Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рыторыка пазытыўная, але без агню энтузіязму». Удзельнікі Менскага форуму пра выступы Макея і Габрыэля


Падчас Менскага форуму — 2017
Падчас Менскага форуму — 2017

Міністры замежных справаў Нямеччыны і Беларусі Зыгмар Габрыель і Ўладзімер Макей выступілі на XV Менскім форуме. Як, зыходзячы зь іхных прамоваў, будуць разьвівацца падзеі і дачыненьні паміж Беларусьсю і Эўразьвязам?

На гэтае пытаньне карэспандэнта Свабоды адказалі беларускія палітыкі — удзельнікі форуму.

«Беларусь — гэта ці мост, ці карабель»

Тацяна Караткевіч
Тацяна Караткевіч

Паводле сустаршыні кампаніі «Гавары праўду» Тацяны Караткевіч, унікальна, што гэта была першая публічная сустрэча міністраў.

«Размова была як мазгавы штурм. Прагучалі мэтафары ад нямецкага і беларускага міністраў: Беларусь — гэта ці мост, ці карабель з двума якарамі стабільнасьці і бясьпекі. Макей сказаў, што трэба знайсьці сваё вызначэньне. І ў мяне тут ёсьць адказ, бо ў дыскусіі мы арыентуемся на вонкавыя плыні, а нам трэба абапірацца на сваё грамадзтва. Для гэтага трэба, каб яно было аб’яднанае. А для гэтага патрэбен дыялёг».

«Сытуацыя вельмі заблытаная»

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

У старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі склалася ўражаньне, што на форуме сабраліся людзі, якія імкнуцца сказаць так, каб не пакрыўдзіць адзін аднаго.

«Усё вельмі звышпаліткарэктна. Гэта сьведчыць, што сытуацыя перад самітам у Брусэлі вельмі заблытаная, складаная. Зразумела, што нічога не зразумела. Незразумела, паедзе Лукашэнка ці не паедзе. У залежнасьці ад гэтага будзе падпісаны нейкі палітычны дакумэнт пра ўзаемадзеяньне зь Беларусьсю ці не. Якая тут роля Масквы. Усё вельмі заблытана. Ува ўчорашняй дыскусіі мяне расчаравала, што ніводзін нямецкі палітык ані словам не згадаў аб праблеме свабодных, сумленных выбараў. Гэта тыя дзьверы, празь якія можна вырашаць беларускую праблему. Добра, што сёньня нямецкі міністар хоць праз коску згадаў, што ёсьць праблемы са зьменай выбарчага заканадаўства».

«Мы пачынаем назіраць пэўную прабуксоўку»

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч лічыць, што ў выступах міністраў было мала аптымізму.

«Рыторыка была пазытыўная, але нейкага агню энтузіязму не адчуваецца. Безумоўна, саміт „Усходняга партнэрства“ мог бы стаць прарывам у стасунках, але так выглядае, што найперш беларускія ўлады да гэтага не гатовыя. Гэта зьвязана і з сумневамі Лукашэнкі — ехаць на гэты саміт ці не. Таму можна канстатаваць пэўны крызіс дыялёгу і чаканьняў. У беларускага боку былі спадзяваньні касмэтычнымі рэчамі атрымаць доступ на эўрапейскія рынкі і да эўрапейскіх грошай. Эўропа заняла пазыцыю: мы гатовыя размаўляць, і нават вельмі. Але нейкія рэальныя крокі — толькі ў выпадку рэальных сыстэмных рэформаў у Беларусі. Рэформаў няма і грошай адпаведна няма. Таму мы пачынаем назіраць пэўную прабуксоўку дынамікі гэтага дыялёгу. І тут цалкам мяч на баку беларускіх уладаў».

«Чаканьне рэформаў пададзена праз сувязь з рэфармацыяй»

Алег Гулак
Алег Гулак

Старшыня БХК Алег Гулак назваў выступы абодвух міністраў дыпляматычна мяккімі і спакойнымі.

«У выступе нямецкага міністра прагучала мяккае чаканьне рэформаў. Хаця гэта было пададзена праз сувязь з рэфармацыяй. І таксама што Беларусь будзе ў Радзе Эўропы, а гэта азначае адмену сьмяротнага пакараньня і прыняцьце эўрапейскіх стандартаў правоў чалавека. Гэты парадак дня нікуды не зьнікае. Макей казаў, што яны памятаюць пра існаваньне патрабаваньня каштоўнасьцяў, толькі хацелася б, каб яны былі збалянсаваныя. Значыць, беларускі бок гэтага таксама не выключае. Таму наўрад ці можна чакаць нейкіх прарываў. Але тым ня менш парадак дня захоўваецца з улікам правоў чалавека».

Лукашэнку спадзяюцца пабачыць на саміце ў Брусэлі, — міністар замежных справаў Нямеччыны

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG