Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 нявырашаных пытаньняў спадчыны Францішка Скарыны


14-15 верасьня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбываецца міжнародны кангрэс «500 гадоў беларускага кнігадрукаваньня». Адна з заплянаваных для абмеркаваньня тэмаў — «Кніжная спадчына Францішка Скарыны і ягоных пераемнікаў». Але да сёньня застаюцца неразьвязанымі ня толькі пытаньні зьдзейсьненага славутым палачанінам паўтысячагодзьдзя таму духоўнага подзьвігу, але і факты жыцьцяпісу першадрукара. Нашы экспэрты называюць 10 галоўных нявырашаных пытаньняў спадчыны Францішка Скарыны.

Віктар Корбут, дактарант Варшаўскага ўнівэрсытэту:

Віктар Корбут
Віктар Корбут
  1. Хто першым у беларускамоўным друку напісаў пра Францішка Скарыну? З публікацый у «Нашай Ніве» відаць, што ўпершыню постаць Скарыны зьяўляецца ў гэтым адзіным на той час беларускамоўным СМІ ў 1909 годзе ў артыкуле ананіма «Kali drukawałasia pieršaja biełaruskaja Biblija?».
  2. Ці факт, што Скарына — «беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар»? Банк Літвы абвясьціў, што выпусьціць манэту «Руская Біблія Францыскa Скарыны. 500». Для літоўцаў Скарына — першадрукар Літвы (Lietuvos), хоць і не літоўскі (lietuviškas). Ён першым пачаў друкаваць кнігі на тэрыторыi як сучаснай Літвы, так і колішняга Вялікага Княства Літоўскага, у сталіцы цяперашняй Літоўскай дзяржавы (Lietuvos) Вільні. Гэта робіць Скарыну ня толькі ўсходнеславянскім або беларускім («рускім»), а, бадай, цэнтральна-ўсходнеэўрапейскім друкаром, калі ўспомніць пра ролю Прагі ў ягоным жыцьці.
  3. Узьнікае яшчэ адно цікавае пытаньне. Была памятная савецкая манэта з надпісам «Іван Фёдараў — рускі першадрукар». Дык калі Скарына выдаваў «Бивлию руску», i раней за Фёдарава, значыць, манэта хлусіць. Фёдараў — першы маскоўскі, а ня «рускі» першадрукар.
  4. Але і Скарына — ня першы рускі друкар. Бо да Скарыны быў чалавек, які друкаваў рускія кнігі — немец Швайпольт Фіёль. Было гэта ў Кракаве — тады, калі Скарына толькі нарадзіўся. У 1910 годзе ў «Кароткай гісторыі Беларусі» Вацлаў Ластоўскі пісаў, што «u 1483 hadu nadrukowana u Krakowie pieršaja biełaruskaja kniha „Triod Cwietnaja“ a ŭ 1491 tak sama u Krakowie, Fiol rodam z Niemieččyny, drukawaŭ ŭžo druhuju knihu „Oktoich“». (На самой справе пачатак друку кніг у Польшчы ўзыходзіць да 1473 г., а на польскай мове — да 1513 г.). У лютым 1916 г. у газэце Homan Ластоўскі апублікаваў артыкул з красамоўнаю назваю «1491-1916», у якім яшчэ раз сьцьвердзіў: «Leta 1491 dakonczeny byli pierszyje druki biełaruskije Szwajpoltam Fiolam u mieści Krakowi». Такім чынам, Ластоўскі ў публікацыях 1910-1916 гг. немцу з Кракава Швайпольту Фіёлю надаваў ролю беларускага першадрукара, а месцам друкаваньня першых беларускіх кніг лічылася ня Прага, а Кракаў.
  5. Калі ў беларускім грамадзтве ўзьнікла ідэя сьвяткаваць гадавіну выданьня кніг Скарынам? У 1913 г. ca зборнікa «Калядная пісанка» чытач мог даведацца, што «год выданьня Бібліі Скорыны, гэта эпоха ў культурным жыцьці беларусоў [!], і дзеля гэтаго ў 1917 гаду беларускіе літэратурные і навуковые кругі маняцца сьвяткаваць 400-лецьце беларускай літэратуры». Такім чынам, Скарыну прыпісвалася роля заснавальніка ўсёй беларускай літаратуры. І гэта было ідэяй Ластоўскага.
  6. Хто прыдумаў сьвята беларускага друку? З вышэйсказанага вынікае, што аўтар ідэі сьвята — Вацлаў Ластоўскі. У 1917 годзе Ластоўскі падкрэсьліваў, што Скарына рабіў «wialikuju nacyonalnuju rabotu».
  7. Калі ўпершыню на дзяржаўным узроўні была адзначана гадавіна беларускага друку? У 1917 годзе ішла вайна, зьмяняліся рэвалюцыі, не было беларускай дзяржавы, таму і ўрачыстасьцяў не было, ня лічачы сходаў беларускай інтэлігенцыі, напрыклад, у Вільні. І толькі ў 1925 годзе ў БССР адзначылі 400-годзьдзе беларускага друку. Прычым ня з моманту выданьня Скарынам першай кнігі ў Празе, а з моманту зьяўленьня ягонай першай кнігі ў Вільні. Больш урачыстасьцяў, што ўшаноўвалі б пачатак беларускага друку ў Вільні, у Беларусі на афіцыйным узроўні не праводзілі.
  8. У 1919-1920 гг. у Коўне пад кіраўніцтвам Ластоўскага дзейнічала «Выдавецтва імя Ф. Скарыны» («Навукова-выдавецкае таварыства імя Ф. Скарыны», «Рэдакцыя выданьняў „Таварыства імя Ф. Скарыны“»). Яно фінансавалася Міністэрствам беларускіх спраў ураду Літвы. Гэта была першая арганізацыя імя Скарыны.
  9. Варта паставіць акцэнт на тым, хто напісаў першы верш пра Скарыну. Гэтым чалавекам быў Максім Багдановіч. Верш «Безнадзейнасьць» напісаны ім паміж 1909 і 1912 гадамі (апублікаваны ў зборніку «Вянок» у 1913(1914) годзе).
  10. Як звалі і як зваць нам Скарыну? Нядаўна на Радыё Свабода сваім поглядам падзяліўся Вінцук Вячорка. Ён прыхільнік формы Францішак. Але ня ўсё так адназначна, як хацелася б. Паводле Георгія Галенчанкі, «у сваіх выданьнях Скарына больш за 100 разоў выкарыстоўвае імя „Франциск“, зрэдку — „Францишек“. У актах ВКЛ на лацінскай мове яго называюць „Franciscus“, на беларускай мове — „Франъцышак“, „Франъцышко“». У кнігах, якія Скарына выдаваў у Празе і Вільні, ён сябе называў у большасьці выпадкаў Франъциско(м) Скориною. У публікацыях у беларускамоўным друку пачатку ХХ ст. сустракаюцца такія формы імя друкара: н. скл.: Францішак Скарына (1909, 1913), Францішк Скарына (1913, 1917), р. скл. Franciszka Skoryny (1917), т. скл. Franciškam Skarynaj (1909, 1910), м. скл. аб Францішку Скарыне. У сучаснай мэдыяпрасторы Беларусі можна сустрэць формы Францыск і Францішак. Застаецца праблема скланеньня прозьвішча Скарыны ў творным склоне: Скарынай, Скарынаю ці Скарынам.

Сяргей Абламейка, гісторык і журналіст, аўтар цыклю праграмаў Радыё Свабода «Нечаканы Скарына»:

Сяргей Абламейка
Сяргей Абламейка

​У інтэрвію Радыё Свабода скарыназнавец Георгі Галенчанка сказаў, што вельмі лёгка напісаць кнігу пра тое, чаго мы пра Скарыну ня ведаем. Насамрэч пра Скарыну вядома ўсяго каля 20 дакумэнтаў, якія дакладна гавораць пра яго, а большая частка Скарынавага жыцьця нам невядомая. Я як чалавек, які думае пра Скарыну і нават нешта напісаў пра яго да 500-гадовага юбілею, магу назваць дзесяць пунктаў, важных для мяне асабіста.

  1. Год нараджэньня, год сьмерці і месца пахаваньня. Мы гэтага ня ведаем.
  2. Дзе Скарына атрымаў мэдыцынскую адукацыю? У якім унівэрсытэце? У якой краіне?
  3. Дзе Скарына знаходзіўся паміж 1512 і 1517 гадамі? Гэта значыць, ад абароны доктарскай дысэртацыі па мэдыцыне ў Падуі да пачатку друку Бібліі ў Празе. Ці браў ён удзел у Венскім кангрэсе 1515 году?
  4. Дзе была праская друкарня Скарыны? Меў ён сваю ці арандаваў чыюсьці?
  5. Ці ўсю Біблію Скарына пераклаў?
  6. Зь якой мэтай у праваслаўныя па форме акафісты Скарына ўстаўляў каталіцкія догматы? Ці быў ён прыхільнікам Флярэнтыйскай уніі 1439 году?
  7. Ці сустракаўся Скарына з італьянскім друкаром Альдам Мануцыем і нямецкім мастаком Альбрэхтам Дюрэрам?
  8. Чаму Скарына спыніў друк Бібліі ў Празе і зьехаў адтуль? Ці зьвязана гэта са спыненьнем апякунства Жыгімонта I Старога над сваім пляменьнікам, чэскім малалетнім каралём Людвікам?
  9. Чаму Скарына зьехаў зь Беларусі? Ці зьвязана гэта з загадкавым судом над ім, калі ягоныя пазоўнікі не хацелі зьяўляцца ў суд, каб падаўжэй патрымаць яго ў турме?
  10. Дзе Скарына быў у 40-я гады ХVI стагодзьдзя, калі пакінуў пасаду каралеўскага садоўніка ў Празе ў 1539 годзе? І ці ня мае ён дачыненьня да заснаваньня батанічнага саду ў Падуі ў 1545 годзе?

Уладзімер Арлоў, пісьменьнік:

Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

​Калі зыходзіць з таго, што біяграфія творцы ёсьць неверагодна каштоўным, калі не найлепшым камэнтаром да ягонае спадчыны, скарыназнаўства яшчэ мусіць вырашыць мноства праблемаў. Я хацеў бы найперш атрымаць адказы на пытаньні пра:

  1. Дату прыходу Скарыны на гэты сьвет.
  2. Знаёмства першадрукара з Мацеем Дзясятым (ягоны брат быў ігуменам аднаго з полацкіх манастыроў), які ў 1507 годзе завяршыў працу над першым у дзяржаве поўным рукапісным зводам кніг Бібліі.
  3. Месца, час і акалічнасьці атрыманьня Скарынам ступені доктара вольных мастацтваў.
  4. Месца, дзе ён атрымаў мэдыцынскую адукацыю.
  5. Магчымы ўдзел Скарыны ў V Лятэранскім царкоўным саборы ў Рыме і ў Венскім кангрэсе 1515 году.
  6. Уплыў Скарыны на ўнутраную і замежную палітыку Вялікага Княства Літоўскага ў час, калі ён быў сакратаром віленскага біскупа Яна — пазашлюбнага сына Жыгімонта Старога і фактычна ягонага намесьніка ў ВКЛ. Скарына, дарэчы, быў старэйшы за біскупа, які ў свой час навучаўся ў Балёнскім унівэрсытэце і ня мог не цаніць веды і досьвед сакратара.
  7. Сапраўдную мэту місіі Скарыны пры двары прускага герцага Альбрэхта Брандэнбурскага.
  8. Меркаванае падарожжа Скарыны ў Маскву ў часы князя Васіля ІІІ.
  9. Апошняе дзесяцігодзьдзе жыцьця Скарыны пасьля таго, як ён пакінуў пасаду садоўніка караля Фэрдынанда І.
  10. Месца і дату сьмерці, а таксама месца пахаваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG