Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарвэскія комікі здымаюць шоў пра Беларусь


Рунэ Гокстад і Ойстэн Бака ў Індыі
Рунэ Гокстад і Ойстэн Бака ў Індыі

Трое нарвэжцаў, якія з прыгодамі падарожнічаюць яхтай па Дняпры, аказаліся супэрзоркамі нарвэскай тэлевізіі.

Пра праблемы зь яхтай трох грамадзян Нарвэгіі Свабода паведамляла на мінулым тыдні. У сераду ў Рэчыцы ў іх сапсаваўся рухавік. Дзякуючы беларускім ратаўнікам яны змаглі працягнуць падарожжа. Свабода злавіла Ойстэна Баку, Торы Мэнтʼярві і Рунэ Гокстада за Лоевам, за 15 км ад украінскай мяжы.

Торы Мэнтʼярві
Торы Мэнтʼярві

Торы Мэнтʼярві — аматар гісторыі. Ойстэн і Орвэ — гэта надзвычай папулярныя комікі нарвэскай тэлерадыёкампаніі NRK. Яны вядуць уласныя перадачы з канца 1980-ых. Іхныя шоў зьбіраюць мільённую аўдыторыю. Апошні супольны праект комікаў — перадача Team Bachstad. Гэтыя гумарыстычная сэрыя пра падарожжы вакол сьвету. Пасьля Паўднёвай Амэрыкі, Кітая, Індыі, Манголіі, Камбоджы прыйшоў час Беларусі.

Сваё падарожжа на 40-гадовай яхце «Sirius» з 60-гадовым рухавіком трое мужчын пачалі чатыры тыдні таму ў Фінляндыі. 5 верасьня яны прыплылі ў Беларусь.

«Наш шлях вядзе ў Стамбул. Калі ўсё будзе добра, то праз два тыдні мы будзем там. Мы хочам паўтарыць шлях вікінгаў са Скандынавіі ў Чорнае мора. Хаця, я чамусьці думаю, што ім было значна прасьцей. Калі ў іх псавалася лодка, то яны яе кідалі на рацэ. Мы сваю кінуць ня можам, бо тады нашае падарожжа страціць сэнс» — распавядае Ойстэн Бака.

Па выніках падарожжа нарвэжцы здымуць 6 сэрыяў свайго тэлешоў Team Bachstad. Прынамсі адна зь іх будзе цалкам прысьвечана Беларусі. Прэм’ера шоў чакаецца ў лютым. Яго можна будзе паглядзець на сайце NRK абсалютна бясплатна.

Калі ў Стамбул комікі даплывуць на спраўнай лодцы, то праз год яны абяцаюць вярнуцца па яе і паўтарыць падарожжа. Магчыма, ізноў празь Беларусь.

Ратаўнікі дапамагаюць нарвэсцам каля Дуброўна
Ратаўнікі дапамагаюць нарвэсцам каля Дуброўна

Комікі кажуць, што падарожжа па рацэ дазваляе пабачыць значна больш людзей, чым аўтавандроўка. Нягледзячы на моўны бар’ер нарвэжцы займелі ў Беларусі дзясяткі сяброў. Толькі адзін з падарожнікаў, Торэ, размаўляе па-расейску. На пачатку 90-ых Торэ год вучыўся ў Менску, пазьней прыяжджаў на раскопкі стаянак вікінгаў.

«У тэхналягічным пляне гэта зусім іншая краіна. Адзінае, што не зьмянілася, дык гэта гасьціннасьць беларусаў» — кажа Торэ.

Цягам 30-хвіліннай размовы слова гасьціннасьць і дабрыня ў вуснаў нарвэжцаў прагучала дзесяткі разоў.

«Мы плянавалі есьці ў розных сталоўках, рэстаранах, кажа Ойстэн. — Але ў нас вельмі шмат запрашэньняў ад простых людзей. Начуем то на лодцы, то на беразе».

Упершыню пераначаваць на беразе ім давялося на другі дзень падарожжа, калі лодка села на мель каля Дуброўна. Пра гэтае здарэньне нарвэжцы кажуць: «Дзякуй Богу, што гэта здарылася».

Рунэ і Ойстэн на Дняпры
Рунэ і Ойстэн на Дняпры

«Карціну ратаваньня нашай яхты трэба было бачыць. Нават людзі ў касьцюмах кінуліся цягнуць лодку. Усе былі цалкам мокрыя. Але ў нас усё атрымалася. Мы даплылі да Оршы і мясцовы ратавальнік Аляксандар, сказаў: — „Запрашаю вас на вячэру ў свой дом. Усё ўжо на стале, мая жонка Раіса вас чакае“. Тая пасадка на мель было найлепшым, што магло з намі здарыцца» — сьмяецца Ойстэн.

У Шклоў вандроўнікі прыплылі цалкам мокрымі. На мясцовай ратавальнай станцыі іх сагрэлі і накармілі.

«У Магілёве нас забралі ў саўну. Гэта нешта неверагоднае» — дадае Рунэ.

Размову перабівае Ойстэн:

«Нідзе раней у сьвеце я ня піў трох чарак гарэлкі на сьняданьне. А днямі мы спыніліся, каб адпачыць. Да нас прыйшлі рыбакі і кажуць: — А ці ня вы гэтыя вікінгі, пра якіх казалі па тэлевізары? Можа вы галодныя? Калі мы зловім рыбу, то мы дамо вам». Так і было. У той дзень мы елі смачнага карпа. А скончыўся вечар канцэртам зь гітарай».

Падчас стаянкі ў Рэчыцы
Падчас стаянкі ў Рэчыцы

Добрых слоў нарвэжцы не шкадавалі і ў адрас людзей з пагонамі ў Беларусі. Памежнікі, паводле іх, ветлівыя. Ратаўнікі — усьміхаюцца. У пашпартным стале ім прапанавалі зрабіць супольны фотаздымак на памяць.

«Калі нехта спытае ў мяне ў Нарвэгіі, як там было ў Беларусі, то я некалькі разоў паўтару, што туды неабходна ехаць. Я парэкамэндую ўсім праплыць нашым шляхам» — кажа Рунэ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG