Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Noblesse oblige: на падыходзе «Каханьне падчас халеры» па-беларуску


Сяргей Макарэвіч
Сяргей Макарэвіч

Размова зь Сяргеем Макарэвічам з дабрачыннага фонду «Вяртаньне», ініцыятарам выданьня беларускага перакладу «Каханьня падчас халеры» Габрыэля Гарсіі Маркеса.

РС: Сяргей, я нядаўна прачытаў, што вы — ініцыятар выданьня раману Габрыэля Гарсіі Маркеса «Каханьне падчас халеры» ў беларускім перакладзе Карласа Шэрмана. Калі ласка, раскажыце крыху пра гэтую сваю ініцыятыву. З чаго вы пачалі?

Сяргей Макарэвіч: Пачну з таго, што гэта будзе кніга ў пэўнай сэрыі, так званай Нобэлеўскай сэрыі. І гэта будзе другая кніга. Пачаткам сэрыі, якая называецца «Noblesse oblige», быў сёлетні том выбраных раманаў Кнута Гамсуна пад назвай «Голад». Мы ўклалі сьпіс аўтараў, якіх хацелі б выдаць у гэтай сэрыі. Маркес стаяў на першым месцы ў гэтым сьпісе, але былі складанасьці з аўтарскімі правамі. Гэтая гісторыя пачалася тры гады таму, калі мы зьвярнуліся ў літаратурнае агенцтва, якое валодае правамі на творы Маркеса. Але тады мы не атрымалі ніякага адказу і справа завісла. Сёлета мы зрабілі другую спробу і атрымалі дазвол на выданьне раману. Засталося толькі заплаціць за аўтарскія правы.

РС: А дзе месьціцца гэтае агенцтва, якое валодае правамі на творы Маркеса?

Сяргей Макарэвіч: У Гішпаніі, у Барсэлёне.

Габрыэль Гарсія Маркес
Габрыэль Гарсія Маркес

РС: Адкуль вы возьмеце грошы на выданьне? Вы атрымалі нейкі грант ці, можа, будзеце зьбіраць грошы ад чытачоў?

Сяргей Макарэвіч: Гэтымі днямі мы запусьцілі краўдфандынгавую кампанію на сайце Ulej.by і просім будучых чытачоў падтрымаць наш праект у частцы, якая датычыць закупу аўтарскіх правоў. Мы прапануем пэўныя падарункі за гэтыя ахвяраваньні і ў тым ліку кнігу. Астатнія грошы на падрыхтоўку і друк кнігі будуць з выдавецтва «Янушкевіч» і дабрачыннага фонду «Вяртаньне», якія зьяўляюцца фундатарамі гэтай сэрыі.

РС: Нядаўна, на гэтай самай плятформе «Ulej.by», беспасьпяхова закончыўся збор грошай на выданьне перакладаў чатырох ангельскамоўных раманаў у гэтак званай сэрыі «Амэрыканка». Вы не баіцеся, што вам таксама ня ўдасца сабраць патрэбную колькасьць грошай? Фармальна ў вас ёсьць нейкі ліміт, які вам трэба перавысіць, каб кампанія збору грошай не правалілася?

Сяргей Макарэвіч: Так, наш ліміт — тры тысячы беларускіх рублёў. Калі мы іх назьбіраем, кампанія будзе пасьпяховай.

РС: Разумею. А колькі часу будзе трываць збор гэтай сумы?

Сяргей Макарэвіч: Кампанія збору працягнецца да 30 верасьня.

РС: У электроннай вэрсіі беларускі пераклад раману «Каханьне падчас халеры» быў калісьці даступны ў інтэрнэце. Я спампаваў сабе пераклад Карласа Шэрмана даволі даўно. Я ня ведаю, у якой вэрсіі ён там быў выстаўлены — адрэдагаванай кімсьці ці не. А ў вас — хто рэдактар перакладу?

Сяргей Макарэвіч: У 2005 годзе ўдава Карласа Шэрмана перадала пераклад гэтага раману ў Беларусь. Тады часопіс «Архэ» зрабіў яго публікацыю, здаецца, частковую. Цяпер, калі мы шукалі той варыянт, які перадавала ўдава Шэрмана, ніхто ня змог узгадаць, хто займаўся яго рэдагаваньнем. Перачытаўшы гэты тэкст, мы ўсё ж прыйшлі да высновы, што ён выглядае як адрэдагаваны і ня мае патрэбы праходзіць праз рэдактарскія рукі. Мы зрабілі толькі карэктуру.

РС: Чаму я пра гэта пытаю? Я сам трохі займаюся перакладамі, і мне даволі нязвыкла, што раман такога фармату як «Каханьне падчас халеры» ня мае пэрсанальнага рэдактара, які ня толькі адрэдагаваў бы беларускі тэкст, але і зьверыў бы яго з гішпанскім арыгіналам. Вы ў кожным разе не зьбіраецеся шукаць такога рэдактара?

Сяргей Макарэвіч: Не. Я, відаць, ня буду далёкі ад праўды, калі скажу, што калі рэдактура раману была, то яна рабілася чалавекам, які ня ведаў гішпанскай мовы…

РС: Вось як… Цяпер у мяне пытаньне агульнага характару. Як вы лічыце, што ў беларускіх абставінах будзе больш пасьпяховым — выдаваць па-беларуску прызнаных сусьветных клясыкаў, якіх даўно ўжо пераклалі на расейскую мову, і гэтыя пераклады наогул даступныя задарма на розных інтэрнэтных сайтах, ці, можа, перакладаць і выдаваць таленавітых замежных пісьменьнікаў, якія пакуль што не зьявіліся на расейскім кніжным рынку?

Сяргей Макарэвіч: Маё меркаваньне такое, што варта перакладаць і тых, і тых. Адзінае, што калі беларускамоўнаму чытачу прапаноўваць аўтара, які слаба вядомы ў сьвеце і не ўганараваны нейкімі міжнароднымі прэміямі, то да такога аўтара можа быць мінімальная ўвага. Я ў гэтым пляне пайшоў па шляху публікацыі аўтараў, імёны якіх шырока вядомыя, нягледзячы на тое, што іх ужо даўно пераклалі на расейскую.

РС: Калі ўдасца сабраць грошы на Маркеса, будзеце працягваць гэтую Нобэлеўскую сэрыю? Каго яшчэ вам хацелася б выдаць?

Сяргей Макарэвіч: Абавязкова, будзем працягваць. Я пакуль не гатовы назваць канкрэтныя імёны, але магу назваць аўтараў, якіх я чытаў у расейскіх перакладах і хацеў бы бачыць па-беларуску. Найперш гэта кітаец Мо Янь і турак Архан Памук. Думаю зрабіць усё магчымае, каб кнігі гэтых аўтараў у нейкай пэрспэктыве выйшлі таксама па-беларуску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG