Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расстраляныя літаратары. Валеры Маракоў, інтымны лірык, які хаваў наган, каб абараніцца ад НКВД


Публікацыяй пра Валерыя Маракова Свабода завяршае праект памяці беларускіх літаратараў, закатаваных НКВД 80 год таму ў ноч 29–30 кастрычніка 1937 году.

Пачвары ненавідзяць прыгожых, дурні зьдзекуюцца з разумных, нікчэмнасьці забіваюць таленавітых. Улада рабоў зьнішчае свабодных. Савецкая ўлада толькі за адну ноч 29-30 кастрычніка 1937 году застрэліла больш за 100 асобаў беларускай эліты. У безыменныя магілы пад курапацкімі хвоямі злачынцы тады закапалі і квецень нацыянальнай літаратуры. Праз 80 гадоў мы прыгадваем імёны забітых талентаў беларускага слова.

Валеры Маракоў
Валеры Маракоў

Валеры Маракоў загінуў ва ўзросьце сваіх любімых паэтаў Максіма Багдановіча і Міхаіла Лермантава. Эстэты знаходзілі ў яго творчасьці алюзіі на вершы Надсана і Хадасевіча, студэнткі захапляліся любоўнай лірыкай, а просты люд шанаваў за майстэрства складаць цудоўныя печы. У творы «Мая паэма» (1929) апісаў свой час, дзе «брат душыць брата». Калі многія сябры Маракова пачалі сьведчыць супраць яго, ён, зьдзіўляючы сьледчых і былых таварышаў, нікога ня здаў, захаваўшы маральную чысьціню.

Падлеткам атрымаў вядомасьць як выдатны пячнік

Вольга Маракова (маці паэта) зь дзецьмі: Нінай, Лёнем, Валерам. 1920 год
Вольга Маракова (маці паэта) зь дзецьмі: Нінай, Лёнем, Валерам. 1920 год

Станіслаў Шушкевіч пісаў: «...У прыгарадзе Менску ведалі Дзьмітрыя і яго сына Валерыя як добрых печнікоў. Мараковы славіліся сваім майстэрствам. Людзі казалі, што лепш за іх ніхто печ ня зложыць і што ў зложанай імі печы ёсьць нейкія сакрэты. Боханы хлеба выпякаюцца пахучыя, румяныя і пульхныя». Не забыў пра сваё майстэрства і калі стаў вядомым паэтам: «Былі мы /.../ на прамысловай практыцы ў Рэчыцы. /.../ Кватаравалі і сталаваліся ў рабочых. Гаспадыня /.../ папярэдзіла, што будзе цяжкавата з гатаваньнем /.../. Развалілася пліта, і немаведама калі яе адрамантуюць. Валерый /.../ знайшоў некалькі цаглін і вядро гліны. У той жа дзень ён адрамантаваў і пабяліў пліту, у рабочай сям’і праславіўся ня толькі як паэт, але і як выдатны майстар-пячнік». (Станіслаў Шушкевіч. Залатыя пакосы Валерыя Маракова. / «Вяршыні жаданняў». 1989).

Сярод пісьменьнікаў-студэнтаў быў у ліку тых, хто атрымліваў самую малую стыпэндыю

Вокладка першай кнігі паэта «Пялёсткі». 1926 год
Вокладка першай кнігі паэта «Пялёсткі». 1926 год

«Народным камісарыятам асьветы БССР на 1927/28 год вызначаны стыпэндыі маладым пісьменьнікам-студэнтам вышэйшых навучальных устаноў і тэхнікумаў: у размеры 25 руб. у месяц — А. Траецкаму, В. Маракову, О. Хаміну, Я. Бобрыку, Н. Вішнеўскай, С. Серадзе, М. Лужаніну, С. Шушкевічу». У той жа час А. Дудар, П. Глебка і Т. Кляшторны атрымлівалі 50 рублёў; К. Крапіва і Я. Пушча — 75 руб.; А. Александровіч і П. Шукайла ажно 100 р. (паводле «Хронікі беларускае культуры. Сярод беларускіх пісьменьнікаў і поэтаў. // «Полымя» 1928, № 1). Але ўжо празь дзевяць месяцаў «Галоўмастацтва прызначае Маракову /.../ штомесячную стыпэндыю ў памеры 40 рублёў». («Полымя», 1928, № 9).

Антон Адамовіч лічыў, што Валерыю Маракову пасьля яго першага зборніка «Пялёсткі» застаецца толькі самагубства

Вокладка другой кнігі «На залатым пакосе». 1927 год
Вокладка другой кнігі «На залатым пакосе». 1927 год

«Так званае ўпадніцтва, або дэкаданс, пачынае, на жаль, расьцьвітаць у нашай новай поэзіі. Ёсьць гэта і ў „Пялёстках“. Трывожныя ноткі пачынаюць гучаць у Маракова („І ня чую сьвісту, вострага, як нож, што другіх бяз жалю ўжо скасіў даўно“), далей настрой усё панураецца і зборнік канчаецца вершам, пасьля каторага, разважаючы, лягічна і прымаючы пад увагу шчырасьць, на якую Маракоў напірае ў шмат якіх месцах зборнічка, яму застаецца... самагубства». (А. Адамовіч. «А дзе ж грамадзкасьць?» // «Чырвоны сейбіт», 1926, № 4).

Яго вершы натхнялі школьніц на сьмелыя эратычныя прапановы

«Радкі зь „Пялёсткаў“ станавіліся нашымі прызнаньнямі ў запісачках, перададзеных у падручніках упадабаным аднаклясьніцам:

І ўжо тады пад белаю калінай
Нам будзе месяц сыпаць каласы.
І так, бывай, каханая дзяўчына,
Прыйду я хутка да цябе ў даліны
Упіцца сьвежасьцю крамянае касы.

І ў той жа „Фізыцы“ Цынгера часам прыходзілі адказы з тых жа „Пялёсткаў“:

Будзе песьні нам пець зачарованы гай,
Будзе слухаць іх месяц і радасны край,
А мы будзем кахацца ў полі.

„Пялёсткі“ пераходзілі з рук у рукі, вершы перапісваліся ў патаемныя дзявочыя дзёньнікі». (Сяргей Грахоўскі. «Голас Радзімы», 1998, 7-га траўня).

На паэтычных выступленьнях дзяўчаты завальвалі яго кветкамі

А. Дудар, В. Маракоў, М. Нікановіч. 1932 год
А. Дудар, В. Маракоў, М. Нікановіч. 1932 год

Паводле Паўла Пруднікава: «...На адным з нашых супольных выступленьняў /.../ перад студэнтамі садова-агароднага інстытута /.../ яго дзяўчаты-студэнткі так загрузілі кветкамі, што аднаму яму не пад сілу было справіцца.

— Вы даруйце, хлопцы, але я тут не пры чым...

— Навошта нам тваё апраўданьне, — адказваў /.../ Зьмітрок Астапенка. — Гэта нам трэба прасіць у цябе прабачэньня, што ня здолелі заслужыць павагі ў такіх красунь». (Пруднікаў П. «Паэт эмоцый». // «Маладосць». 1998, № 12). Падчас першага арышту на адным з допытаў (1 красавіка 1935 г.) Маракоў казаў: «Никонович шутя /.../ меня назвал Гришкой Распутиным, объясняя это тем, что я, по его мнению, много вожусь с девчонками...» (Леанід Маракоў. / Валеры Маракоў. Лёс. Хроніка. Кантэкст. 1999).

Абураўся, калі казалі пра жаніцьбу, баяўся паўтарыць нешчасьлівы сямейны лёс Алеся Дудара

«Што вы, хлопцы?! Хочаце зьвязаць мяне па руках і нагах? Хочаце, каб з паэта я ператварыўся ў няньку? /.../ Што з таго, што Алесь Дудар ажаніўся? Не пасьпеў ён вымушана пакінуць на нейкі час Менск, як ягоная Наташа перамахнула да Алеся Звонака...» (Пруднікаў П. «Паэт эмоцый». // «Маладосць». 1998, № 12).

Адзін зь нямногіх, хто наведаў Алеся Дудара, калі той быў у ссылцы

Алесь Дудар. 1934 год
Алесь Дудар. 1934 год

«У пачатку ліпеня 1929 году да мяне раптоўна прыехаў Валеры Маракоў, былы маладняковец, які быў сакратаром часопісі „Маладняк“, калі я яе рэдагаваў. У літэратурных адносінах Маракоў зьяўляецца маім выхаванцам: я калісьці правіў і пушчаў у друк яго першыя вершы, рэдагаваў яго першы зборнік і г. д. Да маёй жа палітычнай дзейнасьці ён ня меў ніякага дачыненьня і ня мог мець, бо я лічыў яго занадта маладым і безталковым для таго, каб уводзіць яго ў круг сваіх поглядаў і спраў. Проста не зьвяртаў на яго асаблівай увагі. Але цяпер, калі ў мяне абарваліся ўсякія сувязі зь Менскам і з кругам маіх сяброў і знаёмых, я, безумоўна, ягонаму прыезду быў дужа рады. Маракоў прывёз з сабою рэшткі таго спачуваньня мне і захапленьня мною, якія акружалі мяне ў апошнія дні ў Менску. Ён гаварыў, што пісьменьніцкая моладзь у Менску дужа мне спачувае, што да мяне зьбіраюцца яшчэ і другія маладнякоўцы. /.../ Разьвіталіся мы захопленыя адзін адным і цалкам задаволеныя». (Паказаньні Алеся Дудара са справы «Саюзу вызваленьня Беларусі». 2 верасьня,1930 г. // Міхнюк У. «Арыштаваць у высылцы: Дакумэнтальны нарыс пра Алеся Дудара». Менск, 1996).

Складаў вершы ў любым тлуме

«Большасьць вершаў піша на лекцыях. Такім шляхам Валеры напісаў значную частку сваіх вершаў. Яму для пісаньня зусім не патрэбен спакой. Ён можа пісаць пры любым гармідары. Чарнавікі вершаў ён вельмі рэдка выпраўляе. Калі чытаеш яго творы, адчуваецца стыхійнасьць яго творчасьці». (А. Кучар. «Літаратурныя партрэты. Валеры Маракоў». // «Маладняк», 1929, № 7).

Валеры Маракоў зь сябрамі. 1928 год
Валеры Маракоў зь сябрамі. 1928 год

Пасьпяхова абараніў аднагрупніка, якога дэкан хацеў выгнаць

«Ён сьмела падымаў голас супроць крыклівых і грубых сацыёлягаў. Быў такі выпадак. Дэкан знайшоў пад падушкай студэнта — былога віцебскага рабочага С. Мурзы — два тамы твораў С. Ясеніна і запатрабаваў выключыць з інстытуту чытача „кулацкіх упадніцкіх вершаў“. В. Маракоў выступіў, нагадаў творы С. Ясеніна „Русь савецкая“, „Паэму пра 26“, даказаў, што яго сябра ведае, як адрозьніць станоўчае і патрэбнае ад шкоднага і слабога. [У выніку] таварыш скончыў інстытут разам з усімі...» (Станіслаў Шушкевіч. «Залатыя пакосы Валерыя Маракова». / «Вяршыні жаданняў». 1989). У той жа час творы самога Мурзы Маракоў не дапускаў да друку. На допыце ад 2-га красавіка 1935 г. чытаем: «Мурза пісаў пэсымістычныя вершы, у якіх выказваў думку, што цяжка вучыцца і ён пакончыць жыцьцё самагубствам ... Падчас вучобы ў пэдінстытуце я адначасова працаваў па вечарах /.../ сакратаром рэдакцыі „Чырвоная Беларусь“. /.../ Мурза прыносіў вершы /.../, але я для друку іх не прыняў. Мурза з маёй ацэнкай не пагадзіўся і пачаў апэляваць да рэдактара, Чарота. Чарот вершы таксама забракаваў» (Леанід Маракоў. «Валеры Маракоў. Лёс. Хроніка. Кантэкст». 1999).

Сярод беларускіх і ўкраінскіх пісьменьнікаў. 1928 год
Сярод беларускіх і ўкраінскіх пісьменьнікаў. 1928 год

Студэнтам прагульваў заняткі, але на іспытах зьдзіўляў выкладчыкаў сваімі ведамі

Валеры Маракоў
Валеры Маракоў

«Валеры Маракоў вучыцца ў Менскім Беларускім Пэдагогічным тэхнікуме. Ён прапускае большасьць лекцый. На тых жа, што прысутнічае — піша... Амаль увесь год ён не здае залікаў. Толькі ў канцы года пачынае здаваць. Тады кідае „вершапісаньне“ і бярэцца за вучобу. Працуе палка, напружана, нэрвова. Тое, што іншыя студэнты здаюць у працягу году, Валеры здае за некалькі тыдняў. Валеры амаль ніколі не правальвае здачу заданьняў... Усю хэмію, што прыходзіцца вучыць у працягу года, зь яе мнагалікімі формуламі, ён здае ў „два прыёмы“. Настаўнікі дзівяцца:

— Вось жа не працуе, а здае...» (А. Кучар. «Літаратурныя пвртрэты. Валеры Маракоў». // «Маладняк» 1929, № 7).

Яго любіў дражніць выкладчык літаратуры прафэсар Піятуховіч

«Студэнт Валеры Маракоў быў надзвычайна сьціплы чалавек. /.../ раскажу пра адзін выпадак, які я пачуў ад ягонага аднакурсніка Захара Біралы. Ішлі сэмінарскія заняткі /.../. Вёў іх прафэсар Піятуховіч. Ён акінуў позіркам аўдыторыю і сказаў:

— Тэма нашых сёньняшніх заняткаў — паэзія маладнякоўцаў 2-й паловы 20-х гадоў. Хто б /.../ зрабіў /.../ даклад? /.../ Таварыш Маракоў, можа б, вы ўзялі на сябе гэтую пачэсную справу? Бо вы самі варыліся ў тым бурлівым катле. /.../

І вось Маракоў патраціў мінут 10 на агляд тагачаснай паэзіі. Назваў імёны [ці ня ўсіх маладнякоўцаў].

— Вы забыліся назваць імя самай калярытнай паэтычнай асобы з гэтай катэгорыі.

— Каго вы маеце на ўвазе, прафэсар?

— Паэта Валерыя Маракова.

/.../ Маракоў адразу пачырванеў. А потым нават пабляднеў.

— Па-першае, гэтая асоба не такая важная, каб яе называць. А па-другое, з майго боку гэта было б вельмі нетактоўна.

— А што тут нетактоўнага? Студэнт Маракоў назваў паэта Валерыя Маракова.

— Усё роўна непрыгожа, — не здаваўся Маракоў». (Пруднікаў П. «Паэт эмоцый». // «Маладосць», 1998, № 12).

В. Маракоў і Р. Мурашка. 1931 год
В. Маракоў і Р. Мурашка. 1931 год

Ня крыўдзіўся на эпіграмы і пародыі

«Аднойчы Валеры надрукаваў прэтэнцыёзны верш, зьвернуты да Пушкіна. Я прачытаў яго, і захацелася напісаць пародыю. З дасьціпным сяброўскім шаржам мастачкі Дакальскай яна зьявілася ў часопісе «Чырвоная Беларусь» і заканчвалася такімі радкамі:

Ты знаеш, Пушкін, я — паэт,
Я славай гэтаю багаты.
Але нікому не сакрэт,
Мне трэба добры, моцны тата.

Схаваўся я пад псэўданімам С. Кашун. Празь некалькі дзён сустрэліся з Мараковым на Савецкай вуліцы. Ён падае руку, пасьміхаецца: «Ну, што зарабіў на мне? Частуй півам». Прыйшлося зайсьці ў папулярную тады піўную Лёвы Браўна, выпіць па куфлю густога, аж чорнага, піва «Портэр», і ніякай крыўды. /.../ Тады ж ён пажартаваў /.../: «Пародыя і эпіграма — найлепшая рэкляма». (Сяргей Грахоўскі. Незвычайнае імя. / Вяршыні жаданняў. 1989).

Па ўсім Менску меў знаёмых міліцыянтаў

Валеры Маракоў у шашлычнай на вуліцы Камсамольскай у Менску. Здымак пачатку 1930-х.
Валеры Маракоў у шашлычнай на вуліцы Камсамольскай у Менску. Здымак пачатку 1930-х.

«Аднойчы позьнім летнім вечарам каля кінатэатру «Чывоная зорка» сустрэліся мне Валеры і празаік Сяргей Знаёмы. Пагаварылі і вырашылі пасядзець за чацьвярцінкаю і паслухаць новыя вершы Валерыя. Дзе? Я прапанаваў паехаць у мой маленькі пакойчык на не існуючым ужо Трамвайным завулку. Час позьні: магазыны пачалі зачыняцца. Пайшлі з Валерыем па здабычу. На рагу Савецкай і Ленінскай вуліц стаяў паставы міліцыянэр /.../. Валеры мне сказаў пачакаць, а сам пайшоў да паставога. Павіталіся за руку, пагаварылі, разам падышлі да мяне і рушылі да першай зачыненай крамы. Міліцыянэр пастукаўся. Дзяўчына ўпусьціла нас; узялі, што трэба, вярнуліся да Знаёмага і паехалі ў мой катушок. Я спытаў, адкуль Валеры ведае гэтага міліцыянэра. «Я іх амаль усіх ведаю: хлопцы з нашага Козырава падаліся ў міліцыю. І гэты — мой сусед». (Сяргей Грахоўскі. «Растаптаныя пялёсткі». / «Валеры Маракоў. Рабінавая ноч». 2003).

За «кепскія паводзіны» яго і Тодара Кляшторнага выключалі і з «Маладняка», і з Саюзу пісьменьнікаў

Супольны верш А. Дудара, В. Маракова і Т. Кляшторнага «Байка пра мішку і зайку» («Іскры Ільіча», 1935, № 1)
Супольны верш А. Дудара, В. Маракова і Т. Кляшторнага «Байка пра мішку і зайку» («Іскры Ільіча», 1935, № 1)

З пратаколу № 6 пасяджэньня цэнтральнага бюро Ўсебеларускага аб’яднаньня паэтаў і пісьменьнікаў «Маладняк» (6 красавіка, 1927):

А. Александровіч: «... Чаму Маракоў ня хоча працаваць на акрузе? /.../ М. Касьпяровіч:...Маракоў выезд на акругу лічыць, мусіць, занізкім для сябе... Пастанавілі:...выключыць з аб’яднаньня Маракова, Кляшторнага...»

Вяртаньне было зьдзейсьнена па прапанове Алеся Дудара. (Леанід Маракоў. «Валеры Маракоў. Лёс. Хроніка. Кантэкст». 1999).

На допыце ад 28 сакавіка 1935 году Валеры Маракоў казаў: "З Саюзу пісьменьнікаў я выключаны разам з Т. Кляшторны тэрмінам на 6 месяцаў за багему і напісаньне верша, які друкаваўся ў газеце "Беларускі піонэр"("Песьня перамог". — Л. Маракоў) ...У 1935 г. у канцы студзеня месяца я зайшоў у дом пісьменьнікаў. Там я сустрэў пісьменьніка Т. Кляшторнага, які запрасіў мяне разам зь ім напісаць верш з мэтай, каб зарабіць грошай /.../. Пасля чаго я з Кляшторным за дзьве гадзiны напісалі верш, які быў надрукаваны... Пазьней нас лаялі за яго ў Саюзе пісьменьнікаў«. (Леанід Маракоў. «Валеры Маракоў. Лёс. Хроніка. Кантэкст». 1999).

Скандаліў падчас радыёвыступу

Вокладка трэцяй кнігі паэта «Вяршыні жаданьняў». 1930 год
Вокладка трэцяй кнігі паэта «Вяршыні жаданьняў». 1930 год

«Было гэта вясной 1931 г. Я тады працаваў на Белрадыё. /.../ рэдакцыя даручыла мне арганізаваць літаратурную перадачу. /.../ Як і павінна быць, першым выступіў Якуб Колас, /.../ пасьля я паклікаў Міхася Чарота, а за ім па ўстаноўленай чарзе павінен быў выступаць Міхась Зарэцкі, потым Тодар Кляшторны... Але нечакана ў пакой зь мікрафонам урываецца Маракоў.

— Таварыш Маракоў, — папярэдзіў яго дыктар, — пачакайце, ня ваша чарга.

— Чаму не мая? Мая!

Мікрафон давялося выключыць. Празь некалькі хвілін перадача была прадоўжана, але ўжо без Маракова. Назаўтра /.../ я сядзеў на канапе Дома пісьменьніка. Раптам адчыніліся дзьверы /.../, увайшоў Валеры Маракоў з бледным, як палатно, тварам.

— Дзе ты быў? — пытаю.

— Ты ж, пэўна, бачыў, хто мяне браў у свае „абдымкі“? Цэлыя суткі пратрымалі. Хацелі шпіянаж прышыць, але абмежаваліся хуліганствам». (Пруднікаў П. «Паэт эмоцый». // «Маладосць». 1998, № 12).

Валеры Маракоў (зьлева) разам зь Янкам Туміловічам і Яўгеніяй Пфляўмбаўм
Валеры Маракоў (зьлева) разам зь Янкам Туміловічам і Яўгеніяй Пфляўмбаўм

Адкрыта выступаў супраць Лукаша Бэндэ

«...Осенью 1933 г. /.../ он обозвал Госиздат БССР «деникинским учреждением. /.../ Моряков заявил на президиуме, что он говорил не о Госиздате, а о тов. Бэндэ, который, дескать, проявил к нему отношения „деникинского офицера“. Зная грубость тов. Бэндэ по отношению к писателям, Правление Союза ограничилось решительным осуждением поступка Морякова /.../ Моряков был исключен из союза /.../, [это] имело не только репрессивный, но и воспитательный характер». (Вытрымка з характарыстыкі В. Маракова для НКВД (сакавік 1935 г., падпісаная старшынёй Праўленьня Саюзу пісьменьнікаў БССР М. Клімковічам. / Леанід Маракоў. «Валеры Маракоў. Лёс. Хроніка. Кантэкст». 1999).

Востра перажываў першую хвалю рэпрэсій пачатку 30-х гадоў

Валеры Маракоў з паплечнікамі, фота 1929(?) году. Злева направа: 1-ы шэраг — В.Маракоў, украінскі пісьменьнік, П.Глебка, Я.Пушча; 2-і шэраг — М.Нікановіч, В.Каваль, М.Лужанін, Н.Вішнеўская, А.Звонак, К.Чорны
Валеры Маракоў з паплечнікамі, фота 1929(?) году. Злева направа: 1-ы шэраг — В.Маракоў, украінскі пісьменьнік, П.Глебка, Я.Пушча; 2-і шэраг — М.Нікановіч, В.Каваль, М.Лужанін, Н.Вішнеўская, А.Звонак, К.Чорны

​«Калі ў 1933 годзе пачаліся чарговыя „хапуны“ і шмат хто зь ягоных сяброў аказаўся іх ахвярай, ён, як мне пасьля расказвалі, аднойчы ў Доме пісьменьніка заплакаў і сказаў:

— Пайду лягу пад трамвай — усё роўна і мяне забяруць. Навошта ж такія пакуты? Лепш ужо адразу». (Пруднікаў П. «Паэт эмоцый». // «Маладосць». 1998, № 12).

У вершы 1930 году, прысьвечаным Міхасю Лынькову, знаходзім такія радкі:

Сябе ня ўмелі зьберагчы,
І зьберагчы ня ўмелі нас.
І пра юнацтва ты маўчы,
Маўчы, прашу, Міхась...

(«Маладняк» 1931, № 2)

Праз год ён складзе шчымліва-балючы верш «Заяц», дзе лёс паэта мэтафарычна выяўлены ў гібелі зайца:

Заяц упаў на сьнег,
Стрэл быў сухі і кароткі...
І задуменнаму мне
Сьніцца ў крыві бародка.
Круціцца дым ад крыві,
Сэрца кранулася
Й стала...

«Быццам і жыў і ня жыў» —
Глуха зямля запытала.
Выйшаў стралок да яго,
Узяў і закінуў
За плечы.

Веяла поле тугой.
У полі і вецер,
І вечар...
У сінюю скрынку душы
Раптам ударыла сьнегам.
Заяц для смажаньня

Жыў,
Толькі для шчасьця бегаў.
Зьнік той стралок,
Не відаць.
Што я стаю ў задуменьні?
Можа быць, зайца шкада,
Можа, сваіх летуценьняў.
1930 г.

Кожны дзень губляў свае вершы, але ніводнага не забываў

З братам Леанідам. 1934 год
З братам Леанідам. 1934 год

«Нэрвовая напружанасьць адбіта ва ўсёй яго постаці. Рухі яго нэрвовыя, няпэўныя. Блакітныя вочы (надзіва часта сустракаюцца ў поэтаў) таксама блукаюць трывожна, нэрвова. Вершы ў большасьці замусоленыя, замасьленыя, абарваныя. Кожны дзень ён частку іх губляе, але ўсе свае вершы памятае напамяць і, здаецца, ніколі іх не забудзе. Так яны арганічна зьвязаны з ім». (Ал. Кучар. Літаратурныя портрэты. Валеры Маракоў. // «Маладняк» 1929, № 7).

Пракурор Беларусі зьдзіўляўся яго стойкасьці і мужнасьці

Асабовая справа Валерыя Маракова
Асабовая справа Валерыя Маракова

...Былы пракурор Беларусі Г. Тараноўскі ў інтэрвію карэспандэнту БелТА расказваў, што Валерыя Маракова самыя вытанчаныя зьдзекі зламаць не змаглі. Г. Тараноўскі зьдзіўляўся: «Мужна трымаўся В. Маракоў. Пратаколы допытаў нязьменна завяршае сказ: «Абвінавачаны вінаватым сябе не прызнаў». (Сяргей Грахоўскі. «Растаптаныя пялёсткі». / «Валеры Маракоў. Рабінавая ноч». 2003).

Хаваў наган, каб пры арышце адпаведным чынам сустрэць НКУСаўцаў

Турэмны здымак. 1936 год
Турэмны здымак. 1936 год

Паводле Леаніда Маракова: «...выпадак узброенага супраціўленьня пісьменьніка пры арышце ўсё ж мог быць. Са слоў Тодара Кляшторнага, сказаных у верасьні 1936 г. у Доме пісьменьніка М. Багуну і П. Хатулёву, даведваемся, што „Маракоў, калі ад’яжджаў зь Менску на раён, узяў з сабой наган і казаў, што ён будзе са зброяй у руках бараніць сябе...“ Калі б Маракова арыштавалі не на чыгуначным вакзале ў Менску, а ў пакоі, які ён здымаў у Барысаве і дзе, магчыма, і быў схаваны так і не знойдзены НКУСаўцамі наган, апошнія былі б вымушаны „браць“ пісьменьніка з боем...» (Леанід Маракоў. «Валеры Маракоў. Лёс. Хроніка. Кантэкст». 1999).

Ордэр на арышт. 1936 год
Ордэр на арышт. 1936 год

Музычную кампазыцыю на верш Валерыя Маракова «Адышоўшым» стварыла Наста Шпакоўская

Усе артыкулы спэцпраекту «Расстраляныя літаратары»: Тодар Кляшторны, Міхась Зарэцкі, Мойша Кульбак, Алесь Дудар, Ізі Харык, Анатоль Вольны, Міхась Чарот, Юлі Таўбін, Платон Галавач, Янка Нёманскі, Юрка Лявонны

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG