Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэжысэр Мазынскі расказаў, як новыя пакаленьні ў Беларусі вырастаюць небеларусамі


Прэзэнтацыя фільму Валера Мазынскага ў гарадзенскім Цэнтры гарадзкога жыцьця
Прэзэнтацыя фільму Валера Мазынскага ў гарадзенскім Цэнтры гарадзкога жыцьця

У гарадзенскім Цэнтры гарадзкога жыцьця адбылася прэзэнтацыя фільму Валера Мазынскага «Кастусь Каліноўскі. Апошнія дні». Удзельнікі прагляду разам з аўтарам фільму наладзілі дыскусію на тэму «Права на нацыянальную гісторыю: беларусы паміж Усходам і Захадам».

Прадстаўляючы свой фільм, Валер Мазынскі заўважыў, што гэта толькі спроба, замах на нейкі добры мастацкі кавалак. Паводле яго, у нашых умовах, калі ўсё супраць, зрабіць сапраўды значны фільм вельмі складана. На падобныя праекты ніхто не выдзяляе сродкаў, сабраць актораў няпроста. Мазынскі нават канкрэтна ня вызначыўся з жанрам — дакумэнтальная гэта стужка, мастацкая ці нейкая іншая.

«Шмат у гэты фільм узялі проста з жыцьця»

Паводле сцэнару, дзеяньні адбываюцца падчас рэпэтыцыі здымкаў фільму, прысьвечанага апошнім дням Кастуся Каліноўскага, калі ён знаходзіцца ўжо за кратамі. Акторы разам з рэжысэрам і гістарычным кансультантам зачытваюць тэксты і дакумэнты і, абмяркоўваючы ролі, паглыбляюцца ў тое, што адбылося тады ў беларускай гісторыі, як паводзіў сябе Каліноўскі падчас паўстаньня; чаму ён пайшоў на гэта, ведаючы, чым яно можа скончыцца.

І раптам высьвятляецца, што на рэпэтыцыю спазьнілася адна з акторак — яе сына затрымалі міліцыянты за бела-чырвона-белую стужку на заплечніку. І ўся здымачная група пачынае непрыкметна пераключацца на абмеркаваньне жыцьця ў цяперашняй Беларусі.

Валер Мазынскі
Валер Мазынскі

— Мы вельмі шмат у гэты фільм узялі проста з жыцьця, — распавядае Мазынскі. — І тое, як да нас на рэпэтыцыю прыходзілі незнаёмыя людзі, і тэксты такія падварочваліся, і гісторыку давялося сыграць самога сябе... Само жыцьцё ўносіла ў гэты фільм свае карэктывы, а мне проста хацелася абвастрыць гэтую тэму. Мне хацелася сказаць пра тое, пра што не гавораць у нашых фільмах і тэатрах.

Ужо падчас дыскусіі Мазынскі зазначыў, што, на жаль, у цяперашніх людзей вельмі нізкая самасьвядомасьць; большасьць не ўсьведамляе нават Радзіму сваёй каштоўнасьцю:

«Нават агульны ліфт у доме для іх не агульная каштоўнасьць і ў ім можна насьмеціць, напісаць на сьценках».

Аўтар фільму задаецца пытаньнем:

«Хто будзе нас бараніць, калі расейскія войскі захочуць застацца тут пасьля вучэньняў?»

«Малалікасьць навуковых тэкстаў, дыскусій, манаграфій»

Гарадзенскі гісторык Генадзь Семянчук, працягваючы тэму нацыянальнай самасьвядомасьці, зьвярнуў увагу на тое, што на дзяржаўным узроўні навукоўцы займаюцца не вывучэньнем гісторыі Беларусі, а выконваюць ідэалягічныя замовы ўлады.

Генадзь Семянчук
Генадзь Семянчук

Адной з самых значных праблем беларускай сучаснай гістарыяграфіі Семянчук назваў малалікасьць навуковых тэкстаў, дыскусій, манаграфій.

— У нас нават біяграфіі Кастуся Каліноўскага дагэтуль няма, — канстатаваў Семянчук. — Калі мы гаворым пра нацыянальную гістарыяграфію, то варта памятаць, што гэта ў першую чаргу пытаньне нацыянальнай памяці, нацыянальнай сьвядомасьці, а ўжо гэта зьяўляецца часткай нацыянальнай ідэалёгіі. І вось асоба Каліноўскага якраз зьяўляецца вельмі яскравым прыкладам нацыянальнай ідэалёгіі і гістарыяграфіі.

Краязнаўца Эдвард Дмухоўскі — адзін з тых, хто штогод езьдзіць на радзіму Каліноўскага, удзельнічае ва ўшанаваньні памяці паўстанцаў 1863 году ў Сьвіслачы, за што неаднойчы быў асуджаны да штрафаў.

Паводле яго, адна са значных праблемаў стаўленьня нашага грамадзтва да такіх герояў, як Кастусь Каліноўскі, у тым, што іх дагэтуль ня могуць падзяліць: беларусы яны ці палякі.

Эдвард Дмухоўскі
Эдвард Дмухоўскі

— Насамрэч, пра што нам яшчэ спрачацца, калі мы ведаем, што Каліноўскі — наш герой і змагаўся за свабоду беларускага народу. Давайце працаваць над нацыянальнай гістарыяграфіяй. У нас няма кніжак ня толькі пра Каліноўскага, але і пра Вітаўта і пра шмат каго, а ўжо мінула больш за дваццаць гадоў, як мы жывём у незалежнай краіне. У нас дагэтуль аднаўляюць сядзібу Касьцюшкі і тут жа ўхваляюць Суворава. Гэта робіцца адначасова — як такое можа быць? Нашы паўстаньні называюць польскімі, а пра беларусаў ніхто ня згадвае. Мы павінны заявіць пра сябе самі.

Яшчэ адзін краязнаўца, Лявон Карповіч, завастрыў увагу на тым, што многія беларускія гісторыкі ставяць пад сумнеў мэтазгоднасьць паўстаньня Каліноўскага.

Лявон Карповіч
Лявон Карповіч

— Я сам ня мог знайсьці адказу на гэтае пытаньне, але мне дапамагла кніга Элізы Ажэшкі: «Слава пераможаным». Я вельмі рэкамэндую яе для ўсіх, каб больш зразумець значэньне паўстаньня.

«Мой фільм ня столькі пра Каліноўскага, колькі пра сёньняшні дзень»

У канцы размовы Мазынскі патлумачыў, дзеля чаго наагул здымаў гэты фільм. Паводле яго, варта казаць людзям праўду ў вочы, паколькі новыя пакаленьні ў Беларусі вырастаюць ужо небеларусамі і не становяцца грамадзянамі.

Падчас прэзэнтацыі фільму «Кастусь Каліноўскі. Апошнія дні»
Падчас прэзэнтацыі фільму «Кастусь Каліноўскі. Апошнія дні»

— Як дайсьці нам адзін да аднаго? Праз што? — задаецца пытаньнем рэжысэр Валеры Мазынскі. — Гэты фільм у меншай ступені пра Каліноўскага, ён пра сёньняшні дзень. 150 гадоў мінула — і нічога не зьмянілася: адзін аднаго грызём і ня можам паміж сабой дамовіцца. І куды мы трацім сваю энэргію... Нам трэба ісьці ў народ і стукацца да людзей, каб абудзіць іх.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG