Тым часам арганізатары Дня Волі падзякавалі ўдзельнікам шэсьця і мітынгу ды заклікалі разыходзіцца з парку Дружбы народаў вялікімі групамі.
Пасьля афіцыйнага заканчэньня мітынгу працягваецца імправізаваны канцэрт у парку Дружбы народаў. Моладзь сьпявае песьні гурту NRM.
Лідэрка «Маладых дэмакратаў» Марына Хоміч ў сваім выступе зазначыла, што Ўкраіна ў сваёй барацьбе засталася адна, бо ад яе фактычна адвярнуліся і ЗША, і Эўропа. Тое ж, паводле палітыка, хутчэй за ўсё, напаткае і Беларусь. Таму нічога не застаецца, як толькі кансалідавацца.
Выступіў былы палітзьняволены Павал Севярынец, які сказаў, што слова «воля» у беларускай мове азначае ня толькі свабоду, але і рашучасьць. І пажадаў беларусам паболей рашучасьці ў адстойваньні сваіх законных правоў. А пры канцы заклікаў байкатаваць расейскія і беларускія афіцыёзныя тэлеканалы, якія дыскрэдытуюць дэмакратычны рух што ў Беларусі, што ва Ўкраіне.
Лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, стоячы на агароджы, гэтаксама заявіў, што ў дэмакратычнай Беларусі толькі адзін вораг — расейскі імпэрыялізм, якому трэба супрацьстаяць усімі магчымымі сродкамі. Натоўп падтрымаў выступоўцу крыкамі «Ганьба імпэрыялізму! Ганьба Расеі!»
Мітынг пачаўся каля плоту. Хвілінай маўчаньня ўшанавалі загінулых падчас падзей ва Ўкраіне. Выступоўцы ўздымаюцца на агароджу, адкуль і прамаўляюць. Гэтак, палітоляг Алесь Лагвінец заявіў пра імпэрскую пагрозу з боку Расеі і заклікаў да неабходнасьці адстойваньня беларускага сувэрэнітэту.
Значная частка людзей стаіць за агароджай і відавочна не зьбіраецца ісьці ўсярэдзіну. Віталь Рымашэўскі заявіў, што з такой прапускной сыстэмай прайсьці празь яе немагчыма будзе нават за 2 гадзіны. Паводле Рымашэўскага, гэта зроблена ўладамі наўмысна. Тыя людзі, якія апынуліся ўнутры агароджы, і тыя, якія засталіся звонку, падышлі адзін да аднаго, і фактычна, мітынг будзе адбывацца такім чынам — з двух бакоў агароджы.