Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нечаканы Скарына: знойдзены партрэт маленькага Францішка і яго бацькі Лукі


500 гадоў беларускага кнігадрукаваньня: новыя ацэнкі, новыя факты, новыя загадкі. Кожны дзень да 6 жніўня — чарговая частка цыклю.

Непадпісаныя партрэты ў Бібліі

На працягу 2015-17 гадоў дацэнт Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе доктар Пэтр Войт шляхам параўнаньня з тагачаснымі партрэтамі ідэнтыфікаваў на гравюрах у Бібліі Скарыны каля дзесяці вядомых людзей таго часу.

Гэта, нагадаю, чэскі кароль XV стагодзьдзя Іржы з Падэбрад, кароль і вялікі князь літоўскі Жыгімонт І Стары, чэскія каралі з дынастыі Ягайлавічаў Людвік і Ўладзіслаў ІІ, папа рымскі Юлій ІІ, чэская каралева Ганна дэ Фуа — жонка Ўладзіслава ІІ і т.д.

Фрагмэнт тытульнага ліста Кнігі Другазаконьне. 1519 год. Паводле Пятра Войта, крайні справа — чэскі кароль Іржы з Падэбрад, крайні зьлева — чэскі кароль Людвіг Ягайлавіч.
Фрагмэнт тытульнага ліста Кнігі Другазаконьне. 1519 год. Паводле Пятра Войта, крайні справа — чэскі кароль Іржы з Падэбрад, крайні зьлева — чэскі кароль Людвіг Ягайлавіч.

Адкрыцьцё Пятром Войтам прынцыпу схаваных (непадпісаных) партрэтаў або крыптапартрэтаў у Бібліі Скарыны дапамагло нам больш зразумець асобу і сьветаадчуваньне першадрукара. Цяпер мы можам гаварыць пра яго як пра таленавітага піяршчыка і нават як пра майстра самапіяру.

Але ня толькі. Гэтая знаходка адкрыла магчымасьць ідэнтыфікацыі іншых прататыпаў Скарынавых гравюр. Мы як бы атрымалі для гэтага новую оптыку і новы прынцып пошуку.

Знойдзены партрэт маленькага Скарыны і яго бацькі Лукі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:14 0:00

Цяпер, напрыклад, мы можам гаварыць не пра два партрэты Скарыны ў Бібліі, але прынамсі пра шэсьць яго выяваў, зьмешчаных у праскіх выданьнях. Да падпісанага і ўсім вядомага партрэта ў Кнізе Ісуса Сірахава і Чацьвёртай Кнізе Царстваў, і непадпісанага ў вобразе Яна Багаслова ў Кнізе Прамудрасьці Божай дадаюцца адразу чатыры новыя.

Пэтр Войт усьлед за Пятром Уладзімеравым і Віктарам Шматавым прапануе лічыць гэтую выяву апостала Яна, які моліцца да Хрыста, другім партрэтам Скарыны.
Пэтр Войт усьлед за Пятром Уладзімеравым і Віктарам Шматавым прапануе лічыць гэтую выяву апостала Яна, які моліцца да Хрыста, другім партрэтам Скарыны.

Твар Скарыны на гербе-сыгнэце

Ужо на падпісаным партрэце сярод мноства іншых рэчаў і дэталяў на фоне вышыванага ручніка зьмешчаны геральдычны шчыт з выявай сонца і паўмесяца. Гісторыкі дагэтуль ня вырашылі, што менавіта гэта азначае.

Адны пісалі, што як двойчы доктар Скарына мог атрымаць пэрсанальнае шляхецтва ў адной з эўрапейскіх краін і выбраў сабе гэты сымбаль як герб. Іншыя сьцьвярджалі, што ў другой палове 1480-х гадоў адбыліся тры сонечныя зацьменьні, і Скарына абраў гэты сымбаль сваім знакам-сыгнэтам як напамін пра сонечнае зацьменьне ў год свайго нараджэньня. Таксама выказвалася вэрсія, што гэта алегорыя сьветлага і цёмнага бакоў чалавечай прыроды або перамогі сьвятла над цемрай.

Дакладна мы можам сказаць толькі адно — гэта сапраўды пэрсанальны герб-сыгнэт Скарыны, якія ён шмат разоў зьмясьціў на гравюрах сваіх выданьняў.

Твары сонца і месяца на гэтым сыгнэце, раскіданым па многіх гравюрах Скарынавай Бібліі, вельмі розьняцца. Часта яны рэзаліся гравёрам вельмі схематычна і абыякава, без усялякай індывідуалізацыі.

Але ў выпадку сыгнэту на партрэце Скарыны — сытуацыя адваротная. Твары і сонца і месяца на геральдычным шчыце вельмі індывідуалізаваныя і пэрсаналізаваныя. І тут нас, узброеных прынцыпам крыптапартрэтыстыкі, чакае першы сюрпрыз. Параўнаньне твару першадрукара з тварамі сонца і месяца на геральдычным шчыце не пакідае сумненьня — гэта сам Скарына, гэта ягоны твар!

У наш час мастакі і скульптары выяўляюць Скарыну, так бы мовіць, у прыхарошаным выглядзе — з адкрытым тварам, прамым носам і т.д. Партрэт першадрукара, аднак, паказвае, што сучасныя выявы далёкія ад рэальнасьці. Скарына меў шырокі круглы твар, вялікія, магчыма лупатыя вочы, двайное падбародзьдзе і, галоўнае, вельмі спэцыфічны нос. Нос у першадрукара быў доўгі, тонкі, зь вялікай гарбінкай і глядзеў уніз. Менавіта такі нос маюць і сонца, і месяц. Гэтая дэталь не пакідае сумненьня, што Скарына выявіў на сыгнэце самога сябе, каб у нас не засталося ніякіх сумненьняў, што гэта менавіта ягоны герб і ягоны фірменны знак.

Можна пашукаць індывідуальныя рысы ў тварах сонца і месяца на некаторых сыгнэтах, зьмешчаных на застаўках.

Ёсьць нават выпадкі, калі Скарына ці яго гравёр відавочна забаўляецца, малюючы перакрыўлены штуршком месяца твар сонца і надаючы «нападніку» гарэзьлівы погляд.

Але і там, і тут выявы даволі істотна розьняцца ад сыгнэту на партрэце.

Галоўная выснова з усяго сказанага такая. Да дзьвюх вядомых выяваў першадрукара — на партрэце і ў вобразе Яна Багаслова ў Кнізе Прамудрасьці Божай — можна дадаць адразу дзьве на геральдычным шчыце з падпісанага партрэту.

Скарына — на чале войска

У 1519 годзе ў Празе выйшла Кніга «Лічбы», на тытульным лісьце якой зьмешчана гравюра «Людзі Ізраілевы з палкамі сваімі каля Храму Божага». Паводле старазапаветнага паданьня, калі габрэі сышлі з Эгіпту, яны пабудавалі пераносны храм — скінію. Кожны род меўся выставіць вайсковы аддзел для аховы скініі. Быў вызначаны дакладны рэглямэнт разьмяшчэньня асобных родавых «станаў» і іх руху. Нават падчас прыпынку разьмяшчэньне «станаў» не мянялася. Усе яны мелі свае сьцягі і іншыя знакі адрозьненьня.

На гравюры «Людзі Ізраілевы з палкамі сваімі каля Храму Божага» якраз і выяўлены момант такога руху вайсковай калёны са скініяй. Аднак рэаліі малюнка, напрыклад, аблачэньне рыцараў або ўзбраеньне — сучасныя Скарыну эўрапейскія, беларуска-польскія. На сьцягах — шмат гербаў, сярод якіх пазнаюцца герб Радзівілаў «Трубы», герб Астроскіх з паўмесяцам, шасьціканцовай зоркай і стрэлкай, герб Гаштольдаў з лацінскай літарай W, а таксама герб Сьвятой Рымскай імпэрыі ў выглядзе чорнага двухгаловага арла.

Выклікае цікавасьць ужо сам парадак разьмяшчэньня Скарынам беларуска-літоўскіх «станаў». Напрыклад, Гаштольды пастаўленыя ім у самы ніжні левы кут, Радзівілы ззаду скініі, Астроскія ўверсе бліжэй да пераду.

Але самае галоўнае нас чакае наперадзе калёны. На чале войска ідзе малады чалавек са сьцягам, на якім... сыгнэт Скарыны! Вось хто ўзначальвае «палкі Ізраілевы» падчас падарожжа з Эгіпту! (А каб не заставалася сумненьняў, побач, троху ніжэй, яшчэ і нясуць сьцяг з трохкутнікам з падпісанага партрэту першадрукара)

Аблічча маладога чалавека на першы погляд адрозьніваецца ад вядомага аблічча Скарыны. Але прыгледзеўшыся, мы заўважым тыя ж вялікія вочы, той жа масіўны круглы твар, падкрэсьлены штрыхамі, двайное падбародзьдзе і т.д. Адрозьніваецца, здаецца, толькі нос. Але і гэта лёгка патлумачыць. З увагі на невялікі памер малюнка (105×105 мм) у гравёра магла таргануцца рука. На гравюры з Кнігі Прамудрасьці Божай у Яна Багаслова, у вобразе якога мы цяпер бачым Скарыну, наадварот выяўлена занадта вялікая гарбатасьць носа. Іншымі словамі, і тут, і там — пэўная недакладнасьць разца, выкліканая малымі памерамі малюнка. Зрэшты, у юнака са сьцягам Скарыны нос таксама глядзіць уніз, толькі ён меншы.

У кожным выпадку сыгнэт Скарыны не пакідае сумненьняў, хто ідзе на чале гэтага экзатычнага войска, складзенага зь беларуска-літоўскіх магнатаў і эўрапейскіх манархаў.

Гэта яшчэ адзін цікавы факт для разважаньняў пра самаадчуваньне Скарыны, пра яго сьветапогляд, мэты, намеры, пачуцьці, разуменьне сваёй місіі, ролі ў гісторыі і нават пра ягоны гумар.

Такім чынам, вядомых выяваў першадрукара стаецца ўжо пяць.

Маленькі Францішак з Луком Скарынам побач з Ісусам Навінам

Яшчэ больш таго, хто ведае пра прынцып непадпісаных партрэтаў, закладзены Скарынам у Біблію, можа ўразіць гравюра «Ісус Навін вядзе людзей Ізраілевых празь Ярдан» зь біблейнай Кнігі «Ісус Навін», выдадзенай у Празе ў 1517 годзе.

Сюжэт гравюры вядомы. Пераемнік Майсея цар-заваявальнік Ісус Навін у ІІ тысячагодзьдзі да н.э. вядзе свае палкі на горад Іерыхон. Паводле біблейнага паданьня, бог Яхвэ пакляўся праславіць Ісуса Навіна ў паходах. І вось калі войска рушыла наперад, а сьвятары панесьлі каўчэг, рака раптам расступілася і прапусьціла іх на іншы бераг. Матыў такога воднага цуда быў у часы Скарыны вельмі распаўсюджаны ў эўрапейскім, у тым ліку і ў беларускім, фальклёры.

Гэтая гравюра лічыцца адной з самых самабытных ілюстрацый у выданьнях Скарыны. Яшчэ прафэсары Ўладзімер Конан і Віктар Шматаў у сумесным артыкуле пра яе пісалі:

«Малюнак большасьці фігур вылучаецца дакладнасьцю прапорцый, хоць галовы асобных фігур крыху велікаватыя. Тыпаж вобразаў выразна славянскі. Адзеньне мужчын і жанчын нагадвае вопратку тагачасных беларускіх рамесьнікаў і сялян».

Павелічэньне галоў, на маю думку, тлумачыцца вельмі проста. З прычыны маленькага памеру гравюры (105×104 мм) выявіць індывідуальныя рысы пэрсанажаў разьбой на дошцы было вельмі цяжка. Павелічэньнем галоў мастак здабыў дадатковую прастору.

Конан і Шматаў падкрэсьлівалі, што паводле стылю і манеры выкананьня гэтая гравюра, хутчэй за ўсё, належыць таму самаму майстру, які выканаў і падпісаны партрэт Скарыны. Але на гэтым прафэсары і спыніліся.

Паглядзім на «Пераход празь Ярдан» (другая назва малюнка) больш уважліва. Твары пэрсанажаў індывідуалізаваныя ў рознай ступені. Адзеньне жанчын — паўсядзённае гарадзкое, але можа быць і вясковым, паколькі тады матэрыяльная народная культура была больш маналітнай, пра што гаворка ўжо была. А вось адзеньне мужчын за сьпінай Ісуса Навіна — хутчэй купецкае, чым рамесьніцкае. Гэта — наша ключавая выснова, бо з купецкага асяродзьдзя паходзіў і сам Скарына.

А калі так, то скіроўваем свой погляд на хлопчыка за сьпінай габрэйскага цара. І што мы бачым! Той жа шырокі круглы твар, тыя ж вялікія вочы... І нос, нос! Той жа вялікі тонкі нос з гарбінкай! Ці не маленькі Скарына перад намі?

Зьлева ад хлопчыка стаіць купец у нябедным адзеньні. Ён трымае руку на галаве малога, што не пакідае сумненьня ў іх роднасных дачыненьнях. Твар купца намаляваны вельмі дакладна, пазнаецца нават поўны годнасьці і спакою погляд ягоных вачэй. Цяжка пярэчыць здагадцы, што перад намі Лука Скарына, які зь пяшчотай паклаў руку на галаву малодшага сына!

Тады перад намі — кранальны партрэт сына і бацькі, якога Скарына вельмі любіў і пра якога шмат разоў успамінаў у пасьляслоўях да праскіх выданьняў («доктора Франциска, Скоринина сына с Полоцька»).

Лягічна было б знайсьці і маці будучага першадрукара. Шукаем жанчын з партрэтным падабенствам і рысамі самога Францішка. Ззаду Лукі стаіць маладая жанчына зь дзіцем на руках. Гэта можа быць ягоная маці з маленькай сястрой будучага першадрукара. Але побач зь ёй больш старая жанчына з дакладна Скарынавым носам — тонкім, з гарбінкай, апушчаным уніз. Гэта можа быць ягоная бабуля па маці.

Гэта можа быць уся сям’я Францішка Скарыны! Два дзеда, дзьве бабулі, бацька, маці і брат Іван з жонкай і маленькім сынам Раманам

Зрэшты, трактоўка сваяцкіх сувязяў усёй гэтай кампаніі можа быць і іншай. Апрача маленькага Францішка на гравюры выяўлены індывідуалізаваныя вобразы чатырох мужчын, чатырох жанчын і яшчэ аднаго дзіцяці. Гэта можа быць уся сям’я Францішка Скарыны! Два дзеда, дзьве бабулі, бацька, маці і брат Іван з жонкай і маленькім сынам Раманам. Вядома, што ў Івана і Францішка была вялікая розьніца ва ўзросьце.

Можна дапусьціць, што немалады мужчына з доўгай барадой каля Ісуса Навіна — Лука Скарына. Тады ззаду біблейнага цара стаяць два дзяды Францішка, а маладзейшы купец з кароткай барадой, які трымае руку на галаве маленькага Францішка — ягоны брат Іван (магчымы сымбаль удзячнасьці старэйшаму брату за апякунства падчас школьнай навукі). Тады жанчына ў цэнтры з тонкім носам з гарбінкай — маці будучага першадрукара. Жанчына з дзіцем на руках — жонка Івана з сынам Раманам, пляменьнікам Францішка.

У верхнім правым куце гравюры, ззаду — дзьве жанчыны, надзеленыя яснымі індывідуальнымі рысамі. Лёгка пазнаецца нават тая зь іх, твар якой ледзьве відаць. Яе індывідуальнасьць праяўляецца паводле лініі брыва і погляду толькі аднаго вока, пры тым што памер усёй гравюры 105×104 мм! Гэтая жанчына выглядае маладзейшай, яна можа быць і сястрой Францішка, і яго другой бабуляй.

Але гэта не галоўны варыянт апазнаньня пэрсанажаў гравюры, хутчэй запасны.

Пакуль жа можна і трэба лічыць, што руку на галаве сына трымае Лука Скарына, а ззаду стаяць ягоная маці і бабуля. Лука намаляваны з усіх мужчын найбольш дакладна.

Пакуль жа можна і трэба лічыць, што руку на галаве сына трымае Лука Скарына, а ззаду стаяць ягоная маці і бабуля

У такім варыянце на малюнку адсутнічае старэйшы брат Скарыны Іван. Гіпатэтычная прычына — нейкія сямейныя непаразуменьні, магчыма, крыўда першадрукара на Івана за адмову даць грошы на праскія выданьні і т.д.

Варыянты такіх тэарэтычных разваг і далейшай ідэнтыфікацыі пэрсанажаў гэтай гравюры магчымыя, але партрэтнае падабенства малога хлопчыка з Францішкам Скарынам выглядае бясспрэчным.

Шляхам такога параўнаньня ў нас зьяўляецца шостая выява першадрукара і ў дадатак — добры партрэт ягонага бацькі Лукі Скарыны.

Вытокі Скарынавых крыптапартрэтаў

Пэтр Войт лічыць, што Скарына ў рамках падрыхтоўкі да друкаваньня Бібліі ў 1515-16 гадах мог езьдзіць у Нюрнбэрг і нават асабіста пазнаёміцца з Альбрэхтам Дзюрэрам. Або і проста мог добра ведаць ягоныя гравюры, тую ж сэрыю «Апакаліпсіс» (1498), у якой Дзюрэр надаў твары тагачасных курфюрстаў нябесным анёлам. Працы Дзюрэра шырока капіявалі і падраблялі ва ўсёй тагачаснай Эўропе. Дзюрэр, дарэчы, у 1506 годзе намаляваў карціну «Сьвята ружанцаў», дзе выявіў сябе ў кампаніі Хрыста, Багародзіцы, папы Юлія ІІ, імпэратара Максімільяна І.

Але ў гэтым баварскі мастак быў далёка ня першы. Усё пачалося ў Італіі. Для італьянскага Кватрачэнта (XV ст.) гэта была ня рэдкасьць. Многія мастакі ў тую эпоху на вялікіх сюжэтных карцінах або на фрэсках сабораў малявалі сябе ў кампаніі сьвятых і валадароў. Гэта быў своеасаблівы аўтограф. Некаторыя рабілі гэта калі не з нахабствам, дык прынамсі з гонарам, пыхай або выклікам. Напрыклад, славуты флярэнтыйскі мастак Філіпа Ліпі, манах-кармэліт і парафіяльны сьвятар, вядомы яшчэ i тым, што ў 50 гадоў скраў з кляштара 17-гадовую манашку і жаніўся на ёй, выявіў сябе на адной з фрэсак у аблачэньні біскупа.

Філіпа Ліпі, дарэчы, выкарыстоўваў і мэтад крыптапартрэтаў. Адна з самых вядомых яго карцін — «Мадонна зь немаўлём двума анёламі» (1465). У твары Мадонны сучасьнікі беспамылкова пазналі жонку мастака Люкрэцыю Буці, а ў тварах анёлаў — яго сына і дачку.

«Мадонна зь немаўлём і двума анёламі»
«Мадонна зь немаўлём і двума анёламі»

Той жа мэтад выкарыстоўваў і вучань Філіпа Ліпі — Сандра Бацічэльлі. Ён таксама пісаў вобразы Мадоннаў з абліччам сваёй каханай Сыманэты Вэспучы.

Так што ідэя зьмясьціць у Бібліі свой партрэт і непадпісаныя партрэты тагачасных каралёў і сваякоў магла паходзіць ў Скарыны ня толькі ад Дзюрэра, але і наўпрост з Італіі.

Партрэты першадрукара і членаў яго сям'і ў Бібліі — не былі блюзьнерствам, гэта быў Рэнэсанс.

Скарына, такім чынам, стаў у сваёй справе рэнэсансным мастаком (інтэлектуалам-гуманістам), які, вобразна кажучы, «намаляваў сябе на сваёй карціне», паставіў подпіс. Гэта, дарэчы, можа служыць дадатковым доказам таго, што ён, калі ня сам выразаў ксыляграфічныя дошкі для сваіх гравюр, то, прынамсі, маляваў для іх эскізы. Такой думкі прытрымліваўся і Мікола Шчакаціхін.

Усё, што мы ведаем пра Скарыну і яго гравюры на гэты момант, сьведчыць пра тое, што ён сапраўды маляваў эскізы сам. Інакш бы мы не даведаліся, як выглядалі члены яго сям’і.

Гэтак Рэнэсанс прыйшоў у Беларусь.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG