Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як зь беларускай рыбы немцы выраблялі пэрлы і чаму бунтавалі нарачанскія рыбакі


Браслаўскія азёры
Браслаўскія азёры

Дзе лавіць рыбу з гонарам і дзе пасмакаваць найлепшую ў сьвеце юшку? Зь якой беларускай рыбы выраблялі пэрлы і чаму бунтавалі нарачанскія рыбакі? Пра ўсё гэта ведае наша аўтарка Яна Шыдлоўская.

1. Тоні ў спадчыну і асаблівы смак «браслаўскага судака»

З-за вялікай колькасьці азёр Браслаўскі край непазьбежна атаясамліваецца з рыбнай лоўляй і да гэтай пары натхняе на падарожжа рыбакоў — прафэсіяналаў і аматараў — з розных куткоў краіны. Вялікая колькасьць азёр цяпер знаходзіцца ў складзе Нацыянальнага парку. Таму лавіць тут рыбу дазваляецца пасьля набыцьця адмысловай пуцёўкі.

Калі на азёрах раптам не пашчасьціла, па гарантаваны ўлоў можна паехаць у гаспадарку «Мякяны», дзе ў ставочку гадуюцца карпы і белыя амуры. А можна скарыстацца з паслугі гіда, які параіць найбольш рыбныя месцы.

З даўніх часоў рыбакі добра ведалі асаблівасьці азёр, на якіх вялі лоў, і перадавалі ў спадчыну зьвесткі пра тоні — чыстыя ад камянёў і карчоў месцы, дзе стайкавался рыба. Тут добра бяруцца шчупак, акунь, судак, лін, лешч, плотка, карась, язь, сом, мянтуз, сазан, галавень, гусьцяра і ўюн. Засталіся сялява, стынка і верхаводка, з лускі якой, між іншым, у Нямеччыне выраблялі калісьці штучныя пэрлы.

У ХІХ-ХХ стагодзьдзях у буйныя гарады і мястэчкі з азёр Снуды і Струста ехалі тысячы ракаў, шчупакоў, ляшчоў і судакоў. Дарэчы, «браслаўскі» судак лічыўся самым смачным у Беларусі. Каштоўную рыбу лавілі ў азёрах Несьпіш, Недрава, Войса, Богіна і развозілі па навакольлі, у Дзьвінск і Вільню. Узімку тавар даяжджаў да Варшавы і Санкт-Пецярбургу.

Асабліва быў у пашане судак, злоўлены ў Дрывятах. На думку спэцыялістаў, ён меў асаблівы смак, за якім палявалі мясцовыя і замежныя гурманы. Знакаміты судак і цяпер застаецца адным з самых жаданых трафэяў мясцовых і прыежджых рыбакоў. Засмажанага са спэцыямі судака, акуня, фаршыраванага шчупака, рыбныя галушкі можна паспрабаваць у навакольных кавярнях і рэстарацыях. Праўда, удакладніць месца вылаву судака давядзецца ў кухара.

2. Карп, вугор і бунт нарачанскіх рыбакоў

Не застаюцца па-за ўвагай рыбакоў Нарач, азёры вакол яе і рыбагадавальнік, дзе песьцяць карпаў, шчупакоў, белага амура і стронгу. Акрамя аматарскай лоўлі, ахвочым тут прапануюць рыбацкія туры пад наглядам прафэсійных гідаў з гарантаваным уловам, з якога, пры жаданьні, могуць адразу прыгатаваць духмяную юшку. Першы дзень гастранамічнага туру таксама прысьвечаны дэгустацыі страў, прыгатаваных зь мясцовай рыбы. Фірмовая картка нарачанскай рэстарацыі — вугор, сапраўдны дэлікатэс зь белым і тлустым мясам.

Археоляг і этнограф лагойскі граф Канстанцін Тышкевіч пісаў:

«Самая смачная рыба — гэта вугор. Ён на сваім тлушчы і распусьціцца. Ня трэба на патэльню ані тлушчу. Але як смажыць, трэба скуру зьдзіраць».

Аднак не заўсёды на тутэйшых азёрах было ціха. Улетку 1935 году каля пяці тысяч сялян-рыбакоў выступілі супраць забароны свабоднай рыбнай лоўлі на Нарачы. У той час возера арандаваў памешчык Яблонскі, што забіраў увесь улоў. Рыбакі не маглі з гэтым пагадзіцца, бо рыбалоўства было хай сабе не асноўным, затое прыбытковым заняткам. У навакольных вёсках казалі, што той, хто лавіў рыбу, мог есьці белыя булкі. У рэшце рыбакі-змагары дамагліся выезду арандатара з возера. Зьбіраючыся на рыбалку на Нарач, акрамя вуды і зручнага крэсла, варта прыхапіць з сабой аднайменную паэму Максіма Танка, прысьвечаную чэрвеньскаму выступленьню рыбакоў.

3. Ракавыя шыйкі, вусатыя ўюны і палескія фішманы

Рыбакі жартаўліва называюць Прыпяць рыбнай Эльдарада. Улетку тут добра бярэцца шчупак, жэрах, чэшка, сом і лешч. Водзяцца на рацэ і пражэрлівыя судакі — шматкіляграмовыя, з дробнымі рыбамі ўнутры. Дарэчы, філе сьвежага судака з цыбуляй і лімонным сокам уваходзіць у пералік асноўных страў, якія мусіць пакаштаваць кожны беларус.

Прыпяць багатая ня толькі рыбаю, але і рыбалоўнымі гісторыямі. У чаканьні ўлову можна сабе ўявіць, як па рацэ плавалі баркі, бэрлін зь ветразем, шугалеі. Рыбакі ж карысталіся вузкімі, выдзеўбанымі з цэльнага дрэва чаўнамі.

Зь вясны і да позьняй восені палескія рыбакі жылі ў часовых курэнях, якія ўзводзілі на прыпяцкіх берагах. Лавілі асятра, сома, шчупака, ракаў — сушаныя ракавыя шыйкі ахвотна набывалі варшаўскія гандляры.

Прыбытковым заняткам быў лоў вусатых уюноў. Іх лавілі кошыкамі, а пасьля, насаджаных на палку альбо шнур, мянялі на зерне, муку, бульбу і яблыкі. Дарэчы, дробныя ўюны надзвычай простыя ў прыгатаваньні. Мяса смажанага ўюна па смаку нагадвае тунца ці макрэль. Вымачаную ў салёным расоле рыбу сушылі, вялілі, сьвежаю захоўвалі ў земляных лядоўнях, куды зімою заносілі вялікія кавалкі лёду. Каштоўныя гатункі везьлі ў гарады — Бабруйск, Менск, Варшаву, на кірмашы ў Наваградак, Слуцк і Слонім.

Рыбакоў і гандляроў рыбай на Палесьсі называлі фішманамі. Паступова назва прыжылася настолькі, што стала прозьвішчам...

4. Сымбалічная рыбалка на Нёмане

Нёман мае для беларусаў асаблівае значэньне. Рака-сымбаль бярэ вытокі ў Беларусі і часткаю Бурштынавага шляху цячэ да Балтыйскага мора. Агінскі канал злучае Нёман з Дняпром, Аўгустоўскі — з басэйнам Віслы.

Ціхай нёманскай плыньню захапляліся і словам захаплялі іншых Эліза Ажэшка, Адам Міцкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Якуб Колас. У якасьці псэўданіма назву ракі, на якой вырас, узяў вядомы ў сьвеце музыка са Старых Васілішкаў Чэслаў Немэн.

Рыбакі ставяцца да Нёмана з асаблівай пашанаю, а рыбалка адбываецца з гонарам. Нёман-бацька шчодра адорвае рыбай вопытных рыбакоў. Тут водзяцца шчупак, лінь, акунь, плотка, лешч, залаты карась, гусьцяра, судак, галавень, сазан, марона, жэрах, часам бярэцца стронга і харыюс.

Сярод рыбакоў папулярныя месцы каля Стоўбцаў, Шчорсаў, Слабодкі, у ваколіцах Іўя і Наваградка.

Нёман — адна з самых старажытных рэк Беларусі. Рыбу на ёй лавілі здаўна і рознымі спосабамі. Адзін з самых эфэктыўных — будаўніцтва язаў, альбо загародак з дрэва ці каменя, якія перакрывалі раку. У сярэдзіне язаў пакідалася адтуліна зь сеткай.

5.Сом, шчупак і бард-рыбалка

Чыгірынскае вадасховішча стварылі ў 1960-м для падтрымкі мясцовай гідраэлектрастанцыі. Штучны вадаём зрабіўся рыбным настолькі, што неўзабаве атрымаў статус Мэкі рыбакоў усяго Магілёўскага краю. Вуду ў надзеі злавіць шчупака, карася, акуня, плотку закідваюць на Чыгірынцы круглы год. Аднак сапраўды горача і цесна тут робіцца ўлетку, калі жэрах ладзіць шпаркія гульні ў цэнтры вадасховішча і ёсьць верагоднасьць здабыць галоўны трафэй — вусатага сома, якога разам са шчупаком называюць самай беларускай рыбай.

Найбольш папулярны сярод рыбакоў бераг вадасховішча, на якім стаіць рыбацкая вёска Грудзічына. Нездарма гэтае месца абралі для штогадовай бард-рыбалкі, якая прыканцы ліпеня сёлета адбудзецца ў восьмы раз. Цягам некалькіх дзён на Чыгірынцы сьпяваюць, ходзяць у лазьню, на кірмашы смаку гатуюць юшку і рыбныя стравы, а таксама ўзважваюць улоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG