Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што рабіць з Паўночнай Карэяй?


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Кім Чэн Ын чарговым разам узрушыў увесь сьвет. Паведамленьне пра выпрабаваньне вадароднай зброі паставіла ўсясьветную супольнасьць перад моцным выклікам. Справа ня толькі ў тым, што няма адзінства сярод вялікіх дзяржаў у гэтым пытаньні. Здаецца, увогуле нейкага прымальнага рашэньня не існуе.

Ужо шмат гадоў дынастыя Кімаў ладзіць ядзерны шантаж усяго сьвету, і ніхто нічога ня можа зрабіць. Фэномэн КНДР сьведчыць ня толькі пра крызыс сыстэмы нераспаўсюджаньня ядзернай зброі, якая выявіла сваю неэфэктыўнасьць яшчэ ў 1990-я гады, пасьля зьяўленьня атамнай бомбы ў Індыі і Пакістану. У Паўночнай Карэі ядзерная зброя зьявілася ў 2005 годзе. Гэта сьведчаньне крызысу сыстэмы ўсясьветнай бясьпекі ўвогуле. Яна проста адсутнічае, што і зафіксавалі падзеі апошніх трох гадоў.

У мінулым паўночнакарэйскія лідэры, паведамляючы пра чарговае выпрабаваньне новай бомбы ці ракеты, часта блефавалі. Гэтым разам сэйсьмічныя станцыі Японіі ды іншых суседзяў пацьвердзілі адпаведныя сыгналы аб падземнай актыўнасьці на тэрыторыі КНДР. У паведамленьні Пхэньяну зьвяртае на сябе ўвагу інфармацыя, што зарад можа быць зьмешчаны на балістычнай ракеце. Праўда, сярод экспэртаў дасюль не сьціхаюць спрэчкі на тэму наяўнасьці і якасьці падобнай зброі. Але яшчэ ў ліпені КНДР аб’явіла пра запуск міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты.

Запуск міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты Hwasong-12. Пхэньян, 4 ліпеня 2017 году
Запуск міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты Hwasong-12. Пхэньян, 4 ліпеня 2017 году

Перавагі таталітарнай дзяржавы ў стварэньні ядзернай бомбы палягаюць не толькі ў тым, што яна можа канцэнтраваць усе рэсурсы на такую праграму, не зважаючы на голад сярод насельніцтва. Дыктатура дазваляе ахвяраваць людзьмі падчас выпрабаваньняў. Тут можна прыгадаць, як у СССР у 1954 годзе на Тоцкім палігоне атамную бомбу ўзарвалі амаль над галовамі тысяч вайскоўцаў і мірных жыхароў. Правяралі эфэкт.

Што рабіць? Найперш у такіх выпадках традыцыйна выкарыстоўваюць эканамічныя санкцыі. Вось нядаўна такім чынам прымусілі Іран адмовіцца ад сваёй ядзернай праграмы.

Але тут ёсьць праблема. Справа ў тым, што эканамічныя санкцыі — гэта заўсёды спосаб узьдзеяньня ня столькі на ўрад падсанкцыйнай краіны, колькі на грамадзтва. Іх лёгіка палягае ў тым, што, апынуўшыся у цяжкіх эканамічных умовах, насельніцтва пачне праяўляць незадавальненьне, ціснуць на ўлады, і апошнія вымушаныя будуць пайсьці на саступкі міжнароднай супольнасьці.

Лідэр КНДР Кім Чэн Ын з навукоўцамі
Лідэр КНДР Кім Чэн Ын з навукоўцамі

Чаму эканамічныя санкцыі спрацавалі ў дачыненьні Ірану? Бо ў гэтай краіне існуюць значныя элемэнты дэмакратыі. Бо хоць рада аятолаў і адбірае кандыдатаў у прэзыдэнты, але паміж тымі, хто застаўся, адбываецца рэальная канкурэнцыя падчас выбараў, бушуюць моцныя жарсьці, якія раз-пораз выплюхваюцца нават на вуліцу. То бок улады там вымушаны неяк азірацца на настроі грамадзтва.

Але ў таталітарнай дзяржаве такая схема не працуе. У СССР падчас калектывізацыі быў Галадамор, але гэта ніяк не паўплывала на дзяржаўную палітыку. Так, і ў КНДР быў масавы голад, і цяпер існуе картачная сыстэма, але народ дэманструе палымяную любоў да свайго правадыра.

Таксама ў дачыненьні Паўночнай Карэі не працуе эфэкт «мяккай сілы». Кітай — найбольш блізкая да КНДР краіна, амаль саюзьнік, галоўны гандлёвы партнэр. Без дапамогі кітайскіх «дабраахвотнікаў» падчас Карэйскай вайны 1950-1953 гадоў такой краіны ўвогуле б сёньня не існавала. Доўга лічылася, што Паўночная Карэя — сатэліт Кітая.

Да таго ж КНР сёньня — гэта новая звышдзяржава. Кітайскі ўплыў адчуваецца ня толькі ў рэгіёне Паўднёва-Ўсходняй Азіі, але ў Афрыцы, увогуле, па ўсім сьвеце, нават да Беларусі дабраўся. Але вось высьвятляецца, што з Паўночнай Карэяй кітайцы нічога зрабіць ня могуць. Сатэліт выйшаў з падпарадкаваньня. Ядзерны джын выпушчаны з бутэлькі, і цяпер гэты монстар пагражае ўсяму сьвету.

Выпрабаваньне балістычнай ракеты ў КНДР, 30 траўня 2017 году
Выпрабаваньне балістычнай ракеты ў КНДР, 30 траўня 2017 году

Ваеннае рашэньне праблемы таксама мае свае абмежаваньні. Бо на любыя спробы рэагаваць «агнём і лютасьцю», як казаў Дональд Трамп, разбамбіць вайсковыя і вытворчыя аб’екты, Кім Чен Ын можа ў адказ запусьціць ракету з ядзернай боегалоўкай на Паўднёвую Карэю, Гуам ці Японію. Нагадаю, што гэта рэгіён з самай высокай у сьвеце шчыльнасьцю насельніцтва. У Паўночнай Карэі пражывае 25 млн чалавек, у Паўднёвай Карэі — 51 млн, у Японіі — 127 млн, ужо не кажучы пра Кітай. Уявіце, якія могуць быць ахвяры, калі там запалымнее.

А сярод вялікіх дзяржаў існуюць вялікія рознагалосьсі ў гэтым пытаньні. Тут варта зьвярнуць увагу на пазыцыю Расеі. Ствараецца ўражаньне, што Масква нават узрадавалася гэтаму крызысу, расейскія мэдыя ня ўтойваюць злараднасьці. Яна кіруюцца лёгікай, якой калісьці прытрымліваўся СССР: усё, што на шкоду ЗША, на карысьць РФ. Таму яны імкнуцца сябраваць з тымі краінамі, якія супраць Злучаных Штатаў, спрабуюць стварыць такі саюз міжнародных ізгояў. Нагадаю, што санкцыі ЗША супраць Расеі прынятыя ў адным пакеце з санкцыямі супраць Ірану і Паўночнай Карэі. То бок у такім выпадку разьлічваць на салідарную пазыцыю Масквы ў Вашынгтоне не даводзіцца.

Таму на парадку дня стаіць пытаньне часовага ўлагоджваньня чарговага Кіма. Мяркуючы па ўсім, нічога іншага не застаецца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG