Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі чакаюць абяцаную Кабяковым лібэралізацыю бізнэсу


Падчас Тыдня прадпрымальніцтва ў Менску
Падчас Тыдня прадпрымальніцтва ў Менску

На VII Міжнародным форуме прадпрымальніцтва прэм’ер Андрэй Кабякоў абяцаў беспрэцэдэнтую лібэралізацыю вядзеньня бізнэсу, паводле яго, з мэтай разьняволеньня прыватнай ініцыятывы ў Беларусі завяршаецца падрыхтоўка цэлага комплексу заканадаўчых актаў.

Матусевіч: «Вы адчулі разьняволеньне?» — «Не!»

Паказальны выпадак на Міжнародным форуме прадпрымальніцтва ў Менску адбыўся падчас прамовы намесьніка міністра эканомікі Беларусі Дзьмітрыя Матусевіча. Ён назваў «плённым» узровень супрацоўніцтва зь дзелавой супольнасьцю, які ўжо дае рэальныя вынікі. Пры гэтым зьвярнуўся па падтрымку залі — маўляў, прадпрымальнікі ўжо сёньня адчуваюць станоўчыя зьмены. На што аўдыторыя дружна адказала: «Не!».

Тады чыноўнік паправіўся: «Значыць, неўзабаве адчуеце».

Матэрыялы форуму
Матэрыялы форуму

«Праект дэкрэту нясе масу станоўчых рэчаў, — запэўнівае Дзьмітры Матусевіч. — Колькасьць дзейных і пакуль абавязковых санітарных, пажарных, тэхнічных нормаў будзе зьменшаная ў разы. Зьявіцца мараторый на рэгулярнасьць праверак і падатковых плацяжоў, спрашчаецца доступ да фінансавых рэсурсаў. Усе гэтыя зьмены чаканыя, і бізнэс адчуе іх на сабе вельмі хутка. Перамены непазьбежныя, гэта факт».

Зісер: «Ня бачу, ад чаго скакаць да столі»

Уласьнік прадпрыемства «Надзейныя праграмы» Юры Зісер — першы ўладальнік званьня «Ментар году», які абвяшчаецца ў рамках Тыдня прадпрымальніцтва. Памятны знак і сэртыфікат атрымаў яшчэ ў 2012-м. Ляўрэат 2013 году, заснавальнік групы кампаніяў «Сармат-СТІ» Аляксандар Кныровіч затрыманы сёлета ў студзені за ўхіленьне ад выплаты падаткаў.

Бізнэсовец Юры Зісер
Бізнэсовец Юры Зісер

Пра пэрспэктывы «разьняволеньня бізнэсу» Юры Зісер кажа наступнае.

«Асабіста я ня бачу нейкіх зьменаў. У кулюарах нешта прымаецца, але мы ня ведаем, што канкрэтна. Падпісаных дакумэнтаў ніхто ня бачыў. Ідуць нейкія ўнутраныя бітвы, а вонкі нічога не выходзіць. Як заўсёды, усё будзе падпісана ў апошні працоўны дзень году і потым, празь месяц, апублікавана. Гэта ўжо нацыянальная традыцыя — дакумэнт мусіць „вылежацца“.

Пакуль яно выйдзе ў сьвет, пакуль прачытаюць, пакуль абмяркуюць — усё ж прымаецца таемна, ніхто толкам ня ведае, што там, толькі агульныя фразы. Далей бізнэс будзе пераварваць. Ну і галоўнае, што мы ведаем — калі спатрэбіцца, заўсёды знойдзецца магчымасьць адкруціць. Напрыклад, пасадзяць каго-небудзь і зноў усё сапсуюць. Справа нават ня ў тым, што саджаюць, а што робяць гэта без тлумачэньняў сутнасьці. А людзі лічаць, што гэта эканамічныя рэпрэсіі. Таму ня бачу, ад чаго тут скакаць да столі. Калі хіба ад таго, што хоць нешта рухаецца. Раней не было і гэтага».

Валошын: «Спадзяюся, што не перадумаюць»

Кірыл Валошын — ініцыятар шэрагу стартапаў, сузаснавальнік hoster.by, Café Netto. Зьмены ў настроях чыноўнікаў называе «відавочнымі» і лічыць, што бізнэс-лібэралізацыя хоць істотна прыпазьнілася, але працэс рухаецца ў правільным кірунку.

Бізнэсовец Кірыл Валошын
Бізнэсовец Кірыл Валошын

«Відавочна, такія чаканьні ёсьць. Намесьнік міністра эканомікі заявіў, што восем зь дзесяці „лібэральных“ дакумэнтаў ужо падпісаныя. І паколькі ў стадыі найвышэйшай гатоўнасьці 80%, наўрад ці ў апошні момант усё скасуюць ці перадумаюць рабіць. Таму спадзяюся, што будзе так, як і абяцана. А што датычыцца таго непаразуменьня ў залі, падазраю, што крыху не супалі чаканьні сьпікера з рэальнай аўдыторыяй. Мяркуючы па ўсім, меў на ўвазе не прадпрымальнікаў, а „іпэшнікаў“. Тады як у залі былі якраз першыя.

Натуральна, я мала ведаю пра настроі чыноўнікаў, але інфармацыйны фон досыць аптымістычны. Так, прайшла навіна наконт краўдфандынгавай дзейнасьці, мікрафінансавых арганізацый і г.д. Пакуль толькі выказваньні, ня факт, што зробяць. Аднак яўна ўлады зьвяртаюць увагу на лічбавыя трэнды, спрабуючы ператварыць краіну, як загадаў прэзыдэнт, у стартап-нацыю. Кудысьці туды, як выглядае, усё паступова і рушыць».

Піліпук: «Пара адпускаць гайкі»

Прадпрымальнік Вячаслаў Піліпук перакананы, што пэўныя палёгкі — вынік ня столькі добрай волі ўладаў, колькі таму паспрыяла безвыходная сытуацыя ў эканоміцы. Бо каб і сёньня працягвалі «паразытаваць» на расейскіх субсыдыях, магчыма, пра навацыі ніхто б і не гаварыў.

Прадпрымальнік Вячаслаў Піліпук
Прадпрымальнік Вячаслаў Піліпук

«Эканоміка Беларусі апынулася ў такой сытуацыі, што людзі, якім даручана ёй апекавацца — чальцам ураду, кіраўнікам галіновым міністэрстваў, ведамстваў — ужо самі разумеюць неабходнасьць пакрысе адпускаць гайкі. Таму думаю, што прынамсі малы і сярэдні бізнэс наперадзе чакае пэўнае паслабленьне. Ва ўсялякім разе што тычыцца разнастайных праверак.

На нейкі час могуць адпусьціць у больш лёгкае плаваньне, каб людзі занялі сябе, каб самастойна вырульвалі з эканамічнай сытуацыі. Тым самым зьняць зь іх псыхалягічную напругу, якую выклікалі праверкі, падаткі, сэртыфікаты і г.д. На маё перакананьне, толькі эканамічная сытуацыя, у якую трапіла Беларусь, спрыяе прыняцьцю такіх рашэньняў. І яны цяпер гэта актыўна піяраць. Нечага чакаць можна, але, паўтаруся, тое выклікана ня добрай воляй, а крызіснымі зьявамі ў эканоміцы».

VII Міжнародны форум прадпрымальніцтва ладзіцца групай кампаній Bel.biz у рамках Сусьветнага тыдня прадпрымальніцтва, які падтрымалі больш за 170 краінаў.

Тэма сёлетняга форуму — «Сінэргія. Стартапы і карпарацыі». Арганізатары намагаюцца прадэманстраваць, як агульнымі намаганьнямі дасягнуць нашмат больш, чым паасобку.

Кабякоў абяцаў разьняволіць бізнэс. Пачаўся Тыдзень прадпрымальніцтва ў Беларусі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG