Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маскву зноў пужае беларусізацыя


На расейскім інтэрнэт-рэсурсе lenta.ru на другі дзень пасьля візыту А. Лукашэкі ў Маскву і ўрачыстасьцяў, закліканых дэманстраваць непарушнасьць сяброўства паміж Беларусьсю і Расеяй, выйшаў артыкул Уладзімера Зотава «Не опять, а мова» з характэрным падзагалоўкам: «Повторит ли Белоруссия путь Украины, запрещая русский язык». Гаворка там ідзе пра тую, на думку выданьня, небясьпечную тэндэнцыі ў Беларусі, якая атрымала назву «беларусізацыя».

Аўтар абураецца: «Чыноўнікі, у тым ліку і вышэйшага зьвяна, заклікаюць грамадзянаў як мага часьцей карыстацца „мовой“, чаго ў пачатковы пэрыяд кіраваньня Лукашэнкі немагчыма было нават уявіць». Мусіць, меліся на ўвазе словы міністра замежных справаў У.Макея ў Празе. У артыкуле прыводзяцца вядомыя факты пра зьяўленьне беларускай тапанімікі, змаганьне тутэйшых актывістаў за статус мовы. Аўтара асабліва абурае, што ўлада ім патурае, што за зьнявагу беларускай мовы грамадзяне прыцягваюцца да адказнасьці, што з афіцыйнага ўжытку выціскаецца расейская сымболіка, што пасадзілі ў турму прыхільнікаў «русского мира». І робіцца выснова, што «у Беларусі з актыўным удзелам уладаў павольна, але дакладна, выбудоўваецца аснова для ператварэньня краіны ў клясычную постсавецкую нацыянальную дзяржаву».

Цікава, а якая павінна быць дзяржава, калі не нацыянальная? Лёгіка фармаваньня незалежнай дзяржавы аднолькавая. У Беларусі гэты працэс пачаўся пасьля распаду СССР у пачатку 1990-х гадоў, але быў прыпынены прыходам да ўлады Лукашэнкі. Аднак гістарычная заканамернасьць прабівае сабе шлях, нават насуперак супраціву дзейнага рэжыму. Пасьля Крыму інстынкт самазахаваньня прымушае кіраўніцтва Беларусі хаця б менш супраціўляцца няўхільнай лёгіцы фармаваньня незалежнай дзяржаўнасьці.

Праблема ў тым, што працэс «беларусізацыі» ідзе вельмі супярэчліва. Колькасьць школаў зь беларускай мовай навучаньня няўхільна скарачаецца. Увесь час здараюцца рэцыдывы змаганьня з «нацыяналістамі», як гэта адбылося падчас вулічных акцый пратэсту: амапаўцы зноў найперш хапалі людзей зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. І гэта зразумела, бо найбольш выразным сымбалем пратэсту стаў нацыянальны сьцяг.

У Беларусі існуе шмат ваенізаваных прарасейскіх арганізацыяў, якія ладзяць летнікі з маладзёнамі. Але на ролю баевікоў КДБ выбрала беларускіх нацыяналістаў зь «Белага легіёну». Бабруйскі клюб «Патрыёт» абвінавацілі ў тым, што там вялося выхаваньне «з празьмерным нацыяналістычным ухілам», бо размаўлялі ж на беларускай мове. Дзяржаўныя мэдыі, выкрываючы зладзейскае нутро «баевікоў», параўноўваюць беларускі нацыяналізм з нацызмам. І гэта зноў на нейкі час стала, можна сказаць, афіцыйнай ідэалягічнай лініяй уладаў. То бок, як толькі зьяўляецца нейкая пагроза рэжыму, то першымі бʼюць «нацыяналістаў».

Таму параўноўваць з Украінай Беларусь пакуль ня варта. Але пагроза імпэрскаму дыскурсу «русского мира» абазначаная правільна. Беларусізацыя, нават у такім урэзаным выглядзе, ставіць пэўныя перашкоды імпэрскаму дамінаваньню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG