Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца хоча змусіць гарвыканкам зьмяніць рашэньне аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў


Зьміцер Салаўёў
Зьміцер Салаўёў

Наваполацкі праваабаронца Зьміцер Салаўёў лічыць, што рашэньне мясцовых уладаў № 858 ад 11.09.2011 году, дзе гаворыцца пра неабходнасьць заключаць дамовы і папярэдне аплачваць паслугі па ахове мерапрыемства, мэдычнага абслугоўваньня і прыбіраньня сьмецьця, супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь. А таксама падпісаным дзяржавай міжнародным дамовам, у тым ліку Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Праваабаронца хацеў праз суд змусіць гарадзкія ўлады Наваполацку зьмяніць рашэньне.

Па хадайніцтву Зьмітра Салаўёва суд далучыў да матэрыялаў справы раздрукоўку Кіраўнічых прынцыпаў АБСЭ па свабодзе мірных сходаў, дзе, сярод іншага, прапісаныя абавязак дзяржавы забясьпечваць права на свабоду сходаў і недапушчальнасьць прымушаць грамадзян аплачваць паслугі па правядзеньні мерапрыемстваў.

Аднак прадстаўніца Наваполацкага гарвыканкаму Сьвятлана Сталярова заявіла хадайніцтва, каб спыніць судовы працэс. Судзьдзя Алена Верташонак вынесла адпаведную пастанову, спаслаўшыся на тое, што патрабаваньні праваабаронцы не падпадаюць пад юрысдыкцыю суду.

Суд параіў праваабаронцу зьвяртацца ў пракуратуру. Зьміцер Салаўёў кажа, што зробіць ня толькі гэта:

«Я падам касацыйную скаргу і ў Віцебскі абласны суд, каб адмянілі пастанову, вынесеную ў Наваполацку. І буду дамагацца, каб рашэньне гарвыканкаму адмянілі. Бо яно парушае правы на мірныя сходы. Ня кажучы ўжо пра тое, што месца, вызначанае ўладамі для правядзеньня масавых мерапрыемстваў, знаходзіцца ўдалечыні ад цэнтру, каля ўваходу ў гарадзкі парк, і там амаль не бывае мінакоў».

Паводле праваабаронцы, у іншых рэгіёнах Беларусі мясцовыя ўлады прынамсі не злоўжываюць такімі патрабаваньнямі. І толькі на Віцебшчыне прадстаўнікі грамадзкасьці ня маюць магчымасьці замовіць і правесьці масавае мерапрыемства, бо заключыць папярэднія дамовы зь імі ні мэдыкі, ні міліцыя, ні службы ЖКГ не пагаджаюцца. Ён адзначае, што на працягу апошніх гадоў ня змог атрымаць ніводнага дазволу на імпрэзу ў Наваполацку.

Зьміцер Салаўёў кажа, што ўжо падрыхтаваны альтэрнатыўны праект закону «Аб свабодзе мірных сходаў». У яго аснове — замена дазвольнага прынцыпу правядзеньня сходаў на паведамляльны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG