«Я ня ведаю іншага такога найкруцейшага на сьвеце месца, як Пушча. Горад ня вельмі мне падабаецца. А што там, нічога цікавага няма. А тут, у Пушчы, кожны дзень цікавы». Свабода зьезьдзіла да маладога фатографа, які жыве ў Белавескай пушчы.

Пушча лепшая за Менск

Сашу 27 год. Ён нарадзіўся ў вёсцы Хвойнік ў Белавескай пушчы, вучыўся у БГТУ па спэцыяльнасьці «Лясная гаспадарка» ў Менску, а потым працаваў у Нацыянальным парку «Белавеская пушча». Вырас у сям’і лясьнічага, усё жыцьцё ў ягоным атачэньні былі паляўнічыя. Ён і сам мае стрэльбу. Але ўжо сем гадоў у лес ходзіць толькі з фотаапаратам.

Як ягоныя браты і сёстры, як большасьць аднаклясьнікаў, Саша мог бы пераехаць у горад. Але ня хоча. Пушчанскія вёскі, напэўна, усе, акрамя Камянюкаў, выміраюць. А ў той жа час у сваім фэйсбуку Саша публікуе фатаздымкі дзікай прыроды, якім могуць пазайздросьціць «гарадзкія» фатографы.

«Я ня ведаю іншага такога найкруцейшага на сьвеце месца, як Пушча, — кажа Саша. — Выйдзеш за хаты — а тут зубры пасьвяцца на палях. Або якія птушкі цікавыя лятаюць. Як у Менск выяжджаю, мне здаецца, мяне ў клетку там пасадзілі».

«Зьвяры любяць туманы, ім здаецца, што іх не відаць»

Мы прыехалі да Сашы ў сярэдзіне кастрычніка — на піку залатой восені. Хлопец кажа, што для фатографа зараз пачынаецца найлепшы час. Летам жывёле хапае ежы ў лесе, няма патрэбы выходзіць бліжэй да чалавека. А калі зялёная трава сканчваецца, то зубры, алені і казулі раз-пораз выходзяць на палеткі.

Летам жывёла хоць і выходзіць зь лясных гушчароў, але ад раніцы хутка становіцца горача, яна хутка хаваецца у лес. Там яе цяжэй сфатаграфаваць. А Белавеская пушча — гэта спрэс зарослыя лясы.

«Адзін з маіх улюбёных часоў — гэта ранак туманны, каб паказаць містыку Белавескай пушчы, што за гэтым туманам. Чалавек ня бачыць такога кожны дзень. Зьвяры вельмі любяць туманы, бо ім здаецца, што іх не відаць».

Каб фатаграфаваць зуброў, ня трэба нікуды ехаць

Саша здымаў зуброў і ў лесе, і на балоце, і на палях.

«Зрабіць фота зубра, калі ён глядзіць на цябе, проста, — кажа Саша. —
Але гэта нецікава. Трэба падабраць момант, прыгожы пэйзаж ці сьвятло».

Зубры ўвесь час прыходзяць на балота Дзікі Нікар, што адразу за вёскай Белы Лясок, дзе жыве Саша. Гэта на ўскрайку нацыянальнага парку.

«Ня трэба нават далёка дзесьці ехаць, можна вось паўкілямэтра ад маёй вёскі, — кажа Саша. — Зімой у адзін год насупраць маёй хаты 50 зуброў прыйшлі і ляжалі».

Раніцай, да 8-й гадзіны, мы едзем на тое самае балота Дзікі Нікар. Неба не зацягнутае, а туман слабы. І проста зь «белавескай кальцавой» — хуткай аўтатрасы, якая ідзе ўздоўж усёй Пушчы, — відаць цёмныя сілуэты зуброў. Жывёліны амаль не рэагуюць на людзей, многія ляжаць на траве. Каля 20 хвілінаў яны даюць паздымаць сябе і толькі потым рушаць у лес.

Мара — зрабіць фота ваўка і рысі

Саша ўжо даўно фатаграфуе ў пушчы. З 2013 году ён працуе тут у прыродаахоўным праекце, сочыць за фотапасткамі і GPS-ашыйнікамі на ваўках. Але за ўвесь час ён толькі адзін раз змог сфатаграфаваць ваўка ў прыродзе. Але гэта было ў часы, калі ён толькі пачынаў фатаграфаваць і ня меў добрай тэхнікі.

«Ваўка і рысь хацеў бы добра сфатаграфаваць, — кажа Саша. — Я шмат разоў іх бачыў у лесе. Але бачыць — гэта адно. Каб сфатаграфаваць, каб зрабіць добры кадар, трэба шмат працаваць. Яны асьцярожныя вельмі, бо на іх палююць. Часьцей уначы ходзяць, чым удзень».

Ён пасьпеў зрабіць фатаздымкі ваўкоў, калі на жывёлінаў чаплялі ашыйнікі. Апошні раз — сёлета. Але каб натрапіць на ваўка ў прыродзе і пасьпець дастаць фотаапарат — гэта вялікая ўдача.

«Такога добрага кадра пакуль не атрымалася», — кажа Саша.

На балотах можна сустрэць чырванакніжных птушак

Белавеская пушча — гэта ня толькі лясы. Тут шмат балотаў, найбольшае сярод іх — Дзікое. Гэта адно з найвялікшых нізінных балотаў ува ўсёй Эўропе. На самым балоце і ў ваколіцах можна пабачыць вяртлявую чаротаўку — надзвычай рэдкі ў сьвеце від птушкі, 60% усёй папуляцыі гнязьдзіцца ў Беларусі. А яшчэ вялікага арляца, барадатую кугакаўку — таксама чырванакніжныя віды птушак.

«Цікавае месца, зачароўвае тым, што дзікае, — кажа Саша пра Дзікое. — Няма тут вёсак такіх, што жыве шмат людзей. Навокал толькі дзіч, і ты ня ведаеш, што можаш спаткаць»

На ўзбочыне дарогі, што праходзіць празь Дзікое, стаіць вышка для назіраньня за птушкамі. Зь яе адкрываецца выгляд на балота.

«На балоце цікава, што як маеш бінокль, то можна і ўдалечыню паглядзець, — кажа Саша. — Бо ў лесе ты ўдалечыню не паглядзіш. Толькі 10-15 мэтраў перад сабою».

Зь Менску пераяжджаюць новыя людзі

У вёсцы Залесьсе каля балота Дзікое жывуць Сашавы сябры. Насьця Хмель з мужам Сяргеем Сідаруком і двума дзецьмі пераехалі зь Менску. Жывуць у пушчы ўжо чатыры гады. Іхная вёска стаіць на самай мяжы з Нацыянальным паркам. Акрамя іх, тут жыве толькі адзін чалавек — баба Валя.

Насьця зь Сяргеем здаюць гасьцявы дом для турыстаў. Некалькі год запар яны праводзяць тут «Савіны фэст», ладзяць кінапрагляды, сёлета ўпершыню арганізавалі тыднёвы псыхалягічны retreat для самотнага самаўдасканаленьня. Сяргей летась працаваў псыхолягам у дзіцячым садку. Насьця — музыка, сьпявае ў гурце Krywi, праводзіць заняткі этнасьпева у Залесьсі, дапамагае ладзіць сьвяты ў вясковым дзіцячым садку.

Пра свой пераезд яны не шкадуюць. Каб гадаваць дзяцей, вёска — ідэальнае месца, упэўненая Насьця.

«Мне вельмі важна, каб з вакна быў від, каб было шмат дрэваў, каб была прастора, каб была прырода. Менск наагул зялёны горад, але пачаў псавацца. А калі гадуеш дзяцей, то што яны, будуць у гэтай пясочніцы гуляць, куды ўсе дваровыя каты ў прыбіральню ходзяць?»

Чаму беларусы не цікавяцца дзікай прыродай

Чырванакніжныя віды птушак і жывёлаў можна сустрэць у ваколіцах, нават не заяжджаючы ў Нацыянальны парк. Але пра гэта мала хто ведае. Саша кажа, што ў Беларусі яшчэ няма моды на прыродны турызм, якая ўжо даўно сфармавалася на Захадзе.

«Людзі за працай ня бачаць той дзікай прыроды, якая жыве каля нас. Ня трэба кудысьці ехаць, усё ёсьць тут. Проста беларусы ня вельмі цікавяцца прыродай, яны шмат часу трацяць на працу. І мала ведаюць, якіх мы зьвяроў і птушак маем. Ад назіраньня за дзікай прыродай можна мець новыя эмоцыі, якія застаннуца у памяці на ўсё жыцьцё».