Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дарагічыне занепадае камбікормавы завод. Куды працаўладкаваць 300 чалавек?


Дарагічынскі камбікормавы завод. Дарагічын, 7 ліпеня 2017 году
Дарагічынскі камбікормавы завод. Дарагічын, 7 ліпеня 2017 году

У Дарагічыне на Берасьцейшчыне на мяжы закрыцьця мясцовы камбікормавы завод. Каля 300 чалавек чакаюць звальненьня, а прадпрыемства выкупляе ранейшы канкурэнт з Жабінкі.

Як сталася, што стаў нерэнтабэльным Дарагічынскі камбікормавы завод, разьбіраліся журналісты Свабоды.

Дарагічын — невялікі раённы цэнтар з насельніцтвам каля 15 тысяч чалавек. Мясцовы камбікормавы завод — адно з найбуйнешых прадпрыемстваў раёну. На самым заводзе працуюць некалькі сотняў чалавек, а агулам з улікам двух сьвінакомплексаў і калгасаў, якія належаць заводу, — каля тысячы чалавек.

Аднак працаўнікі прадпрыемства распавялі журналістам, што справы на заводзе ідуць да ліквідацыі, а ім пагражае звальненьне.

«Ёсьць сілы, якія хочуць яго закрыць»

Як кажа адзін з працаўнікоў, які пажадаў застацца ананімным, для Дарагічына закрыцьцё камбікормавага заводу — трагедыя, бо тут ёсьць праблемы з працаўладкаваньнем:

«Сказалі, што на два месяцы прыпыніліся, але я думаю, што ўжо ўсё... Бо частка людзей самыя звольніліся. Кажуць, што на прадпрыемстве з прыкладна 340 чалавек пакінуць каля 50 працаўнікоў. Куды пойдзе амаль 300 чалавек, ня ведаю. У нас усё практычна зачынена. Трактарарамонтны развалены, „Экзон-Глюкоза“ таксама».

Дарагічынскі камбікормавы завод
Дарагічынскі камбікормавы завод

Суразмоўца зьдзіўлены, як можна было давесьці камбікормавы завод да гаротнага стану:

«Раней гэта ж было моцнае прадпрыемства, і калі б яго падтрымліваць, то яно давала б добры прыбытак у бюджэт. Але я так разумею, што паставілі мэту яго закрыць, і гэта плянава ўсё ідзе. Не зацікаўленае ані нашае кіраўніцтва, ані абласное, каб гэтае прадпрыемства існавала. Ёсьць сілы, якія хочуць яго закрыць, завод як канкурэнт не патрэбны. А сюды прыйдзе прыватны інвэстар, які дасьць магчымасьць працаваць на свой бізнэс. Гэты інвэстар — берасьцейская фірма „Консул“. У яе пабудаваны свой камбікормавы завод у Жабінкаўскім раёне, ён будзе карміць спакойна Дарагічынскі і Янаўскі раёны. Гэта будзе яго рынак.

Прадпрыемства разьвівалася, магло працаваць, у 2005 годзе сюды нават Лукашэнка прыяжджаў. Тады стабільнае, добрае прадпрыемства было. Цяпер жа людзі працавалі за 180-200 рублёў».

Працаўнік прадпрыемства кажа, што лёс заводу залежаў ад раённага кіраўніцтва:

«Старшыня райвыканкаму? Калі б ён быў прынцыповым, ён бы адстаяў прадпрыемства. Адно яго слова — «не», і ніхто б сюды ня «рыпнуўся».

«Саджайце трускаўкі ды маліны»

Дарагічынскі каардынатар кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Гардзіевіч пэўны час працаваў інжынэрам на сельскагаспадарчым прадпрыемстве, якое набывала прадукцыю камбікормавага заводу. Гардзіевіч у заняпадзе камбікормавага заводу таксама вінаваціць раённае кіраўніцтва:

«На сёньня я ведаю, што асноўная вытворчасьць камбікорму згорнутая, застаўся толькі працаваць элеватар, дзе будзе дзяржаўная рэзэрва. Былі часы — там быў добры заробак, завод добра цаніўся. У цяперашняй сытуацыі, я думаю, вінаватыя не дырэктары, якія прыходзілі і сыходзілі, а кіраўніцтва раёну, якое дэ-факта кіравала гэтым заводам. Непрадуманая палітыка райвыканкаму прывяла да таго, што завод знаходзіцца ў такім гаротным стане».

Дарагічынскі райвыканкам
Дарагічынскі райвыканкам

Наконт таго, куды змогуць уладкавацца працаўнікі Дарагічынскага камбікормавага заводу, спадар Гардзіевіч кажа:

«У Дарагічыне шанцаў працаўладкавацца ніякіх. Калі выступаў перад працаўнікамі старшыня райвыканкаму, ён параіў усім ісьці саджаць трускаўкі ды маліны. Вось такі ўзровень старшыні райвыканкаму».

Журналістаў на заводзе бачыць ня хочуць

Каб атрымаць камэнтар кіраўніцтва прадпрыемства, журналісты пад’ехалі да заводу. Аднак вахцёр на прахадной пасьля званка намесьніку дырэктара сказаў, што «загадалі не пускаць». На момант прыезду журналістаў вахцёр адпрацоўваў на прадпрыемстве апошні дзень, але, як і іншыя працаўнікі заводу, на камэру гаварыць пабаяўся, маўляў, «тады дакладна працы ў раёне не знайду».

Дарагічын — невялікі горад. Тут жыве каля 15 тысяч чалавек
Дарагічын — невялікі горад. Тут жыве каля 15 тысяч чалавек

«Як жыць, што рабіць, нікога не цікавіць. Я сёньня працую апошні дзень, працы ў раёне зусім нуль, нават дворнікам не ўладкуесься. Афіцыйна пакуль усіх не звальняюць, пакуль адправілі ў адпачынак „за свой кошт“ 240 чалавек недзе. У каго падыходзіць кантракт — тым не падаўжаюць. Заробкі былі 220-230 рублёў, болей, мусіць, ніхто з рабочых не атрымліваў», — кажа ўжо былы працаўнік камбікормавага заводу.

Праз тэлефон з кіраўніцтвам заводу таксама зьвязацца не ўдалося: паведамілі, што дырэктар у ад’езьдзе, а тэлефон намесьніка не адказваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG