Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Баку мяне хацелі забіць, але ў Менску было горш». Блогер Лапшын адказаў на пытаньні Свабоды


Расейска-ізраільскі блогер Аляксандар Лапшын, якога Менск выдаў уладам у Баку, расказаў Свабодзе аб прыгодах у Беларусі, спробу забойства ў Азэрбайджане і адказаў крытыкам, якія заклікаюць ня верыць ягоным словам.

У Менск Лапшын прыехаў зь Вільні 14 сьнежня летась. Перш чым ехаць у Магілёў да сваякоў, вырашыў пераначаваць у Менску. Апоўначы ў ягоны нумар у гатэлі «Алімпійскі» пагрукалі. Двое супрацоўнікаў міліцыі паведамілі грамадзяніну Расеі, Ізраілю і Ўкраіны, што МУС Азэрбайджану абвінаваціў блогера ў незаконным наведваньні Нагорнага Карабаху.

— Аляксандар, што адбывалася пасьля?

— У Першамайскім РУУС мне паведамілі, што я затрыманы. Зьмясьцілі ў брудную сьмярдзючую камэру з двума бяздомнымі. Там трымалі каля двух сутак. Не кармілі, не пускалі ў прыбіральню, раілі спраўляць патрэбу ў бутэльку. Хамства супрацоўнікаў міліцыі — гэта асобная размова. Лаянка, жорсткасьць, пагрозы зьбіць за частыя пытаньні пра туалет. Раніцай прынеслі рашэньне пракурора арыштаваць на 60 дзён. І затым адправілі ў СІЗА.

— Ужо 16 сьнежня вас перавезьлі ў СІЗА, у так званую Валадарку. Што гэта прынцыпова зьмяніла?

Шмат што я апісаў у сваім блогу. У камэры са мною былі два фігуранты ашмянскай справы, Алесь Юркойць і Дзьмітры, прозьвішча якога я забыў.

— Ашмянская справа была гучнай у Беларусі. Якія ў вас уражаньні ад яе фігурантаў?

— Юркойць — гэта выключна сумленны і прынцыповы чалавек. Мы вельмі шмат размаўлялі цягам месяца, я бачыў усе яго судовыя дакумэнты, ён адкрыта ўсё паказваў ахвочым. Па-за усялякімі сумневамі, ён стаў ахвярай фальшывага абвінавачаньня. Наколькі памятаю, адзіны доказ яго віны, мяркуючы з абвінавачаньня, што нейкі калега паказаў на яго пальцаў і сказаў: «здаецца, ён таксама браў». Адчуваньне, што яго пасадзілі якраз за прынцыповасьць. Ён адмовіўся прызнаць віну, хоць некаторыя яго калегі, прызнаўшы віну за злачынства, якое не ўчынялі, атрымалі ўмоўныя альбо мінімальныя тэрміны. Ён заняў жорсткую пазіцыю. Ён добра ведаў сыстэму правасудзьдзя і разумеў, што яны ніколі не прызнаюць, што памыліліся.

— Давайце вернемся да вашай справы. Вы ў сваім блогу параўналі Валадарку з Асьвенцімам. Гэта вельмі вялікае перабольшваньне з увагі на тое, што Асьвенцім — месца забойства мільёнаў людзей.

— Мне ёсьць з чым параўнаць, я быў і там і там. Да таго, як габрэяў пачалі плянамерна забіваць, яны жылі ў лягеры амаль бяз гвалту і нават з кармленьнем. А ў гэтым «Пішчалаўскім замку» сапраўды ў гады вайны было ці то гестапа, ці то месца масавых расстрэлаў, калі я не памыляюся.

— Я праглядаў допісы вашых калегаў, блогераў, знаёмых з вамі. Некаторыя пішуць, што вы самі вінаваты ў сваіх клопатах, бо не пралічваеце наступствы і наўмысна правакуеце канфлікты.

— Ну, крытыканы знойдуцца заўсёды. У блогу ўжо старанна папрацавалі боты, якія пішуць, што я адпрацоўваю грошы Крамля на шкоду Беларусі. Дарэчы, Беларусь з тых рэдкіх краінаў (і адзіная ў Эўропе), што не дапускаюць да зьняволеных прадстаўнікоў Чырвонага крыжа. Таксама мне забаранялі скардзіцца паслам на ўмовы ўтрыманьня ў СІЗА, пагражаючы перасяліць у 87-ю камэру. Гэта дрэнная камэра, там трымаюць, як бы гэта правільна выказацца... ну, вы разумееце. Мне пагражаў падпалкоўнік Цэдрык, намесьнік начальніка СІЗА. Ён выклікаў мяне з камэры ў калідор і патлумачыў, што мае ўмовы могуць моцна пагоршыцца. Дарэчы, гэта даказвае, што размовы з амбасадарамі на праслухоўваньні.

— Наша размова мусіла адбыцца празь відэасувязь. Але вы адмовіліся ў сувязі са станам здароўя пасьля бакінскай турмы і немагчымасьцю голасна гаварыць. Дзе было горш — у Баку ці ў Менску?

— У Менску было нашмат горш. У Баку ўмовы былі трошкі лепшыя. У Баку мяне трымалі пераважна ў адзіночнай камэры, у Менску ж камэры былі бітма забітыя. У Баку стаўленьне аховы было адэкватным. Размаўлялі на пальцах, бо там у турмах працуюць простыя вясковыя хлопцы, якія ня ведаюць ніякіх моваў, акрамя сваёй. Было шмат пагрозаў ад вязьняў, але я мог бы сказаць, што там было карэктна, каб не апошні дзень.

— А што адбылося ў апошні дзень?

— У ноч з 10 на 11 верасьня, прыкладна ў 23:30, я засынаў. Пачуў, што дзьверы ў камэру адмыкаюць ключом. Я ляжаў сьпінай да дзьвярэй. Потым усё было вельмі хутка. Я павярнуўся і ўбачыў двух мужыкоў у звычайнай вопратцы (ня ў форме аховы). Яны прыціснулі нешта мне да галавы, трымалі за рукі і за ногі. Прачнуўся я толькі 12 верасьня, праз суткі, у рэанімацыі бакінскага шпіталя. Мне паведамілі, што я «павесіўся».

— Усяго гэтага магло б ня быць, каб ня ваш візыт у Карабах. Шкадуеце пра гэта?

— Не, вядома, не шкадую. І наведаю яго зноў, калі ўзьнікне такая неабходнасьць ці жаданьне. Наведваньне Карабаху нічым ня горшае, чым наведваньне Крыму, Палестыны, Косава.

— У Ізраілі вас моцна крытыкуюць мясцовыя журналісты і блогеры. Вас абвінавачваюць у тым, што сваімі паводзінамі вы падкладаеце бомбу пад стасункі паміж Ізраілем і Азэрбайджанам, вельмі важныя для вашай краіны. Ізраіль быў вымушаны вас вызваляць, што было вельмі нязручна для ўладаў.

— Дарэчы, не, не Ізраль мяне выцягнуў. Яшчэ за тыдзень да памілаваньня гаворка ішла пра экстрадыцыю ў РФ. У Ізраілі ў мяне, несумненна, ёсьць тыя, хто дапамагаў. Але праблема ў тым, што мой арышт супаў з сытуацыяй, калі Азэрбайджан зацягнуў аплату па буйным збройным кантракце. Занадта адкрыта за мяне заступацца Ізраіль ня мог.

— Ізраільская журналістка і блогерка Алена Попель моцна вас раскрытыкавала ў сваім «Фэйсбуку». Працытую: «Я перакананая, што ён можа загінуць — і гэта немінуча здарыцца — паўсюль. Бо гэта яго modus operandi. Ён ня ўмее дзейнічаць так, каб не нарывацца, не падстаўляць іншых людзей і не рабіць праблемы ўсім, да каго толькі зможа дацягнуцца. І я гэтаксама перакананая, што ўпісвацца за яго — занадта дорага, бессэнсоўна і вельмі, вельмі брудна». Вас, дарэчы, папракаюць за безупынную крытыку Ізраілю, які, нагадаю, вас выцягнуў.

— Мяркую, што, пражыўшы тут 25 гадоў, адслужыўшы ў арміі 3 гады са зброяй у руках, я маю маральнае права крытыкаваць сваю краіну. У адрозьненьне, дарэчы, ад многіх эмігрантаў-журналістаў у Ізраілі, якія свой доўг краіне ніяк не аддалі і праблемы краіны ведаюць толькі з інтэрнэту.

— Дарэчы, і ў беларускім інтэрнэце я сустрэў нямала галасоў, якія вас крытыкуюць. Маўляў, вы моцна згусьцілі фарбы, апісваючы сытуацыю на Валадарцы і ў Беларусі.

— Прапаную ім выйсці на плошчу перад парлямэнтам у Менску, крыкнуць «Свабоду Беларусі!», і прыкладна праз гадзіну яны асабіста пазнаёмяцца з парадкамі менскага СІЗА. Іншага шляху паказаць людзям, што там дзеецца бязьмежжа, няма.

— Калі наступным разам у Беларусь?

— Тады, калі і ў Паўночную Карэю — пасьля зьмены ўлады.


Ад рэдакцыі

Пазьней на сайце зьявяцца іншыя меркаваньні адносна ўмоваў утрыманьня ў беларускіх турмах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG