Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб трапіць на Выганашчанскае возера, мясцовым жыхарам трэба заплаціць за «экскурсію»


Наведаць возера – 20 капеек за гадзіну
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:29 0:00

Наведаць возера – 20 капеек за гадзіну

Сем гадоў як жыхары вёскі Выганашчы, што ў Івацэвіцкім раёне, ня могуць свабодна хадзіць на сваё возера.

Вяскоўцы здаўна жылі за кошт дароў прыроды: журавіны, рыба заўсёды былі істотнай дабаўкай да іх заробкаў. Але з таго моманту, калі лесапаляўнічая гаспадарка «Выганаўская» была перададзена ў арэнду Нацыянальнаму парку «Белавеская пушча», сытуацыя кардынальна зьмянілася. На самым канцы вёскі, на дарозе да возера раптам зьявіўся шлягбаўм. Каб праехаць далей, нават проста да самога вадаёму, трэба заплаціць за «экскурсію».

Нечаканы шлягбаўм

Шлягбаўм: каб праехаць, трэба заплаціць
Шлягбаўм: каб праехаць, трэба заплаціць

Ахоўнік каля шлягбаўма сьцьвярджае, што ня мае права анікога прапусьціць бяз грошай. Патрабуе аплаты за кожнага, нават за малых дзяцей. Прычым аплата за «экскурсію» што для дарослых, што для дзяцей каштуе аднолькава: адна гадзіна — 20 капеек. Яшчэ 50 капеек кожную гадзіну каштуе паркоўка аўтамабіля. Каля самога ж Выганашчанскага возера пабудаваны гатэль, створаны пляж, ёсьць шэраг гаспадарчых пабудоў.

Сродкі на ўзьвядзеньне ўсёй інфраструктуры былі прыцягнутыя зь мясцовага бюджэту і Міністэрства спорту і турызму, расказаў Свабодзе мясцовы эколяг Аляксандр Іваноў:

Аляксандр Іваноў, эколяг зь Целяханаў
Аляксандр Іваноў, эколяг зь Целяханаў

«Усё, што тут ёсьць, створана за падаткі, якія ў тым ліку я плаціў дзяржаве. А цяпер, каб паглядзець на тое, што створана за мае ж грошы, я мушу зноў плаціць. У мяне шасьцёра дзяцей, але я не магу іх сюды прывезьці, паказаць ім возера. Гэта бессардэчна. Няправільна ўсё так. Я згодзен заплаціць за нейкія паслугі: напрыклад, пасядзець на лаве ў кавярні альбо ўзяць у арэнду нейкае абсталяваньне. Добра, калі прыстойныя паслугі ёсьць. Але якія тут для мяне ёсьць паслугі? Чаму я, грамадзянін Беларусі, не магу хадзіць па сваёй жа зямлі, пакуль не заплачу за гэта грошы?»

Міліцыя не дапамагла

Складанасьці з доступам да прыроднага вадаёму ўзьніклі ня толькі ў мясцовых жыхароў. Ня могуць трапіць да самага вялікага ў Івацэвіцкім раёне возера грамадзкія эколягі і нават супрацоўнікі ляндшафтнага заказьніку «Выганаўскае», сьведчыць жыхар вёскі Выганашчы Васіль Філюціч, які намагаецца празь мясцовыя ўлады, пракуратуру аспрэчыць такі стан рэчаў:

Васіль Філюціч, жыхар Выганашчаў
Васіль Філюціч, жыхар Выганашчаў

«Я неяк спрабаваў праехаць да возера, паказваў пасьведчаньне, але мяне не прапусьцілі. Я абурыўся і выклікаў міліцыянтаў на гэтых ахоўнікаў каля шлягбаўма. Але праваахоўнікі толькі разьвялі рукамі, маўляў, а што мы можам зрабіць? Адзін зь іх мне нават сказаў, што мяне ж ня білі. Але калі б мяне зьбілі? Толькі тады б міліцыянты пачалі б варушыцца? Тут адначасова ўзьнікае яшчэ адно пытаньне: а навошта ствараюцца грамадзкія інстытуты аховы навакольля? Я вось, напрыклад, прадстаўнік экалягічнага аб’яднаньня і зьяўляюся грамадзкім назіральнікам за балотамі ў дзяржаўным заказьніку „Выганашчанскае“. Але ім на гэта, груба кажучы, напляваць. Жыхары абураюцца, бо яны ж, як і іх продкі, тут нарадзіліся. Многія падчас вайны жыцьцё сваё аддалі за гэтую зямлю. А тут раптам зьявіліся нейкія людзі, якія прыехалі, паставілі шлягбаўм і сказалі, што забараняюць нам зьбіраць ягады, грыбы, рыбу нельга лавіць. Я напісаў ліст у Камітэт дзяржаўнага кантролю, дзе скарджуся на ўсё гэта, а таксама прашу праверыць, ці законныя дзеяньні чыноўнікаў, якія зьбіраюць грошы за праезд па дарозе да возера. Але пакуль няма адказу».

Возера належыць кіраўніцтву спраў прэзыдэнта

Моцна ўдарыла зьмена арандатара возера і па пчалярах. Раней, калі Выганашчанскае было ў валоданьні Целяханскай лыжнай фабрыкі, не было праблемаў з тым, каб хадзіць на возера, плаваць на чоўне, зьбіраць журавіны, кажа жыхар Целяханаў Іван Аксёнаў:

Шлягбаўм да возера ў канцы вёскі Выганашчы
Шлягбаўм да возера ў канцы вёскі Выганашчы

«Праезд па дарозе агульнага карыстаньня сталі называць раптам экскурсіяй і патрабуюць грошы. Але ж я мясцовы, я нарадзіўся і пражыў тут усё жыцьцё, як і мае бацькі, дзяды. Шкада, што ў нас забралі ўсе правы. Я, напрыклад, пчаляр, мушу перабірацца зь месца на месца. А ўявіце, наколькі складана перавозіць сем’і пчолаў. Вось толькі нядаўна паставіў вульлі на невялічкім астраўку сярод балотаў. Скардзіцца ці недзе зьвяртацца ня мае сэнсу. Да каго ж зьвяртацца, калі прэса ў нас піша толькі пра пазытыўнае? Нэгатыў проста ігнаруецца, яго няма».

Іван Цімафеевіч Аксёнаў
Іван Цімафеевіч Аксёнаў

Вяскоўцаў бянтэжыць галоўным чынам тое, што ўстанова, якая паставіла шлягбаўм і зьбірае грошы за праезд, належыць да Адміністрацыі прэзыдэнта.

Будынкі каля возера
Будынкі каля возера

«Дзе можна зарабіць у вёсцы? Толькі на журавінах падчас сэзону. А цяпер стала так, што ягады проста прапалі, іх ніхто не зьбіраў. Як той казаў, і сам ня гам, і другому ня дам. Я так лічу, што каляровыя рэвалюцыі адбываюцца зусім не праз амэрыканцаў, але праз такіх вось кіраўнікоў, якія крыўдзяць людзей і не шануюць анікога і анічога, у тым ліку і прыроду. Зь іншага боку, сюды розныя людзі прыяжджаюць. Сярод іх і п’яныя таксама. Таму шлягбаўм павінен быць. Але ж не для мясцовых жыхароў. Я некалі працаваў на возеры, бывала, што п’яных, якія прыяжджалі, проста не ўтаймаваць. А едуць за стырном: дарога ж лясная, яны нікога не баяцца. А гэта небясьпечна, таму шлягбаўм патрэбен».

Гатэль каля возера
Гатэль каля возера

«Шлягбаўм — каб зьберагчы возера», — адміністрацыя

Абмежаваньне доступу да Выганашчанскага возера абумоўлена зусім іншым, тлумачыць кіраўнік ЛПГ «Выганаўскае» Ўладзімер Загароўскі:

«Берагі ў возера падбалочаныя. Рэкрэацыйны цяжар на іх, а гэта навукова падлічана, нязначна пераступае рысу, бясьпечную для навакольля. Ня будзем забываць і пра тое, што гэта таксама тэрыторыя заказьніку. У нас жа на тэрыторыі зоны знаходзяцца і гатэль, і іншыя будынкі і ўстановы, таму пусьціць людзей без кантролю мы ня можам. Нельга ж трапіць на тэрыторыю лыжнай фабрыкі, напрыклад. У нас жа таксама тут прамысловы адлоў рыбы. Стаіць тэхніка, лодкі. А аховы ў нас папросту няма. Але галоўным чынам кантроль, шлягбаўм неабходны з мэтай захаваць гэтае возера. Мы павінны кантраляваць рэкрэацыйную нагрузку на яго».

Жыхары Бабровічаў атрымалі палёгку перад выбарамі

Іначай выглядае сытуацыя з магчымасьцямі карыстацца прыроднымі рэсурсамі для жыхароў суседняй вёскі Бабровічы.

Бабровіцкае возера, якое знаходзіцца побач з Выганашчанскім, таксама перададзена ў арэнду ЛПГ «Выганаўскае». Вяскоўцы паскардзіліся на забарону плаваць па возеры на чоўнах кіраўніцтву Івацэвіцкага райвыканкаму. І перад выбарамі ў Палату прадстаўнікоў яны атрымалі ліст ад чыноўнікаў, у якім пазначана, што могуць плаваць на чаўнах па возеры. Праўда, як будзе на практыцы з дазволам сёлета, невядома, кажуць мясцовыя жыхары:

Васіль, жыхар Бабровічаў
Васіль, жыхар Бабровічаў

«Тут засталося толькі некалькі чалавек у гэтай вёсцы. Нас жа не пускалі на возера нават купацца, паставілі пляцоўку для рыбакоў. Таму ў асноўным скардзіліся жанчыны».

Іншы жыхар вёскі ня ўтойвае свайго абурэньня і кажа, што гэта незаконна. На ягоную думку, перад тым, як была аформлена права арэнды на карыстаньне азёрамі, ніхто не пацікавіўся меркаваньнем мясцовых жыхароў:

«Да возера падысьці нельга. Лавіць так званую „сьмецьцевую“ рыбу (гэта тую, якую не запускалі ў ваду, а мясцовую) таксама нельга. Ніколі такога не было. Прыяжджаў да нас дырэктар Уладзімер Загароўскі і сказаў, што яму ўсё роўна, мясцовыя мы ці не, але нікому не дазволіць лавіць рыбу, бо возера знаходзіцца ў арэндзе. Я папрасіў, каб нам паказалі дамову, дакумэнты на права арэнды. Няхай бы нам паказалі, на якіх умовах і, галоўнае, хто здаваў гэтыя азёры ў арэнду. Я маю шэраг пытаньняў да ўсяго гэтага. Па-першае, калі я не памыляюся, то прыродныя водасховішчы нельга здаваць у арэнду. Гэта ж у Канстытуцыі запісана. Але разумею, што, магчыма, яны знайшлі нейкія дзіркі ў заканадаўстве. Але ж самае галоўнае, мясцовых жыхароў павінны спытаць наконт гэтага. Гэта ж лягічна. Але нікога не запыталі. Пры гэтым Загароўскі спасылаўся, што ледзь не кіраўнік краіны аддаў у арэнду возера. Праўда, пазьней мы даведаліся, што гэта ініцыятыва мясцовай раённай улады. Але гэта проста зьнішчэньне вёскі. За кошт возера і жылі жыхары».

У Выганашчах берагі намытыя

Уладзімер Загароўскі, кіраўнік ЛПГ «Выганаўскае», кажа Свабодзе, што Бабровіцкае возера адрозьніваецца ад Выганашчанскага. Таму і магчымасьцяў для таго, каб грамадзяне мелі доступ да возера, болей:

«На Бабровіцкім возеры больш цьвёрдыя берагі і падыходы да возера. Адпачыць там ніхто не забараняў. А ў Выганашчах берагі намытыя, там іначай. Уявіце, калі там пройдзе адно аўта, другое. Гэта будзе катастрофа. Між іншым, і ў Бабровічах яшчэ шмат пытаньняў. Так, у вёсцы шмат лодак ня толькі мясцовых жыхароў, але таксама і жыхароў Берасьця, Менску. У такіх абставінах вельмі складана весьці прамысловы адлоў рыбы. Кожную лодку нельга пракантраляваць. Але мы пайшлі насустрач мясцовым жыхарам вёскі. Для іх кошт лоўлі рыбы зь 9 рублёў. Мы пайшлі на гэта нават сабе на шкоду».

У Івацэвіцкім райвыканкаме пасада намесьніка старшыні, які адказвае за прыродныя рэсурсы, у тым ліку вырашае пытаньні з заказьнікам «Выганашчанскае», пакуль вакантная. Ягоныя функцыі выконвае Сяргей Джаджора. Паводле яго, сытуацыя з доступам да возера ў мясцовай адміністрацыі вядомая, але пакуль да чыноўнікаў ніхто зь мясцовых жыхароў не зьвяртаўся, сказаў чыноўнік карэспандэнту Радыё Свабода:

«Летась у выканкаме разглядалася пытаньне з доступам да Бабровіцкага возера. Вядома, што, паводле заканадаўства, грамадзяне нашай краіны маюць права карыстацца прыроднымі рэсурсамі. А што да сытуацыі з доступам грамадзянаў да возера ў Выганашчах, то яна проста жахлівая. Гэта дзікунства. Але мы не разглядалі цяперашні стан рэчаў. Рэкамэндую вам зьвярнуцца непасрэдна да кіраўніцтва Белавескай пушчы».

У сваю чаргу Васіль Арнольбік, намесьнік генэральнага дырэктара Нацыянальнага парку «Белавеская пушча» ў навуцы і экалягічнай асьвеце, адзначае, што ўсе грамадзяне нашай краіны маюць права на карыстаньне прыроднымі рэсурсамі. Абмежаваньняў быць не павінна:

«Я лічу, што абмежаваньне не зусім правамернае, я ня ведаю дакладна аб прычынах забароны наведваць вадаём, паколькі не асабліва ведаю пра сытуацыю на Выганашчанскім возеры. Дасьледаваньні я там не праводзіў. Але мне здаецца, што гэта не закрытая тэрыторыя. Нават заказьнік сам па сабе павінен быць адкрытым для наведваньня. Таму мясцовая адміністрацыя вырашала на месцы пытаньні з кантролем наведнікаў. Магчыма, што там прырода ня вытрымае моцнага антрапагеннага ціску. Калі так, то павінна быць створана інфраструктура, якая б зьменшыла ціск на прыроду. Але разумею мясцовых жыхароў і лічу, што доступ павінен быць для вяскоўцаў свабодным. Кожны грамадзянін мае права карыстацца прыроднымі рэсурсамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG