Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За два гады пасьля адмены санкцыяў дачыненьні паміж Францыяй і Беларусьсю набралі абаротаў, — амбасадар Дзідзье Канэс


Амбасадар Францускай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Дзідзье Канэс
Амбасадар Францускай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Дзідзье Канэс

Амбасадар Францускай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Дзідзье Канэс у інтэрвію Свабодзе заявіў, што дачыненьні паміж Францыяй і Беларусьсю «дасягнулі той ступені даверу, якая дазваляе весьці шчыры дыялёг пра ўсе сюжэты».

Беларусь і Францыя, палітыка і эканоміка, правы чалавека і турызм — асноўныя тэмы гутаркі з амбасадарам Францыі Дзідзье Канэсам да Нацыянальнага сьвята Францыі 14 ліпеня. Пасол таксама адказаў на некаторыя пытаньні гледачоў і чытачоў Свабоды на сайце і ў сацсетках.

Пытаньні спадару Амбасадару Францускай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусі Дзідзье Канэсу ад беларускай службы Радыё Свабода, прысьвечаныя двухбаковым дачыненьням Францыі і Беларусі, з нагоды нацыянальнага сьвята Францыі 14 ліпеня.

Liberté, Égalité, Fraternité

— Спадар амбасадар, наперш віншую вас з надыходзячым нацыянальным сьвятам Францыі! Наколькі, на вашую думку, лёзунгі Вялікай францускай рэвалюцыі «Liberté, Égalité, Fraternité» (Свабода, роўнасьць, братэрства) актуальныя цяпер у самой Францыі і ў нашым рэгіёне, у Беларусі?.. Ці гэта ўжо ў гісторыі? Ці ёсьць новыя выклікі ў нашым сьвеце, якія прымушаюць нас вяртацца да гэтай тэмы?

— Як вы правільна адзначылі, узяцьце Бастыліі — гэта гістарычная падзея, вядомая ва ўсім сьвеце. І гэта сымбаль паўстаньня супраць прыгнёту. І натуральна, гэтая падзея асацыюецца з абвяшчэньнем унівэрсальных дэклярацыяў правоў чалавека, дакумэнту, які дагэтуль натхняе праваабаронцаў ва ўсім сьвеце. І для французаў гэтае сьвята важнае тым, што нагадвае, што яны самі заваявалі свае палітычныя і грамадзянскія правы. І дагэтуль французы ня толькі цэняць гэтую гістарычную спадчыну, але гатовыя яе абараняць.

— А ў Эўропе, у Беларусі ёсьць тое, што цяпер трэба абараняць?

— Я думаю, вы ведаеце сытуацыю ў сьвеце: ёсьць многія месцы, дзе гэтая абарона мае сэнс.

Амбасадар Дзідзье Канэс і журналіст Валер Каліноўскі
Амбасадар Дзідзье Канэс і журналіст Валер Каліноўскі

— На маю думку, да такіх месцаў адносяцца і Рэспубліка Беларусь, і Расея, наш рэгіён у цэлым, дзе адбываецца вайна, Данбаскі канфлікт у прыватнасьці. Але тым не менш у нашым у рэгіёне адбываюцца і больш пазытыўныя падзеі. Напрыклад, паміж Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам, Францыяй у тым ліку, два гады таму пачаўся працэс размарожваньня адносін. Да таго дзейнічалі санкцыі ў дачыненьні да кіраўніцтва Беларусі. Як два гады скарыстала Францыя і Беларусь для разьвіцьця палітычнага, эканамічнага супрацоўніцтва? Якія зьмены тут магчымыя ў сувязі з абраньнем на пасаду прэзыдэнта Эманюэля Макрона? Адзін з чытачоў нашага сайту таксама напісаў вам падобнае пытаньне, то, каб ужо аб’яднаць, скажу, што ён яшчэ пытае, ці магчымы прыезд новаабранага прэзыдэнта ў Беларусь?

За два гады нашыя стасункі набралі абаротаў

— За гэтыя два гады сапраўды нашыя стасункі набралі абаротаў. Раней у студзені мы адзначылі 25-годзьдзе дыпляматычных дачыненьняў паміж Францыяй і Беларусьсю. Калі глядзець на гэтую чвэрць стагодзьдзя, то, безумоўна, відаць, што нашы стасункі няроўна разьвіваліся, былі розныя моманты, але самае галоўнае, што дыялёг паміж краінамі ніколі не перарываўся. І цяпер можна сьцьвярджаць, што нашы адносіны дасягнулі той ступені даверу, якая дазваляе весьці шчыры дыялёг пра ўсе сюжэты, у прыватнасьці мы можам таксама шчыра абмяркоўваць складаныя тэмы, як сытуацыю захаваньня правоў чалавека ў Беларусі.

А што да арыентыраў у палітыцы новага прэзыдэнта Францыі на замежнай арэне, то першы прыярытэт — гэта даць новы імпульс эўрапейскаму будаўніцтву. Гэта ўмацаваньне эўразоны, палітыкі абароны і бясьпекі, рэформа сыстэмы абароны вонкавых межаў. Другі прыярытэт — гэта пераадоленьне глябальных выклікаў. Гэта прыярытэт, які выцякае з міжнароднай сытуацыі, гэта барацьба супраць тэрарызму, супраць нелегальнай міграцыі, гэта ўсе пытаньні, зьвязаныя са зьменай клімату. І, вядома, у цэнтры стаяць намаганьні разьвязаць рэгіянальныя канфлікты, як канфлікт у Сырыі і абстаноўка ва Ўкраіне. У той агульнай карціне мы бачым у Беларусі партнэра ў справе стабільнасьці, каб забясьпечыць стабільнасьць у рэгіёне.

Беларусь і ўзброены канфлікт на Данбасе

— Беларусь як міратворчы цэнтар у перамовах вакол Данбасу, прынамсі так пазыцыянуе сябе, — наколькі высока вы цэніце гэтыя міратворчыя высілкі Беларусі?

— Мы ацэньваем збалянсаваную пазыцыю, якую Беларусь прыняла ў дачыненьні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. І мы таксама ацэньваем тую дапамогу, якую Беларусь аказвае, даючы рэгулярна пляцоўку для правядзеньня перамоваў, зьвязаных з выкананьнем Менскіх пагадненьняў.

— Наш чытач Ігар задаў пытаньне з нагоды прыезду спадара Макрона ў Беларусь: «Мы ведаем, што ягоны папярэднік быў у Менску ў межах перамоваў у нармандзкім фармаце. Як вы думаеце, ці магчымы прыезд новага прэзыдэнта калісьці ў найбліжэйшай пэрспэктыве?»

— Я магу адказаць толькі адно: у найбліжэйшы час пакуль няма такога пляну, але, безумоўна, у прынцыпе ўсё магчыма.

Рэакцыя на пратэсты ў Беларусі была неадэкватная і непрапарцыйная

— Вы закранулі пытаньне правоў чалавека, і падчас вашай кадэнцыі ў Беларусі былі падзеі, зьвязаныя з масавымі пратэстамі ў Менску і іншых гарадах супраць так званага «дэкрэту аб дармаедах». Свабода актыўна асьвятляла гэтыя падзеі, мы вялі трансьляцыі і жывыя рэпартажы з мітынгаў, а потым было брутальнае задушэньне гэтых пратэстаў у Менску 25 Сакавіка. Цяпер ужо палітзьняволеных няма — перад паседжаньнем Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ апошніх арыштаваных ужо выпусьцілі. Як на вашу думку, ці можна сьцьвярджаць, што гэты канфлікт ужо вычарпаў сябе, і ці дастаткова дэмакратычна сябе паводзілі беларускія ўлады, каб працягваць зь імі цяпер business as usual?

— Дэкрэт № 3 служыў нагодай для выяўленьня незадаволенасьці, карані якой сягаюць глыбей. Што да рэакцыі беларускіх уладаў на дэманстрацыі, то, паводле Францыі, гэтая рэакцыя была неадэкватная і непрапарцыйная, і таму мы выказалі сваю заклапочанасьць наконт гэтага. Гэта тэматыка, пра якую мы вядзём дыялёг. Як я ўжо сказаў, дыялёг аб правах чалавека займае важнае месца ў нашых палітычных стасунках. І я вітаю, што ёсьць магчымасьць шчыра абмяркоўваць гэтыя праблемы.

— Ну а тое, што палітзьняволеных зараз няма, вы таксама вітаеце і будзеце сачыць далей за гэтай тэмай?

— Як сытуацыя ў Беларусі разьвіваецца — гэта, вядома, уваходзіць у місію амбасады. Мы сочым ня толькі за сытуацыяй правоў чалавека, а таксама за эканамічнай сытуацыяй, за сацыяльнымі праблемамі.

— Вы амаль год у Беларусі, ужо азнаёміліся зь ёй. Можа быць, у вас ёсьць думка, якая пэрспэктыва Беларусі на эўрапейскім кантынэнце і ў чым моцныя і слабыя бакі пазыцыі Беларусі? Якія былі б вашы парады ўладам і грамадзтву?

— Як я сказаў, мы лічым, што Беларусь зьяўляецца важным партнэрам для забесьпячэньня рэгіянальнай стабільнасьці. І важны момант: мы ў Францыі ўпэўненыя, што інтарэс Беларусі і беларускага народу ляжыць менавіта ў тым, каб падтрымліваць добрыя стасункі ў аднолькавай ступені і з Эўрапейскім Зьвязам, і з Расейскай Фэдэрацыяй.

Бязьвіз і асацыяцыя для Беларусі

— Нядаўна Украіна падпісала пагадненьне пра партнэрства, пра бязьвізавае наведваньне Эўразьвязу. Беларусаў цікавіць, ці можна і ім у пэрспэктыве спадзявацца, што таксама будзе асацыяцыя калісьці і, магчыма, чальцоўства Беларусі як эўрапейскай краіны. На вашу думку, ці магчымы такі рух, калі, наколькі гэта далёка?

— У дадзены момант гэта гіпатэтычнае пытаньне, таму што Беларусь ня выявіла жаданьня падпісаць пагадненьне пра асацыяцыю і калі-небудзь уступіць у Эўрапейскі Зьвяз. Зараз нашы адносіны складаюцца ў межах праграмы «Ўсходняга партнэрства» Эўразьвязу. Гэта значыць палітычны дыялёг, дыялёг аб правах чалавека, ёсьць праграмы супрацоўніцтва ў розных галінах, як, напрыклад, эфэктыўнае дзяржаўнае кіраваньне, эканамічнае разьвіцьцё, пашырэньне кантактаў паміж людзьмі і г.д. Як вы ведаеце, ідуць перамовы пра заключэньне пагадненьня пра рэадмісію і спрашчэньне візавых працэдур.

— На якой стадыі мы знаходзімся ў палягчэньні візавага рэжыму? Бо я з 2013 году чую, што вядзём перамовы, а ці хутка ўжо будзе?

— Гэтыя два пагадненьні складаюць пакет. Яны мусяць быць прынятыя разам. І зусім нядаўна прайшла рабочая сэсія, прагрэс адбыўся, але гэта ўсё было шырока пракамэнтавана ў СМІ, і я думаю, што мы набліжаемся, у нас ёсьць надзея, што гэты пакет будзе падпісаны.

— Некаторыя назіральнікі ў Менску, ацэньваючы актыўнасьць розных чальцоў Эўрапейскага Зьвязу, адзначаюць, што Францыя не настолькі актыўная, як, напрыклад, Нямеччына, Польшча, у арганізацыі розных сустрэч, абмену досьведам, у тым ліку інвэстыцый, пляцовак для прасоўваньня нейкіх інтарэсаў. Вы згодны зь імі?

— Францыя таксама актыўная. Нашы стасункі зь Беларусьсю разьвіваюцца ў розных кірунках. Мы вядзём, напрыклад, актыўную культурную палітыку. Зьвярніце ўвагу, што практычна кожны месяц мы арганізуем якоесьці культурнае мерапрыемства (наступнае адбудзецца 22-га ліпеня — прыедзе францускі барытон Аліўе Эт і выступіць на фэстывалі клясычнай музыкі ля ратушы). Далей, мы будзем удзельнічаць, як кожны год, у месяцы фатаграфіі, фэстывалі «ТэАрт», у «Лістападзе». Так што на працягу году будзе шмат падзей.

— І ля менскай Ратушы будзе францускі дзень.

— Мы таксама супрацоўнічаем у сфэры асьветы, вышэйшай адукацыі, мы актыўна падтрымліваем вывучэньне францускай мовы ў Беларусі. Мы падтрымліваем разьвіцьцё і нашых эканамічных дачыненьняў. І я магу яшчэ дадаць, што сёлета мы адкрылі новыя кірункі для супрацоўніцтва — мы стварылі рабочую групу па турызьме. Гэтая група ўпершыню сустрэлася ў лютым. Таксама стварылі рабочую групу ў ахове навакольнага асяродзьдзя — яна ўпершыню сустрэлася ў Менску ў мінулым месяцы. Так што працэс пайшоў.

Renault, Danone, General Electric у Беларусі

— Зьвернемся да эканамічных пытаньняў. Ці дакладна я не памылюся, калі скажу, што ўсё-такі францускіх бізнэсмэнаў цяжка зацягнуць у Рэспубліку Беларусь? Ёсьць невялікія інвэстыцыі, ёсьць праекты, пра якія я чуў, але каб вялікія сур’ёзныя інвэстары прыйшлі і нейкія пасьпяховыя праекты стварылі тут — няма. Скажыце, у чым прычыны, што ім перашкаджае сюды прыходзіць? А можа, ужо былі праекты, якія атрымаліся ў Беларусі, і вы маглі б назваць такія прыклады?

— Ёсьць рэальныя гісторыі посьпеху. Вазьміце, напрыклад, Renault — яны займаюць першае месца ў Беларусі ў продажы новых машын, доля рынку — 35%. Гэта вельмі вялікі посьпех. Danone таксама мае посьпех у Беларусі. Таксама можна згадаць такія буйныя францускія прадпрыемствы, як General Electric.

Праўда, што патэнцыял напэўна ня вычарпаны. І ў Францыі ёсьць што прапанаваць Беларусі, і ня толькі парфуму і касмэтыку. Францыя можа прапанаваць тэхналёгіі, абсталяваньне, запатрабаванае ў Беларусі, для мадэрнізацыі прамысловасьці. Асабліва гэта відаць у харчовай прамысловасьці, у сельскай гаспадарцы, у фармацэўтыцы.

Перашкаджаюць пратэкцыянісцкія бар’еры

Але калі казаць зусім шчыра, францускі экспарт мог бы больш разьвівацца, калі б у Беларусі не было столькі пратэкцыянісцкіх бар’ераў. Напрыклад, вельмі складана для францускіх фірмаў экспартаваць у Беларусь нашы сыры, віно, лекі. І гэтая сытуацыя ня толькі шкодзіць беларускім спажыўцам — яна таксама нэгатыўна ўзьдзейнічае на пэрспэктывы інвэстыцый. Таму што інвэстары рэдка ўкладаюць у terra incognita. Спачатку яны павінны ствараць рынак, а пасьля таго, як створыцца рынак, зьяўляецца інтарэс інвэставаць, каб на месцы вырабляць. А калі падрабязна пра інвэстыцыі, трэба ўлічваць, што ў сьвеце ідзе моцная канкурэнцыя, каб прыцягнуць прамыя замежныя інвэстыцыі. Дарэчы, Францыя займае моцныя пазыцыі ў гэтым спаборніцтве. Так што інвэстары маюць перад вачыма мапу сьвету, і яны інвэстуюць менавіта туды, дзе для іх гэта выгадна. І тут многія фактары ўплываюць на іх рашэньне. Усе фактары, якія зводзяцца да аднаго пытаньня — гэта вызначэньне рызыкі. А гэта і палітычная сытуацыя, макраэканамічная сытуацыя, пэрспэктывы прыняцьця рэформаў, каб палепшыць сытуацыю, узровень прававой аховы інвэстыцый, падатковая нагрузка, рэгуляторная нагрузка і бюракратычныя перашкоды. Гэта яшчэ ступень інтэграцыі краіны ва ўсясьветнай эканоміцы. Так што, каб пасьпяхова прыцягнуць замежных інвэстараў, трэба абавязкова распрацаваць канцэпцыю, якая ахоплівае ўсе гэтыя фактары.

— А ці ёсьць такія прыклады, каб якісьці бізнэсмэн францускі з вамі падзяліўся: «Вось я хацеў, але тут нешта мяне не задаволіла»? Такія няўдалыя ініцыятывы?

— Былі. Я ня буду дзяліцца, таму што гэта ўсё бізнэс.

— У кожным разе, агульны фон нездавальняючы?

— Я кажу наогул, якія фактары ў сьвеце зьяўляюцца важнымі, каб прыцягнуць інвэстараў.

5-дзённы беларускі бязьвізавы рэжым — крок у добрым кірунку

— Будзем рабіць высновы з вашых словаў. Тым ня менш пэўныя рухі з боку беларускіх уладаў ідуць. Пастаўленая задача, каб у топ-30 рэйтынгу Doing business трапіць, аблегчыць інвэставаньне, і ў прыватнасьці нядаўна было прынятае рашэньне (ужо дзейнічае некалькі месяцаў), што на 5 дзён можна бязь візы ў Беларусь прыяжджаць. Наколькі яно паўплывала на магчымасьці францускіх, і ня толькі бізнэсмэнаў, а наогул людзей, прыяжджаць у Менск? Зацікавіла яна іх? Ёсьць эфэкт ад гэтага рашэньня?

— Так. Ёсьць эфэкт, гэта крок у добрым кірунку. Гэты эфэкт адчувальны асабліва для дзелавых людзей, таму што яны, як правіла, знаходзяцца ў краіне вельмі кароткі тэрмін, і для іх мець магчымасьць прыехаць бяз клопатаў пра візу — гэта значная перавага.

Асмалоўка ў Менску — чароўнае месца

— Вось калі б яны прыехалі, вырашылі ўсе свае пытаньні, а потым спыталі: спадар пасол, што тут можна паглядзець — у Менску, у Беларусі, што б вы, як ужо «мясцовы жыхар», параілі? Курапаты, Верхні горад, Асмалоўка, Курган Славы?

— У Беларусі ёсьць чым прывабіць гасьцей. Я думаю, што людзі, якія любяць прыроду, знойдуць у Беларусі цудоўныя месцы, дзе адпачываць.

Што тычыцца Менску, я лічу, што ваша сталіца асабліва прыцягальная сваёй пасьляваеннай архітэктурай, якая адлюстроўвае ўрбаністычныя ідэалы савецкай эпохі. Гэта элегантныя праспэкты ў стылі «сталінскага ампіру». Гэта таксама такія чароўныя месцы, як Асмалоўка...

— Вам падабаецца?

— Так, вельмі падабаецца.

— Ня трэба яе зносіць?

— Мне таксама падабаецца пасёлак Трактарнага заводу...

— Дык яго ўжо зносяць! Ужо ня будзе хутка...

— Мне здаецца, што важна гісторыка-архітэктурную спадчыну берагчы.

— А новыя будынкі? «Дом Чыжа» на Траецкім? Ці «Кемпінскі» каля цырку вам падабаецца?

— Ну, у кожнага менчука ёсьць сваё меркаваньне з гэтай нагоды.

Месца пераправы Напалеона мае турыстычны патэнцыял

— Мне цікава, што вы згадалі Асмалоўку і пасёлак Трактарнага заводу. Можа, менскія ўлады прыслухаюцца да вашай аўтарытэтнай думкі як жыхара Менску на гэты момант.

Мае пытаньні сябе вычарпалі, адзінае што да турызму, хацеў бы вярнуцца да аднаго моманту — Бярэзіны. Ці ёсьць інтарэс у францускіх турыстаў наведаць Барысаў, Бярэзіну? Гэта месца пераправы Напалеона ў 1812-м.

— Там ёсьць сапраўды патэнцыял нешта арганізаваць, таму што гэта месца важнай гістарычнай падзеі.

— Вы там ужо былі?

— Так.

— Там ёсьць гістарычныя клюбы, рэканструкцыі. Там можа быць цікава?

— Так-так, я быў там у прыватнасьці ў канцы лістапада, калі мы адзначылі гадавіну бітвы.

— Цяпер пастараюся выбраць самыя сьвежыя і цікавыя пытаньні ад нашых чытачоў і гледачоў, бо іх паступае сапраўды шмат. «Ці выступае Францыя за адмену візаў для беларусаў?» — пытае Марыя Падаляк.

— Як я патлумачыў, ідзе працэс у межах Эўразьвязу. І мы, вядома, падтрымліваем тыя высілкі, каб хутка падпісаць гэты пакет, які складаецца з пагадненьня аб рэадмісіі і спрашчэньні візавых працэдур. Я таксама магу адзначыць, што мы ў амбасадзе Францыі ўсяляк стараемся выдаць візы як мага хутчэй. Як правіла, мы візы выдаём за двое сутак, без чаргі, і мы таксама спрасьцілі правілы для выдачы шматразовых візаў у Францыю.

Пра францускае віно, сыр і сайт амбасады

— Андрэй Завалей пытае, ці плянуе Францыя абмяркоўваць з уладамі Беларусі пытаньне парушэньня правоў ЛГБТ, пытаньні гамафобіі і хатняга гвалту?

— У нас ёсьць дыялёг аб правах чалавека, і ён ахоплівае ўсе пытаньні. Так што гэтыя праблемы ўваходзяць у агульны наш дыялёг.

«Ці зьявіцца нарэшце беларускамоўная вэрсія сайту амбасады Францыі?» — пытаецца Ігар.

— Калі з Парыжу нам дадуць дадатковыя сродкі для перакладу.

— Зразумела, патрэбны грошы. Але жаданьне ёсьць.

«Ці магчыма ў Беларусі прадаваць таннае францускае віно, як гэта цяпер у Швэйцарыі, дзе літар чырвонага віна Gamais каштуе тры франкі? Беларусы хочуць піць францускае віно, яно тут вельмі дарагое», піша наш чытач, які прадставіўся як Юрай.

— Так, яно вельмі дарагое праз мытныя пошліны. Тут нічога ня можам зрабіць.

— Трэба зьвяртацца да беларускіх уладаў, а не да францускіх, з нагоды францускага віна. А з нагоды сыру?

— Мы рады будзем прадаваць, пастаўляць больш віна, сыру. Ёсьць сыстэма квотаў, яна абмяжоўвае аб’ём.

— Акрамя сьвяткаваньня 14-га ліпеня, якія найбліжэйшыя пляны амбасады Францыі?

— Найбліжэйшыя пляны — прыняцьце сьпевака з Францыі Аліўе Эта, потым у верасьні наш удзел у розных культурных фэстывалях. Пра астатняе мы раскажам у свой час.

Дзідзье Канэс быў прызначаны амбасадарам у Беларусі ў жніўні 2016 году. Яму 55 гадоў, скончыў факультэт расейскай мовы і гісторыі, у дыпляматыі з 1994 году. Раней працаваў намесьнікам дырэктара Крызіснага цэнтру МЗС Францыі, намесьнікам прадстаўніка Францыі пры Камітэце палітыкі і бясьпекі Эўразьвязу, першым сакратаром сталага прадстаўніцтва Францыі ў АБСЭ і першым сакратаром у амбасадзе Францыі ў Лёндане.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG