Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«NATO нас не абароніць». Выйшла кніга пра напад Расеі на Польшчу


Восень 2017 году. Расея ў глыбокім крызысе. Каб захаваць сваю ўладу, Пуціну патрэбны міжнародны канфлікт. Расейскія войскі пераходзяць польскую мяжу. Пачынаецца вайна.

Дэбютны раман маладога польскага драматурга і сцэнарыста сэнсацыйных сэрыялаў стаў бэстсэлерам у Польшчы. Крытыкі ў захапленьні і зьдзіўленьні, чаму тэма, якая стала нацыянальнай фобіяй палякаў, у сучаснай польскай літаратуры выкарыстаная толькі цяпер?

«Таму што цяпер гэта рэальна, як ніколі дагэтуль » — гаворыць у інтэрвію Свабодзе Войтэк Мілашэўскі.

Войтэк Мілашэўскі
Войтэк Мілашэўскі

Галоўных герояў раману нічога не аб’ядноўвае да таго моманту, пакуль не пачынаецца вайна. Чаму пачалося ўварваньне? Чаму Пуцін напаў на Польшчу. Дзе заходнія хаўрусьнікі? На гэтыя пытаньні аўтар адказвае ў сваім рамане і інтэрвію Дзьмітры Гурневічу.

— Войтэк, пачатак расейскага ўварваньня ў вашай кнізе падазрона супадае з пачаткам вучэньняў «Захад-2017», якія шмат хто лічыць нагодай для расейскіх войскаў застацца ў Беларусі. Ці сталі імпульсам вашай гісторыі менавіта гэтыя манэўры?

— Гэтую кнігу я пачаў пісаць вясною 2015 году, і пра вучэньні тады не гаварылі. Тое, што расейскія войскі могуць застацца ў Беларусі, мяне ня зьдзівіць. Беларусь і Расея часам грызуцца, але гэтыя краіны шмат што яднае. Для мяне імпульсам стала нашая польская фобія, тое, што нас хвалюе. Мы, палякі, сапраўды баімся, што Расея на нас нападзе. Мы прызвычаіліся, што вайна — гэта нешта далёкае, што было ў мінулым. Што гэта чорна-белая хроніка, людзі ў сьмешнай вопратцы, максымум, што гэта нейкая вайна ў Афрыцы. Але вайна ва Ўкраіне вярнула нас у рэальнасьць.

— Калі б Расея вельмі хацела, то пэўна даўно б захапіла Польшчу? Навошта ёй гэта?

— А навошта яна захапіла Крым? Што гэта ёй дало, акрамя гіганцкіх выдаткаў?

— Крэмль тлумачыць гэта абаронай этнічных расейцаў Крыму і гістарычнай справядлівасьцю.

— У Варшаве яшчэ сто гадоў таму можна было плаціць рублямі, і была чуваць расейская мова. Мы таксама былі часткай Расейскай імпэрыі. Мая кніга шмат у чым — political fiction. Сапраўды, у нас няма, як ва ўсходняй Ўкраіне, нейкай меншасьці, якую Расея магла выкарыстаць. Але калі б Пуцін хацеў нашкодзіць Польшчы, то мог бы захапіць 2-3 паветы з боку Калінградзкай вобласьці. Для вайны гэтага б хапіла.

— Гэта гучыць як фантастыка. Польшча — гэта краіна Эўразьвязу і NATO. Расеі сёньня патрэбны такі мэгаканфлікт?

— Гісторыя не пакідае нам сумневаў, што магчыма ўсё. Палітычныя адносіны Расеі з Польшчай, і ня толькі, даволі напружаныя. Брытанцы хочуць выйсьці з Эўразьвязу. ЭЗ пачынае разыходзіцца па швах. Замежная палітыка цяперашняга польскага ўраду, то бок фактычна яе адсутнасьць, вядзе нас да ізаляцыі. І калі такая вайна пачнецца, то можа аказацца, што ніхто ня будзе сьпяшацца нам дапамагчы. Украіна таксама мела гарантыі ў рамках Будапэшцкага мэмарандуму ад ЗША. І што цяпер робіць Амэрыка? Тлумачыць сьвету, што пад гэтай фармулёўкай маецца на ўвазе ненападзеньне на Ўкраіну з боку ЗША. Гэта ж проста цырк.

— Дарэчы, а ці ў вашай кнізе ёсьць гаворка пра 5-ты артыкул NATO, які гарантуе дапамогу краінаў-сяброў альянсу хаўрусьніку ў бядзе?

— У маёй кнізе Польшча сама адмаўляецца ад дапамогі NATO. Дамовы і міжнародныя пагадненьні — гэта, вядома, добра. Але ў нашай гісторыі іх было багата. Нават перад пачаткам ІІ сусьветнай вайны ў Польшчы былі пагадненьні з магутнымі дзяржавамі. Але я б пайшоў яшчэ і далей і паставіў пытаньне так: а можа Расея ўжо ў Польшчы? Цяпер у Польшчы актыўна абмяркоўваецца пытаньне нямецкіх рэпарацыяў за ІІ сусьветную вайну. Але чаму ўрад не патрабуе такой жа кампэнсацыі ад Расеі?

— У вашым рамане на заклік аб мабілізацыі адгукнулася вельмі мала грамадзянаў. Людзі прызвычаіліся да дабрабыту і гэта можа быць на на руку расейцам. Ці пойдуць сёньня людзі ваяваць, калі так любяць добрае жыцьцё?

— На штогадовыя «Маршы незалежнасьці» ў Варшаве прыходзіць больш за 100 тысяч чалавек. Людзі махаюць сьцягамі, крычаць, ёсьць драйв. Але ў выпадку рэальнай вайны ўсё можа зьмяніцца. Таму ў рамане на мабілізацыю мала хто адгукнуўся. Зрэшты, ёсьць прыклад з рэальнага жыцьця. У Польшчы цяпер ствараюць войскі тэрытарыяльнай абароны і адбываецца гэта досыць цяжка. Але нават калі б нацыянальны дух быў моцны, і кожны з нажом у зубах ішоў ваяваць за Польшчу (з чым яшчэ, калі вольны доступ да зброі ў нас забаронены), то вайсковая перавага Расеі над Польшчай неверагодная. Так, у іх старая тэхніка, яна рассыпаецца, але ёсьць і новае ўзбраеньне, добра падрыхтаваныя элітарныя аддзелы.

— Дык можа тады паддацца ў разы мацнейшаму ворагу, каб не правакаваць да жорсткай разьні і непатрэбных ахвяраў?

— У польскім выпадку капітуляцыя проста немагчымая. Можна спрачацца: добра гэта ці кепска? У нашай гісторыі было Варшаўскае паўстаньне 1944 году, калі мы спадзяваліся дапамогі ад Сталіна і пачалі вызваляць Варшаву ад немцаў самі. Ужо тады частка камандаваньня было супраць, бо лічыла гэта самагубствам, бо людзі ня мелі зброі. Я падзяляю гэтую думку, што гэта было вар’яцтва, пры тым, што ўсе тыя змагары для мяне — адважныя і ахвярныя людзі. Паўстаньне адбылося ўсё роўна. Усе ніколі не падпарадкуюцца адзінаму загаду.

— І хто ў такой вайне пераможа? Адказ жа хіба відавочны.

— Я веру, што дабро ўсё роўна перамагае. NATO ў такой вайне — гэта дабро, а Расея — зло. Расея думае не пра тое, як палепшыць жыцьцё сваіх грамадзянаў. Яна займаецца пагаршэньнем жыцьця іншых. Таму і напад на Польшчу, які, здавалася б, нічога ім ня дасьць, рэальны. Але дабро заўсёды перамагае.

— Гледзячы на нашую супольную гісторыю ў Расейскай імпэрыі, на гэта часам ідзе больш за сотню гадоў. Сумнеўнае суцяшэньне.

— Гэта таксама добра. Лепш, чым нічога, Нам, палякам, усё роўна ўдалося збудаваць сваю дзяржаву. Польшча моцна зьмянілася ў лепшы бок, мы выдатна выкарысталі наш шанец. Але мір ня дадзены нам раз і назаўсёды. Усё можна зьмяніцца ў любы момант.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG