Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча — гэта Эўропа ці Эўропа — гэта Польшча


Што азначае заява кіраўніка МЗС Польшчы, што беларусы навучацца польскай мове? Ці ёсьць для беларусаў Польшча — увасабленьне Эўропы?

Юры Дракахруст Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў,

Дракахруст: Міністар замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі ўчора патлумачыў скарачэньне фінансаваньня беларускамоўнага тэлеканалу «Белсат» польскім урадам — «няма грошай на гэтую ініцыятыву». Пры гэтым журналіст запытаўся міністра: «вы цяпер хочаце зьвяртацца да Беларусі голасам TV Polonia, гэта значыць па-польску, а ня ўсе ж беларусы гавораць па-польску, як ні дзіўна». Вашчыкоўскі адказаў: «Дык навучацца».

Гучала б сьмешна, калі б не гучала сумна. Ну па сутнасьці ўсё відавочна. Ня вывучылі за стагодзьдзі, дык наўрад ці вывучаць хуценька зараз. Ці, прынамсі, ёсьць сумневы, што духоўны ўплыў спадара міністра выкліча ў беларусах такую калясальную мэтамарфозу.

Магчыма, Вітальд Вашчыкоўскі на тое і не разьлічвае, а проста не хацелася адказаць шчыра: так, мы разьлічваем на сьвядомую польскую дыяспару, на «Палёнію», на працу зь ёй грошы выдаткоўваць гатовыя. А лёсам беларусаў хай займаецца нехта іншы. Напрыклад, самі беларусы.

Расея і Польшча — ў нечым адносна Беларусі застаюцца ў палоне ўяўленьняў канца ХІХ-пачатку ХХ стагодзьдзя

Аднак фраза міністра — нагода да цікавай размовы на тэму, што такое Польшча для беларусаў.

Так выглядае, што ў нейкім ідэалягічным сэнсе шаноўныя суседзі Беларусі — Расея і Польшча — ў нечым адносна Беларусі застаюцца ў палоне ўяўленьняў канца ХІХ-пачатку ХХ стагодзьдзя, Заходняга і Усходняга вучоных з купалаўскіх «Тутэйшых».

Расейцам, прынамсі, некаторым, здаецца, што праэўрапейскія памкненьні беларусаў — гэта «польская інтрыга», вынік польскага ўплыву, што твар Эўропы для беларусаў — гэта Польшча.

Падобнай па сутнасьці, хаця і адваротна афарбаванай, бачыцца сытуацыя і некаторых польскім палітыкам і грамадзкім дзеячам. І паводле іх Польшча для беларусаў — ня толькі геаграфічная, але і палітычная і духоўная брама Эўропы, па сутнасьці, адзіна даступная ім у рэальнасьці Эўропа.

«Дык навучацца», як і было сказана. Калі ніякай іншай Эўропы для беларусаў і няма, дык можа і сапраўды навучацца?

Але мне падаецца, што не. Падаецца, што памыляюцца і адны і іншыя суседзі і ў сваіх страхах і ў сваіх спадзяваньнях.

Немагчыма адмаўляць відавочнае. Польшча — магутная эўрапейская эканоміка, краіна зь вялікай культурай, не чужой беларусам, гандаль зь ёй у Беларусі вялікі, стасункі паміж афіцыйнай Варшавай і афіцыйным Менскам зараз надзвычай цёплыя.

Але ў адрозьненьні ад часоў купалаўскіх «Тутэйшых» — не «магніт», сувымерны па моцы з «магнітам» Расеі. Іншы беларускі «магніт» — адзіная Эўропа ад Таліна да Лісабона, з Варшавай уключна, зразумела. Але разам. Ці, як мне падаецца, калі ўжо казаць пра нейкі адзін горад, як увасабленьне Эўропы для беларусаў, то гэта Бэрлін. І эканамічна, і палітычна.

Лукашэнка на Новы год сказаў, што беларускія гарады набываюць «сапраўднае эўрапейскае аблічча». Вось мне чамусьці здаецца, што ён ня меў на ўвазе аблічча польскіх гарадоў. Пры ўсёй павазе і маім асабістым уяўленьні, што прыгожыя і польскія гарады. Але здаецца, што Лукашэнка меў на ўвазе ня польскае аблічча. І хіба ён адзін?

Цыганкоў: Можна пагадзіцца, што для Беларусі Польшча надта блізкі і гістарычна неадназначны сусед, каб беларусы ўспрымалі яе як нейкую абстрактную Эўропу. Вось Польшча гэта Польшча, а Эўропа гэта Эўропа.

Польшча для беларусаў мае іншае значэньне, чым, скажам, Галяндыя, Партугалія ці той самы Бэрлін. Бо яна мае сваю гістарычную ролю — ад часоў ВКЛ да Рэчы Паспалітай, да міжваеннага пэрыяду. Дасюль можна ўзгадаць, як многія заходнія беларусы ўспамінаюць жыцьцё за Польшчай — хтосьці з замілаваньнем, хтосьці з абурэньнем.

рэпліка польскага міністра ўспрымаецца як пэўная фанабэрыя, як праява імпэрскіх комплексаў

Калі беларусы кажуць пра Эўропу, яны перш за ўсё маюць на ўвазе Бэрлін ці Брусэль. А Польшча не зьліваецца ў агульнае эўрапейскае мора, а ўспрымаецца як канкрэтны беларускі гістарычны сусед. І таму любыя падобныя рэплікі з вуснаў польскага міністра ўспрымаюцца дастаткова нэрвова беларускай публікай.

Калі б, напрыклад, міністар замежных спраў Брытаніі сказаў — няхай беларусы навучацца ангельскай мове, ніхто б не ўспрыняў гэта іранічна і нэгатыўна, усе б успрынялі гэта як пажаданьне далёкага ад Беларусі чалавека. І да таго ж ангельская мова — сусьветная, чаму б не вывучыць?

А рэпліка польскага міністра ўспрымаецца як пэўная фанабэрыя, як праява імпэрскіх комплексаў: усплываюць і Крэсы Усходнія, і ўсё такое. То бок тая самая рэч, калі кантэкст зьяўляецца больш важным за канкрэтныя выказваньні. А кантэкст у Беларусі да Польшчы з гістарычных прычынаў ня самы просты, і тут польскім палітыкам трэба быць вельмі асьцярожнымі. Магчыма, праз 30 ці 50 ці 100 гадоў гэты кантэкст зьменіцца.

Карбалевіч: Які вобраз Эўропы для беларусаў — складанае філязофскае пытаньне. Безумоўна, Польшча — частка беларускага канцэпту Эўропы. Як, дарэчы, і краіны Балтыі, куды беларусы яшчэ ў савецкія часы езьдзілі, каб «паглядзець на Эўропу». Але, паводле апытаньняў НІСЭПД, галоўная краіна, дзе беларусы хацелі б жыць, гэта Нямеччына. Іншае пытаньне, чаму новае кіраўніцтва Польшчы рэзка мяняе сваю палітыку адносна Беларусі. Той жа міністар замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі ў тым жа інтэрвію прызнаўся, што яму падабаецца парадак у Беларусі.

прарвалася патаемная ідэалягічная сымпатыя тых палітычных сілаў, якія прыйшлі цяпер да ўлады ў Польшчы — партыі «Права і справядлівасьць» - да Лукашэнкі

Раней сымпатыю да Лукашэнкі выказаў сьпікер Сэнату Станіслаў Карчэўскі, назваўшы яго «цёплым чалавекам». Здаецца ўпершыню за 22 гады кіраваньня Лукашэнкі польскія афіцыйныя асобы выказваюць такую сымпатыю і прыхільнасьць да Лукашэнкі і яго рэжыму

Тут, на мой погляд, прарвалася патаемная ідэалягічная сымпатыя тых палітычных сілаў, якія прыйшлі цяпер да ўлады ў Польшчы — партыі «Права і справядлівасьць». Што іх прываблівае ў «беларускім парадку»? Здаецца, найперш, «моцная ўлада», якая ня надта зважае на грамадзтва, на дэмакратычныя працэдуры, а праводзіць палітыку на падставе сваіх ідэалягічных уяўленьняў. Нешта падобнае яны імкнуцца рабіць і ў Польшчы. Таму ідэя абстрактнай дэмакратыі, дэмакратычных каштоўнасьцяў адыходзіць трошкі ў бок. Адсюль закрыцьцё Белсату.

Другі момант — перавага канцэпту «пальшчызны» ў замежнай палітыцы. То бок, ладзіцца падтрымку польскай дыяспары, тых, хто валодае польскай мовай. Усё астаняе — менш цікава.

Дракахруст: Прычым, падтрымка менавіта сьвядомай дыяспары. Бо дадзеныя перапісаў у Беларусі паказваюць даволі дзіўную рэч: што сярод палякаў доля тых, хто гаворыць па-беларуску, вышэйшая, чым нават сярод этнічных беларусаў, тых, хто назваў сябе падчас перапісаў беларусамі.

Так што «польскасьць» — даволі плыткая і шматзначная ў Беларусі. Ёсьць пераходныя станы, і хто ёсьць палякам у Беларусі — пытаньне складанае. Новы канцэпт польскага вяшчаньня Белсату ці Белсату ў межах Палёніі — істотнае звужэньне, паводле яго паляк — гэта той, хто гаворыць па-польску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG