то асацыяцыі юрыстаў, то марксісцкіх груповак. Пад імі пакідалі подпісы сотні ўплывовых людзей.

Пратэставалі і сяляне, і паўваенізаваныя паўстанскія групоўкі. Мірныя дэманстрацыі ўсё часьцей перарасталі ў пагромы і канфрантацыю з войскам. Да канца свайго тэрміну кіраваньня шах не прыслухоўваўся ні да голасу вуліц, ні да сваіх дарадцаў, якія прапаноўвалі мяняць стратэгію дзеяньняў.

У дзень, калі рэвалюцыя канчаткова пераможа, дыктар нацыянальнага тэлебачаньня Хасэйні абвесьціць на ўсю краіну аб «падзеньні апошніх слупоў дэспатычнага рэжыму». Але неўзабаве яго радасьць зьменіцца расчараваньнем.

«Крок за крокам, год за годам людзі, нават тыя, хто стаяў ля вытокаў руху, вызваляліся ад ілюзій — распавёў Хасэйні "Настоящему времени" у 2017 годзе. — Кагосьці зь іх забілі, кагосьці пасадзілі ў турму, хтосьці зьбег з краіны. Калі б я ведаў, чым усё скончыцца, я б ніколі не прымаў удзелу ў гэтым руху».

Плян Далесаў для Ірану

Многія ўсходазнаўцы і самі іранцы сыходзяцца ў меркаваньні, што адным з штуршкоў да масавай незадаволенасьці кіраваньнем шаха і росту антыамэрыканскіх настрояў стаў пераварот 1953 году. Тады ЦРУ разам з брытанскімі спэцслужбамі і манархам адхіліла ад улады першага абранага народам прэм’ер-міністра Ірану Мухамада Масадыка. Лічыцца, што ключавыя ролі ў дэталёвым плянаваньні перавароту адыгралі дзяржсакратар ЗША Джон Фостэр Далес і яго брат, дырэктар ЦРУ, Ален Далес.

Масадык у пачатку 1950-х узначальваў апазыцыйную кааліцыю «Нацыянальны фронт Ірану», быў уплывовым чальцом парлямэнту і займаўся нацыяналізацыяй нафтавай прамысловасьці: у прыватнасьці, Англа-пэрсыдзкай нафтавай кампаніі. Сёньня яна называецца British Petroleum. Кампанія пад брытанскім кіраўніцтвам была вызваленая ад выплаты падаходнага падатку і мыта.

Тагачасны прэмʼер генэрал Хадж Алі Размар і шах выступалі супраць ініцыятывы Масадыка па нацыяналізацыі нафтагазавага сэктару, але ўраду давялося пайсьці на саступкі. Пасьля рэзкай публічнай крытыкі пляну Масадыка простыя іранцы сталі масава выходзіць на акцыі пратэсту ў яго падтрымку, а чальцы паўстанскай групоўкі «Фэдаіны ісламу» забілі Размара. Масадык заняў яго месца. Брытанія абвінаваціла Іран у рэйдарскім захопе ўласнасьці і пагражала міжнародным судом, а пасьля ўвяла нафтавае эмбарга, якое нанесла значную шкоду эканоміцы Ірану.

Але Масадык заставаўся нацыянальным героем і карыстаўся шырокай папулярнасьцю. З кожным годам напружаньне паміж ім і прыхільнікамі шаха ўзрастала. Пасьля некалькіх няўдалых спробаў зрынуць Масадыка шах Пэхлаві пагадзіўся ўдзельнічаць у апэрацыі амэрыканскага ЦРУ і брытанскай МІ-6 па адхіленьні ад улады прэмʼера.

Згодна з рассакрэчанай у 2013 годзе справаздачай ЦРУ, агенты ўпраўленьня ад імя камуністычнай партыі Ірана «Тудэ» рассылалі рэлігійным лідэрам Ірану лісты, у якіх пагражалі расправай, калі імамы не будуць падтрымліваць Масадыка. Спэцслужбы арганізоўвалі і рознанакіраваныя дэманстрацыі: «прашахскія» і «прамасадыкаўскія», на якіх гучалі камуністычныя лёзунгі і заклікі да сацыялістычнай рэвалюцыі.

На фоне пратэстаў у Тэгеране пачаліся ўзброеныя сутыкненьні. Дом прэмʼера абстралялі і разрабавалі. Неўзабаве Масадыку ўручылі ўказ шаха аб адхіленьні ад пасады прэмʼера і ён быў арыштаваны. Да канца свайго жыцьця ён заставаўся пад хатнім арыштам.

Занадта хуткія перамены

Неўзабаве пасьля перавароту 1953 году Іран аднавіў дыпляматычныя адносіны зь Вялікабрытаніяй, вызваліўся ад эмбарга і атрымаў інвэстыцыі і крэдыты на сотні мільёнаў даляраў з ЗША. Даходы ад продажу нафты спрыялі імкліваму эканамічнаму росту ў наступныя дзесяць гадоў. Грошы накіроўваліся на паляпшэньне інфраструктуры, адукацыі, мэдыцыны, закупку заходняга ўзбраеньня і ўмацаваньне ўплыву спэцслужбаў. У гэты ж час у Іран зьяжджаюцца інвэстары з ЗША, Ізраілю і асобных эўрапейскіх краін — усіх тых, каго рэжым у 2019 годзе называе сваімі ворагамі.

Але ў сярэдзіне 1960-х з-за інфляцыі курс іранскага рыялу пачаў імкліва падаць, а банкі абмежавалі крэдытаваньне і цыркуляцыю замежнай валюты. Тым часам у вышэйшых палітычных колах квітнела карупцыя, а ўлады працягвалі ўкладаць грошы ў вялікую колькасьць дарагіх інфраструктурных праектаў, якія не заўсёды добра плянаваліся, і іх будаўніцтва замарожвалася на гады.

Для працы на ўжо адкрытых вытворчасьцях бракавала кваліфікаваных рабочых сярод іранскага насельніцтва, таму ў краіну ўсё больш перасяляліся замежнікі. Па большай частцы яны жылі адасоблена, адкрывалі для сваіх дзяцей школы і не імкнуліся інтэгравацца ў грамадзтва. Амэрыканскія вайскоўцы ў Іране атрымалі дыпляматычную недатыкальнасьць і не плацілі падаткаў.

ЗША і Брытанія, усё глыбей пранікаючы ў эканоміку Ірана, патрабавалі ад шаха рэформаў у сацыяльнай сфэры і галіне правоў чалавека. У канцы 1960-х урад прыняў новы закон, які рэгулюе сямейныя адносіны — да гэтага яны грунтаваліся выключна на тлумачэньнях Карану імамамі. Новае заканадаўства дало права жанчынам разводзіцца на роўных умовах, забараніла мужчынам браць другую жонку безь пісьмовай згоды першай, а таксама ўсталявала роўныя правы ў пытаньнях апякунства над дзецьмі пасьля разводу.

Большая частка насельніцтва апынулася не гатовая ні маральна, ні практычна да настолькі імклівай «вэстэрнізацыі» і ўспрымала любыя лібэральныя рэформы як спробу Захаду выкараніць пэрсыдзкую культуру і яе каштоўнасьці, піша амэрыканская дасьледніца Нікей Кідзі ў кнізе «Сучасны Іран: вытокі і наступствы рэвалюцыі». Сукупнасьць гэтых фактараў правакавала незадаволенасьць шахам і рэгулярныя дэманстрацыі сярэдняга і працоўнага клясаў, а таксама ўлемаў (ісламскіх багасловаў) і дробных гандляроў. Да канца 1978 году краіну страсалі страйкі, байкоты і дэманстрацыі.

Шыізм з сацыялістычным тварам

Адным з галоўных парадоксаў рэвалюцыі 1979 году стаў прыход да ўлады ісламскіх клірыкаў, якія ў сваіх казаньнях казалі мовай левых. Гісторыкі адзначаюць, што менавіта гэты збольшага супярэчлівы сынтэз ідэалёгій дапамог улемам заручыцца падтрымкай і абʼяднаць як вернікаў, так і па-сьвецку настроеных іранцаў. Больш за тое, у Іране традыцыйна мячэць існавала па-за ўплывам палітычнай эліты, што значна пашырыла магчымасьці клірыкаў несьці ў масы сваё бачаньне будучыні дзяржавы.

Адным з галоўных ідэолягаў рэвалюцыі быў багаслоў Алі Шарыяці са сьвятога для шыітаў горада Мэшхед. У яго доме на паліцах стаялі кнігі Артура Шапэнгаўэра і Франца Кафкі. Ён атрымаў рэлігійную адукацыю ў Іране, але пазьней — доктарскую ступень па сацыялёгіі ў Сарбоне. Там Шарыяці наведваў лекцыі прафэсараў-марксістаў, зачытваліся кнігамі кубінскага рэвалюцыянэра Чэ Гевары, а таксама меў зносіны з палітычным актывістам і адным з заснавальнікаў антыкаляніяльнай тэорыі Франца Фанона.

Па вяртаньні Шарыяці ў Іран ў сярэдзіне 1960-х за ім не пераставалі сачыць агенты САВАК. Лекцыі багаслова ва ўнівэрсытэтах, дзе ён рэгулярна крытыкаваў уладу і традыцыйныя формы шыізму, зьбіралі поўныя залі. Гэтыя лекцыі час ад часу наведваў тады яшчэ рэлігійны студэнт, цяперашні вярхоўны лідэр Ірану Алі Хамэнэі.

Шарыяці актыўна публікаваў артыкулы і эсэ — вытрымкі зь іх падчас рэвалюцыі ператворацца ў слоганы, зь якімі студэнты выйдуць на вуліцы супраць шаха. У сваіх тэкстах Шарыяці сьцьвярджаў, што звыклая форма шыіцкага ісламу — багаслоў называў яе «чорны шыізм» — падтрымлівае манархічны лад, заснаваны на забабонах і прыгнёце, у той час як пасьлядоўнікі праўдзівага — «чырвонага» — шыізму павінныя актыўна ўдзельнічаць у палітычным жыцьці і супрацьстаяць рэпрэсіўным уладарам.

Але ключавую ролю ў станаўленьні Ісламскай Рэспублікі адыграў нават не папулярны Шарыяці, а аятала Рухала Хамэйні. Ён зрабіўся ўплывовай фігурай у руху супраць шаху і яго палітыкі яшчэ ў пачатку 1960-х. Пасьля забойства двух вядомых імамаў Хамэйні стаў самым вострым крытыкам улады сярод улемаў. «Чаравікі вашага бацькі занадта вялікія для вашых ног» — зьвяртаўся ён наўпрост да шаху Пэхлаві ў 1963-м, заклікаючы адмовіцца ад шчыльнага супрацоўніцтва з Захадам. Неўзабаве пасьля гэтага выступу аяталу арыштавалі, і вобраз лідэра пратэсту замацаваўся за ім на гады наперад.

Адпусьціўшы Хамэйні на свабоду, спэцслужбы заявілі, што ён даў абяцаньне не выказвацца супраць шаха. Але багаслоў толькі ўзмацніў крытыку. Знаўцы Ірану адзначаюць, што Хамэйні быў выбітны палітык: яму ўдавалася заваяваць давер розных слаёў грамадзтва, пазьбягаючы супярэчлівых тэмаў, якія патэнцыйна маглі іх разьяднаць. Неўзабаве пасьля масавых дэманстрацый 1963-1964 гадоў аятала зьехаў у добраахвотнае выгнаньне ў Турэччыну, пазьней — у Ірак і Францыю. За мяжой багаслоў на касэты запісваў свае пропаведзі, друкаваў памфлеты і артыкулы, а яго прыхільнікі таемна ўвозілі іх у Іран і распаўсюджвалі па мячэцях. Ён распавядаў пра сыянісцкія і імпэрыялістычныя змовы супраць Ірану і настойваў, што іслам знаходзіцца пад пагрозай зьнікненьня з-за імклівай «вэстэрнізацыі». Хамэйні абяцаў, што рэлігійныя дзеячы пасьля зрынаньня шаха ня будуць браць уладу.

Былы паплечнік вярхоўнага лідэра Махсэн Сазэгара распавёў у інтэрвію іранскай службе Радыё Свабода, што з набліжэньнем 1979 году Хамэйні вёў перамовы з ЗША пра будучыню пасьля зрынаньня шаха.

«Мы правялі чатыры ці пяць сакрэтных сустрэчаў з адным з прадстаўнікоў дзярждэпартамэнту ЗША ў маленькім матэлі побач з рэзыдэнцыяй Хамэйні. Ён цікавіўся будучыняй Ірану: ці не захопяць уладу камуністы, ці будзе наступны рэжым антызаходнім і гэтак далей. Мы яго запэўнілі, што ні адзін з гэтых сцэнароў ня ўпісваецца ў пляны рэвалюцыянэраў» — сказаў Сазэгара.

У адказ на актыўнасьць апазыцыі рэжым шаха толькі ўзмацняў рэпрэсіі, ужываючы пазасудовыя пакараньні сьмерцю і катаваньні — і гэта скончылася для шаха поўнай паразай і выгнаньнем.

Кветкі замест куляў, ворагі замест саюзьнікаў

Рэвалюцыя перамагла, але надзеі пратэстоўцаў на дэмакратычнае разьвіцьцё вельмі хутка выпетрыліся. Хамэйні здолеў перахапіць рычагі ўлады хутчэй, чым сьвецкія рэвалюцыянэры змаглі апамятацца. Сьвецкія лідэры пратэсту не змаглі наперад сплянаваць, як будзе будавацца і выглядаць урад без шаха. Сваё бачаньне новага Ірану аятала Хамэйні апісаў яшчэ ў пачатку 1970-х падчас эміграцыі ў Іраку ў кнізе «Ісламскі ўрад».

У самыя кароткія тэрміны яго прыхільнікі арганізавалі рэфэрэндум, на якім пераважная большасьць падтрымала плян багаслова. Улада замкнулася на пасадзе вярхоўнага лідэра, на якой Хамэйні прасядзеў да самай сьмерці ў 1989 годзе. Яго зьмяніў аятала Алі Хамэнэі, які кіруе краінай да сёньняшняга дня.

У 1979 году ісламскі лад падтрымаў толькі адзін левы рух — камуністычная партыя Ірану «Тудэ». Дзякуючы гэтаму ёй на некаторы час удалося выйсьці зь ценю: замацаваць за сабой некалькі месцаў у парлямэнце і дамагчыся вызваленьня амаль усіх сваіх палітвязьняў. Але неўзабаве Хамэйні выціснуў з улады нешматлікіх левых.

Нягледзячы на тое, што падчас рэвалюцыі вайскоўцы, адмаўляючыся страляць у пратэстоўцаў, утыкалі ў рулі стрэльбаў кветкі, хутка ім давядзецца расстрэльваць зрынутых генэралаў шаха і праціўнікаў вярхоўнага лідэра. Прызначаныя для балянсу сыстэмы сьвецкія палітыкі накшталт першага пострэвалюцыйнага прэмʼера Мэхдзі Базаргана або першага прэзыдэнта Абольхасана Банісадра, уступіўшы ў канфлікт з аяталом, пакінулі свае пасады і краіну менш, чым праз год.

Спэцслужбы шаха хутка зьменяцца на іранскую «Хезбалу», рэвалюцыйныя трыбуналы і «Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі». Сёньня корпус — уплывовая спэцслужба Ірану, яна кантралюе да траціны эканомікі краіны.

Нягледзячы на дадзеныя Вашынгтону абяцаньні, у першыя месяцы свайго кіраваньня Хамэйні павёў рэзка антыамэрыканскую палітыку. У лістападзе 1979 году натоўп студэнтаў па ўзгадненьні з набліжанымі да Хамэйні асобамі штурмаваў амэрыканскую амбасаду ў Тэгеране і ўзяў у закладнікі 66 чалавек — актывісты такім чынам патрабавалі выдаць шаха, які ўцёк у ЗША. Спачатку вярхоўны лідэр ніяк не рэагаваў на тое, што здарылася, але неўзабаве назваў дзеяньні захопнікаў «другой рэвалюцыяй», а амбасаду — «шпіёнскім гняздом». Прэзыдэнт ЗША Джымі Картэр тады назваў гэта актам тэрарызму, але быў вымушаны сесьці з Тэгеранам за сталом перамоваў. Крызіс працягваўся 444 дні.

Пасьля перамогі доўгачаканай рэвалюцыі краіну пакінулі, паводле розных ацэнак, ад двух да чатырох мільёнаў іранцаў. Сотні знаходзяцца ў турмах па абвінавачваньнях у шпіянажы і дзяржаўнай здрадзе. Дзясяткі чалавек штогод прысуджаюць да сьмяротнага пакараньня «за варожасьць да Бога». У справаздачах міжнародных праваабарончых арганізацый Іран суседнічае з Паўночнай Карэяй і Пакістанам.

Абяцаючы людзям свабоду, новы рэжым пераапрануў жанчын ізноў у чадру, вярнуў ранейшую сыстэму шматжонства, увёў паасобнае і рэлігійнае навучаньне. За парадкам і зьнешнім выглядам іранцаў сочыць паліцыю нораваў. З гадамі кантроль над СМІ толькі ўзмацніўся: для гэтага нават стварылі асобнае цэнзурнае ведамства, якое цяпер, праз 40 гадоў, рэгулюе і інтэрнэт. Улады ўвялі мараторый на замежную поп-культуру, якая «разбэшчвае». Сёньня вольныя галасы іранцаў з-пад шчыльнай заслоны цэнзуры ледзь прабіваюцца праз мэсанджары і «кантрабандныя» флэшкі — як калісьці прабіваўся ў Іран голас Хамэйні на касэтах, таемна ўвезеных у краіну.