Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чаму забралі сына, а ня рэчы?» — што адчувае маці, у якой дзяржава забрала дзіця за няплату камуналкі


Сацыяльны прытулак, у якім знаходзіцца забраны за няплату камунальных паслуг сын жанчыны
Сацыяльны прытулак, у якім знаходзіцца забраны за няплату камунальных паслуг сын жанчыны

У жыхаркі Магілёва, маці адзіночкі, за няплату камунальных паслуг забралі ў сацыяльны прытулак сына. Зрабілі гэта на падставе дэкрэту прэзыдэнта «Аб дадатковых захадах па дзяржаўнай абароне дзяцей у праблемных сем’ях».

Жанчына — уладальніца дзьвюх кватэр. У адной за даўгі адключылі электрычнасьць, а ў другой — электрычнасьць і газ. Запазычанасьць за абедзьве сягала 1400 рублёў. Больш за год жанчына была беспрацоўнай і ўвесь час аддавала выхаваньню сына. Чыноўнікі палічылі, што правы дзіцяці парушаюцца і, каб іх абараніць, найлепшым выйсьцем будзе забраць яго зь сям’і. Паводле іх, калі жанчына знойдзе працу і пагасіць запазычанасьць, то сына ёй вернуць.

«Калі дзіця села ў машыну, мяне адштурхнулі і загадалі ісьці дамоў»

47-гадовая Інэса Зіноўеўна ня мае пэўнасьці, што сына ёй аддадуць. Яна схіляецца да думкі, што яе наагул могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў, і лічыць, што дзеяньні службоўцаў былі незаконнымі.

«Тады мне было страшна ад таго, што адбывалася, — апавядае жанчына. — Калі я прыйшла ў школу па сына, то ён знаходзіўся ў кабінэце выхаваўчай працы, і мне прапанавалі адразу падпісаць пастанову. Я адмовілася, бо не згаджалася аддаваць сына. Ад мяне ўсё роўна патрабавалі, каб я з паперай азнаёмілася і падпісала. Калі я канчаткова адмовілася, то камісія засьведчыла, што пастанова не падпісаная. І ўсё гэта адбывалася ў прысутнасьці сына».

«Потым выклікалі міліцыю і, каб „разруліць“ сытуацыю, службоўцам давялося выкарыстаць падман, — гаварыць далей Інэса Зіноўеўна. — Мне прапанавалі разам з сынам прайсьці ў службовую машыну, якою нас нібыта зьбіраліся везьці ў сацыяльны прытулак. Калі дзіця села ў машыну, то мяне адштурхнулі і загадалі ісьці дамоў».

Суразмоўца настойвае, што ёй ніхто не тлумачыў яе правоў, калі афармляліся паперы, каб забраць сына. Яна спрабавала высьветліць, калі яго вернуць, але пачула, што хутка чакаць гэтага ня варта.

«Я, шчыра кажучы, ня ведаю, што мне рабіць і як мне правільна настаяць на вяртаньні сына, бо ня ведаю законаў і сваіх правоў, — тлумачыць сваю сытуацыю жанчына. — Мне ня хочацца нарабіць процьму памылак на шкоду свайму дзіцяці».

Сын не вінаваты ў сытуацыі, у якой апынуўся

Інэса Зіноўеўна кажа, што, апроч сына, у яе больш няма блізкіх людзей. Які аспэкт ейнай драматычнай гісторыі не закранаўся б, гаворка ўсё адно вярталася да сына.

«Мы зь ім на працягу дзесяці гадоў былі неразлучнымі, — даводзіла Інэса Зіноўеўна. — Я не адчуваю, што яму ў прытулку добра. Таму мне дужа цяжка».

Кастрычніцкі райвыканкам, у якім разглядалася пытаньне пра забіраньне сына зь сям’і
Кастрычніцкі райвыканкам, у якім разглядалася пытаньне пра забіраньне сына зь сям’і

«Калі я мела магчымасьць бачыцца зь ім у прытулку, то і ня думала настаўляць яго на тое, што там „ворагі народу“, а ён „ахвяра“, — кажа суразмоўца, абдумваючы кожны сказ і стрымліваючы плач. — Гэта мой боль, і я яго сама з сабою перажываю і абмываю сьлязамі. Адзінае, што я яму кажу, што ён ні ў чым не вінаваты і не нясе адказнасьці за праблему, у якой апынуўся».

Пра тое, што ў Інэсы Зіноўеўны за няплату камунальных паслуг забралі дзіця, паведаміў магілёўскі сайт mycity.by. Пасьля неаднаразовых папярэджаньняў, сказана ў паведамленьні, жытло адключылі ад электразабесьпячэньня. Пазьней у рамках прэзыдэнцкага дэкрэту "Аб дадатковых захадах па дзяржаўнай абароне дзяцей у праблемных сем’ях «пра запазычанасьць была паінфарманая школа, у якой вучыўся сын жанчыны. У верасьні камісія ў справах непаўналетніх адабрала ў беспрацоўнай грамадзянкі дзіця і зьмясьціла яго на дзяржаўнае забесьпячэньне.

Запазычанасьць за камуналку пагасіла, засталася неаплочанай пеня

Суразмоўца працавала галоўным бухгальтарам на адным з прадпрыемстваў гораду. У студзені 2016 году яе звольнілі за прагулы. Новага месца працы яна не знайшла і жыла з таго, што прадавала свае залатыя ўпрыгажэньні. Увесь час, кажа жанчына, аддавала выхаваньню сына.

«Кватэра, якая засталася ад памерлых бацькоў, узьвяла мяне ў статус „алігарха“, але ў мяне не было ніякіх магчымасьцяў, каб аплочваць камунальныя паслугі за гэтыя кватэры», — тлумачыць Інэса Зіноўеўна.

Яна кажа, што ад кіраўніцтва арганізацыі, у якой яна працавала, ні пісьмовых, ні вусных прэтэнзіяў да выкананьня ёю службовых абавязкаў не было. Пры гэтым прызнаецца, што нярэдка спазьнялася з абедзеннага перапынку, бо была занятая сынам, які ў абед прыходзіў са школы.

«Іншым разам я яго праводзіла дамоў і там карміла, — казала яна. — Толькі так я была ўпэўненая, што сын дома. Я наказвала яму, каб пасьля школы ён адпачыў, потым заняўся ўрокамі. Я ж бегла на працу. Таму выходзіла, што на абед я часам пазьней сыходзіла і пазьней зь яго вярталася. Па працы ніхто нараканьняў не выказваў, бо сваю працу я выконвала».

Паводле Інэсы Зіноўеўны, яна знайшла сабе працу і выплаціла запазычанасьць, аднак яшчэ засталася нясплочанай «пеня».

«Я ўсё рабіла, каб сын знаходзіўся ў бясьпецы»

«Калі забіралі сына, то мне ў віну ставілі некалькі зробленых мною памылак, — кажа яна. — Няплата камунальных паслуг ды адсутнасьць маральнага выхаваньня сына».

«Так, мой сын не наведваў сэкцыяў ды гурткоў, бо аплата за іх для мяне было не па кішэні, — гаворыць далей Інэса Зіноўеўна, — Аднак маё дзіця было дагледжанае і вучылася на „8“ і „9“. Сын хадзіў у школу ў школьнай форме пры гальштуку. У зімовы пэрыяд пададзявалі гольфік з каўняром, каб не застудзіць горла».

«Абсалютнага абмежаваньня ў яго не было, але мне трэба было ведаць, дзе ён і як ён, — кажа маці. — Гэта не азначае, што я вадзіла яго, нібы на павадку, і не давала яму свабоды і стасункаў зь іншымі дзецьмі».

Паводле жанчыны, сын з разуменьнем ставіўся да такой апекі маці. Яна настойвае, што пратэсту і супраціву зь яго боку не было. Сама ж суразмоўца казала, што гэтак апекавалася сынам, бо дбала пра ягоную бясьпеку.

Раён, у якім адна з кватэраў Інэсы Зіноўеўны
Раён, у якім адна з кватэраў Інэсы Зіноўеўны

«Нехта ж вызначыў, што да 14 гадоў чалавек ня можа быць самастойна зарэгістраваны ў кватэры, а з 12 гадоў існуюць абмежаваньні ў карыстаньні рознымі паслугамі, напрыклад газам у кватэры, — аргумэнтуе свой погляд Інэса Зіноўеўна.

«Дзеці павінны знаходзіцца пад прыглядам, але як мне прадугледзіць усё і пры гэтым быць на працы? — адзначала яна далей. — Усё, што мы з сынам прагаворвалі, ён выконваў, але пагадзіцеся, могуць быць форс-мажорныя абставіны. На той момант я вызначыла, што для мяне найгалоўнае — гэта бясьпека сына. Я сама зрабіла падыход у яго выхаваньні асновай асноў».

«Можа, у ім і ёсьць нейкія пралікі, але сын усё цудоўна разумеў, — падсумоўвае Інэса Зіноўеўна. — Калі нешта ня так, то няхай буду вінаватая я, але няхай мне хоць нехта скажа, што сын кепска выхаваны альбо няправільна разумее сьвет і ня ўмее быць самастойным».

Супрацоўніца прытулку: «Хлопчык разьвіты ўсебакова, не зацкаваны»

Дзесяцігадовы сын суразмоўцы знаходзіцца ў гарадзкім сацыяльна-пэдагагічным цэнтры. Паводле супрацоўнікаў, эмацыйна-псыхалягічны стан хлопчыка стабільны. Да новай для сябе сытуацыі адаптаваўся без асаблівых праблемаў.

«Паступіў ён да нас упершыню, і для іншых дзяцей пэрыяд адаптацыі складаны, але адносна яго мы не прыкмецілі, каб адбыліся нейкія зьмены ў ягоных паводзінах. Вясёлы, таварыскі. Знайшоў хутка кантакт зь дзецьмі і дарослымі. Пра сябе расказвае ўсё. Вучыцца добра і дапамагае іншым дзецям з урокамі. Хлопчык разьвіты ўсебакова, не зацкаваны», — ахарактарызавала новага гадаванца цэнтру супрацоўніца.

Паводле яе, цэнтар лічыцца ўстановай закрытага тыпу і для наведваньня бацькамі дзяцей вызначаныя толькі два дні. Адзначыла, што Інэса Зіноўеўна наведвае сына амаль штодня.

«Хлопчык спакойна рэагуе на зьяўленьне маці, — казала супрацоўніца цэнтру, — Ён да яе не ляціць зь лямантам, як часам іншыя дзеці. Спакойна зь ёю гаворыць. Яна прыносіць яму нейкія прысмакі. Разьвітваецца спакойна, бязь сьлёз».

Нараканьняў на ўмовы ўтрыманьня сына ў прытулку Інэса Зіноўеўна ня мае. Кажа, што некаторым бацькам дазваляюць забіраць дзяцей на выхадныя. Яе ж такой магчымасьці пазбавілі, спаслаўшыся на пастанову, паводле якой сына забралі.

«Я прыходжу ў прытулак, але гэта не азначае, што мяне да сына пускаюць. Заўжды спадзяюся, што ён вызірне хоць з акенца, — апавядае Інэса Зіноўеўна. — Усё ў прытулку адбываецца, як дыктуюць нормы, прынятыя ў ім. Паводле тых нормаў, дазвол на наведваньне дзяцей супадае з часам, калі маё дзіця знаходзіцца на занятках. Можна напісаць заяву, каб перанесьлі сустрэчу на першую палову дня, але ў гэты час я не магу, бо працую. Цяпер на ўваходзе вісіць абвестка, што там карантын да 20 кастрычніка, таму пытаньні сустрэчы з сынам адпалі самі сабою. Але гэта не азначае, што я не магу пагаварыць з супрацоўнікамі гэтай установы».

Аддзел адукацыі: «У жыцьці жанчыны нешта адбылося»

У аддзеле адукацыі Кастрычніцкага раёну Магілёва, які ініцыяваў разгляд справы Інэсы Зіноўеўны на камісіі ў справах непаўналетніх, адзначылі, што жанчына ня п’е і пацьвердзілі, што раней працавала галоўным бухгальтарам.

«Але нешта ў яе жыцьці адбылося (я не магу яе прыватнае жыцьцё расказваць), і яна перастала хадзіць на працу, — сказала супрацоўніца раённага аддзелу адукацыі. — Яе звольнілі за прагулы, і пасьля гэтага больш за год яна нідзе не працуе. У яе былі залатыя ўпрыгажэньні, яна іх прадавала і на гэтыя грошы жыла. А цяпер яны скончыліся. Яна адзінокая маці. Разьведзеная, але сын не таго мужчыны, зь якім яна разьвялася».

Камісія ў справах непаўналетніх: «Прычыны, якія прывялі да забіраньня дзіцяці зь сям’і, не ліквідаваныя»

У камісіі ў справах непаўналетніх адзначылі, што пытаньне пра вяртаньне жанчыне сына пакуль на парадку дня не стаіць. Днямі яе запрашалі на гутарку ў індывідуальным парадку. Пра тое, што жанчына ўладкавалася на працу, камісія ведае.

«Вы зразумейце, што ўладкавацца на працу не азначае, што ў яе ёсьць сродкі для існаваньня і ўтрыманьня дзіцяці, — казала супрацоўніца камісіі. — Асноўная прычына таго, што дзіця забралі, — гэта было матчына беспрацоўе. На сёньняшні момант у яе кватэры падключаны газ і асьвятленьне. Умовы ствараюцца, і неўзабаве будзем разглядаць пытаньне пра вяртаньне дзіцяці ў сям’ю».

«Калі сын будзе побач, будзе дзеля каго жыць»

На апошнія пытаньні журналіста суразмоўца адказвае ў сьлязах. На працягу сарака хвілінаў гутаркі яна стрымлівала свае эмоцыі, але пасьля згадваньня, як адбылося вымушанае раставаньне з сынам, болей трываць не змагла.

«Калі я некага ў гэтым жыцьці пакрыўдзіла, то няхай гэтыя людзі паставяцца да мяне з разуменьнем. Я не рабіла некаму нечага са зла і наўмысна, але чаму за даўгі не забраць было ў мяне нечага з маёй маёмасьці, бо ёсьць жа адпаведныя працэдуры. Чаму забралі сына?».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG