Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь дамаглася забароны паставак мяса і малака з Расеі


У Беларусь прыпынены пастаўкі мясной і малочнай прадукцыі 12 расейскіх прадпрыемстваў з-за неадпаведнасьці паказьнікаў бясьпекі, паведамляе Рассельгаснагляд.

Гэта было зроблена пасьля таго, як у ведамства паступілі звароты Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі пра выяўленьне партый мясной і малочнай прадукцыі з Расеі з парушэньнем вэтэрынарна-санітарных нормаў і патрабаваньняў Эўразійскага эканамічнага саюзу (перавышэньне бактэрый групы кішэчнай палачкі, наяўнасьць лістэрыі і сальманэлы). Гэта прадукцыя прадпрыемстваў Бранскай, Белгарадскай, Калінінградзкай, Ленінградзкай, Маскоўскай, Наўгародскай, Омскай, Разанскай абласьцей і Камчацкага краю Расеі.

Фэдэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе ў якасьці захадаў рэагаваньня прыняла рашэньне пра зьмену статусу прадпрыемстваў у Рэестры прадпрыемстваў Мытнага саюзу зь «без абмежаваньняў» на «часовыя абмежаваньні». Рассельгаснагляд апавясьціў адпаведныя вэтэрынарныя службы пра неабходнасьць прыпыненьня вэтэрынарнай сэртыфікацыі прадукцыі названых прадпрыемстваў на пастаўкі на тэрыторыю іншых краін — членаў ЭАЭС (Беларусь, Казахстан, Армэнія).

У сваю чаргу, Рассельгаснагляд неаднаразова забракоўваў беларускае мяса і каўбасы, малочную прадукцыю, садавіну і гародніну. Літаральна 9 чэрвеня ўпраўленьне па Бранскай і Смаленскай абласьцях не прапусьціла прадукцыю Барысаўскага і Гомельскага мясакамбінатаў, а таксама «Белавескіх далікатэсаў» — у ёй быццам бы выяўлена ДНК птушкі, не пазначанае на этыкетках. Прадукты везьлі ў Маскву і Смаленскую вобласьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG