Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнік: «Сярэдні заробак асуджаных — каля 800 тысяч рублёў». Былыя палітвязьні: «Гэта хлусьня»


Павал Севярынец на хіміі, 2011 год
Павал Севярынец на хіміі, 2011 год

Сярэдні заробак асуджаных у папраўчых калёніях складае каля 800 тысяч рублёў, паведаміў начальнік аддзелу па наглядзе за законнасьцю выкананьня крымінальных пакараньняў Генэральнай пракуратуры Юры Гарошка на брыфінгу ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

«Усе асобы працаздольнага ўзросту, якія жадаюць працаваць, працаўладкаваныя», — дадала ў сваю чаргу начальнік упраўленьня выкананьня прысудаў Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі палкоўнік унутранай службы Жанна Батурыцкая.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі, які год таму вызваліўся з Бабруйскай калёніі, пачуўшы такую лічбу, расьсьмяяўся:

«Гэта мана. Хлусяць яны. І заробак у разы меншы, і далёка ня ўсе ўладкаваныя, працы ўсім не хапае».

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

Былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч, які двойчы адбываў пакараньні ў розных папраўчых установах, кажа, што паўсюль падвойная бухгальтэрыя:

«Можа, па гэтых двайных бухгальтэрыях хтосьці штосьці і зарабляе. Але я сустракаў толькі адну катэгорыю асуджаных, якім плацяць — гэта так званыя „злосныя алімэнтшчыкі“. Ім адміністрацыя шукае працу, якая больш-менш аплачваецца — мільёна на паўтара. І то на рукі людзі грошы не атрымліваюць, усё ідзе на алімэнты. А калі я працаваў у Шклоўскай калёніі па 6 дзён на тыдзень па 8–10 гадзін у суткі, мой працоўны заробак быў эквівалентны кошту чатырох пачак цыгарэт бязь фільтру. Тое ж самае распавядалі і былыя сядзельцы зь іншых калёніяў. Так што лічбы гэтыя нерэальныя. А тое, што ўсе працаўладкаваныя — гэта адміністрацыя дае ліпавыя справаздачы ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. Проста выганяюць днём усіх з жылой зоны ў прамзону, і лічыцца, што ўсе працаўладкаваныя».

Проста выганяюць днём усіх з жылой зоны ў прамзону, і лічыцца, што ўсе працаўладкаваныя

Ва ўстановах адкрытага тыпу (на так званай «хіміі») сярэдні заробак паводле стану на красавік 2015 году складае 3,8 мільёна рублёў, паведаміў начальнік аддзелу Генэральнай пракуратуры Юры Гарошка.

Павал Севярынец, які адбываў пакараньне на «хіміі» ў фэрмэрскай гаспадарцы «Бардо» Пружанскага раёну і працаваў кладаўшчыком, кажа, што гэта фантастычныя лічбы:

«У мяне быў някепскі заробак па „хімічных“ мерках, і вельмі рэдка ў мяне даходзіў ён да 1,5–2 мільёнаў. І то толькі тады, калі я замяняў напарніка і працаваў за дваіх. А так — прыкладна 1 мільён.

Як правіла, гэта праца ў калгасах, прычым праца, за якую не бяруцца „вольныя“. У большасьці выпадкаў „хімікам“ цяжка зьвесьці канцы з канцамі, бо частку заробку забіраюць на пагашэньне пазову, частку — за жытло і камунальныя паслугі, і мала што застаецца на харчаваньне.

Так што тое, што на „хіміі“ зарабляюць 3,8 мільёна, як у сярэднім па краіне, і нават больш — гэта аблудная статыстыка. Гэта адказ на справу Рубцова. Ганьба так зьдзекавацца зь людзей».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG