Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народжаны ў ГУЛАГу. 7 фактаў пра стваральніка курапацкага відэаархіву Ўладзімера Раманоўскага


75-гадовы Ўладзімер Раманоўскі больш за дзесяць гадоў актыўна бярэ ўдзел у шматлікіх акцыях і талоках у Курапатах. Мы сабралі цікавыя факты пра чалавека, які нарадзіўся ў ГУЛАГу, і для якога Курапаты сталі ўвасабленьнем памяці рэпрэсаваных бацькоў.

Нарадзіўся ў лягеры ў Магаданскай вобласьці

Уладзімер Раманоўскі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку выставіў мапу, на якой пазначаны пасёлак Талон Магаданскай вобласьці.

Тут ён нарадзіўся ў 1941 годзе ў жаночым лягеры. Ягоная маці Валянціна Добрава, настаўніца расейскай мовы і літаратуры, пасьля даносу калегі была асуджаная ў 1938 годзе да 7 гадоў лягераў і пяці гадоў паражэньня ў правах. У траўні 1937 году ягонага бацьку, Івана Раманоўскага, студэнта апошняга курсу машынабудаўнічага тэхнікуму арыштавалі пасьля выступу на камсамольскім сходзе, калі той крытычна выказаўся наконт калектывізацыі.

«Калі б бацьку арыштавалі пасьля жніўня 1937-га, маглі б расстраляць, а так атрымаў толькі 3 гады лягераў. Яго адправілі ў Магаданскую вобласьць, пасьля страшнай хваробы ён здолеў трапіць у Талон ужо на правах вольнага пасяленьня. А маці тады працавала ў лягеры на сельскагаспадарчых працах. Там яны пазнаёміліся, і ў кастрычніку 1941 году нарадзіўся я. Маму вызвалілі ў 1945 годзе. Бацькі афіцыйна ўзялі шлюб у 1953 годзе, а выехаць з тых мясьцінаў здолелі толькі ў 1972 годзе, бо не было куды рэальна выехаць», — згадвае Раманоўскі.

Дзяцінства правёў у кароўніку

У Талоне быў дзіцячы дом НКВД. Пасьля лягеру маці Ўладзімера працавала там спачатку прыбіральшчыцай, потым выхавацелькай, а далей ужо ў пачатковай школе дапамагала ў ладзіць розныя мерапрыемствы.

«Мама была вельмі актыўным чалавекам, арганізоўвала розныя культурныя імпрэзы, спэктаклі. Паколькі яе паважалі, было дазволена, каб я жыў у кароўніку побач з лягерам. Там старая сыбірачка фактычна чатыры гады мяне даглядала, — расказвае Ўладзімер Раманоўскі. — Я ўсьвядоміў, што там адбываецца, толькі ў 6 клясе. Я ведаў, што мае бацькі — цудоўныя людзі. Чаму тады іх пакаралі? Я гуляў адзін па беразе Ахоцкага мора і раптам задумаўся: „Мае маці і бацька сядзелі, але іх так усе паважаюць. Яны ж такія разумныя людзі, я ад іх ніводнага мацернага слова ня чуў. Я вырасту і разьбяруся з гэтымі дзядзькамі і цёткамі“.

Гэта было першае ўсьведамленьне, і яно стала пуцяводнай лініяй, якая дапамагала мне не згубіцца з жыцьці». Бацькоў Уладзімера Раманоўскага рэабілітавалі ў 1957 годзе. Яны доўга дамагаліся рэабілітацыі.

Трапіў у Беларусь дзякуючы сустрэчы зь беларусамі на калымскай трасе

Уладзімер Раманоўскі скончыў школу-інтэрнат у пасёлку Таўльск на ўзьбярэжжы Ахоцкага мора. Потым паступіў на завочнае аддзяленьне магаданскага палітэхнічнага інстытуту па спэцыяльнасьці «Аўтаматыка і тэлемэханіка» і зьехаў разам зь аднаклясьнікамі па камсамольскай пуцёўцы працаваць на калымскую трасу ў горад Сусуман у 700 кілямэтрах ад Магадану і тры гады працаваў на заводзе па рамонту трактароў.

Там пазнаёміўся з групай беларусаў, якія прыехалі працаваць на Калыму па камсамольскай пуцёўцы. Раманоўскі лічыць гэта сустрэчай на шчасьце. Беларусы, папрацаваўшы год на Калыме, зьехалі на радзіму.

«Працаваць па спэцыяльнасьці на Калыме практычна не было дзе, пэрспэктывы я ня бачыў і вырашыў перавесьціся з завочнага аддзяленьня на стацыянар, — успамінае Раманоўскі. —- Паехаў у адпачынак і вырашыў заехаць да сяброў у Менск. Яны, канечне, зрабілі на мяне вялікае ўражаньне. Звычайныя хлопцы, але крыху зь іншай плянэты ў параўнаньні з норавамі і формамі жыцьця на Калыме. Адзін з тых хлопцаў кажа: „У нас жа ёсьць радыётэхнічны інстытут“. Гэта і вызначыла мой лёс».

Калі працаваў над ваеннымі распрацоўкамі, усьвядоміў, што «СССР лясьнецца»

«Калі былі складаныя моманты ў жыцьці, мне шанцавала на добрых людзей. Адзін зь іх — прарэктар палітэхнічнага інстытуту Лаўш, які выслухаў маю гісторыю і вырашыў дапамагчы. Дзякуючы яму, адразу прынялі мае дакумэнты ў радыётэхнічным інстытуце і далі месца ў інтэрнаце. З таго часу ў мяне вялікае пачуцьцё ўдзячнасьці да беларусаў і Беларусі. Пасьля заканчэньня радыётэхнічнага інстытуту я працаваў у „Белдзяржпраекце“, потым у НДІ ЭВМ, тады праектным бюро пры заводзе Арджанікідзэ. Быў цалкам паглыблены ў працу, быў вынаходнікам СССР. Палітыкай зусім не цікавіўся, бо рэжым Савецкага Саюзу лічыўся непарушным. Але калі мы пачалі працаваць і над ваеннымі распрацоўкамі, прыйшло ўсьведамленьне, што СССР лясьнецца. Усе ў курылках разважалі, што калі столькі грошай ідзе на ваенныя расходы, эканоміка гэтага ня вытрымае», — быў перакананы Раманоўскі.

Сябраваў з былым савецкім палітвязьнем Сяргеем Ханжанковым

Упершыню Ўладзімер Раманоўскі пачуў пра Сяргея Ханджанкова падчас вучобы ў менскім радыётэхнічым інстытуце. «На трэцім курсе чуткі пайшлі, што некага арыштавалі на чацьвёртым курсе, аказалася, што гэта быў Сяргей Ханжанкоў. Яго асудзілі на 10 гадоў лягераў за „спробу зрабіць дывэрсію“ і „антысавецкую агітацыю ды прапаганду“, калі разам з сябрамі ён хацеў узарваць менскую вежу-глушылку, якая перашкаджала слухаць „Свабоду“. Аказваецца, мы прыкладна ў адзін час былі ў Магадане, ён на год маладзейшы за мяне, але мы не перасякаліся. Ён таксама нарадзіўся ў лягеры, але ў яго іншая біяграфія. Бацькі яго інакш выхавалі, таму ён і прыйшоў да Мардоўскіх лягераў».

Сяргей Ханжанкоў і Ўладзімер Раманоўскі ў Курапатах
Сяргей Ханжанкоў і Ўладзімер Раманоўскі ў Курапатах

Пазнаёміліся і пасябравалі Раманоўскі і Ханжанкоў толькі ў сярэдзіне 2000-х у Курапатах, калі разам удзельнічалі ў талоках і акцыях памяці: «У яго было моцна паламанае жыцьцё. Гэта быў вельмі прыстойны, уважлівы чалавек. І вельмі маўклівы і замкнуты. Гэтыя 10 гадоў адседкі на яго моцна паўплывалі».

Пачаў хадзіць у Курапаты з 2005 году

З канца 1980-х Раманоўскі адсочвае інфармацыю пра савецкія рэпрэсіі: «Я даведаўся шмат пра рэпрэсіі, пазнаёміўся з дасьледчыкам Леанідам Мараковым і адчуў трагічную гісторыю краіны, якая мяне прыняла. Пазнаёміўся з гісторыкам Ігарам Кузьняцовым, мне спадабаўся ягоны пэдантызм, дакладнасьць, пасьлядоўнасьць, бо я сам навукай займаўся. Інфармацыйная дакладнасьць выклікала давер, таму што праца ў НДІ прывучыла быць вельмі асьцярожным да рознага кшталту вызначэньняў».

Ужо дзесяць гадоў Уладзімер Раманоўскі бярэ ўдзел у акцыях памяці ў Курапатах 29 чысла кожнага месяца, у складзе розных ініцыятываў рэгулярна працуе на талоках дзеля ўпарадкаваньня Курапатаў. Узначальвае камісію Абʼяднанай грамадзянскай партыі ў справе рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсій. «Я ніколі ня ставіў задачы чымсьці кіраваць. Я — памочнік. Нядрэнны, талковы, які ўмее шмат чаго рабіць. Я дапамагаю. Гэтая пазыцыя дала мне магчымасьць з усімі нармальна ўжывацца за выключэньнем некалькіх чалавек, які лічылі, што калі я не размаўляю па-беларуску, то я — вораг».

Стварыў унікальны відэаархіў

Ужо некалькі дзесяцігодзьдзяў Уладзімер Раманоўскі здымае на відэакамэру розныя грамадзка-палітычныя падзеі.

У ягоным архіве — першы мітынг на стадыёне «Дынама», канфэрэнцыі «Чарнобыль-25» ды іншыя. Але пераважаная большасьць відэазапісаў — з месца згубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій Курапаты. Раманоўскі на сваю ініцыятыву здымаў на відэакамэру талокі, мэмарыяльныя акцыі памяці, шэсьці і мітынгі на Дзяды, падсумаваньне вынікаў свабодаўскага фотаконкурсу «Мае фота — мае Курапаты» ды іншыя акцыі. У ягоным прыватным архіве — ня менш за 50 гадзінаў курапацкай хронікі, і цяпер справа — у сыстэматызацыі і дыгіталізацыі гэтага архіву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG