Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску інвалід-вазочнік судзіцца з райвыканкамам, бо высяляюць з інтэрнату


Сяргей Драздоўскі
Сяргей Драздоўскі

11 верасьня адбылося папярэдняе паседжаньне суду на пазоў інваліда-вазочніка Сяргея Драздоўскага да Савецкага райвыканкаму Менску.

Інвалід патрабуе аднавіць яго ў чарзе на жыльлё, зь якой яго зьнялі ў выніку пераводу інтэрнату, дзе пражывае Сяргей Драздоўскі з жонкай, у статус камэрцыйнага жытла, і адмены рашэньня аб ягоным высяленьні.

Сяргей Драздоўскі — вядомы грамадзкі актывіст, ён змагаецца ня толькі за правы інвалідаў, але бярэ ўдзел і ў грамадзкіх пратэставых акцыях. Спробы выселіць яго з інтэрнату, у якім ён жыве шмат гадоў, пачаліся яшчэ летась.

«Ставяцца, як да свойскай жывёлы», — інваліда-вазочніка Сяргея Драздоўскага высяляюць з інтэрнату

ЖРЭА мяняе матывы высяленьняў

«Учора адбылося папярэдняе паседжаньне, суд заслухаў пазыцыі бакоў, — расказаў Свабодзе Сяргей Драздоўскі.— Але ад чатырох арганізацый, да якіх я выставіў пазоў, была прадстаўнік толькі адной — ад ЖРЭА. І новае тое, што яно зьмяніла фармулёўку прычыны, паводле якой мяне высяляюць з інтэрнату. Цяпер не праз тое, што я нібыта самавольна заняў памяшканьне, а ў сувязі зь іхным жаданьнем зьмяніць дамову арэнды. Але мы пачалі высьвятляць шэраг падрабязнасьцяў, на якія ЖРЭА не змагло адказаць і не змагло прад’явіць суду дакумэнты, якія пацьвердзілі б права разрываць дамову арэнды і праводзіць такія прававыя дзеяньні, якія яны робяць. Прававых падстаў, як высьветлілася, няма.

Яшчэ шэраг момантаў трэбы высьветліць. Прычым у судзе з сваёй ініцыятывы прысутнічаў пракурор, ён таксама задаваў шэраг пытаньняў, на якія не было адказаў. Мы давялі сваю пазыцыю, расказалі гэтую гісторыю з пераводам інтэрнату ў статус камэрцыйнага жытла і гэтак далей. Мы настойваем на тым, што найперш мусяць аднавіць наша права на жытло, абароненае Канстытуцыяй, а ўжо потым іншыя дзеяньні наконт статусу інтэрнату. У выніку наступнае паседжаньне суду прызначана на 4 кастрычніка. Гэтым суд даў час другому боку прынесьці неабходныя дакумэнты, і каб мы маглі пасьпець зь імі азнаёміцца ды падрыхтавацца. З боку ЖРЭА новыя абставіны зьяўляюцца, трэба быць гатовымі абараніць сваю пазыцыю».

Шмат гадоў інвалід Сяргей Драздоўскі разам з маці прыжыў у інтэрнаце, які раней належаў паліграфкамбінату, дзе працавала жанчына. Некалькі гадоў таму маці зьехала ў вёску, там зарэгістравалася, а Сяргей застаўся жыць у інтэрнаце, ажаніўся і прывёў жонку. У 2016 годзе інваліду паведамілі, што інтэрнат зьмяніў уласьніка, атрымаў статус камэрцыйнага жытла і яму трэба вызваліць памяшканьне, якое ён нібыта займае незаконна.

Драздоўскі: высяленьне зьвязана з грамадзянскай актыўнасьцю

​Сяргей Драздоўскі не выключае, што яго спрабуюць выселіць з інтэрнату, не прапаноўваючы пры гэтым іншага жытла, менавіта празь ягоную грамадзкую дзейнасьць.

«Калі пытаюцца, ці не зьвязана гэта з палітыкай, я адказваю, што ня буду казаць пра палітычныя прычыны. Гэта немагчыма высьветліць пэўна, але дакладна тое, што гэтая гісторыя з высяленьнем зьвязана з маёй грамадзянскай актыўнасьцю. З таго моманту, як я не згадзіўся з адвольным пераводам жытла ў іншы статус, запярэчыў адміністрацыі, пачаў дамагацца аднаўленьня былога статусу, змагацца за свае правы — тады гэта ўсё пачалося. Нават на ўчорашнім паседжаньні пракурор спытаў прадстаўніцу ЖРЭА, колькі чалавек яны высяляюць з інтэрнату, якія знаходзяцца ў розным прававым становішчы, і яна шчыра адказала, што аднаго мяне. Таму я б не зьвязваў гэта ўсё з палітычнай дзейнасьцю. Мне здаецца, гэтыя людзі ўвогуле далёкія ад палітычнай дзейнасьці і грамадзкіх праблем. Адзінае, што іх цікавіць — гэта задавальненьне ўласных інтарэсаў», — мяркуе Сяргей Драздоўскі.

У канцы жніўня спэцыялістка аддзелу жыльлёвай палітыкі Савецкага райвыканкаму Менску Алена Русак, якая займаецца пытаньнямі пастаноўкі грамадзян на ўлік на паляпшэньне жыльлёвых умоў, паведаміла ў размове з карэспандэнтам Свабоды, што ведае пра канфлікт паміж выканкамам і сям’ёй Сяргея Драздоўскага, аднак патлумачыць штосьці наконт яго адмовілася. Адмовілася ад камэнтароў і юрыстка выканкаму Савецкага раёну Ніна Доўгер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG