Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што пачытаць падчас вакацыяў — парада лекараў


Цяпер час летніх вакацыяў. Мы іх праводзім па-рознаму. Кожны чалавек выкарыстоўвае гэты час у залежнасьці ад асабістых абставін, фінансавых магчымасьцяў, проста настрою.

Але вакацыі маюць асаблівасьць: мы выходзім зь мітусьлівага кола паўсядзённасьці і атрымліваем асабісты час для таго, каб, напрыклад, больш пільна прыглядзецца да сябе і свайго здароўя.

Менавіта ў вакацыі мы можам выкарыстоўваць некаторыя мэтодыкі зьніжэньня масы цела, якія патрабуюць спэцыяльных умоваў. Існуе дыета, якая грунтуецца на плянаваньні колькасьці спажываных калёрыяў і кіраваньні праз гэта масай цела. Сутнасьць яе палягае ў тым, што чалавек падчас вакацый павінен у складзе невялікай групы зьехаць са свайго месца жыхарства на які-небудзь курорт, дзе гэтай групе людзей з залішняй вагой цела прапануецца спэцыяльная дыета і набор фізычных практыкаваньняў, якія садзейнічаюць зьніжэньню масы ў сьціслы час адпачынку.

Дарэчы, такая дыета не зьяўляецца аптымальнай, бо калі чалавек вяртаецца ў звыклыя ўмовы жыцьця дадому, ён хутка зноў набірае вагу, бо паўсядзённыя звычкі харчаваньня і ўзровень фізычнай актыўнасьці пасьля вакацый не мяняюцца.

Бясспрэчна, каб дасягнуць больш трывалых вынікаў у сваім стане здароўя, трэба найперш ўсур’ез задумацца пра яго. І якраз час вакацый, калі вакол меней мітусьні, вельмі добры для такога клопату пра сябе.

На такія думкі нехта ці нешта павінен штурхнуць — гэта можа быць, напрыклад, цікавая кніга. Дарэчы, калі мы куды-небудзь вандруем, звычайна паўстае пытаньне — што ўзяць с сабой пачытаць? У сучаснай беларускай літаратуры такая кніга якраз ёсьць — гэта «Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча». Пры першым сутыкненьні зь ёй, маючы прафэсійны позірк, гэтая назва спачатку нас зьбянтэжыла, але адначасова і зацікавіла — што можа распавесьці ня лекар у даволі аб’ёмнай кнізе пра мэдыцыну?

Хочацца адзначыць, што Альгерду Бахарэвічу гэтая праца ўдалася, таму што:

1) ён распавядае і абмяркоўвае з чытачом многія сучасныя праблемы здароўя з пункту гледжаньня грамадзтва, прычым ніколі і ні на ёту не ўваходзіць у спэцыяльныя мэдычныя пытаньні, што робіць гонар аўтару;

2) у кнізе сабрана шмат цікавых гістарычных зьвестак, яна проста пазнавальная;

3) кніга вельмі розная па выказаных пачуцьцях — тут і дзіцячыя ўспаміны, і развагі пра старасьць, і гумар, і іронія, і сум, словам тое, што суправаджае кожнае жыцьцё.

4) і, нарэшце, — у кнізе адлюстраваны сучасны гуманітарны позірк на чалавека, што зроблена Альгердам Бахарэвічам адносна беларускага жыцьця зь вялікай трапнасьцю і розумам.

Так што практычная парада ў ліпеньскі час вакацый: калі ня ведаеце што пачытаць, вазьміце на адпачынак «Малую мэдычную энцыкляпэдыю» Альгерда Бахарэвіча. Гэта добрая літаратура, а да ўсяго — яшчэ і вельмі карысная кніга ў тым сэнсе, што дазваляе задумацца аб вельмі важным, калі не галоўным — аб сваім здароўі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG