Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія беларусы. Яўген Ярашэвіч, селянін з Падляшша, які здае малака, як раней 2 вёскі


Беларус з Падляшша Яўген Ярашэвіч расказвае пра дапамогу фэрмэрам ад Эўразьвязу
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:19 0:00

Беларус з Падляшша Яўген Ярашэвіч расказвае пра дапамогу фэрмэрам ад Эўразьвязу

Пяць гісторыяў з Падляскага ваяводзтва: як беларусы карыстаюцца магчымасьцямі, якія даў ім уваход Польшчы ў Эўрапейскі Зьвяз. Гісторыя першая — пра фэрмэра, або, як кажуць па-польску, «рольніка» Яўгена Ярашэвіча зь вёскі Кнышэвічы Сакольскага павету.

У беларуса Яўгена Ярашэвіча з вёскі Кнышэвічы 100 гэтараў ворнай зямлі, 150 кароў і быкоў, кароўнік, пяць трактараў, камбайн, свая міні-АЗС і іншая тэхніка. На малочнай фэрме Ярашэвічаў і ў полі працуюць 5 чалавек — бацькі, двое сыноў і нявестка.

Яўген Ярашэвіч і ягоная сядзіба
Яўген Ярашэвіч і ягоная сядзіба

Галоўнае адрозьненьне Польшчы ад Беларусі ў сельскай гаспадарцы

Сельская гаспадарка ў Польшчы інакшая ад беларускай: тут ніколі ня быў зьнішчаны прыватны ўласьнік. У БССР дзяржава забірала ў сялян апошніх коней, не было і мовы, каб набыць трактар ці кавалак зямлі, а ў аграрным сэктары эканомікі ПНР захоўваліся важныя элемэнты рынку.

У Польшчы ў часы сацыялізму, пасьля савецкай акупацыі і ўсталяваньня камуністычнага рэжыму Польскай аб’яднанай рабочай партыі, свабоды ўсё ж было больш, чым у СССР, прынамсі у вёсцы, якая не прайшла суцэльнай ці нават масавай калектывізацыі. Таму за заходняй мяжой БССР калгасаў не было. З 1949 па 1993 гады частку земляў займалі так званыя PGR («пэгеэры»: państwowe gospodarstwо rolne — дзяржаўная сельская гаспадарка), але яны былі неэфэктыўныя і не ахапілі ўсяго сельскага насельніцтва. Аснову сельскай гаспадаркі ў Польшчы часоў сацыялізму ўсё роўна складалі сяляне-аднаасобнікі, «рольнікі», якія мелі па 6–10 гектараў зямлі, жывёлу і сродкі вытворчасьці. Заставалася прыватная ўласьнасьць на зямлю, рынкавыя дачыненьні ў аграрнай сфэры, што палегчыла эканамічныя пераўтварэньні пасьля распаду савецкага блёку.

Першы трактар «Владимирец» у вёсцы Кнышэвічы Сакольскага павету, дзе ніколі не было «пэгеэраў», у 1978 годзе купіў Мікалай Пац, уласьнік 6 гектараў зямлі. Трактар дагэтуль на хаду. Калі распаўся савецкі блёк, ён пабудаваў сабе вялікі двухпавярховы дом
Першы трактар «Владимирец» у вёсцы Кнышэвічы Сакольскага павету, дзе ніколі не было «пэгеэраў», у 1978 годзе купіў Мікалай Пац, уласьнік 6 гектараў зямлі. Трактар дагэтуль на хаду. Калі распаўся савецкі блёк, ён пабудаваў сабе вялікі двухпавярховы дом

Сяляне баяліся, што ў Эўразьвязе іншаземцы скупяць іхныя землі

На рэфэрэндуме 2003 году аб далучэньні Польшчы да Эўрапейскага Зьвязу падляскі «рольнік» Яўген Ярашэвіч галасаваў супраць. Як і многія іншыя сяляне Польшчы, Яўген баяўся, што эўрапейскія харчовыя тавары запалоняць тамтэйшы рынак і выціснуць мясцовую прадукцыю, што прыедуць багатыя немцы і скупяць землі. Але гэтага ня здарылася, цягам 12 гадоў пасьля далучэньня Польшчы да ЭЗ дзейнічала забарона прадаваць ворную зямлю іншаземцам, а тым часам цэны на зямлю вырасьлі. На Беласточчыне гектар цяпер каштуе каля 25 тысяч злотых (6800 даляраў).

Фэрма Яўгена Ярашэвіча
Фэрма Яўгена Ярашэвіча

Сельская гаспадарка Польшчы надалей эфэктыўна працуе, яе прадукцыю ахвотна купляюць па ўсім Эўразьвязе, а таксама і ў Беларусі. Яўген Ярашэвіч ды іншыя фэрмэры атрымалі новыя магчымасьці — змаглі набыць лепшую тэхніку, атрымаць новыя тэхналёгіі, дадатковыя рынкі, датацыі Эўрапейскага Зьвязу на мадэрнізацыю сваіх гаспадарак.

«За часы Эўразьвязу стаўся сапраўды вялікі цывілізацыйны скачок, — кажа Яўген Ярашэвіч. — Магчыма, ня ўсе скарысталіся з гэтага, у нашай вёсцы хіба толькі мы актыўна падавалі заяўкі на эўрапейскія датацыі, каб разьвіваць гаспадарку. Проста так там грошай не даюць, трэба нешта рабіць, давесьці, што ты працуеш, стараесься, што маеш добрую прадукцыю, і даказаць, што можаш павялічыць вытворчасьць, што станеш лепшым гаспадаром і прынамсі 5 гадоў будзеш выконваць умовы, прадпісаныя дамовай».

Малочная прадукцыя, вырабленая з малака з фэрмы Яўгена Ярашэвіча, пастаўляецца і на экспарт, у тым ліку — у Беларусь
Малочная прадукцыя, вырабленая з малака з фэрмы Яўгена Ярашэвіча, пастаўляецца і на экспарт, у тым ліку — у Беларусь

Першы раз Яўген атрымаў дапамогу для тых, хто пачынае фэрмэрскую дзейнасьць, у памеры 50 тысяч злотых (13,6 тысячы даляраў).

Потым пачаў купляць новую тэхніку і будаваць вытворчыя памяшканьні з дапамогай эўрапейскіх датацыйных праграмаў. Апеку над гэтымі праграмамі на тэрыторыі Польшчы ўзяло дзяржаўнае Агенцтва рэструктурызацыі і мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі, якое было створанае для падтрымкі фэрмэраў і пасьпяхова выконвае гэтую задачу.

Страх перад эўрапейскімі канкурэнтамі, багацеямі зь Нямеччыны і бюракратамі ў Брусэлі ў сялян Польшчы зьмяніўся на ўдзячнасьць і жаданьне пашыраць свае гаспадаркі, кажа Яўген:

Сіласная вежа, набытая на грошы Эўразьвязу
Сіласная вежа, набытая на грошы Эўразьвязу

«Зь цягам часу нашыя аграрнікі пераканаліся, што Эўразьвяз — гэта вялікая рэч: штогод мы атрымліваем эўрапейскія даплаты на кожны гектар ральлі каля 1000 злотых (273 даляры), — дзеліцца досьведам Яўген. — Ня ўсе гаспадары, але многія вельмі шмат скарысталіся з эўрапейскай дапамогі. Я сам тройчы атрымліваў датацыі — пераважна на сельскагаспадарчыя машыны і абсталяваньне».

Чацьвёртую заяўку падаў ужо ня сам Яўген, а ягоны сын. Ён пабудаваў тры сіласныя вежы. Як малодому фэрмэру яму маюць вярнуць 60 працэнтаў заплачанай сумы.

«Такім чынам — дзякуючы Эўразьвязу — сельская гаспадарка ў нас разьвілася, сяляне вельмі задаволеныя, — цешыцца Яўген. — Сам я ня даў бы рады. Землі ў нас ня вельмі добрыя, зь іх пражыць цяжка, таму і разьвіваем жывёлагадоўлю».

З чаго пачыналася гаспадарка Ярашэвічаў?

Яўген Ярашэвіч з жонкай Хрысьцінай гаспадарыць у вёсцы з 1984 году. Па вясельлі крыху пабылі ў Беластоку, а потым вырашылі усё ж вярнуцца ў вёску Кнышэвічы, да бацькоў. Яўгенаў бацька меў 10 гектараў ворнай зямлі, двое коней, чатыры каровы, авечкі, сьвіньні. З гэтага і пачыналі.

Яўген Ярашэвіч з жонкай Хрысьцінай
Яўген Ярашэвіч з жонкай Хрысьцінай

Цяпер зямлі ў Ярашэвічаў у 10 разоў болей, яе выкупілі ў тых, хто не хацеў ці ўжо ня мог гаспадарыць. Аснова дабрабыту селяніна — штодзённая праца ўсёй сям’і, калі дбайна працаваць — будзе і плён, кажа Яўген:

«Устаем мы а палове на пятую, а кладземся па-рознаму: а дзясятай, а палове на адзінаццатую... Раніцай у 5 і вечарам а 17-й доім каровы. У сем раніцы прыяжджае машына забіраць малако, і каровы маюць быць выдаеныя. Няма такога, каб праспаць ці загуляць. Хоць пасьля вясельля ці чаго яшчэ — мусіш прыехаць і падаіць».

На малочнай фэрме Ярашэвічаў і ў полі працуюць 5 чалавек — бацькі, двое сыноў і нявестка. Яўген перапісаў сваю гаспадарку на сына Крыстыяна, бо маладыя фэрмэры атрымліваюць большыя прэфэрэнцыі ад Эўрапейскага Зьвязу.

Яўген Ярашэвіч мае сваю міні-АЗС, дзе захоўваецца дызэльнае паліва. На год ягонай фэрме трэба 12 тысяч літраў, якія ён купляе па гуртавой цане
Яўген Ярашэвіч мае сваю міні-АЗС, дзе захоўваецца дызэльнае паліва. На год ягонай фэрме трэба 12 тысяч літраў, якія ён купляе па гуртавой цане

Эканоміка падляскага «рольніка»

Яўген Ярашэвіч мае сядзібу і малочную фэрму ў роднай вёсцы ля самай мяжы зь Беларусьсю. Валодае 100 гектарамі зямлі, яшчэ 30 гектараў арандуе ў аднавяскоўцаў.

Сядзіба Яўгена Ярашэвіча
Сядзіба Яўгена Ярашэвіча

Ярашэвіч хацеў бы дакупіць колькі дзясяткаў гектараў, але сяляне на Беласточчыне неахвотна прадаюць сваю зямлю — на кожны гектар ворнай зямлі, калі яна апрацоўваецца, Эўрапейскі Зьвяз выдае 1000 злотых датацыі ў год.

Фэрма Ярашэвічаў лічыцца на польскія меркі сярэдняю. Усяго ў Польшчы каля 1,5 мільёна фэрмэрскіх гаспадарак зь сярэдняю плошчаю ворнае зямлі 10 гектараў.

Фэрма Ярашэвічаў
Фэрма Ярашэвічаў

Ярашэвічы трымаюць 150 галоваў буйной рагатай жывёлы, зь іх 50 дойных кароў, рэшта — быкі, цялушкі. Раз на два дні іхная гаспадарка здае перапрацоўчай кампаніі ў Саколцы па 3000 літраў малака. За літар плацяць 1,7 злотага (0,46 даляра ЗША). Для параўнаньня: у Беларусі за малако плацяць каля 40 капеек за літар.

Каровы Ярашэвічаў на пашу ня ходзяць, стаяць у хляве, іх кормяць кукурузай, збожжам, сенажом ды сіласам. Адыходы жыцьцядзейнасьці не марнуюцца — іх набывае фірма «Біягаз» з Саколкі і вырабляе зь іх электрычнасьць.

«Адна карова ў нас дае 8000 літраў малака ў год, гэта ў сярэднім, ёсьць лепшыя і горшыя. Самі стараемся весьці генэтычны адбор праз штучнае асемяненьне. Калі народзіцца цялушка, то яна йдзе на „рамонт“ статку, калі бычок — то гадуем яго на адкорме і прадаем у вазе 700–800 кіляграмаў. За аднаго быка можна ўзяць 5–5,5 тысячы злотых», — дзеліцца дэталямі сваёй эканомікі Яўген Ярашэвіч.

8000 літраў малака ў год — гэта не рэкордныя для Польшчы надоі. Ёсьць гаспадаркі, дзе маюць да 10 тысяч літраў з каровы. У часы ПНР надоі складалі 2–3 тысячы літраў, такія ж былі ў БССР. У цяперашняй Беларусі ўрад паставіў задачу ў 2017 годзе дамагчыся сярэдняга надою ў 5 тысяч літраў з каровы, летась гэты паказьнік склаў 4855 літраў.

«Мы малака даем як 2 вёскі раней. 3000 літраў за два дні, а раней было, што ў вёсцы за дзень і 1000 літраў не здавалі», — кажа Яўген.

У вёсцы Кнышэвічы засталіся чацьвёра гаспадароў, якія маюць свае фэрмы, але ў Ярашэвічаў найбольшая.

Прыватная машынная станцыя Ярашэвічаў

Спадар Яўген з гонарам паказвае сваю фэрму, статак, аўтаматызаваную даільную ўстаноўку на 12 кароў, якая ўмее і падлічыць аб’ём малака, і адсачыць стан здароўя кароў. Падчас даеньня каровы самі становяцца тут у чаргу.

Яўген Ярашэвіч мае 5 трактараў рознай магутнасьці, камбайн, пагрузьнік, прычэпы, усялякае навясное абсталяваньне, сваю заправачную станцыю — усё, што трэба для эфэктыўнай гаспадаркі.

Магутны трактар «Valtra» Яўген Ярашэвіч купіў за 270 тысяч злотых (73 тысячы даляраў). 10 год таму з дапамогай датацыі Эўразьвязу — яму вярнулі палову цаны, таксама як і за раскідач гною, плугі, касілкі ды іншае абсталяваньне.

Справа — трактар «Valtra», набыты на грошы Эўразьвязу
Справа — трактар «Valtra», набыты на грошы Эўразьвязу

А вось камбайн «Bizon» куплены ўласным коштам яшчэ да Эўразьвязу, тут Ярашэвіч скарыстаўся з банкаўскага крэдыту.

У гаражы Ярашэвічаў стаіць і трактар «Беларус», куплены ў 1990-м.

«А ён таксама патрэбны, ім добра бульбу абсыпаць, ён файна ў барозны ўваходзіць, нічога ня топча. Пры гэтым мала паліва патрабуе», — хваліць падляскі фэрмэр і беларускую тэхніку.

Трактар Т-25
Трактар Т-25

Ля кароўніку нядаўна паставілі тры бліскучыя сіласныя вежы на 100 тон кожная. Раней збожжа трымалі ў сьвірнах, цяпер загрузілі ў іх, зь дзьвюх вежаў зерне паступае наўпрост у кармацэх, кажа гаспадар:

«Усе вежы запоўненыя: у першай — жыта, у другой мяшанка аўсу зь ячменем, а ў трэцяй — пшаніца. Першыя два пойдуць на корм каровам, а пшаніцу будзем прадаваць».

Ураджайнасць збожжавых у Ярашэвічаў складае 6–7 тон з гектару. Гэта добра для тутэйшых земляў, хоць на захадзе Польшчы маюць большыя ўраджаі. У часы ПНР на Падляшшы зьбіралі 2–3 тоны збожжа з гектару. У Беларусі сярэдняя ўраджайнасьць збожжавых сёлета склала 3,58 тоны з гектару.

Мэр вёскі

Яўген Ярашэвіч амаль 30 гадоў выконвае функцыі солтыса — як ён жартам кажа, мэра вёскі Кнышэвічы. Вёска выбірае солтыса на агульным сходзе, і Яўгену людзі давяраюць. Як солтыс ён вырашае розныя пытаньні разьвіцьця вёскі, трымае сувязь з гмінай (адпаведнік сельсавету ў Беларусі). Прыходзіцца таксама падаткі зьбіраць, хоць цяпер ужо многія самі плацяць праз інтэрнэт.

​Школы ў Кнышэвічах ужо няма, вёска маленькая, дзяцей мала, іх возяць аўтобусам у школу ў суседнюю вёску Бабікі і ў гімназію ў гмінны цэнтар Шудзялава.

У Бабіках дзеці вывучаюць беларускую мову як прадмет.

Школьнікаў у Кнышэвічах цяпер толькі пяцёра.

У гміне ёсьць свой войт (старшыня), яго абіраюць як прэзыдэнта — агульным галасаваньнем.

«На мінулых выбарах былі двое кандыдатаў, і была такая барацьба, што цяперашні войт гміны Тадэвуш Такарэвіч перамог зь перавагай усяго ў 4 галасы».

«Дошка гонару» Яўгена Ярашэвіча
«Дошка гонару» Яўгена Ярашэвіча

Папярэдняга войта многія крытыкавалі, бо ён пазбываўся маёмасьці вёскі, каб разьлічыцца з даўгамі гміны, распавядае Яўген Ярашэвіч. Сярод іншага, папярэдні войт прадаў 2 грузавікі КамАЗ. Канкурэнцыя ёсьць і на выбарах рады гміны, там за ўладу змагаюцца выбарчыя камітэты з розных вёсак, але ў Кнышэвічах мала людзей, таму верх бяруць іншыя вёскі, прызнаецца Ярашэвіч.

Сувязі зь Беларусьсю

Кнышэвічы
Кнышэвічы

​У Кнышэвічах можна карыстацца паслугамі беларускіх мабільных апэратараў: мяжа тут блізка, і яны працуюць часам лепей, чым польскія мабільныя сеткі.

Яўген Ярашэвіч перакананы, што Эўрапейскі Зьвяз добра дапамагае сельскай гаспадарцы Польшчы, прамысловасьці, аднаўленьню інфраструктуры. Але адначасова сяброўства Польшчы ў Эўразьвязе і NATO прывяло да моцнага кантролю мяжы на ўсходзе — зь Беларусьсю. Гэта мінус, перакананы Ярашэвіч:

«Трэба было б нешта зрабіць, каб на Беларусь візаў не было. У нас ёсьць пляменьніцы ў Горадні, сваякі, яны ў Азёрах дачу маюць. Некалькі гадоў таму мы апошні раз былі ў іх. А калі езьдзілі на пахаваньне сваяка, то за беларускую экспрэс-візу мы надта дорага заплацілі. А вось сваякі зь Беларусі ў нас бываюць часьцей, яны на закупы сюды прыяжджаюць».

Пляны на будучыню

​У плянах сям’і Ярашэвічаў на наступны год — купіць новы зьбіральнік сена, дабудаваць асобны дом для старэйшага сына, а таксама новы хлеў для адкорму быкоў. Дазвол на будаўніцтва ўжо атрыманы, за зіму Ярашэвіч хоча зрабіць праект, а ўлетку ўжо будаваць. Яўген Ярашэвіч спадзяецца, што ў будучыні адзін з сыноў будзе даглядаць і даіць кароў, а другі — трымаць на адкорме быкоў. А бацька з маці будуць ім дапамагаць, пакуль маюць сілы. У Яўгена Ярашэвіча ўжо 5 унукаў — 6 год найстарэйшаму і меней за месяц наймалодшаму, так што будучыня ў ягонай вялікай сям’і ёсьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG