Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэці раз у першай клясе. Чаму Лукашэнку запрасілі ў Брусэль


Выдатнікі і другагоднікі «Ўсходняга партнэрства». Чаму Лукашэнку запрасілі ў Брусэль?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:34:02 0:00

Выдатнікі і другагоднікі «Ўсходняга партнэрства». Чаму Лукашэнку запрасілі ў Брусэль?

24 лістапада ў Брусэлі адбудзецца саміт «Усходняга партнэрства», куды асабіста запрошаны Аляксандар Лукашэнка. Ці робіцца Беларусь бліжэй да Эўропы? Для якіх краінаў будзе прапанавана «Усходняе партнэрства плюс», а для якіх — «Усходняе партнэрства лайт»?

Абмяркоўваць Дзьмітрый Гурневіч, Валер Каліноўскі, Наталка Чурыкава з украінскай Свабоды і вядучая Ганна Соўсь.

Прапануем фрагмэнт дыскусіі.

Ганна Соўсь: Што можа быць прапанавана Беларусі ў межах «Усходняга партнэрства? Для так бы мовіць «выдатнікаў» — Грузіі, Малдовы, Украіны — распрацоўваюць нейкае «Усходняе партнэрства плюс». А для Беларусі, для Азэрбайджану — ці ёсьць нейкае «Партнэрства лайт», каб яны зрабілі хоць што-небудзь?

Валер Каліноўскі на саміце "Усходняга партнэрства" ў Вільні ў 2013 годзе.
Валер Каліноўскі на саміце "Усходняга партнэрства" ў Вільні ў 2013 годзе.

Валер Каліноўскі: Тое, што працягваецца дыялёг, што ўжо два гады ёсьць такое пацяпленьне, што Эўразьвяз ідзе на такую крытычную размову і пагаджаецца на нейкія новыя праекты, гэта ўжо добра, гэта пазытыў для аднаго і для другога боку. Да саміту «Ўсходняга партнэрства» падрыхтаваны спэцыяльны праект «20 мэтаў „Усходняга партнэрства“ да 2020 году», дзе фігуруюць усе шэсьць дзяржаваў. Украіна, Малдова і Грузія, якія падпісалі пагадненьне аб асацыяцыі, якія дамагліся бязьвізавага рэжыму з краінамі ЭЗ, як бы ў трэцюю клясу ўжо перайшлі, і для іх чакаецца новы прагрэс у рэалізацыі гэтых дамоўленасьцяў і пагадненьняў.

Вось такі сьціплы гарызонт для Беларусі ва «Ўсходнім партнэрстве».

Азэрбайджан і Армэнія — так бы мовіць, у другой клясе, другагоднікі. У гэтым дакумэнце пра мэты да 2020 году для іх прапануюцца новыя рамкі для супрацоўніцтва, таксама ідзе падрыхтоўка новага дакумэнту аб супрацоўніцтве паміж ЭЗ з аднаго боку і Армэніяй і Азэрбайджанам з другога. Беларусь, як выглядае, засталася трэці раз у першай клясе, як раз на самай ніжэйшай прыступцы. У гэтым дакумэнце пра Беларусі напісана толькі наступнае: «Працягваць крытычнае ўзаемадзеяньне зь Беларусьсю пад кіраўніцтвам наноў створанай каардынацыйнай групы Эўразьвяз-Беларусь». Вось такі сьціплы гарызонт для Беларусі ва «Ўсходнім партнэрстве». Але тым ня менш гэты крытычны дыялёг працягваецца, і гэта добра. ​

Ганна Соўсь
Ганна Соўсь

Ганна Соўсь: Дзьмітрый, давайце пагаворым шырэй, ня толькі пра «Ўсходняе партнэрства», але і пра адносіны Беларусі з усімі эўрапейскімі інстытутамі. Беларусь ня мае спэцыяльнай дамовы аб супрацы з Эўразьвязам, якую, напрыклад, мае Расея. Беларусь не ўваходзіць у Раду Эўропы, яе грамадзяне ня могуць зьвяртацца ў Эўрапейскі суд правоў чалавека. Пры гэтым Эўразьвяз зьяўляецца найвялікшым донарам Беларусі, але ў Беларусі сярод усіх краінаў «Усходняга партнэрства» самая нізкая эфэктыўнасьць засваеньня дапамогі Эўразьвязу. Як вы лічыце, каму больш патрэбнае і выгаднае беларуска-эўрапейскае ўзаемадзеяньне?

Дзьмітрый Гурневіч на саміце "Ўсходняга партнэрства" ў Рызе ў 2015 годзе.
Дзьмітрый Гурневіч на саміце "Ўсходняга партнэрства" ў Рызе ў 2015 годзе.

Дзьмітрый Гурневіч: Я бы сказаў, што Беларусь не другаклясьніца і не першаклясьніца, яна яшчэ і ў нулявую клясу ня ўвайшла. Дамова паміж Беларусьсю і Эўразьвязам — гэта фактычна яшчэ савецкая дамова. Грамадзяне Расеі з Дагестану ці Карэліі могуць удвая таньней езьдзіць у ЭЗ, чым беларусы, якія жывуць пры самой мяжы ЭЗ, і гэта фактычна геаграфічная і гістарычная Эўропа. Ад супрацоўніцтва ЭЗ зь Беларусьсю, калі мы кажам пра эканамічную выгаду, выйгравалі б найперш беларускія рэгіёны, а гэта самая бедная частка Беларусі, вёскі, мястэчкі, невялікія гарады...

А ў эканамічным ключы Эўропа шмат ня выйграе. Яна не патрабуе шмат беларускіх працаўнікоў...

У ЭЗ вельмі шмат рэгіянальных праектаў. Дзякуючы Польшчы, якая ўжо даўно ў ЭЗ, адбываюцца розныя транспамежныя праекты, і гэта немалыя грошы. Напрыклад, на тое, каб аднавіць трубу, каналізацыю ў Жабінцы каля Берасьця, выдаткоўваецца 2 мільёны эўра. Паўтара мільёны эўра — на аднаўленьне нейкіх гістарычных сядзібаў, якія будуць прыносіць грошы ў беларускі бюджэт, таму што туды будуць прыяжджаць турысты. Беларускія чыноўнікі езьдзяць у Брусэль на розныя так званыя майстар-клясы, на курсы падвышэньня эфэктыўнасьці. Гэта не адбываецца на поўніцу, але гэта карысна. Ад гэтага яны б выйгралі, бо гэта стандарты, якія дазваляюць Эўропе жыць добра. Украіна гэта робіць паводле ўсіх гэтых эўрапейскіх стандартаў — праводзіць судовую ды іншыя рэформы. Эўразьвяз выйграе ня тое што ў ідэалягічным пляне, а ў пляне хутчэй бясьпекі, таму што мае ляяльнага і прадказальнага суседа. А ў эканамічным ключы Эўропа шмат ня выйграе. Яна не патрабуе шмат беларускіх працаўнікоў...

Ганна Соўсь: Сёлета Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка сустракаліся тройчы — на гадавіну Чарнобыля, падчас афіцыйнага візыту беларускага лідэра ў Кіеў, і самая апошняя сустрэча адбылася ў Аб’яднаных Арабскіх эміратах, дзе абодва былі зь візытамі. Як вы мяркуеце, ці выступае афіцыйны Кіеў у Эўразьвязе ў пэўнай ступні адвакатам Лукашэнкі? Ці гэта Парашэнка паспрыяў, каб Лукашэнку запрасілі ў Брусэль?

Наталка Чурыкава
Наталка Чурыкава

Наталка Чурыкава: Думаю, што Аляксандар Лукашэнка і сам нешта зрабіў для гэтага. Ён вызваліў палітычных вязьняў, а гэта было галоўнай перашкодай у стасунках з ЭЗ. Для Пятра Парашэнкі стасункі зь Беларусьсю — вельмі важныя, найперш зь меркаваньняў бясьпекі, таму што акрамя мяжы з Расеяй Украіна мае і даволі вялікую мяжу зь Беларусьсю, і яна разглядалася падчас верасьнёўскіх супольных беларуска-расейскіх ваенных вучэньняў «Захад-2017» як мажлівасьць для адкрыцьця другога фронту супраць Украіны. Таму для Пятра Парашэнкі важна мець саюзьніка ў асобе Аляксандра Лукашэнкі ці прынамсі пазытыўна нэўтральнага да Ўкраіны, і таму можна пабачыць вельмі актыўныя стасункі паміж краінамі, не зважаючы на тое, што праблемы ёсьць.

Украінцам зразумела, што Беларусь цалкам пад кантролем Расеі.

Можна прыгадаць пра выкраданьне ўкраінскага хлопца на тэрыторыі Беларусі сёлета ў жніўні. Мы дагэтуль ня маем яснасьці, якім чынам ён, выехаўшы з Украіны, трапіў на тэрыторыю Беларусі, і цяпер Паўло Грыб знаходзіцца ў Краснадары ў СІЗА Расейскай Фэдэрацыі. З аднаго боку ўкраінцам зразумела, што Беларусь цалкам пад кантролем Расеі, зь іншага боку нават такі крок як адмова беларускага прэзыдэнта даць Расеі магчымасьць пабудаваць авіяцыйную базу на тэрыторыі Беларусі ці пакінуць войскі пасьля тых жа супольных вучэньняў, ужо разглядаюцца ў Кіеве, як вельмі пазытыўны крок.

Аляксандар Лукашэнка ўпершыню афіцыйна запрошаны на саміт «Усходняга партнэрства» у Брусэлі 24 лістапада. На папярэдніх самітах гэтай ініцыятывы ЭЗ афіцыйнаму Менску запрашэньні накіроўваліся, але ў даволі двухсэнсоўнай форме, маўляў, вядома, радыя будзем гасьцям, але асабіста прэзыдэнту беларускаму лепш было б ад паездкі ўстрымацца.

«Усходняе партнэрства» — гэта праект Эўразьвязу ад 2009 году, які мае на мэце разьвіцьцё інтэграцыйных сувязяў з шасьцю краінамі былога СССР: Азэрбайджанам, Армэніяй, Беларусьсю, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG